Вы тут

Студэнтка БДУ запусціла некалькі паспяховых бізнесаў


— У трынаццаць гадоў я глядзела на равеснікаў і хацела быць, як яны: насіць прыгожае адзенне, мець дарагі тэлефон. На жаль, бацькі не маглі сабе гэта дазволіць, таму я ўладкавалася расклейшчыкам аб'яў, — расказвае Каміла Жыбуля.


...Было цяжка: у дзень трэба было абысці 300—600 пад'ездаў, пры гэтым наведваць школу! Затое праз год яна змагла зарабіць на ноўтбук і тэлефон.

Далей у інтэрнэце дзяўчына пачала шукаць больш выгадныя вакансіі. Так увагу Камілы прыцягнула работа капірайтара. З кожным сімвалам, сказам, матэрыялам яна пашырала свае магчымасці і навыкі, што дапамагло затым уладкавацца ў больш перспектыўныя агенцтвы. Яна стала пазаштатным капірайтарам кампаніі «Kakadu Development», затым паспрабавала сябе ў якасці адміністратара групы «УКантакце» студыі «20\13». Працавала і пазаштатным карэспандэнтам у газеце «Переходный возраст», на партале «Камп'ютарныя весці», у праекце «Спарта» ў Мінску, SMM-cпецыялістам у двух мінскіх рэстаранах...

Каміла не пераставала развівацца ў розных кірунках: сама асвойвала свет маркетынгу, прайшла SMM-курсы, хадзіла на майстар-класы і трэнінгі.

— Потым год працавала ў SMM-агенцтве па прынцыпе «стартапа», калі адзін чалавек робіць усё і адразу, — працягвае яна. — Трэба было тэлефанаваць, сустракацца з кліентамі, пісаць на сайт... пятае, дзясятае. За той год я сапраўды «перагарэла» нягледзячы на тое, што работа мне падабалася. Стамілася: шасцідзённы рабочы дзень, часам па дзесяць гадзін, напружваў. Спрабавала сысці на іншае месца, дзе больш грошай і менш абавязкаў — пратрымалася там паўтара месяца і зразумела, што не магу так больш. Вярнулася да фрылансу. А пасля з'явілася магчымасць зрабіць штосьці сваё.

Яшчэ падчас працы ў агенцтве да Камілы ў «Інстаграме» прыйшло нямала падпісчыкаў. Там яна давала парады па маркетынгу, продажам, тайм-менеджменце, самаразвіцці. Сур'ёзна за старонку ўзялася пасля сыходу з офіса: купляла рэкламу ў іншых вядомых блогераў, наладзіла сваю для капірайтараў, студэнтаў, SMMшчыкаў-пачаткоўцаў. Там жа дзяўчына пачала расказваць пра сваё жыццё, каб разбавіць сур'ёзнае. Блог паступова набіраў папулярнасць.

Цяпер падпісчыкаў ужо каля 130 тысяч! Частка з іх ацэньвае пасты, піша каментарыі, выказвае ўдзячнасць за інфармацыю ў дырэкт (асабістыя паведамленні). Аднак у інтэрнэце хапае і тых, хто пакідае шмат негатыву. «Чым больш падпісчыкаў, — кажа Каміла, — тым больш агрэсіі. Мне пагражалі: сапсаваць рэпутацыю, знішчыць агенцтва... Звычайна пішуць пра знешнасць, называюць выскачкай — часцей за ўсё з пустых фэйкавых старонак. Таму звяртаць увагу на ўсё гэта не лічу патрэбным».

...У блогу напісана: «Гадую» два бізнесы». Гэта SMM-агенцтва «Popcorn medіa» і інфабіз (курсы, вэбінары, марафоны).

— Спачатку з'явіліся курсы, — расказвае Каміла. — Чаму я вырашыла іх арганізаваць? Прасілі самі падпісчыкі. Гэта было штосьці накшталт рэпетытарства, адзін на адзін. Аднак, паспрабаваўшы на двух-трох суразмоўніках і зразумеўшы, што гэта не вельмі эфектыўна, запусціла праект анлайн-курсаў «Мама, я SMMшчык». З інфабізнесам проста: усё ўпіраецца ў адну пляцоўку. Робіш пэўную стартавую рэкламу, аплачваеш саму платформу для правядзення, купляеш вэб-камеру, мікрафон... Пры падрыхтоўцы да сваіх курсаў я прыгадвала, чаго не хапала менавіта мне. Наладзіла зваротную сувязь з падпісчыкамі. Што адрознівае мяне ад іншых? Я практык. У мяне на занятках кожны атрымлівае ўмоўнага кліента. Потым піша стратэгію, вучыцца ствараць брыфы, вывучае дызайн і фотаздымак, наладжвае рэкламу, камунікуе з блогерамі...

Звычайна ў групу Каміла набірае пятнаццаць чалавек і ўстанаўлівае сярэдні рынкавы кошт: з кожнага — 200 долараў за дзевяць анлайн-заняткаў даўжынёй дзве-тры гадзіны.

Агенцтва «Popcorn medіa» дзяўчына стварыла летась, калі зразумела: кліентаў шмат, а рукі ўсяго дзве. Сабрала каманду з тых, хто прайшоў яе курсы, і каго знайшла ў «Інстаграме». Зарэгістравалася як індывідуальны прадпрымальнік. Зараз у штаце працуюць менеджары, капірайтар, сторыз-мэйкер, ёсць фатограф і дызайнер.

— Наша задача — зразумець, якія ў кліента праблемы, — гаворыць прадпрымальніца, — чым можам дапамагчы і ці можам увогуле. Важна, наколькі мы падабаемся адно аднаму і наколькі спрацуемся. Бывае, што ў нас з кліентам проста кардынальна розныя погляды — і гэта нармальна.

Кошт аказаных паслуг у сярэднім 800 долараў у месяц. Калі лічыць рэкламныя бюджэты, можа даходзіць да 1100—1200 долараў.

...Акрамя двух бізнесаў, Каміла паспявала рыхтавацца да экзаменаў і здаваць іх на завочным аддзяленні журфака. Як? Яна што, не спала? Не. Проста ўмее правільна планаваць сваю працу і працу каманды. У выпадку чаго можа даручыць усё свайму менеджару. У яе ёсць час, каб схадзіць на фітнэс ці на масаж, а таксама для вандровак. Дзе толькі ні была дзяўчына! У Рыме, Вільнюсе, Піцеры, Варшаве, на Кіпры...

— У маім бізнесе (менавіта ў агенцтве) сродкі цяжка класці сабе ў кішэню, — дакладна ведае дзяўчына, — бо грошы ідуць у абарот. І вымаць іх з яго няправільна! Ты купіш машыну, кватэру, а ўзнікне момант, калі табе трэба развіваць свой бізнес далей, а грошай ужо абсалютна няма. З курсамі прасцей. З дзвюх тысяч долараў тысячу шэсцьсот магу ўзяць сабе. Я выбіраю: «круціць» іх далей, ці, напрыклад, ехаць на Балі.

На жыццё ў Мінску сыходзіць тысячы паўтары долараў. Тое, што зверху — на падарожжы і падарункі блізкім. Больш мне і не трэба. Магу ўкласці грошы ў дарагое навучанне. А вось транжырыць — не пра мяне...

Сям'я дзяўчыны адносіцца да заняткаў Камілы станоўча. Яна нават іх забяспечвае: «Не на сто працэнтаў, канешне. Мама працуе, бо не хоча кідаць работу, бацька ў пошуку. Ім нецікава сядзець на месцы. Але, калі трэба купіць штосьці дарагое, напрыклад, камп'ютар, ці бабулі трубы ў ваннай адрамантаваць — гэта ўсё я».

— Бізнесмен павінен... — пытаюся...

— ... трымаць адказнасць: быць адказным за сябе, свае праекты і нават за іншых людзей, за тое, што ён трансліруе ў аўдыторыю, — упэўнена кажа прадпрымальніца. — Яшчэ трэба разумець, што бізнес заўжды трымае цябе ў стане нявызначанасці. Ты не ведаеш, што будзе заўтра. Прыйдзе ці сыдзе ад цябе кліент? Колькі грошай трэба будзе ўкласці? Пастаянна думаеш, што ты яшчэ можаш зрабіць, што яшчэ можаш адкрыць. А таксама кожны павінен умець хутка рэагаваць на цяжкія сітуацыі, не паддавацца паніцы, думаць, як вырашаць праблемы. І памятаць, што менавіта за прадпрымальнікам будзе апошняе слова.

...Каміла Жыбуля не збіраецца спыняцца на двух праектах. Грошы — не галоўная і не канчатковая мэта.

— Мне проста вельмі падабаецца мая работа, — кажа яна. — Галоўнае, што атрымліваю ад людзей «фідбэк» (зваротную сувязь. — Аўт.) Я, вядома, з імі шалёна стамляюся, правяраю заданні па начах... Але бачу, што з дапамогай маіх курсаў яны знаходзяць лепшую работу, заробак, адкрываюць свае агенцтвы, нарошчваюць кліенцкую базу. І гэта мяне матывуе.

Юлія АДАМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».