Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


«…У цемры свяціць уласным светачам»

Разнастайная па тэматыцы, багатая на вобразы паэтычная падборка Міколы Мятліцкага «Вярніце радасць на зямлю» адкрывае жнівеньскі нумар «Полымя». Адрэзак часу, па якім вандруе ўяўленне творцы, бязмежны: ад моманту існавання самых старажытных з зафіксаваных у гістарычных крыніцах цывілізацый да нявызначанай будучыні, калі памяняць месца жыхарства з зямнога на іншапланетнае стане для чалавека звыклай справай. Замілаванне прыродным хараством вяртае лірычнага героя ў маладосць. Але ён не толькі згадвае мілыя сэрцу абліччы — у памяці паўстаюць і драматычныя моманты гісторыі. У тэме вайны, як ні шмат пра яе сказана, аўтар здолеў стварыць арыгінальны вобраз (верш «Беларускі вакзал»).

Сапраўдная асалода чытання — паэзія Алеся Спіцына (падборка «Дай мне напіцца…»). Шлях магчымы адзін — да Бога, і нельга з яго сысці, гэта наканаванне лірычнага героя. Кранае і паэма на тэму кахання «Майскае срэбра»: «Калі нас двое, мы болей… / Болей за іх… / І за ўсе гэтыя сусветныя болі…» Тэмай верша стала і асэнсаванне незваротнасці юнацтва (верш «Сярэдні ўзрост»):

Мы плакалі і галасілі,

А потым адкінулі форткі,

Дажджом абмачылі твары

І сталі крыху мацней…

Пэўна, знойдзе свайго аматара і творчасць Лёлі Багдановіч (падборка «З прыполу дум»). Выпадкова ці наўмысна яна выкарыстоўвае радок з паэмы пра каханне геніяльнага цёзкі па прозвішчы: «Няма таго, што раньш было»? Вырашаць чытачу…

Віктар Шніп прадстаўлены ў прозе: «Заўтра была адліга — 6» (дзённікавы раман паэта) — своеасаблівая форма, дзе паяднаны яго непасрэдныя ўражанні ад сустрэч з творцамі, развагі над праявамі рэчаіснасці, філасофскія роздумы (на якія часам натхняюць прагулкі з хатнім улюбёнцам), вершы. Ёсць сярод іх і незавершаны, затое прапануецца: «Няхай кожны, хто прачытае, калі ёсць жаданне, дарыфмуе на свой густ». Героямі нататак, якія аўтар вёў з сярэдзіны снежня 2016 да канца сакавіка 2017 года, як і ранейшых яго запісаў гэтай формы, застаюцца калегі па пяры, мастакі, супрацоўнікі і наведвальнікі рэдакцыі, суседзі, сваякі, а таксама тыя, каго ўжо няма на гэтым свеце, — бацькі, сябры. Часта яны прыходзяць у снах. Увогуле, снам адводзіцца немалое месца ў расповедах, шмат пісьменнік разважае і аб іх прыродзе: «Мы і гэты свет — сон, які сніцца Богу…» Расповеды аб працоўных буднях перамяжоўваюцца з яркімі вобразамі і трапнымі метафарамі ў назіраннях за прыродай, — запісаныя празаічнымі радкамі, яны маглі б стаць і вершамі: «…У лужынах зіма стаілася. Ім поўню на сабе не люстраваць…», «Маладзік як вялікі белы матыль, што ляціць да Бога…» Адметна, што аўтар ставіцца да ўсяго, што адбываецца, з гумарам, асэнсоўвае і перадае чытачу ўвасобленае ў жывых карцінках: «Чакаеш пятніцу, як волю. І нібыта праз плот, праз суботу і нядзелю бачыцца панядзелак…», «Рэдактар быў абкладзены сырымі рукапісамі, як сырой зямлёй», «Некаторыя нерэдагаваныя жывыя класікі выглядаюць як смаркатыя дзеці. Смаркачы вытраш, памыеш, прычэшаш, апранеш добра і модна — і ёсць на што глядзець…»

Стылістычна бездакорнае апавяданне «Урокі Шантанэ» прапануе чытачам Святлана Бязлепкіна. Багатая мова, дынамічны захапляльны сюжэт (дзеянне адбываецца ў Францыі ў 1-й палове мінулага стагоддзя), галоўны герой, настаўнік гісторыі, які адразу заваёўвае сімпатыі, — немагчыма адарвацца ад чытання, пакуль не перагорнеш апошнюю старонку.

У рубрыцы «Галасы свету» прадстаўлена творчасць польскага паэта ХІХ стагоддзя Юльюша Славацкага ў перакладзе Сержа Мінскевіча і сучаснага расійскага творцы Андрэя Каровіна ў перастварэнні па-беларуску Юліі Алейчанкі.

Невядомыя вершы заходнебеларускага паэта Пятра Сеўрука (1905—1929), а таксама артыкул пра яго творчасць падрыхтаваў Мікола Мікуліч. Гэта класіка, якая актуальная і цяпер:

Я не жадаю вам жыцця маўклівага,

Але жадаю, каб вы

Умелі ў цемры свяціць уласным светачам...

Поўныя драматызму радкі адкрываюць асобу малавядомага творцы як пакутніка: «Мне не цяжкая доля ліхая, / Але шчырасць майго пачуцця...» Паэт хварэў на сухоты — хваробу выклікалі частыя турэмныя зняволенні, цяжкая праца. Але дзякуючы даследчыкам яго спадчына вяртаецца да чытача.

Яна БУДОВІЧ


Пра магчымасці стаць шчаслівым

Нумар «Нёмана» пачынае «Дарога да Беларусі» Віктара Шніпа — нататкі і разважанні «месяц за месяцам», пачынаючы з лістапада. Па сутнасці, гэта ўрыўкавыя пачуцці і думкі, якія часта не каментуюцца. Нібыта створаныя для самога сябе, яны маюць на мэце звярнуцца да эмоцый таго, хто іх чытае, выклікаць няўлоўную, але пранізлівую настальгію, і шкадаванне, і маркоту… Усе яны так ці інакш звязаныя з літаратурным жыццём Беларусі (трэба быць крыху знаёмым з пісьменніцкім асяроддзем і ўяўляць, кім ёсць Віктар Шніп і якая Люда заўсёды побач з ім).

Але, нягледзячы на цесную повязь плыні думак з канкрэтнымі жыццёвымі акалічнасцямі, тэкст напоўнены метафарамі і параўнаннямі, больш блізкімі паэзіі: «Маладзік, як выцвілая і нададраная ветрам марка на блакітным канверце асенняга неба», «Чайкі на беразе Свіслачы, як першы снег…», «Трава на беразе ракі трымаецца за пясок, як мы за час, у які жывем». На першы погляд, разважанні не звязаныя між сабой (не кожная нават мае відавочны сюжэт), але ўсе яны складаюцца ў адзін цэласны тэкст, у тым ліку дзякуючы пэўнай недаказанасці. Дзесьці нататкі нагадваюць пасты ў Фэйсбуку — гумарам, іроніяй, надзённасцю, а дзесьці гэта сапраўднае адкрыццё творчага чалавека, філасофія якога бачыцца ў немудрагелістым выказванні: «Кожнаму з нас трапляецца магчымасць стаць шчаслівым, але не шчасце…» Чакаем заканчэння ў наступным нумары.

Заслугоўвае ўвагі і апавяданне Філіпа Рэзнікава «Галубіная душа». Сюжэт распавядае пра Альгерда, якога з дзяцінства ласкава называлі Олі, хоць ставіліся да яго, вядома, зусім інакш. Твор — выразнае ўвасабленне тэмы лішняга чалавека, будучыня якога бачыцца далёка не маляўнічай. Аўтару ўдалося стварыць неверагодную атмасферу дзякуючы абранаму стылю, а таксама выбару лакацыі і часу (Гродна — даволі размытага, але дакладна савецкага часу). Хоць сюжэтныя перыпетыі пазнавальныя і нават лагічныя, апавяданне наўпрост прыемна чытаць.

Іван Саверчанка выступае ў нумары з гістарычнай рэканструкцыяй «Трон князя Міндоўга». Гаворка ідзе пра XIII стагоддзе: спрэчкі, здрады, помста, варожасць, але і доблесць — усё тут як мае быць. Але тэкст больш падобны на цудоўную захапляльную лекцыю, чым на мастацкі твор.

У адрозненне ад прозы паэзія нумара даволі аднастайная. У нізцы вершаў «Дзе душа здабудзе прыстанак» («Где душа обретёт пристанище», пераклад Ізяслава Катлярова) Васіль Зуёнак разважае пра вечнасць і чалавека ў ёй. Паэт ставіць пытанні, але адказаў знайсці не імкнецца, бо ведае: гэта марная справа. Тым больш спачатку трэба знайсці сваё месца ў гэтым свеце: «Иль умер я давным-давно, / Иль всё ещё я не родился?» Большасць вершаў маюць невыразны тужлівы і прыгнечаны настрой, а месцамі развагі аўтара ўвогуле набываюць патэтычнаіранічны тон:

По правую руку — сын,

А слева — всей силою стойкой —

Жена… Мир и вправду един

Без думы вселенской Зуёнка…

Падобны настрой ахоплівае і паэтычную падборку Аляксандра Лісняка «На схіле дня». Можна знайсці такія радкі: «Только вечная тьма неизбежна: / Слышу стук суетливых лопат», «Было б можно с судьбою рядиться — / Я согласен бы и не родиться!» Але творца глядзіць на свет з гумарам і іроніяй. Заўважна, што аўтару блізкі жанр байкі, на якую падобныя некаторыя спробы, хоць часам і не зусім адметныя:

Мы телевизор другу подарили.

В нём фейерверки, в нём веселье сплошь.

Москва такие выдаёт кадрили!

Там пьют-едят такое! — фиг поймёшь…

Надрукаваная і падборка вершаў пад лагічнай і нават чаканай для ўсяго нумара назвай «Адчуванне шчасця». Сярод аўтараў — Марына Шылай, Фёдар Лапанік, Ілья Гурэвіч, Аляксей Радзівончык, Людміла Траццякова, Тамара Пяркоўская. Нягледзячы на аб’яднанасць адной падборкай, тэмы і настрой у кожнага з паэтаў розныя: гэта і любоў да радзімы, і цяжкасць будзённага жыцця, і маладое каханне, і шчаслівае дзяцінства. Але іх увасабленне нельга назваць захапляльным ці арыгінальным.

Яўгенія ШЫЦЬКА


Менш слоў, больш паэзіі

Проза і паэзія гэтай «Маладосці» перакладная — украінская. Творцаў хвалююць не мінулае і будучыня — яны спрабуюць зразумець сучаснасць: той адрэзак часу, які ў любое імгненне здольны змяніць іх няпростыя лёсы, прымушаючы думаць над кожным сваім і чужым крокам. Якраз гэтага сёння часта не хапае.

Аня-Нікаліна Матыка (нізка вершаў «Светапогляды ад і да» ў перакладзе Міколы Адама) разважае пра сучаснасць, не называючы напрасткі тыя ці іншыя з’явы ці падзеі. Але рэчаіснасць у творах не хаваецца і не прыхарошваецца — вобразы куль, дыму, злачынстваў увогуле згадваюцца не толькі як яркая метафара (аўтар 1999 года нараджэння). Паэтэса нічога не называе сваімі імёнамі. Любы прадмет — па-майстэрску прадуманы вобраз, што можа ўспрымацца кардынальна па-рознаму ў залежнасці ад пункту гледжання чытача:

…знішчыць усе знявечаныя неэстэтычнымі лініямі мапы,

падобныя да прастытутак,

якія сёння аднаму, заўтра — іншаму

даюць сваю прастору,

каб тыя на іх крэслілі і дамалёўвалі,

дзялілі і шарпалі,

пакуль з некалі адзінай краіны

не засталася лялька з вырванымі рукамі…

«Антаганізмы» Юліі Судус (пераклад Святланы Быкавай) — лірыка, дзе аўтар асабістыя пачуцці выказвае ў поўнай ступені толькі праз стан прыроды, з якой ледзь не цалкам сябе атаясамляе. У кожным з вершаў існуе «сваё надвор’е» ў залежнасці ад душэўнага стану: то гэта «царства ружовых магнолій», то «дзікія навальніцы», то «галодная восень», а бывае што і «неба мілуецца ў хмарах». Здаецца, аўтара перапаўняюць эмоцыі і пачуцці, таму ў вершах гэтая празмернасць не дазваляе насалоджвацца нейкай выразнай думкай:

яшчэ бурліць спакой

тваёй тленнай

існасці

ў зіме вечнасці

У рэшце рэшт, рамантычны настрой усёй падборкі завяршаецца гуллівай прапановай: «будзе добра / слухай сэрца / адчыні браму / і ўпусці / пегаса».

Творчае крэда Аляксандра Букацюка — менш слоў, больш паэзіі. У паэтычнай падборцы «:пылок двукроп’яў:» (пераклад М. Адама) насамрэч можна заблукаць. Нягледзячы на сцвярджэнне аўтара «лёс свету ў тваіх руках», самога яго акаляюць сумненні, трывогі, боль. Але менавіта з гэтага і складаецца вобраз паэта, які імкнецца перавярнуць свет. Вершы не напружваюць і не прыгнятаюць: постаць лірычнага героя не выводзіцца на першы план, а толькі суправаджае забаўку з чытачом:

венеры прышылі рукі і

(не спяшайцеся хваліць доблеСНУю медыцыну)

стала яна звыЧАЙную жанЧЫНай

давялося тыМІ Рукамі

вар:ыць

пра:ць

тры куТЫ ТРЫмаць

але й але але

але й (оп) — абДЫМаць

Юлія Фінкоўская, дарэчы, напісала вершы на беларускай мове, якую вывучае два гады. «Паміж тэкстаў і лічбаў растуць дзьмухаўцы» — гэта абстрактныя роздумы і звароты, бо аўтар ледзь не ў кожным вершы патрабуе: беражы, трымай, выратуй і не пярэч. Паэтэса — летуценніца, і галоўнае ў яе памкненнях — быць разам з тым, да каго звяртаецца, быць пачутай.

Уключаны ў паэтычную частку вершы ўкраінскай паэтэсы Галіны Тарасюк (пераклад Адама Шостака) і індыйскага творцы Рабіндраната Тагора (пераклады рабілі Ганна Бараноўская, Мікола Мятліцкі, Віктар Шніп, Марыя Кобец, Навум Гальпяровіч і Генадзь Аўласенка).

Прозу нумара прадстаўляюць толькі два аўтары: Ольга Дэркачова і Марыся Нікіцюк. Творы Ольгі Дэркачовай «Кішэнны анёлак» і «Валошкі» (у перакладзе М. Адама) можна аднесці да антываеннай прозы. У якасці галоўных герояў — жанчыны: на вайне і падчас вайны. Яны не сталі іншымі. Застаючыся і слабымі, і мужнымі адначасова, яны імкнуцца здабыць сваё шчасце, нягледзячы на той лёс, што выпаў. А вось сюжэт апавядання Марысі Нікіцюк «Маша і шафа» (пер. М. Адама) пакідае пасля сябе неадназначнае ўражанне. Магчыма, такое адчуванне ўзнікае разам з пытаннем, на якое цяжка адказаць: дзе заканчваецца свет фантазіі?..

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.