Вы тут

Журавы і журавіны. На Мёршчыне прайшло экалагічнае свята


Як жывуць і адпачываюць людзі на балоце

Згодна з вядомымі радкамі Алеся Ставера, з выраю жураўлі ляцяць на Палессе. А вось збіраюцца яны ў вырай на поўначы Беларусі. Даспадобы ім Мёршчына Віцебскай вобласці. Менавіта там знаходзіцца адно з любімых для жураўлёў месцаў — маляўнічы заказнік Ельня, адзін з найбуйнейшых комплексаў балот са шматлікімі азёрамі. Кожны год некалькі тысяч птушак спыняюцца там падчас восеньскай міграцыі. Таму да іх асаблівае стаўленне ў Мёрскім раёне. Яшчэ адзін сімвал краю — журавіны, Мёры нават называюць журавіннай сталіцай Беларусі. Сем гадоў таму жыхары вырашылі прысвяціць гэтым знакавым прадстаўнікам флоры і фаўны рэгіёна штогадовае экалагічнае свята. Назвалі яго проста — «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю». У мінулую нядзелю на фестываль завітала карэспандэнт «Звязды».


Пра ягады

Свята — пляцоўка для людзей, якія займаюцца экалагічнымі праблемамі, і тых, хто стварае ўмовы для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Сёлета фестываль набыў новы імпульс — стаў часткай вялікага праекта «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Мёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці». Праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і скіраваны на паляпшэнне жыцця жыхароў Мёршчыны на аснове рэалізацыі прынцыпаў устойлівага развіцця. Форум з такой значнай місіяй прыцягвае і замежных гасцей — наведалі свята члены мясцовага самакіравання з Латвіі, Расіі, супрацоўнікі прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі.

«Гэта пляцоўка існуе для таго, каб, будуючы прамысловыя прадпрыемствы, робячы пэўныя рэчы ў сельскай гаспадарцы, мы не парушалі экалагічны баланс — тое, што мы павінны зберагчы для сваіх праўнукаў», — сказаў старшыня Мёрскага раённага выканаўчага камітэта Ігар Кузняцоў.

Нягледзячы на дажджлівае надвор'е, у гарадскім парку «Паўвостраў» сабралася шмат жыхароў не толькі горада, але і вёсак раёна. Многія з іх — пераможцы конкурсаў па добраўпарадкаванні, па зборы журавін, па ўтрыманні сельскіх падворкаў. Узнагародзілі таксама найлепшых старшынь вуліц і вёсак Мёршчыны. Пераможцаў фотаконкурсу адзначыла раённая газета.

Для гасцей падрыхтавалі творчую праграму: выступілі калектывы раёна, госці з Латвіі і фольк-гурт PAWA. Майстры рэгіёна падрыхтавалі палаткі з разнастайнымі хэндмэйд-вырабамі для «Жураўлінага кірмашу — 2019». Адзначу добрую інфраструктуру свята: смакату і гарачыя напоі можна было набыць у палатках грамадскага харчавання і ў сучасных фудтраках. Але ў прыярытэце, канешне, былі журавіны. На кірмашы былі булкі, пірагі, мармелад, джэмы з гэтых ягад, журавіны з імбірам, журавіны ў цукровай пудры і шмат іншых пачастункаў. «Каралеву» свята прадавалі і ў неапрацаваным выглядзе. У сярэднім кілаграм ягад з экалагічна чыстага рэгіёна каштаваў чатыры рублі.

Пра птушак

Далучылася да свята і грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Арнітолагі запрашалі паназіраць за чырвонакніжнымі птушкамі, жураўлямі, у палях. На гэтую вандроўку адправілася і я, даведаўшыся, адкуль адбываюць арганізаваныя аўтобусныя групы. Пляцоўку для назірання кіроўца знайшоў не адразу. Арнітолагі рупліва прыхавалі ўстаноўленыя біноклі за стагамі сена, ды і самі размясціліся там жа. Такая канспірацыя — неабходны элемент назірання за палахлівымі птушкамі. Пакуль ахвотныя па чарзе падыходзілі да бінокляў і ўзіраліся ў бяскрайнія прасторы, я запытала ў спецыяліста, што балотныя птушкі робяць у полі.

«Жураўлі цяпер кормяцца на палях. У іх асенняя міграцыя. Зараз сабраліся ў вялікія чароды для міграцыі ў Ізраіль, Афрыку і набіраюцца сілы перад дарогай. Падчас палёту яны таксама робяць перапынкі, але не такія вялікія. Птушкам галоўнае — на гэтай тэрыторыі набраць вагу і потым спакойна ляцець. У іншых краінах іншыя ўмовы, і не заўсёды знойдзеш месца, дзе магчыма паесці так добра», — паведаміла спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Яўгенія Лучык.

Вярнуўшыся на пляцоўку свята, мне ўдалося напрасіцца на экскурсію на славутае балота Ельня. Гідам і спадарожнікам згадзіўся быць дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі. Ён адразу запытаў, ці ёсць з сабой боты. Адкуль? Збіралася выключна на гарадское свята. Але Аляксандр успомніў, што дзесьці ў машыне ёсць пара. Абуўшы на свой 37-ы боты 43-га, адправілася ў падарожжа.

Ад горада да пачатку экасцежкі кіламетраў дзесяць. Каб трапіць на мошчаную дошкамі сцежку па балоце, давялося пераадолець амаль кіламетр размяклай пад дажджом лясной дарогі. І тут боты прыйшліся дарэчы.

У падарожжы Аляксандр Вінчэўскі расказаў, што журавіны і жураўлёў аб'ядноўвае не толькі свята ў Мёрах. Агульны корань словы маюць у беларускай і англійскай мовах. Назва журавін (Cranberry) у перакладзе азначае «жураўліная ягада». Такую назву далі, таму што доўгія, тонкія кветкі журавін нагадваюць галаву і дзюбу жураўля.

«Чаму на балота ляцяць жураўлі? Яны важаць тры-чатыры кілаграмы. Зразумела: любы драпежнік хоча іх злавіць, таму даводзіцца начаваць у вадзе, на мелкім возеры. Стоячы ў вадзе, яны чуюць усплёскі, калі, напрыклад, ліса падыходзіць», — расказаў пра мудрых птушак мой гід.

Ідучы па экасцежцы, мы сустрэлі шмат спадарожнікаў і арганізаваныя турыстычныя групы. Калі вы завітаеце на Ельню без гіда — у дапамогу вам стэнды на працягу шляху, якія апавядуць пра балота і раскажуць, на якія асаблівасці экасістэмы неабходна звярнуць увагу.

Балота Ельня — унікальнае месца. Яно дапамагала людзям падчас вайны. На астравах хаваліся яўрэйскія сем'і, а на лёдзе возера партызаны арганізавалі аэрадром. Сёння Ельня (адзін з найбуйнейшых паглынальнікаў вуглякіслага газу) запавольвае пацяпленне клімату і дае прытулак шматлікім знікаючым відам раслін і птушак.

«Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць...» І насамрэч радуе, што многія беларусы ўсё часцей для адпачынку выбіраюць не замежныя курорты, а родныя мясціны. А народныя гулянні, інфраструктура прыродных багаццяў даюць магчымасць пазнаёміцца з роднай зямлёй яшчэ бліжэй.

Марыя ДАДАЛКА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Журавы лятуць да журавін

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.