Вы тут

Прагнасць вам імя?


Памятаеце гэты анекдот? «— Любы, ты ведаеш, што я хачу? — Усё!? — Гэта па-першае...» Усе ж даўно ведаюць пра гэтую рысу жаночага характару і ставяцца да яе з гумарам. Аказваецца, што не ўсё так проста і бяскрыўдна... Нядаўна сацыёлагі высветлілі, што траціна дзяўчат ходзіць на спатканні дзеля... бясплатнай вячэры. («— Сяджу ў кавярні, да мяне падыходзіць хлопец і пытаецца: «Што аплаціць дзяўчыне?» Ну, я не разгубілася і прад'явіла рахункі — за кватэру, святло, газ...») Да такіх нечаканых высноў прыйшоў амерыканскі вучоны з універсітэта горада Азуса Браян Колісан са сваёй камандай. Вынікі іх назіранняў былі апублікаваныя ў часопісе SPPS.


Адзначаецца, што перадумовай для такога даследавання сталі апублікаваныя ў амерыканскіх СМІ шматлікія аповеды пра тое, як прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва ідуць на спатканні дзеля бясплатнага пачастунку. («— Заходзіць дзяўчына ў краму. Прадавец, усміхаючыся, пытаецца: — Чаго хоча дзяўчына? Тая адказвае: — Дзяўчына хоча «Марціні», «Бэнтлі», мужыка добрага і сексу рэгулярнага, але... прыйшла яна па хлеб».) Каб праверыць гэтае меркаванне, вучоныя набралі групу з 800 дзяўчат-добраахвотніц. Вынікі эксперымента здзівілі нават саміх даследчыкаў.

Складзены псіхалагічны партрэт дапамог вучоным вызначыць пэўны тып жанчын, якія карысталіся такім карыслівым метадам. («— Я ж чаму для цябе недаступная была? Я ж думала, у цябе грошай няма».) Усе яны мелі так званую «цёмную трыяду»: пакутавалі ад нарцысізму, макіявелізму і псіхапатыі, а таксама прытрымліваліся строгіх традыцыйных уяўленняў аб сацыяльных ролях мужчын і жанчын. («Алічбаваная, зачараваная, з інтэрнэтам навекі павянчаная, ты сядзіш, да манітора прыкаваная, а быццам бы цалкам дарослая! То вясёлая, то сумотная, у сетку з чацвёртага разу патрапіла, ты не тое каб зусім ненармальная, але крыху ўжо звар'яцелая».) У абарону дзяўчат даследчыкі дадалі, што такі адказ маглі даць і тыя добраахвотніцы, якія проста не захацелі прызнацца, што іх спатканне прайшло няўдала. («І запомніце, дзяўчаты, што малады, прыгожы, разумны, багаты, вясёлы і не сквапны — гэта шэсць розных мужыкоў».) Дарэчы, амерыканскія сацыёлагі дадалі, што падобныя формы паводзін могуць быць характэрныя не толькі для прадстаўніц слабага полу, але і для мужчын. («Сёма кінуў сваю дзяўчыну, паколькі лічыў, што яна з ім сустракаецца дзеля грошай, якія ён ёй павінен».)

А як вам навіны з Расіі? Напачатку там у Дзярждуме раскрытыкавалі моладзь за безадказнасць у пытаннях шлюбу і папракнулі ў жаніцьбе дзеля... вясельнай урачыстасці. Пра гэта заявіла старшыня камітэта па пытаннях сям'і, жанчын і дзяцей Таццяна Плятнёва. («— Лена, ты не ведаеш, што хоча ў падарунак твой муж, а то нам сорамна спытаць. — Ён хоча боты жаночыя, італьянскія, 38-га памеру, але саромеецца прызнацца... І мультыварку...») Па яе словах, маладыя расіяне не бяруць на сябе адказнасць за скасаванне шлюбу, паколькі для іх больш важнае свята, якое робіцца на грошы бацькоў. Чыноўніца заўважыла, што прычына такіх паводзін — у адсутнасці выхавання. («Два гады з ёй сустракаўся. І ўсё было добра. Потым пачалося: як цябе завуць? а ці не жанаты ты?»)

Далей — больш. У Расіі склалі рэйтынг гарадоў па... прагнасці жанчын. У федэральным сацапытанні, якое правяло незалежнае агенцтва Zoom Market, у 28 гарадах задавалі тры пытанні: які для вас галоўны крытэрый пры выбары мужчыны, ці маюць значэнне фінансавы стан і ўзрост? Рэйтынг атрымаўся такі: каханне (62 працэнты), надзейнасць (19 працэнтаў), даход (7 працэнтаў), сацыяльны статус (5 працэнтаў), знешнасць (4 працэнты), адукацыя (2 працэнты) і рэпутацыя (1 працэнт). Было агучана, што самыя прагныя жанчыны жывуць у Саранску, Краснадары і Маскве.

Гэта прытым, што нядаўна расіянкам далі параду, што рабіць ва ўмовах дэфіцыту мужчын. («Недахоп інтымнага жыцця ў дзяўчыны — гэта калі яна раскладвае пасьянс і зайздросціць даме, якая ляжыць паміж валетам і каралём».) Каментуючы даныя Расстата, псіхолаг Павел Жаўнераў заявіў: жанчынам трэба перастаць канкурыраваць паміж сабой, а ўвагу скіраваць на павелічэнне ўзроўню шчасця мужчыны, што побач. Тады той ахвотней пагодзіцца на шлюб. («Калі мужчына кахае жанчыну, тараканы ў яе галаве здаюцца яму божымі кароўкамі».) А яшчэ неабавязкова шукаць сабе найбольш паспяховага і багатага партнёра: галоўнае, маўляў, каб чалавек добры быў. («Самы шчаслівы ранак для дзяўчыны — дзень яе вяселля. Прачнуўшыся, яна ведае, што апрануць».) І ў той жа час эксперт падкрэсліў, што ва ўмовах дэфіцыту мужчын у краіне жанчынам трэба хутчэй вызначацца з партнёрам і задумвацца пра шлюб. («— Ало, гэта міліцыя? — Так, што ў вас здарылася? — Дзве дзяўчыны б'юцца адна з адной з-за мяне. — Малады чалавек, а ў чым, уласна, праблема? — Страшненькая перамагае!»)

Дык вяселле ці «не» святу?! Скончым тым, з чаго пачалі, — анекдотам. «— Дзяўчына, вы танцуеце? — Не. — Тады не будзем губляць час».

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».