Вы тут

Дзень змяняе лёсы назаўжды


У тлумным і мітуслівым свеце чалавек нячаста мае жаданне і час на сур’ёзную, якасную літаратуру: спачатку чытаць, а потым разважаць над прачытаным. Замест гэтага звычайна абіраюць нешта больш лёгкае, забаўляльнае, з немудрагелістым сюжэтам, са схематычнымі персанажамі, з адназначнымі трактоўкамі іх паводзінаў і дзеянняў. Гэтым крытэрыям найбольш адпавядаюць такія шырока распаўсюджаныя сёння жанры масавай літаратуры, як дэтэктыў, трылер, фантастыка, любоўны раман. Хаця найлепшыя творы, напісаныя ў згаданых жанрах, можна аднесці да дыхтоўнай мастацкай літаратуры.


І вось нядаўна ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» пабачыў свет дэтэктыўны раман «Дзень піратэхніка (День пиротехника)» сталічнага пісьменніка Анатоля Матвіенкі. У гэтым творы ёсць практычна ўсё, што здольна прывабіць шырокую аўдыторыю чытачоў: лёгкі стыль, вострая інтрыга, нечаканыя сюжэтныя павароты, любоўны трохкутнік, а таксама высакародны галоўны герой і па канстрасце з ім — падступны антыгерой. На старонках новага рамана аўтар, якога ўжо добра ведаюць прыхільнікі фантастыкі, дэтэктыва і фэнтэзі, распавядае дзіўную гісторыю. Невядома, калі здарылася яна ў сталіцы Беларусі: на працягу ўсяго дваццаці хвілін аднаго з пераднавагодніх дзён адбыліся запар ажно тры злачынствы, якія кардынальна змянілі лёс галоўных і другасных персанажаў, прывёўшы большасць з іх альбо да турмы, альбо да смерці.

У той незвычайны дзень спачатку быў узарваны невялікі гастраном, а потым — рабаванне мясцовага банка і невялікі выбух у парку. Усе тры злачынствы былі адразу кваліфікаваны як... тэракты, нібыта звязаныя паміж сабой. Такое вызначэнне можа выклікаць непаразуменне, бо тэрактам традыцыйна называюцца злачынствы іншага кшталту. Тут і спецыяльна арганізаваныя прадстаўнікамі тэрарыстычнай арганізацыі, якая бярэ на сябе адказнасць і прад’яўляе палітычныя патрабаванні, і масавыя ахвяры сярод мірных жыхароў... У гэтым жа выпадку нічога падобнага не назіраецца... Якраз у аснове сюжэта і ляжыць расследаванне гэтага абсалютна нетыповага злачынства.

На раскрыццё яго кінуты супрацоўнікі КДБ, якім павінны ўсяляк дапамагаць супрацоўнікі міліцыі — найперш малады лейтэнант, выпускнік Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Лёха Давідовіч — ён жа галоўны герой рамана. Менавіта гэты высакародны следчы першы кідаецца ў вір раскрыцця і апантавана шукае замоўцаў і выканаўцаў падрыву гастранома.

На старонках рамана паступова складваецца своеасаблівы клубок злачынстваў, разблытаць які аказалася няпроста нават цэлай камандзе прафесіяналаў з міліцыі і спецслужбаў. Асабліва заблытанай аказалася справа з выбухам у краме, якую без належных доказаў «павесілі» на сквапнага мясцовага бізнесмена Бекетава. Аднак адважны Лёха Давідовіч самастойна высвятляе, што гэты бізнесмен увогуле не меў дачынення (насуперак афіцыйным вынікам следства) да згаданага выбуху. Але ж... адкрываецца зусім іншая, нечаканая праўда...

Безумоўна, арганізатары і выканаўцы большасці згаданых злачынстваў усяляк спрабавалі заблытаць следчых і, вядома, пусціць следства па лжывым шляху, што часам ім удавалася. У канцы рамана адкрываецца, хто насамрэч вінаваты ў падрыве прадуктовай крамы. Ісціну знайшоў, ну, канечне ж, пранікліва-дапытлівы Лёха! Яму аднаму ўдалося высветліць усю непрывабную паднаготную! Яна аказалася зусім нечаканай... Праўда, матывіроўка падрыўной работы раскрыта, на маю думку, павярхоўна.

У цэлым раман уяўляе сабой тыповы ўзор дэтэктыва. І хаця кніга не мае ў сюжэце і сродках выяўлення чагосьці такога, што вабіла б вяртацца да яе і другі, і трэці раз — аднак жа і не гэта было мэтай аўтара. А яе чытэльны стыль, востры сюжэт, прастата дыялогаў і аднамернасць персанажаў (тут згадваецца «аднамерны челавек» з аднайменнай кнігі нямецкага філосафа Герберта Маркузэ) з’яўляюцца гарантам таго, што гэтае выданне наўрад ці будзе залежвацца на паліцах кнігарняў. Невялікая па аб’ёме кніжка хутка дойдзе да спажыўца, задаволіўшы яго жаданне «паказытаць» нервы і стаць своеасаблівым суаўтарам раскрыцця незвычайных злачынстваў.

Эдуард ДУБЯНЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».