Вы тут

«Звязда» ўшанавала лаўрэатаў літаратурнага конкурсу


Днямі ў рэдакцыі адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу апавяданняў сезона 2018/2019. Гэты праект ужо шмат гадоў ладзіць наша газета, даючы аўтарам пляцоўку для творчасці, а чытачам — магчымасць пазнаёміцца з новымі імёнамі і сучаснымі кірункамі беларускай літаратуры.


Нагадаем, сёлета ў тройку найлепшых твораў увайшлі апавяданні Маргарыты Латышкевіч (І месца, «Казка пра ваўка»), Віктара Варанца (ІІ месца, «Апошні форт») і Дзмітрыя Шулюка (ІІІ месца, «Як прыходзяць Каляды»). Усе прызёры розныя — па ўзросце, жыццёвым досведзе, улюбёным пісьменніцкім стылі і жанры, — але аб'яднаныя высокім, насамрэч прафесійным узроўнем творчасці, трапяткім і адказным стаўленнем да слова. І хоць укласці літаратурны твор у абмежаваны фармат газетнай паласы часам вельмі няпроста, пераможцам конкурсу апавяданняў «Звязды» ўдалося зрабіць так, каб словам было цесна, а думкам — прасторна. Таму яшчэ раз і з вялікім задавальненнем віншуем лаўрэатаў, як, зрэшты, і ўсіх іншых удзельнікаў, чые апавяданні былі надрукаваныя ў конкурсе і знайшлі сваіх удзячных чытачоў. (А можа, знойдуць яшчэ і новых — у газетных падшыўках у бібліятэках і на нашым сайце)

«Гэты конкурс мае шырокую аўдыторыю і выходзіць за межы чыста літаратурнай суполкі, — адзначыў вядучы конкурсу, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь БАДАК. — На сённяшні дзень «Звязда» — адзінае грамадска-палітычнае выданне, якое дае пісьменнікам магчымасць заявіць аб сабе, а таму, на мой погляд, конкурс павінен існаваць і працягвацца».

З вядучым, што вельмі прыемна для рэдакцыі, салідарныя і чытачы, якія тэлефануюць з пытаннем: «Вы ж не спынілі конкурс? А калі выйдзе наступнае апавяданне?» Таму ласкава запрашаем аўтараў, незалежна ад літаратурнага вопыту і рэгалій, у новы сезон конкурсу апавяданняў! Вам ёсць што сказаць шырокай аўдыторыі? Пішыце: у электронным выглядзе на пошту іnfо@zvіаzdа.bу альбо на адрас: газета «Звязда», вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, Мінск, 220013, з пазнакай «На літаратурны конкурс» і звесткамі пра сябе (колькі слоў самапрэзентацыі, сапраўдныя прозвішча і імя, дакладны паштовы адрас, кантактны тэлефон і поўныя пашпартныя даныя — нумар, кім і калі выдадзены пашпарт, асабісты нумар). Да творчага спаборніцтва прымаюцца творы на беларускай мове, якія раней нідзе не друкаваліся, аб'ёмам да 10—12 тысяч знакаў. Будзьце ўважлівыя, разглядаецца толькі адно апавяданне ад аднаго аўтара.

Сумняваецеся ў сваіх сілах? Тады прыміце да ўвагі парады нашых лаўрэатаў.

«Мне здаецца, што маладых і трохі галодных да чытачоў аўтараў і падштурхоўваць не трэба да ўдзелу, хіба толькі расказаць шырэй, што ёсць такі конкурс, — мяркуе Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ. — Працуючы рэдактарам аддзела прозы ў часопісе «Маладосць», я прачытала нямала вельмі яркіх і цікавых твораў, аўтары якіх, магчыма, яшчэ не зусім спрактыкаваныя, але як мінімум маюць свежыя погляды і ідэі. Нават калі яны не стануць пераможцамі, то напэўна ўпрыгожаць газету. Таму я падтрымліваю чытачоў, якія чакаюць у «Звяздзе» не толькі важных навін, аператыўных рэпартажаў і інтэрв'ю, але і новых апавяданняў».

«Я параіў бы будучым удзельнікам наогул «забіваць» на тое, што гэта конкурс. Конкурсы, прэміі, лаўрэацтвы — гэта нічога агульнага не мае з літаратурай, — разважае Дзмітрый ШУЛЮК. — Важна толькі давесці да ладу твор, і ён абавязкова дойдзе да чытача, а гэта самае галоўнае для пісьменніка».

«Звяздоўскі» конкурс — ужо нават не конкурс, а мерка добрага твора, — дадае Віктар ВАРАНЕЦ. — У нас у Гродзенскім дзяржаўным медуніверсітэце ёсць літаратурны клуб «Катарсіс», і нашы аўтары бяруць удзел у розных конкурсах. А калі прапануеш даслаць твор у «Звязду», многія не рашаюцца, бо ведаюць, што пастаўлена высокая планка, да якой трэба дацягнуцца. Газета вельмі аўтарытэтная, у ёй прэстыжна надрукавацца, і ты разумееш, што твой твор прачытае вялікая колькасць людзей — а калі ён да таго ж
спадабаўся чытачам і журы, гэта так матывуе працаваць далей! Так што трэба пісаць, шаноўныя аўтары, а конкурсу — быць, і быць, і быць...»

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Пішыце, вас чытаюць!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Алена і Сяргей Нікалаевы, а таксама іх пяцёра дзяцей усё яшчэ пад уплывам сваёй трыумфальнай перамогі.

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.