Вы тут

Агляд чытацкай пошты


«Перажыць і адолець можна ўсё...»

Гэту жанчыну ў Глуску ведаюць многія. Нехта — як былую работніцу санаторнай школы-інтэрната, нехта — як ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, нехта — як проста сціплага светлага чалавека, якога не зламалі ніякія жыццёвыя віхуры.


Шчаслівага дзяцінства ў Валянціны Васілеўны Зайцавай (у дзявоцтве — Чаропка), можна сказаць, не было. У чатыры гадкі засталася без бацькі, праз год не стала матулі. Валю і яе малодшую сястру гадавалі амаль сляпая цётка і суседзі. Апрануць сіротам не было чаго, абуць таксама. Змалку дзяўчынка навучылася плесці лапці, дапамагаць па гаспадарцы цётцы, суседзям і пастухам у якасці падпаска.

Паварот да лепшага яе жыццё зрабіла толькі тады, калі трапіла ў дзіцячы дом, які адкрыўся ў вёсцы Веснава. Там малую адзелі і абулі, там уволю кармілі. Не дзіва, што ўдзячная дзяўчынка расла актыўнай і стараннай да вучобы, што яе як найлепшую выхаванку дзіцячага дома накіравалі на адпачынак у Нарачанскі піянерскі лагер (сёння —
«Зубраня»). І было гэта ў чэрвені 1941-га...

Доўгай, поўнай трывог і страху была для дзяцей дарога з Беларусі ў Падмаскоўе, затым у Мардовію, на Урал — у горад Залатавуст. Тут Валянціна ўжо стала працаваць на адным з ваенных заводаў, была камсоргам змены, аж пакуль на
прадпрыемстве не з'явіліся работнікі ваенкамата і не спыталіся, ці не хоча хто-небудзь пайсці вучыцца ў Омскае інтэнданцкае ваеннае вучылішча.

Хто, як не камсорг, павінен быў падаць прыклад іншым — выступіць наперад...

Тое ж услед за Валянцінай зрабілі яшчэ некалькі дзяўчат.

Майстар змены, пачуўшы пра гэта, толькі пасмяяўся: якое, маўляў, вучылішча? Па-першае, у нас бронь, а па-другое (на адрас Валі), «ты і гадамі яшчэ не выйшла».

Тым не менш праз тры дні дзяўчына атрымала позву ў ваенкамат — з рэчамі...

У вучылішчы, як згадвала, было вельмі цяжка: вучылі акопвацца, страляць з розных відаў зброі і нават (калі пагражае палон) у... сябе. Аднак, дзякаваць богу, гэтая доля яе абмінула: пасля вучобы Валянціну размеркавалі ў танкавую часць старшым кухарам. І хоць работа гэта з ліку малапрыкметных, дзяўчына была там, дзе ішлі баі, дзе вырашаўся лёс перамогі. А гэта — бітва за Маскву, наступленне, першыя гарады, якія ўдалося вызваліць ад ворага, Курская дуга... На ёй, як здавалася Валянціне, сутыкнуліся само жыццё і смерць. Перамагло першае, але ж і смерць забрала з сабой нямала яе сяброў-франтавікоў. Валянціна таксама трапіла ў шпіталь з кантузіяй.

А вайна кацілася ўсё далей на захад, і разам з ёй крочыла ўжо старшына Валянціна Чаропка, на гімнасцёрцы ў якой быў медаль «За баявыя заслугі». І гэта ўжо не за парадак на салдацкай кухні, а за нясенне дарожна-патрульнай службы, умелыя дзеянні на кантрольна-прапускных пастах, дзе яе каманды выконвалі ўсе. Сведчаннем таму адзін эпізод.

Аднойчы каля Варонежа яна рэгулявала пераправу кавалерыйскіх часцей цераз невялікую рэчку. Адолець гэту водную перашкоду трэ было як мага аператыўней, пакуль не наляцеў нямецкі самалёт-разведчык. Валянціна дзейнічала хутка і дакладна: усё ішло як мае быць, пакуль у шэрагі коннікаў не ўклінілася нейкая легкавушка. Спецпропуска на лабавым шкле ў яе не было. «Стой!.. Стой!» — закрычала дзяўчына, выпусціўшы ў паветра папераджальную аўтаматную чаргу... «Галасістая ты, — сказаў ёй потым маршал Будзённы, які ехаў у машыне. — Табе б кавалерыйскім палком камандаваць... Малайчына, добра службу нясеш. Трымай падарунак». Маршал зняў з рукі свой гадзіннік і ўручыў збянтэжанай дзяўчыне. А крыху пазней прыйшла яшчэ адна ўзнагарода — медаль «За адвагу».

...Перамогу старшына Валянціна Чаропка сустрэла ў Германіі, недалёка ад Берліна. Адтуль яе накіравалі ў Беларусь у горад Асіповічы, але ж дзяўчыну цягнула дамоў, туды, дзе ўсё было знаёма і вядома, — у свой Глускі дзіцячы дом. Тут некалі яе сагравалі чулыя сэрцы людзей, а цяпер ужо яна, Валянціна Васілеўна, старалася адагрэць сваёй дабрынёй і клопатам іншых сірот, чые бацькі загінулі ў гады вайны...

Выйшла замуж, нарадзіла чацвярых дзяцей, гадавала ўнукаў і праўнукаў. Такім чынам, усё жыццё, можна сказаць, займалася выхаваннем: працавала піянерважатай, лабаранткай і бібліятэкарам у Глускай санаторнай школе-інтэрнаце, адкуль і пайшла на пенсію.

...Мінулае, вядома ж, не забываецца. І хоць гэтыя ўспаміны для жанчыны і цяжкія, і горкія, яна іх не гоніць. Кажа, што ўсё можна перажыць і адолець, толькі б над галавой не свісталі кулі.

Валерый Васілеўскі.

г. п. Глуск.


«Аўцюк, дык ён  і ў Афрыцы аўцюк...»

— Курыш?

— Не!

— Выпіць любіш?

— Не!

— Ну а жанчын?...

— Таксама не.

— А што ж ты любіш?

— Брахаць люблю!

(З аўцюкоўскага гумару).

У нашай краіне розных свят ды фестываляў, згадзіцеся, шмат, аднак вось гэты — народнага гумару — бадай самы ўнікальны. Прыемна, што сёлета ён зноў сабраў цэлыя плошчы людзей і поўныя куфры анекдотаў, жартаў, прыпевак. Гумарысты з усёй Беларусі і нават з-за межаў з'ехаліся ў гэтыя вёсачкі (хто не ведае, іх дзве: Вялікія Аўцюкі і Малыя, прычым першыя насамрэч меншыя...), каб расказаць смешнае, каб пачуць мудрае, каб пабываць у карчме «Ганарысты парсюк» і прыкупіць сабе добрых эмоцый (а яны, згадзіцеся, дарагога каштуюць), наведаць музей народнага гумару... Уразіў і адкрыты на сёлетнім фестывалі ўнікальны аб'ект — «Аўцюкоўскі глобус». Многім — прычым з аўкцыёну — пашчасціла купіць там зямлі для будаўніцтва сваіх гарадоў з уласнымі назвамі.

Нельга забываць, што чалавек, які ўмее жартаваць, —  умее і прыгожа жыць. Павучыцца гэтаму можна ў мудрых палешукоў, у тых самых аўцюкоўцаў. Адкрыў іх таленавіты пісьменнік Уладзімір Ліпскі, і адкрыў, упэўнены, назаўжды: радзіма Каласкоў і Калінак (так у ваколіцах называюць мужчын і жанчын) будзе і надалей радаваць людзей, прыцягваць сюды гумарыстаў і шматлікіх гасцей, бо, як вядома,

Аўцюк, дык ён і ў Афрыцы аўцюк,

І так ужо з глыбінь вякоў вядзецца,

Ён скажа: — Сёння з бо́льніцы я ўцюк, —

І будзе паміраць ды засмяецца!

Канстанцін Карнялюк, г. Віцебск


Каб у вокнах не патухла святло

У дзіцячы сад-школу аграгарадка Васільеўка, што ў Добрушскім раёне, сёлета прыйшлі толькі... тры першакласнікі. Аднак настаўнікі добра падрыхтаваліся да новага навучальнага года: зрабілі рамонт у класах, навялі прыгажосць у памяшканнях для малечы.

Падобны клопат, вядома ж, толькі радуе ды мацуе надзею, што з трыццаці вучняў нехта застанецца ў родных мясцінах, што тут будуць працаваць і школа, і клуб, і сельская бібліятэка, што не патухне святло ў вокнах вяскоўцаў.

Гэтай думкі трымаецца і бібліятэкар Алена Іванаўна Дзергачова. Паказаўшы на сваіх юных ды маладых чытачоў, яна даверліва прамовіла:

— Гэтыя хлопцы — мае першыя памочнікі. Валодзя Васькаўцоў, Павел Дзергачоў, Аляксей Балаболаў, Ігар Дубаўцоў навялі парадак каля помнікаў чырвонаармейцам, дапамагаюць бацькам па гаспадарцы, актыўна трэніруюцца ў спартыўнай зале, якую, дарэчы, зрабілі самі.

З размовы высветлілася, што мясцовы фермер Ігар Савельевіч Балаболаў у свой час выкупіў будынак былой сталовай, але задуму сваю да канца не давёў — не паспеў, таму ўдава яго Кацярына Мікалаеўна, кіраўнік тутэйшай фермерскай гаспадаркі па магчымасці дапамагае мясцовай моладзі. У маі на школьным стадыёне хлопцы арганізавалі спартыўныя спаборніцтвы, у якіх бралі ўдзел і дарослыя вяскоўцы. Закуплена абсталяванне і для прапаганды здаровага ладу жыцця. А ўсталяваць яго Уладзіміру Васькаўцову дапамаглі ўсё тыя ж Аляксей Балаболаў, Павел Дзергачоў, Ігар Дубаўцоў ды іншыя. Цяпер яны мараць знайсці фундатара, які дапамог бы прывесці ў належны стан спартыўную залу і раздзявальню...

Можа, прачытаўшы гэтыя радкі, нехта адгукнецца?

Ганна АТРОШЧАНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.