Вы тут

За птушкай — на неба шлях


Пасланнік сонца, абаронца… з дрэва


Продкі верылі: душа добрага чалавека, калі ён памірае, адлятае белай галубкай, а душа кепскага — чорнай варонай ці крумкачом. А вось шчэпавая птушка-абярэг, вырабленая па адметнай тэхналогіі Бярозаўскага раёна, спрадвек абараняла калыску дзіцяці, бо «на яе крылах застаецца дурны погляд суседкі, з нядобрым вокам». Калі дзіця падрастала, птушку спальвалі ў печы: агонь лічыўся ачышчальнай сілай.

Стагоддзі таму такіх птушак, якіх сёння на Бярозаўшчыне робяць толькі тры майстры і тэхналогія вырабу якіх уваходзяць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, вешалі ў куце, перад іконай. Да таго ж шчэпавая птушка была абавязковым аздабленнем дома на Каляды, пэўнага кшталту аналагам саламянага павука. Зробленая ў тэхніцы расшчаплення драўніны, вядзе сваю гісторыю з дахрысціянскіх часоў. Яна, так бы мовіць, была пасланнікам багоў. Распраўленыя перынкі складваліся ў кола: так даўней малявалі і сонца.

Чаму птушка? Спрадвек чалавек кантактаваў з імі даволі актыўна. А праз час птушкі занялі вельмі важнае месца ў жыцці і — як вынік — фальклорнай спадчыне беларусаў, сталі аб’ектам глыбокага асэнсавання фактычна ва ўсіх жанрах творчасці.

Так, да зязюлі — той, якая «лёгка» жыве, бо не гадуе птушанятаў, чалавек звяртаўся, каб даведацца, колькі яму яшчэ гадоў адмерана: колькі разоў «ку-ку» пачуеш — столькі гадоў і пражывеш. Птушка, якая раптам залятала ў хату або моцна стукалася ў акно, па меркаванні нашых продкаў, лічылася знакам: яна прылятае ў тую хату, з якой хутка адляціць душа ў вырай.

У народзе кажуць: сарока прыносіць і добрыя, і благія весткі… Крумкач, каркаючы над домам, прадказвае смерць аднаго з жыхароў гэтага дома. Крык савы над домам — дрэнны знак.

Акрамя гэтага, вешчунамі лічылі і дробных птушак — сініцу, ластаўку, вераб’я. Так, калі дробныя птушкі раптоўна залятаюць у хату цераз акно, гэта можа прадказваць рознае. Ластаўка заляціць — прыйдзе непажаданая вестка, а калі ў доме ёсць нявеста — прыйдуць сваты ці жаніх. Верабей заляціць — будуць неістотныя звесткі ці зойдзе наведвальнік. Сініца б’ецца ў шкло — трэба чакаць вялікага няшчасця.

Ёсць прыкметы, звязаныя і са свойскімі птушкамі. Напрыклад, курыца заўжды была сімвалам пладавітасці новай сям’і. Нездарама ж іх дарылі на вяселле! Акрамя гэтага, курыца была надзелена і рысамі «таго свету». Так, пасля летняга сонцастаяння казалі, што дзень павялічыўся на «курыны» крок, «на Каляду прыбыло дня на курыную лапу». Каб папярэдзіць бяду, курыцу перакідалі праз хату ці плот да таго часу, пакуль яна не памрэ, ці закопвалі жывой у зямлю.

Курыца як абрадавая страва прысутнічала на стале ў дні загавін перад Пятроўскім і Вялікім пастамі. Курыца станавілася адным з галоўных удзельнікаў рытуальных дзеянняў, калі ў хаце знаходзіўся пры смерці чалавек. Сваяк цяжка захварэў? Неабходна было забіць самую моцную, вялікую курыцу і з’есці. Лічылася, што ў такім выпадку хворы хутка акрыяе. А для жалобнага абеду рэзалі пеўня, калі паміраў мужчына; курыцу — калі памірала жанчына.

Бусел па традыцыі — сімвал сямейнага шчасця. Ён прыносіў дзетак. Людзі верылі, што ў хату прыйдзе шчасце, калі бусел рабіў сваю буслянку на коміне ці на дрэве каля хаты.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.