Вы тут

Што робіць Беларусь для захавання азонавага слою


З 2020 года ў Беларусь больш нельга будзе завозіць азонаразбуральныя рэчывы, а з 2030-га — выкарыстоўваць абсталяванне, што працуе пры іх дапамозе, падкрэслілі спецыялісты.


Азонавы слой абараняе Зямлю ад шкоднага ўздзеяння ўльтрафіялетавага сонечнага выпраменьвання і падтрымлівае на планеце аптымальныя тэмпературныя рэжымы. Аднак чалавек значна ўплывае на яго стан. Яшчэ ў мінулым стагоддзі азонавы слой пачаў разбурацца, і адна з асноўных прычын гэтага — актыўнае ўжыванне хімічных рэчываў, якія ўтрымліваюць у сваім складзе хром альбо бром. Яны выкарыстоўваюцца ў якасці холадагентаў у сектары астуджэння і кандыцыянавання паветра, прапелентаў у бытавой і медыцынскай аэразольнай прадукцыі, пажаратушыльных агентаў у сістэмах гашэння агню, растваральнікаў у электронным машынабудаванні, успеньвальніка пры вытворчасці будаўнічых матэрыялаў.

Беларусь адна з першых падпісала Венскую канвенцыю аб ахове азонавага слоя і Манрэальскі пратакол па рэчывах, што яго разбураюць. У 2001 годзе ў краіне быў прыняты закон «Аб ахове азонавага слоя».

— Да Манрэальскага пратакола далучыліся 197 краін. Ён рэгулюе 114 розных хімічных рэчываў, больш за 50 % з іх ужо выведзены з ужытку, — адзначыла кансультант упраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра, змены клімату і экспертызы Мінпрыроды Наталля КЛІМЕНКА. — У нашай краіне азонаразбуральныя рэчывы ніколі не вырабляліся, таму наша задача сёння — не дапусціць іх імпарту. Таксама мы разам з іншымі краінамі займаемся вывадам апошняй групы такіх рэчываў — гідрахлорфторвугляродаў. Да 2020 года іх не павінна застацца ў Беларусі.

Спецыяліст дадала, што да 2030 года з абароту будзе выключана і абсталяванне, якое працуе на азонаразбуральных рэчывах. Пакуль для яго дазапраўкі плануюць выкарыстоўваць запасы, зробленыя да 2020 года, альбо адноўленыя рэчывы, якія прайшлі рэцыркуляцыю. Пасля гэтага, лічаць эксперты, найлепшай альтэрнатывай будуць прыродныя холадагенты.

— У адпаведнасці з заканадаўствам на Мінпрыроды і яго тэрытарыяльныя органы ўскладзены кантроль за выкананнем умоў Манрэальскага пратакола. За час яго дзеяння з 1987 года выкарыстанне азонаразбуральных рэчываў скарацілася на 99 %, — расказала Наталля Кліменка. — Раз на тры гады мы праводзім інвентарызацыю абсталявання, якое працуе на такіх рэчывах. Напрыклад, па звестках на пачатак 2018 года яго засталося каля 2,5 тысячы адзінак, ім карысталіся прыблізна 300 арганізацый.

Кацярына ЦІТОВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«А жанчына так і не прыйшла...», Заяц на чацвярых, Асаблівасці нацыянальнага палявання.

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.