Вы тут

Уладзімір Бяразеў: «Міф — гэта апаэтызаваная праўда»


Якой бачыцца сучасная беларуская літаратура ў геаграфічна далёкай Сібіры? Ці сапраўды паміж намі такая вялікая адлегласць? Як адрозніць міф і праўду ў літаратуры? На гэтыя і іншыя тэмы, пра «карані і крону», ролю традыцый і пошук навацый мы разважаем з ганаровым госцем сёлетняга Свята беларускага пісьменства, расійскім паэтам, празаікам, публіцыстам Уладзімірам Бяразевым.


Фота Кастуся ДРОБАВА

— Уладзімір Аляксеевіч, давайце пазнаёмім беларускага чытача з сучасным расійскім літаратурным працэсам. Агучце, калі ласка, уласны топ найлепшых празаікаў і паэтаў.

— Нягледзячы на складанае стаўленне да гэтага творцы грамадзянскай пазіцыі, як пісьменнік мне цікавы Захар Прылепін. Выдзяляю для сябе і прозу Леаніда Юзафовіча. З паэтаў назваў бы Ігара Шклярэўскага, Глеба Гарбоўскага, Аляксандра Дзенісенку, Марыну Кудзімаву, Яфіма Гершына. На жаль, пайшлі з жыцця выдатныя творцы Анатоль Сакалоў, Іван Аўчыннікаў, Уладзімір Ярцаў… Але пачалі яскрава заяўляць пра сябе і прадстаўнікі пакалення 30—40-гадовых. Што цікава, з адметных — часцей жанчыны. Ганна Шаўчэнка, Вольга Анікіна…

— Паэтычнае жыццё ў вашым родным Новасібірску адмысловае?

— Сапраўды, нельга аспрэчваць наяўнасць моцнай новасібірскай паэтычнай школы. Гэты феномен у свой час прадставіў зборнік «Гняздо паэтаў» (1989). І невыпадкова. Добрая літаратура не з’яўляецца на пустым месцы. Даўняя традыцыя часопіса «Сибирские огни» ўзрошчвала таленты. За 15 гадоў працы ў выданні я заўважаў рост многіх пісьменнікаў, а таксама намагаўся зрабіць старонкі часопіса вольнай прасторай для ўсяго рускамоўнага свету ад Нью-Ёрка да Парыжа. На вокладцы тады размяшчалася фігурка «сібірскай Неферціці», узрост якой — чатыры тысячы гадоў, што сімвалізавала глыбіню сібірскай гісторыі і супастаўляльнасць яе з агульначалавечай.

— А каго выдзяляеце для сябе з літаратуры беларускай? Чым, на вашу думку, творчасць беларусаў сутнасна, ментальна адрозніваецца ад творчасці расійскіх пісьменнікаў?

— У часопісе мы друкавалі творы каля 20 беларускіх аўтараў. Сярод іх — Алесь Жук, Алесь Разанаў, Ніна Мацяш, Галіна Булыка, Уладзімір Арлоў, Алесь Бадак, Сяргей Трахімёнак, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла, Алена Брава, Наста Кудасава і іншыя. Творчасць кожнага з іх не пакінула мяне абыякавым.

Адзначыў для сябе захаванасць у Беларусі моцнай, глыбока псіхалагічнай традыцыі быкаўскай прозы. У лірыцы, асабліва мужчынскай, звяртае на сябе ўвагу неверагодна моцны грамадзянскі пачатак. Шчыра жадаю беларусам знаходзіць фінансавыя сродкі, перакладацца і выдавацца за мяжой, рабіць такім чынам сваю літаратуру сусветна вядомай. Без ніякіх сумневаў, вы гэтага вартыя!

— Як ставіцеся да сучаснага глабальнага пераходу літаратуры ў інтэрнэт-прастору?

— У гэтай справе я не старонні назіральнік. Сам апошнім часам галоўнай пляцоўкай для дэманстрацыі творчасці лічу сваю старонку ў Фэйсбуку (Смяецца.). На яе падпісаныя амаль 5 тысяч чалавек, што не параўнаць з тыражамі друкаваных выданняў. Можна сказаць, ствараю там уласную міфалогію. Жыццё ў маёнтку, дзе кожнае дрэва дыхае казкамі і гісторыяй стагоддзяў; гародніна буяе, унучка піша карціны — у звычайным жыцці, аказваецца, столькі момантаў, якія можна творча апісаць!

Ва ўмовах духоўнай дэградацыі гэта адзіны шлях папулярызацыі культуры. Нам нікуды не падзецца! Летась у газеце «Литературная Россия» выйшаў мой артыкул «Час сыходзіць у партызаны», дзе разважаю пра ўнутраную міграцыю таленавітых людзей. А дзе ім яшчэ трансляваць свае важныя (і патрэбныя калегам, грамадству) думкі? Пачэсны шлях — і перадача досведу. Таму акрамя інтэрнэт-публікацый я планую яшчэ выкладаць ва ўласнай літаратурнай студыі. Астравамі захавання нацыянальнай пісьменніцкай школы павінны заставацца і тоўстыя літаратурныя часопісы (хоць у інтэрнэце, хоць на паперы), дзе прафесійныя рэдактары выхоўвалі б наступныя пакаленні сур’ёзных пісьменнікаў.

— Хацелася б пачуць і вашы разважанні пра ролю нацыянальнага міфа ў фарміраванні сучаснай літаратурнай традыцыі. Ведаю, што вялікую ўвагу ўдзяляеце вывучэнню традыцыйнай мангольскай, уйгурскай культуры…

— Ведаеце, міф — гэта, па сутнасці, апаэтызаваная праўда. Я вельмі паважаю Льва Гумілёва, які стварыў наш пазітыўны міф. Ён пераканаўча даводзіў, што цюркі і славяне — зусім не заклятыя ворагі, а па, па вялікім рахунку, доўгі час мірна суіснавалі. Міжусобныя войны паміж князямі — гэта тое ж, што і супрацьстаянне палітыкаў у сучасным свеце… Ды і Алжас Сулейменаў у сваёй цудоўнай кнізе «Аз і я» пераканаўча даводзіць, што «Слова пра паход Ігаравы» на 25 адсоткаў складалася з цюркізмаў…

У гэтым сэнсе я лічу сябе прадаўжальнікам гэтых традыцый. Мая творчасць накіравана не на раз’яднанне, а на збліжэнне. Таму і казахі мяне лічаць сваім, і якуты, хакасы, бураты. Апошнія нават ушанавалі спецыяльнай прэміяй за паэму «Ганлін» паводле іх мясцовых паданняў.

На мой погляд, агульная еўразійская літаратурная, музычная, мастацкая культура павінна стаць моцным мостам адзінства і міру.

 Юлія АЛЕЙЧАНКА

ДАВЕДКА «ЛІМА»

Уладзімір Бяразеў нарадзіўся на поўдні Кузбаса ў шахцёрскім горадзе Пракоп’еўску. Першая публікацыя адбылася ў часопісе «Сибирские огни» ў 1982 г. Завочна скончыў Літаратурны інстытут імя А.М. Горкага (1983—1989 гг.). Аўтар кніг «Акаём» (1986), «Залаты Кол» (1989), «Магіла Вялікага Скіфа» (1996), «Пасланец» (1997), «Табук» (2003), «Качэўнік» (2004), «Залатаносная імгла» (2008), «Анёл расстанняў» (2009), «Чаша і пояс» (2013), «Знамя Чынгіса» (2013). Вершы публікаваў у многіх тоўстых часопісах, альманахах і анталогіях Расіі. Актыўна друкаваўся за мяжой: «Замежныя запіскі» (Германія), «Новае рускае слова» (Нью-Ёрк), «Дзікае поле» (Украіна), «Аманат» (Казахстан) і інш.

У 1993—1999 гг. вёў пісьменніцкую радыёпраграму «Слыхавое акно». З 1990 па 1997 гг. — дырэктар выдавецтва «Мангазея» і ўкладальнік аднайменнага літаратурнага альманаха. У 1997—2000 гг. — старшыня праўлення Новасібірскай пісьменніцкай арганізацыі. З 1999 па 2014 гг. — галоўны рэдактар часопіса «Сибирские огни» і сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі. Лаўрэат першай прэміі МА «Сібірскае пагадненне» ў намінацыі публіцыстыка — «Сібір — тэрыторыя надзей», уладальнік прэміі часопіса «Аманат» і Міжнароднага клуба Абая за раман у вершах «Магата». Узнагароджаны медалём і прэміяй імя К. Сіманава, медалём і прэміяй «Бялуха» (Алтай), спецыяльным прызам міжнароднай прэміі імя М. Валошына, Усерасійскай літаратурнай прэміяй імя М. Клюева

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.