Вы тут

Балканская мазаіка


Адрыятыка як мара і мэта

Калі аднойчы ты трапіў на Адрыятычнае мора — не істотна, з якога боку яго пабачыў: з Італіі ці з Балканаў, — то, уражаны і зачараваны, будзеш імкнуцца абавязкова прыехаць сюды зноў. Два гады таму надарылася вандроўка, у час якой наведала два гарады Чарнагорыі — Будву і Котар, а таксама харвацкі Дуброўнік. І ўвесь час марыла пра тое, каб вярнуцца туды яшчэ раз.

Так, у маім падарожжы з’ядналіся адразу пяць краін, чыя тэрыторыя — на Балканах, на ўзбярэжжы Адрыятыкі ці паблізу. Гэта Чарнагорыя, Боснія і Герцагавіна, Харватыя, Славакія і Італія. Былі яшчэ дзве транзітныя краіны — Літва і Польшча. Таму дарога ішла праз Вільню, стомленую летняй спякотай, дзелавую і заклапочаную ранішнюю Варшаву, куды ехала начным аўтобусам. Адтуль самалётам да Падгорыцы, аэрапорта Чарнагорыі. А з яго — да радаснай і разняволенай Адрыятыкі.

Будванская рыўера

На вакзале Будвы мяне сустракае гаспадар апартаментаў. Малады чарнявы хлопец Баян, ён жыве і працуе ў Падгорыцы. Штораз ездзіць у Будву, калі ў ягонай невялікай кватэры-студыі новыя жыхары. Дамы, яны ж вілы, стаяць шчыльна. Усё пабудаванае з каменю (пясчаніку ці туфу), крэмава-пясочнага колеру. Пераважае 3—4-павярховая забудова. Часта кватэры аднаго дома маюць шматлікія лесвіцы і ўваходы. Відавочна, курортны горад, у якім сезон пачынаецца ў маі і доўжыцца да верасня, квітнее дзякуючы тым, хто тут адпачывае.

Будванская рыўера лічыцца самым буйным турыстычным цэнтрам краіны. Ёсць гарады, лёс якіх складваецца неяк надзвычай удала. Вакол Будвы (а ёй больш як 2500 гадоў) уздымаюцца суровыя і маляўнічыя горы, а яна дугой месціцца вакол бухты. Пляжы займаюць больш як 11 кіламетраў. Адрыятычнае мора, выдатны клімат, прырода — усё вабіць падарожнікаў. Можна толькі дзівіцца з таго факта, што горад уласнага насельніцтва мае 13 тысяч, а за год яго наведвае 750 тысяч турыстаў.

Адпачываю ў Будве толькі тры дні. Але яны радасныя і насычаныя ўражаннямі. Не ўпершыню заўважаю: адпачынак варта пачынаць з рэлаксацыі, уволю паплаваць і пазагараць. А потым выпраўляцца па маршрутах турыстычных. Бо ў салёнай Адрыятыцы змыеш з сябе клопаты і праблемы. Зразумееш: свет захапляльны і створаны для цудаў!

Аднойчы вечарам выправілася ў стары горад, які знаходзіцца на паўночным мысе. Каб туды трапіць, трэба крочыць уздоўж усёй бухты. Суцэльнай чаргой — кавярні, бары, рэстаранчыкі. Стары горад сустракае нечаканым шматлюддзем на вузкіх вулках, прахалодай, якая захоўваецца між высокіх сцен цёплым вечарам. Недалёка ад берага пагойдваюцца на хвалях лодачкі, прагулачныя катары, шматлікія белыя яхты, больш простыя і шыкоўныя. Глядзіш і думаеш: магчыма, менавіта так і выглядае сапраўднае свята жыцця?

Першыя прыгоды

З Чарнагорыі еду ў Боснію і Герцагавіну. Нечаканасці пачынаюцца на вакзале ў Будве. Як ні прадумвай дарогу загадзя, без сюрпрызаў не абысціся. Квіток на аўтобус Будва — Мастар забраніраваны ў Мінску. Для журналісткі скідка, таму 16 еўра. Большасць квіткоў раздрукавала дома, арыгіналы — у мабільніку. Але квіток да Мастара надрукаваць забылася. Ды ў кожнай краіне — свае правілы. У аэрапорце, невялікім ці буйным, можаш паказаць білет на мабільніку. А ў Чарнагорыі кіроўца адрывае частку квітка — там, дзе перфарацыя. Верагодна, для кантролю. І вакзалы ў Чарнагорыі іншыя, чым у нас. Пероны малыя, няма выпадковых людзей. На перон не трапіш, пакуль не пакажаш квіток. Паказваю на мабільніку. Кантралёр: «Не прапушчу, ідзіце раздрукоўвайце!»

У сем раніцы?! Пакруцілася каля вакзала, кіёскаў з прынтарам няма. Давялося купляць наноў. Замоўлены праз інтэрнэт прапаў. Яшчэ і 23 еўра аддала. А іншых варыянтаў не відаць. Ад Будвы да Мастара ехаць сем гадзін. Аналагічных рэйсаў сёння няма. Парушу расклад падарожжа — і далей усё пасыплецца як картачны домік.

Але дарога ад Будвы праз Котар (невялікі горад, які занесены ў спіс помнікаў ЮНЕСКА), як і праз Котарскі заліў, здатная кампенсаваць якія заўгодна адмоўныя эмоцыі. Шаша фактычна ідзе каля ўзбярэжжа. Справа — горы, злева — спуск да мора, бухты, а ў іх невялікія паселішчы. З казачнымі чарапічнымі дахамі, утульнымі дамкамі, яны ўступамі спускаюцца да вады. Часам сярод роўнядзі заліва за дрэвамі мільгане маляўнічы востраў са званіцай храма.

Мастар

Нарэшце ў Босніі. Але чамусьці ніяк не магу знайсці агульную мову з новым мабільнікам. Ён увесь час вядзе не туды — спачатку ў Мастары, пазней — у Спліце. Блукаю больш чым гадзіну па завуголлях. Нейкія дамы, шмат смецця. Прайшла кіламетры тры замест аднаго. Нарэшце выходжу да цівілізаванай прасторы. Але ніхто не можа як след патлумачыць, дзе мая вуліца.

Пакуль блукала па Мастары, шукаючы свае апартаменты, некалькі разоў выходзіла на бераг рэчкі Нерэтва (на ёй пабудаваны горад). Рака нешырокая, пакручастая, плынь імклівая. Гэта дадае пейзажу адмысловую выразнасць. Больш за ўсё ўражвае колер вады: ён неверагодны! Такі сустракаеш на фотаздымках з далёкіх экзатычных краін — Тайланда, Багамскіх выспаў. Як завяршэнне пейзажу ўспрымаюцца вострыя сілуэты мінарэтаў удалечыні. Мастар — пяты па насельніцтве горад краіны.

Сваё жытло нарэшце знайшла. Мае апартаменты — на адной з галоўных вуліц, блізка ад Музея генацыду. Баснійская вайна ішла на працягу 1992—1995 гадоў, пра гэта нагадвае музей і скульптура жанчыны ў жалезнай клетцы перад ім. Але цяпер прыкмет разбурэнняў нідзе не відаць, горад жыве мірным жыццём. Архітэктурным і сэнсавым цэнтрам Мастара ўспрымаецца стары мост. Ён даў гораду назву, быў пабудаваны туркамі-асманамі ў 1566-м і ўваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У час баснійскай вайны быў разбураны ў выніку танкавага абстрэлу, які доўжыўся два дні. Аднаўленне ў 2004-м запатрабавала 15 мільёнаў еўра.

Збудаванне, што да вайны здолела прастаяць больш як чатыры стагоддзі і захавала прыгажосць, вядома, выклікае захапленне. Выгін моста круты, вышыня над вадой — ад 24 да 30 метраў. Сам ён абліцаваны мармуровымі пліткамі крэмавага колеру. Яны слізкія — як падымаешся на мост ці спускаешся, неабходна трымацца за парэнчы. Іначай адчуваеш сябе як на каньках. На сярэдзіне моста немагчыма спыніцца надоўга: перашкаджае плынь падарожнікаў.

Калі мінаю мост і іду ў іншую частку горада, бачу некалькі маляўнічых млыноў, іх рухае вадаспад і сіла вады. На плоскіх схілах ракі пабудаваныя рэстаранчыкі, часам нават над самім рэчышчам, а іх падлога трымаецца на металічных трохкутных балках, умацаваных у скалу.

Як звычайна бывае ў старадаўніх гарадах, вакол знакамітага месца — дзясяткі крам, чыя прадукцыя абыгрывае гістарычныя адметнасці. У Мастары гэта мост, краявіды, мінарэты. Ад маляўнічага багацця, што нагадвае стракаты ўсходні кірмаш, разбягаюцца вочы.

Спліт

Наступны горад у маім падарожжы — Спліт. Гэта ўжо Харватыя. Аўтобусная станцыя размешчана ўздоўж порта. Пакуль крочу ў бок хостэла, разглядаю порт. Уражваюць велізарныя караблі. Такога агромністага круізнага лайнера, як у Спліце, васьміці дзесяціпалубнага, раней не сустракала. Мой хостэл — побач са старым горадам. Жытло робіць прыемнае ўражанне: прасторныя пакоі, высозная, амаль пад чатыры метры, столь. Суседзі — французскія студэнты.

Пакідаю рэчы і крочу ў стары горад. Найперш аглядаю палац Дыяклетыяна, галоўную адметнасць горада. Калі ведаеш, што гэтыя будынкі ўзведзеныя яшчэ ў антычнасці, у ІІІ—IV ст. нашай эры, стаўленне да іх асаблівае. І вакол цябе, і пад нагамі — вякі гісторыі. Чым больш даўні помнік, тым больш хвалюе і больш эмоцый выклікае. Сярод аналагічных пабудоў Рымскай імперыі палац лічыцца найбольш захаваным, ён мае прамавугольную форму і займае плошчу каля трох гектараў. Уражваюць магутныя сцены вышынёй да 20 метраў і вежы. З пятнаццаці захавалася толькі тры.

Цэнтральная плошча комплексу, Перыстыль, — нібы грандыёзная дэкарацыя для магчымых пастановак. Яны сапраўды ладзяцца, але пакуль пры дзённым святле публіка аглядае архітэктурныя адметнасці і з ахвотай фатаграфуецца са старажытнымі рымлянамі (пераапранутымі артыстамі). Узводзілі палац з цэглы, вапняку, туфу, мармуру. Сцены і маставыя маюць адценне слановай косці або колер бледнапясочны. Ідзеш па каменным бруку і разумееш: ён слізкі і блішчыць ад падэшваў тысяч людзей, якія тут прайшлі. Згадаю: штогод Спліт вабіць больш ад 400 тысяч турыстаў. Нездарма з 1979-га палац і гістарычны цэнтр Спліта ахоўваецца ЮНЕСКА і лічыцца ў спісе Сусветнай спадчыны.

Бульвар, які ідзе ўздоўж мора, неверагодна прыгожы. Менавіта на яго выходзіць частка будынкаў палаца Дыялетыяна. Суседнія будынкі ўзведзены ў тым жа стылі, маюць тыя ж колеры фасадаў, утвараючы ансамбль. Сяджу на спліцкім бульвары. За спінай — порт. Яхты, яхтачкі, караблікі, малыя і большых памераў. Уздоўж мора — роўныя шэрагі пальмаў. Між імі — кусты ярка-ружовых алеандраў. Цікава: пальмы не даюць густога і трывалага ценю. Таму лаўкі, якія апынаюцца ў цені высокага кустоўя, увесь час занятыя. Пад навесамі ідуць доўгія шэрагі кавярняў, дзе шмат радаснай і вясёлай публікі. Не першы раз заўважаю: чым больш старадаўні горад, чым больш шыкоўна ён выглядае, тым лепей сябе ў ім адчуваеш. З усяго балканскага падарожжа Спліт пакінуў самыя яркія ўспаміны.

Як прадставіць Беларусь?

Далей выпраўляюся ў харвацкі Задар. Ён таксама на ўзбярэжжы Адрыятыкі. Начую ў невялікім хостэле. Мая суседка ў пакоі — з Паўднёвай Карэі, яна настаўніца спецдысціплін у школе. Размаўляем па-англійску. Заўважу, фанетыка ў японцаў, кітайцаў, карэйцаў істотна адрозніваецца ад еўрапейскай.

Пра Беларусь дзяўчына не ведае і нават не чула. Нечакана паўстала задача: хутка і экспромтам прадставіць уласную краіну. Пачала з таго, што мы знаходзімся між Польшчай і Расіяй. Больш дасціпны варыянт: агромністая Расія — між Беларуссю і Кітаем. Гэтая версія суразмоўцы спадабалася больш. Карэянка спытала пра знакамітасцяў. Я згадала: славутыя галівудскія зоркі Кірк Дуглас і Скарлет Ёхансан мелі продкаў з маёй краіны. Не дзейнічае. Што ў рэшце рэшт уразіла суседку? Што Марк Шагал нарадзіўся ў Віцебску. «О-о!...» — пачула непадробнае захапленне.

У невялічкім Задары, дзе жыве 75 тысяч, а падчас летняга сезона насельніцтва павялічваецца ўдвая, цудоўна захаваўся гістарычны цэнтр. Але падарожнікаў асабліва вабяць дзве адметнасці: марскі арган і сонечная інсталяцыя. У пэўны момант горад паўстаў перад пытаннем: як упарадкаваць адзін з закінутых берагоў? Архітэктар Нікола Бачыш прапанаваў дасціпнае і арыгінальнае рашэнне: ягоная каменная лесвіца мае даўжыню 70 метраў. У прыступкі набярэжнай умантаваныя 35 труб. Марская вада штурхае паветра ў трубы, і таму ўвесь час узнікаюць гукі рознай сілы і даўжыні.

Недалёка ад набярэжнай, дзе звычайна натоўп падарожнікаў, яшчэ адна «разыначка» — светлавая інсталяцыя. Аўтар і вынаходнік той самы — Бачыш. Вялікае кола, агароджанае з усіх бакоў, складзена з плітак блакітнага колеру. На працягу дня яно назапашвае энергію сонца, а ў прыцемках пачынае выпраменьваць фантастычнае святло.

 Але ўражаннямі Задара падарожжа па Балканах не скончылася. Наперадзе мяне чакае Заграб — сталіца Харватыі, Любляна — сталіца Славеніі і нарэшце Венецыя

Як адкрыць гэты бункер?!

Першыя ўражанні ад Заграба, сталіцы Харватыі, пачаліся ў мінорнай танальнасці. Папярэднія гарады, дзе я спынялася (Будва, Спліт, Задар), знаходзяцца на ўзбярэжжы. Клімат міжземнаморскі, радасна-камфортны. У Заграбе халаднавата і дождж. Разумею: цяпер я ў глыбіні Балкан. Дастаю парасон, знаходжу ў мабільніку праграму maps.me, якая вядзе цябе па горадзе і дапамагае адшукаць патрэбны адрас. Ужо позні вечар, цёмна і няўтульна. Горад напаўпусты, дзе-нідзе трапляюцца мінакі. Дзікавата, але ісці ўсяго кіламетры два.

Невялічкія гатэлі, дзе няма адміністратара, — новы павеў у турызме. Інакш кажучы, цябе ніхто не сустракае. Знайшла патрэбны дом. Набраўшы код, адкрыла пад’езд. Увайшла. Надпіс і стрэлка паказвае, куды далей. Потым — код, каб трапіць у гатэль. Увайшла. Белы калідор, некалькі дзвярэй. Каб апынуцца ў сваім пакоі, трэба набраць яшчэ адзін код. Спрабую адкрыць. Адзін раз, другі, трэці. Выніку — нуль! Святло ў калідоры знікае, бо датчык рэагуе на рухі. Натуральны падземны бункер! Цяпер блізка да 12 ночы, доўга ехала, стамілася. Хачу піць, есці і спаць. А тут — ніяк! У калідоры на крэсле ўладкавацца, ці што? Сітуацыя недарэчная, адчуваю сябе дурніцай. Тэлефаную ў Мінск. Сын кажа: «Спрабуй!». Ніякага выніку. І што рабіць?

Пастукалася ў суседнія дзверы. Адкрыў хлопец, кітаец ці японец, таксама падарожнік. На англійскай патлумачыла, ён узяўся дапамагчы. З першага ці з другога разу, але дзверы ў яго… адчыніліся. Казка! Узнікае адчуванне шчасця. Увайшла і зноў паглядзела інструкцыю, якую дасылаў гаспадар гатэля.

Што здзівіла ў Заграбе?

Праўда, вечаровы «штурм бункера» ўсё ж не перашкодзіў наступным днём убачыць галоўныя адметнасці харвацкай сталіцы. Адлегласць паміж Мінскам і Заграбам вялікая, і хутчэй за ўсё наўрад ці калі сюды траплю. Горад аглядала пехатой. У такім выпадку праходзіш 10—12 кіламетраў, затое не звязаны з транспартам і перасадкамі. Калі робіш акцэнт на агульным абліччы горада, яго архітэктурных помніках, у пэўны момант разумееш: у культурнай прасторы кожнай краіны існуе ўласная іерархія каштоўнасцяў. Яе складаюць імёны знакамітых гістарычных дзеячаў, пісьменнікаў, мастакоў, якія ты не ведаеш. А каб у іерархіі разабрацца, трэба паглыбіцца ў яе надоўга.

У кожнай еўрапейскай сталіцы ёсць тое, што здзіўляе. У Заграбе, чыя назва тлумачыцца, як «за грэбенем гары», ёсць гістарычны цэнтр, які называюць Горні, і сучасны — Дольны. Амаль як у біблейскіх кнігах. Насельніцтва — каля 800 тысяч, а турыстаў за год — удвая болей. Бо ёсць на што глядзець. Для гэтай колькасці жыхароў і турыстаў існуе ажно 16 тэатраў, 22 музеі, 31 галерэя.

Дзівіць павага да ўласнай гісторыі і пашана да нацыянальных герояў. Калі трапляеш на плошчу караля Таміслава, самую вялікую ў Заграбе, дзе з аднаго боку гмах чыгуначнага вакзала, дык у цэнтры зялёнай прасторы бачыш помнік каралю. На гэтай жа тэрыторыі, але бліжэй да музейнага будынка, рыхтаваліся да openair фестывалю класічнай музыкі — Zagreb classic.

На плошчы Харвацкай рэспублікі знаходзяцца будынак Заграбскага ўніверсітэта і надзвычай прыгожы будынак Нацыянальнага тэатра (апошні ўзведзены ў XIX стагоддзі, у стылі ракако і неабарока). Аглядаеш тэатр, а потым згадваеш: тут і на іншых заграбскіх сцэнах выступалі такія сусветныя велічыні, як Феранц Ліст, Рыхард Штраус, Сара Бернар, Лоўрэнс Аліўе, Марыа дэль Монака, Хасэ Карэрас, Пітэр Брук, Вів’ен Лі.

Ад плошчы Ёсіпа Елачыча, цэнтральнай ў Ніжнім горадзе, падымаюся да Заграбскага сабора, узнёслага і стромкага. Ён пакідае моцнае ўражанне. Хоць звонку ідуць рэстаўрацыйныя работы, а адна з вежаў зацягнутая сеткай. Потым даведваюся: будаўніцтва сабора пачалося ў 1093-м (першая згадка пра Мінск у «Аповесці мінулых гадоў» датуецца 1067-м). У 1242-м будынак быў разбураны мангольскім нашэсцем, а потым адноўлены. Пагадзіцеся: шчаслівая краіна, якая здолела захаваць культавыя збудаванні такога даўняга часу.

Белыя парашуты над паркам

У цэнтры горада парк з вясёлымі зялёнымі лужкамі. Стаяць лаўкі, ёсць шматлікія ўказальнікі, якія падказваюць, у якім кірунку ісці да помніка. Пазначана і адлегласць.

Парк здзівіў і фестывалем, які ладзіўся для ўсіх ахвотных. Але большасць прысутных — сем’і з дзецьмі. Так, на вуліцы лета, але дзень будзённы. Па ўсёй прасторы зялёных газонаў — складныя крэслы, нізкія, драўляныя. Дзеці гуляюць з канструктарамі, малююць, лепяць. Бацькі назіраюць і размаўляюць. Там, дзе заканчваецца газон, уздоўж асфальтаванай дарожкі, — выстаўка і продаж розных кніг для дзяцей. А над прасторай парку, радаснага і нязмушанага сямейнага свята лунаюць у паветры белыя парашуты. А можа, больш дакладна назваць іх дызайнерскімі інсталяцыямі ў выглядзе велізарных грыбоў?

Возера Блед

Ад сталіцы Харватыі мой шлях ляжыць да сталіцы Славеніі. Едзем праз італьянскі Трыест. Бліжэй да вечара я на месцы. Знаёмыя, якія два-тры гады таму трапілі ў Славенію, раілі не толькі агледзець Любляну, але і абавязкова з’ездзіць на возера Блед. Тым больш ад сталіцы яно знаходзіцца недалёка, транспарт выпраўляецца кожныя паўгадзіны. Па тым, якім паўнюткім быў аўтобус, а ў ім прадстаўнікі самых розных нацый, здагадалася: слава пра гэты куток Славеніі ідзе далёка.

Скажу шчыра: калі на свеце існуюць райскія куткі, дык возера Блед — менавіта адно з іх: празрыстае каля берагоў, дзе заўважаеш калоніі дробных рыбак.

Мае знаёмыя ездзілі на Блед кампаніяй, іх было чацвёра, таму ўзялі напракат лодку і аглядалі з вады маляўнічыя азёрныя і горныя пейзажы. Але я падарожнічала сама, сядаць на вёслы ў адзіноце не рызыкнула. Таму вырашыла прайсціся ўздоўж берага. Падумала: калі стамлюся, дык вярнуся. Вакол возера — горы, зарослыя густым лесам: то больш высокія, то меншыя, але заўжды прывабныя. Праз пэўныя адмежкі дарогі можна пасядзець па лаўцы і адпачыць. Дзе-нідзе трапляюцца агароджаныя тэрыторыі з віламі (ці там жывуць гаспадары, ці іх здаюць у арэнду), спартыўныя збудаванні для трэніровак. На ўчастках, дзе траса для машын нешырокая, спецыяльна пабудавалі з драўляных дошчачак дарожку каля вады.

Разы чатыры ці пяць трапіліся пляжы з мноствам сем’яў, дзяцей, кампаній падлеткаў. На адным з такіх пляжаў з вялікім задавальненнем і я пасядзела на драўляных мастках, боўтаючы нагамі ў вадзе. Бо дзень гарачы, а азёрная вільгаць прыемная. Ні крыкаў, ні раздражнення, ні гучнай музыкі.

Калі прайшла палову дарогі вакол возера, падумала: нецікава вяртацца тымі самымі сцежкамі. У выніку, як засведчыў фітнес-браслет, восем кіламетраў адолела за тры з паловай, мо за чатыры гадзіны. Але спынялася на пляжы і на адным з лужкоў. Побач з возерам неверагодна лёгка дыхаць. Дый уся атмасфера настройвае на спакойны, гарманічны лад. Думаеш: як прыгожа, як спакойна і радасна!

Вечарам таго ж дня з ахвотай пасядзела на набярэжнай рэчкі Любляніца. Паназірала за жыццярадасным натоўпам, наведвальнікамі шматлікіх кавярань і бараў. Зранку ўладкавалася на турыстычным паравозіку, дзе экскурсія гучыць на зразумелай табе мове, а маршрут дае магчымасць убачыць многія адметныя мясціны славенскай сталіцы, у тым ліку Люблянскі град, парк Цівалі, Трайны мост і Мост Дракона (апошні лічыцца сімвалам горада), плошчу паэта Прэшэрна, які напісаў гімн краіны. Маючы колькі вольнага часу, паспела з’есці марожанае, седзячы на прыступках Ратушы, адначасова палюбавацца знакамітым фантанам трох рэк перад ёй, пазнаёміцца з немаладой жанчынай, карэннай жыхаркай горада, і крыху пагаварыць з ёй пра раманы Льва Талстога. Яно і праўда: як карабель назавеш, так ён і паплыве. У маляўнічай і гасціннай славенскай сталіцы міжволі прыходзіш да высновы: Любляна ўтварылася ад слова «любоў».

Як трапіць у Венецыю?

Апошні пункт майго падарожжа, так бы мовіць, вішанька на торце, — незвычайны горад. Ён не можа быць нецікавы, ён ніколі не надакучыць, ад яго ніколі не стомішся. Гэта Венецыя.

Але ад пачатку нешта пайшло не так. Прыехаўшы ў гарадок Местрэ, я гадзіны паўтары безвынікова шукала хостэл. Італьянскай не ведаю. Памылкова звярнула не ў свой раён — вечар, цемра, нейкія агромністыя масты... У які бок ісці? Але ў рэшце рэшт жытло знайшла.

Наступным днём сітуацыя яшчэ больш нервовая. Раніцай, пакінуўшы рэчы ў хостэле, спрабую набыць квіток на электрычку. Да Венецыі астраўной. Ды як знарок чыгунка аб’явіла забастоўку — на той дзень, палову якога меркавала прысвяціць экскурсіі. Прыгарадныя цягнікі ўвогуле не ходзяць. І што рабіць? Калі ў Венецыю не даеду, шкада, але можна перажыць. Але як трапіць у аэрапорт Трэвіза, адкуль вылятае мой самалёт да Вільні? Калі не даеду, дзе я куплю іншы квіток? А колькі ён каштуе? Шок! Спытала ў таксіста: «Колькі да Трэвіза?» Адказвае: «60 еўра». Ага, разагнаўся! Квіток, куплены загадзя, каштаваў усяго 3,5 еўра.

Пакруцілася на вакзале. Ну, не бывае, каб ніякага выйсця! У пэўны момант здагадалася: калі ў касе ёсць аўтобусныя квіткі ў аэрапорт Марка Пола, дык павінны быць і ў мой. Набыла! Цяпер дыхаць лягчэй. Потым малады менеджар у касе чыгункі падказаў: існуе аўтобус № 2, які вязе ў астраўную Венецыю. Кошт праезду — 3 еўра.

У рэшце рэшт усё склалася. І ў Венецыю з’ездзіла на палову дня. З захапленнем разглядала фантастычныя фасады палацаў, аздабленні, маскі і муранскае шкло ў вітрынах. І ў Трэвіза трапіла своечасова. Праўда, з-за моцнага дажджу, нават залевы, на якую пасажыры пазіралі здзіўлена, усе рэйсы запар адкладваліся. Зала чакання перапоўненая. Паўстала сумнеўная перспектыва: калі самалёт спозніцца, не паспею на аўтобус з Вільні ў Мінск. У выніку незапланаваная начоўка і дадатковыя выдаткі? Але дождж скончыўся гэтак жа імкліва, як і пачаўся.

Прыляцела ў Вільню. Там ішоў такі ж дождж, як у Трэвіза. Толькі халодны. У шэрым паветры — туман і вільгаць. Давялося выцягнуць з чамадана цёплыя рэчы, якія не спатрэбіліся на Адрыятыцы. Што ж зробіш… У сярэдзіне ночы ўжо адкрывала дзверы мінскай кватэры. Але гэта ні з чым не параўнальныя адчуванні: прачнуцца ранкам наступнага дня і падумаць, што яшчэ суткі таму я блукала па старадаўніх вулачках Венецыі, існавала ў іншай прасторы і іншым часе. Засталося крыху перавесці дух, адпачыць і… пачаць думаць пра новае падарожжа.

Таццяна МУШЫНСКАЯ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.