Вы тут

Рыгор Барадулін у Кітаі


Пра ўражанні паэта з ягонага падарожжа ў Паднябесную можна пачытаць у 5-м томе “Дзённікаў і запісаў” народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, які выйшаў у мінскім выдавецтве “Кнігазбор”


Рыгор Барадулін — прызнаны ва ўсім свеце паэт і перакладчык

Той дзённік увабраў занатоўкі з 1989 па 1991 гады. Сведчанні канца жніўня — першай паловы верасня 1990‑га высвечваюць дэталі падарожжа паэта ў Кітай. Звернемся да іх, паразважаем над імі.

“30 жніўня, чацвер. Пекін. Пагрузілі нас на “Таёту”. Ахалодненька, хораша. Едзем, вадзіцель хоча заправіцца, бензіну няма, як і ў нас. Думаў, запраўшчык з ім па мікрафоне гаворыць, аж гэта ён лыжкай чэрпае разрэзаны кавун. Другі кітаец нясе ў руках чатырохкутую металічную міску і лыжку трымае. У гэтай місцы-накрыўцы нейкае сёрбала. Размясцілі ў гатэлі “Пекін”, новая прыбудова. Вечарам парна, як у лазні. На плошчы Цяньаньмэнь партрэт кормчага, Маўзалей, Народны сход, Гістарычны музей, помнік ахвярам барацьбы за незалежнасць. Плошча адной з дзвюх імперый — нашай і кітайскай, запускаюць драўляную птушку, як жывая лётае вялікая. Маленькую запускае, трымае на валаску ніткі інвалід з каляскі. Спакойна і разморана ад спёкі, парнасці…”

Праз дзень вось што запісвае беларускі паэт, агаломшаны сустрэчай з нязведанай датуль краінай: “Пекін. Пры любых рэжымах сонца ўзыходзіць. Першая раніца ў Кітаі, дзе не спыняецца час. Вечнасць тут задумалася. Добра і самому засяродзіцца, засамоціцца, зажурыцца. Дзён чалавечых мала застаецца…”

Чамусьці так склалася, што ў Пекіне, Кітаі, пачынаючы з 50‑х гадоў, пабываў шмат хто з беларускіх пісьменнікаў, а вось дзённікавых сведчанняў пасля тых паездак не так і шмат засталося. Максім Танк лаканічна расказаў у блакнотах пра паездку 1957 года. Янка Брыль, Лідзія Арабей, Анатоль Вярцінскі, здаецца, нічога й не запісалі асаблівага. Ужо ў бліжэйшыя да нас дзесяцігоддзі-гады Кітай з розных нагод адкрывалі публіцыст Міхась Шыманскі, паэт і публіцыст Міхась Шэлехаў, паэт і перакладчык Навум Гальпяровіч, лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Святлана Алексіевіч (яна сустракалася ў Кітаі з празаікам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Мао Янем), паэт, празаік, перакладчык, літаратурны крытык Алесь Бадак. А таксама беларускія пісьменнікі, якія стала жывуць у Маскве: празаікі Валеры Казакоў (праўда, цяпер ён бальшыню часу праводзіць у Мінску ды на хутары на Гарадзеншчыне, у Карэліцкім раёне), Алесь Кажадуб, літаратуразнаўца Ірына Шаўлякова, перакладчыца Дар’я Нечыпарук. Журналістка Інэса Плескачэўская досыць доўга жыла ў Пекіне, пастаянна пісала адтуль у газету “СБ. Беларусь сегодня”, выдала кнігу пра Кітай… Хтосьці са згаданых рупліўцаў напісаў і выдаў кнігу нарысаў (як Міхась Шыманскі), хтосьці — верш ці падборку вершаў альбо апавяданне ці апавяданні, як, напрыклад, Навум Гальпяровіч ці Алесь Кажадуб.

Запісы Рыгора Барадуліна — запісы-штрыхі, лаканічныя пазнакі сустрэч, адкрыццяў, шкельцы-ўражанні. 31 жніўня й наступныя два дні верасня паэт — у горадзе Далянь.

“2 верасня… На рынках, у крамах усяго даволі. Цяпер трэба рыфмаваць Кітай — каўтай слінкі зайдрасці, савецкі чалавек! У Забаронным горадзе імператар пускаў па вадзе кубак з віном, супраць каго ён спыняўся, той мусіў скласці верш на зададзеную тэму і прачытаць альбо выпіць. Нашыя родныя алкашы ніколі б ні радка не прыдумалі, а толькі пілі б. Еўрапеізацыя Кітая ідзе даволі хутка, але гэта верхні слой, карані будызму глыбокія.

Кітайцы не гэтулькі набожныя, як вераць і шануюць культ продкаў. І ў самыя змрочныя ці жалезныя часы і партбілеты насілі, а да Буды на паклон хадзілі. Усе яны настолькі абчасаныя вякамі, настолькі вытанчаныя, што еўрапейцы з імі побач такія няўклюды…”

З дзённіка ці запісной кніжкі Барадуліна з цікавасцю даведваешся пра пісьменнікаў, канкрэтныя рэаліі літаратурнага жыцця ў Кітаі на пачатку 90‑х. А яшчэ — пра паэтычныя традыцыі ў Паднябеснай.

“Г. Харбін. Крыху ранішні халадок наш нагадвае. Няма такой здухі. Павет Хулань… Радзіма пісьменніцы Сяо Хун. …Літаратурнае свята на дзень нараджэння Сяо Хун, бывае да 300 тыс., у модзе дыскатэка. Нават старыя танцуюць пад музыку дыска. Музей Сяо Хун. Бацька — памешчык. Захоўваецца сад, які прыносіў асалоду паэтэсе, пісьменніцы (1911–1942). Шмат псеўданімаў перамяніла…”

Досыць трагічны, драматычны лёс у тае пісьменніцы. Значную ролю ў яе прафесійным станаўленні як літаратара адыграў Лу Сінь. І хаця пражыла няшмат гадоў, пакінула пасля сябе значную творчую спадчыну. У1981 годзе Харбінскае выдавецтва выпусціла трохтомны Збор твораў Сяо Хун, і ён ужо вытрымаў пяць перавыданняў. Штогод выходзяць зборнікі апавяданняў Сяо Хун, яе творы перакладзены на большасць еўрапейскіх моў. Праўда, яе амаль не ведаюць у Расіі, зусім не ведаюць у нас.

Прайшлі гады, пакуль у 2018‑м, пасля смерці паэта, да чытача выйшла кніга перакладаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна з кітайскай паэзіі. Адзінаццатая па ліку ў серыі “Светлыя знакі: Паэты Кітая”, якую распачалі ў Выдавецкім доме “Звязда” ў 2014‑м. Цяпер серыю прадаўжае выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Праўда, зборніку‑2018 папярэднічала кніга “Гуканне паэзіі Усходу”: яна пабачыла свет пры жыцці паэта. Чытаем у прадмове Уладзіслава Завальнюка і Алы Сакалоўскай да зборніка перакладаў Рыгора Барадуліна: “Кнігі — як птушкі. Аперыўшыся, яны пакідаюць гняздо майстра і ляцяць у свет…”

Рыгор Барадулін прадстаў у тым “Гуканні…” як паэт, які пераказвае паэтычную класіку Кітая, В’етнама, Карэі, Японіі. Сустрэча з кнігай серыі “Светлыя знакі: паэты Кітая” — знаёмства з перакладамі Рыгора Барадуліна толькі з кітайскай паэзіі розных часін. Ван Вэй, Лі Бо, Бо Цзюй-і, Ду Фу, Ду Му, Су Дун-По (Су-Шы), Сінь Ці-цзі, Лю Да-бай, Лян Цзун-дай, Кан Бай-цын. Дзесяць паэтаў, дзесяць яркіх творцаў, кожны з якіх і праз стагоддзі нясе ў Сусвет святло Кітаю, кітайскай культуры.

Рыгор Барадулін мог бы зрабіць іншы выбар, але ўгледзеўся менавіта ў згаданых паэтаў Паднябеснай. Паэты Усходу, іх творчасць, як і ўвогуле іх лёсы, цікавыя для беларускага майстра. Ён спрабуе зазірнуць у святло за даляглядамі, імкнецца праз розныя “Млечныя Шляхі”, праз Зоркі рознага гарэння данесці да беларускай прасторы перакананні, выпеставаныя ў чужой культуры, нацыянальнай літаратуры. Ці атрымалася?.. Каб даць паўнавартасны адказ, трэба ведаць усё бязмежжа кітайскай нацыянальнай паэзіі, маштаб успрыняцця творчасці таго ці іншага майстра народам, рознымі пакаленнямі народа Кітая.

У 1977 годзе Рыгор Іванавіч наведаў Алма-Ату. Паэты з розных рэспублік Савецкага Саюза тады ў Казахстане абмяркоўвалі пытанні мастацкага перакладу, развіцця нацыянальных паэзій. З дзённіка Рыгора Барадуліна ад 22 сакавіка 1977 года: “Паэт спачатку цягне нацыю, а пасля нацыя (зорная памяць) — Пушкін…” І далейшы запіс — словы Яўгенія Еўтушэнкі, прамоўленыя ў Алма-Аце: “Нацыянальныя традыцыі — вецер вечнасці. Народнасць не можа быць рэакцыйнай. І калыханкі, і песні барацьбы на розных мовах, але дух… Веліч нацыі вызначаецца веліччу яе культуры… Рознасць нацыянальных традыцый патрэбная…”

Да кітайцаў у ХХ стагоддзі цягнуліся многія беларускія паэты. Уладзімір Дубоўка, Максім Танк, Сяргей Дзяргай, Мікола Аўрамчык, Алесь Бачыла, Анэля Тулупава, Вольга Іпатава, Яўгенія Янішчыц, Ніна Загорская, Валянціна Коўтун, Ігар Бабкоў… Шмат уважлівых перакладчыкаў кітайскай паэзіі ў стагоддзі XXІ-м: Алесь Бадак, Мікола Мятліцкі, Алена Раманоўская, Дар’я Нечыпарук, Юлія Алейчанка, Таццяна Сівец, Навум Гальпяровіч, Леанід Дранько-Майсюк, Рагнед Малахоўскі, Вераніка Жукавец, Алесь Емяльянаў-Шыловіч, Ксенія Галкоўская, Анастасія Галаган, Дар’я Шарэйка, Вольга Антоненка, Кацярына Валадзько, Аляксандра Беразняцкая, Марыя Мішкінь… І перакладчыцкая зорка Рыгора Барадуліна ў гэтым атрадзе ці не найяркая. Чытайце паэтаў Кітая ў яго, вялікага майстра беларускага вершаскладання, пераўвасабленнях. Упэўнены, што на ўсё сваё сэрца, на ўсю сваю душу вы адчуеце асалоду сустрэчы з далёкім і блізкім светам кітайскай паэзіі.

З запісу Рыгора Барадуліна ад 4 верасня 1991 года: “…У Кітаі на мільярд 100 тыс. насельнікаў 450 прозвішчаў. Усе сябе раднёй адчуваюць. Вечарам гулялі па начных вуліцах. Кітайскія ліхтарыкі, як кветкі півоні чырвонай, якой дождж выпрастаў пялёсткі. Межыраў чытае два геніяльныя вершы, з болю і адчаю сатканыя. У паэзіі, падкрэслівае ён, важны гук. …Сёння, грэшны, еў вераб’я, чарапаху і лапкі жабкі. Усе як мяса, толькі не лезлі лапкі ў горла”.

Пазней Рыгор Барадулін напісаў верш “Грэшны, я шкадую вераб’я” — ёсць у кнізе “Міласэрнасць плахі”: “Я шкадаваў па ўшацкіх вераб’ях,/ Я славіў вераб’ёў каля Парыжа./ Ката-птушатніка,/ Што сочыць хіжа/ За шэрым,/ Праганяў, каб пырхнуў птах,/ Каб не змаўкаў ягоны чык-чырык./ І гэта ж трэба ехаць вёрст за столькі/ Ажно ў Сіань,/ Каб бачыць у застоллі,/ Як смажаны нябесны працаўнік/Пададзены бульбянаму табе…”

Пра кітайскія старонкі дзённіка Рыгора Барадуліна, несумненна, павінны ведаць і ў Паднябеснай. Мо з часам і выйдзе кніга народнага паэта Беларусі ў Пекіне ці якім іншым культурным, асветніцкім цэнтры Кітая? Будзем спадзявацца. І напрыканцы — яшчэ цытата: “Цяга еўрапейцаў у Кітай — гэта не толькі экзатычная мара, гэта марная мара Захаду сустрэцца з Усходам, сустрэцца — у сэнсе паразумецца…”

Цыкл напісаных у Пекіне, у іншых кітайскіх прасторах вершаў, тых твораў, што ў думках былі прывезены з Паднябеснай, — з назвай “Варажу на Вялікай Кітайскай сцяне”… Гэта, акрамя “шкадавання вераб’я”, — “Мая першая ноч у Пекіне”, “Наведваю забаронны горад”, “Жывы фантанчык ля Харбінскага базару” (ці ведаў тады ў Харбіне Рыгор Барадулін пра повязі з тым цэнтрам рускай эміграцыі ў Кітаі нашага земляка, ураджэнца Ваўкавыска, журналіста, пісьменніка Усевалада Іванова? Ці ведаў паэт пра дырэктарства ў Харбінскай рускай гімназіі беларускага каталіцкага святара Язэпа Германовіча?), “Мой сон у Харбіне”, “Бачу ранішнюю далянку”, “Смакую віно, якое любіў Ду Фу”, “Захапляюся я вялікай пагадай дзікіх гусей”, “Верш, які ўзварухнуўся ў музеі ў Сіані”, “Варажу на Вялікай Кітайскай сцяне”, “Сустракаю Пекінскую раніцу”, “Гледзячы на Кітайскую сцяну”, “Захапляюся вечным лотасам”, “З сумам успамінаю прапанову начной рыкшы”, “А што я пажадаць маю?”, “Жаўталіст майго развітання”. Усе гэтыя творы ўвайшлі ў зборнік “Міласэрнасць плахі” (“Мастацкая літаратура”,1992). Крыху болей як праз два гады пасля паездкі паэта ў Кітай у друк была падпісана кніга 23 снежня.

У сваіх запісах Рыгор Барадулін згадвае многіх кітайскіх пісьменнікаў — сучаснікаў і з ранейшых стагоддзяў.

“Пекін. Сустрэча ў Інстытуце замежнай літаратуры Акадэміі грамадскіх навук Кітая, дзе валодаюць 30‑цю мовамі. Чань Шань-Шчын, Ван Шоўжэнь, Чжан Цзе, Цзі Юаньчжан, Гуо Дзя-Шын, Люй Шаоцзон, Су Хан, У Сяоду, Чжоу Цігао. Пра Горкага пішуць на аснове замежных даследаванняў. Пасля Культурнай рэвалюцыі змяніліся адносіны да савецкай літаратуры, пацягнуліся многія да лацінаамерыканскай, да англамоўнай…” І яшчэ: “Прыём перакладчыкаў. Асацыяцыя выпускнікоў ВНУ краін Амерыкі і Еўропы… Шмат перакладаецца па перабудове літаратуры. Дзяржаўная датацыя маленькая ёсць для асацыяцыі. Сунь Шэн’у перакладаў Янку Купалу, назваў “Жалейка”, пісаў у энцыклапедыю пра беларускую літаратуру…” Відаць, на адной з тых сустрэч Рыгор Іванавіч пазнаёміўся з перакладчыкам рускай і беларускай літаратуры Гао Манам (1926–2017). Бо не з’явіўся б верш “Смакую віно, якое любіў Ду Фу”, які прысвечаны менавіта Гао Ману: “Я надгубіў віно,/ Якое піў Ду Фу,/ І закусіў развараным бамбукам,/ Але не бачыў дно/ І завяршаць страфу/ Даверыў вераснёўскім сумным гукам.// Як цёплы сырадой,/ Адстоены, густы,/ Бялелася віно/ У кілішку кволым./ І ўзняўся мой настрой/ Да горнае вярсты,/ Радок схіліўся перад вечным долам.// Цягнулася сцяна/ У дзесяць тысяч лі,/ Што звалася Вялікаю сцяною./ Цішэла гамана,/ І цеплыня зямлі/ Здавалася вядомаю маною”.

У паэтычным зборніку Р. Барадулін пакінуў свае ўражанні пра Кітай

Пачатак верша, магчыма, і ў гэтым запісе Рыгора Барадуліна — ад 8 верасня 1990 г.: “…Прыгубіў віна, якое любіла наложніца імператара і пасля якога Ду Фу пісаў свае неўміручыя вершы. Як цёплы сырадой, толькі разведзены. З рыса гоніцца. Закусь і салёныя агуркі, і ананасы, і мяса, і куры, і крыветкі — усё ўпокат, уперамешку…”

Гао Ман — легендарны перакладчык Кітая. Славуты русіст. Заслужаны дзеяч культуры Расіі, узнагароджаны ордэнам Дружбы. Атрымаў яго ў Пекіне з рук Прэзідэнта Барыса Ельцына. Нарадзіўся Гао Ман у Харбіне. З юнацтва захапіўся рускай літаратурай, культурай. Часта бываў у Савецкім Саюзе. У тым ліку наведаў у сярэдзіне 50‑х гадоў і Мінск. Пазнаёміўся з беларускімі пісьменнікамі. Наведаўся ў майстэрню скульптара Заіра Азгура, які, дарэчы, аўтар бюста класіка кітайскай літаратуры Лу Сіня. У часе прыезду ў Кітай Максіма Танка Гао Ман суправаджаў беларускага паэта разам з іншымі савецкімі пісьменнікамі ў падарожжы па розных правінцыях, гарадах. А праз год пераклаў яго кнігу паэзіі на кітайскую мову, разам з Гэ Баоцюанем. У 1990‑м у Пекіне выйшла аповесць Святланы Алексіевіч “Цынкавыя хлопчыкі” ў перакладзе Гао Мана. Яшчэ кітайскі літаратар пераклаў зборнік беларускіх народных казак. Напісаў і некалькі артыкулаў на тэму беларуска-кітайскіх культурных і літаратурных адносін — у прыватнасці, досыць цікавае й лаканічнае эсэ пра мастака Георгія Паплаўскага, адзначыўшы яго графічныя работы, прысвечаныя прозе Васіля Быкава. Звязаны сваім творчым лёсам Гао Ман і з іншымі нацыянальнымі літаратурамі, нацыянальнымі культурамі на постсавецкай прасторы.

Кітайскі перакладчык вядомы і як мастак-каліграф. Гао Ман — аўтар многіх партрэтаў пісьменнікаў розных краін. Найперш — пісьменнікаў Расіі: Аляксандра Пушкіна, Льва Талстога, Фёдара Дастаеўскага, Яўгенія Еўтушэнкі, Бэлы Ахмадулінай… Дарэчы, намаляваў Гао Ман партрэты й беларусаў: Якуба Коласа, Янкі Купалы, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Святланы Алексіевіч, Навума Гальпяровіча. Пасля 2011 года кітайскі мастак і перакладчык узнавіў стасункі з Беларуссю. Прымаў у сваёй пекінскай кватэры беларускіх пісьменнікаў і журналістаў, кітаістаў Навума Гальпяровіча, Вольгу Гальпяровіч, Інэсу Плескачэўскую, Дар’ю Нечыпарук, Аляксея Чароту, Вераніку Карлюкевіч, Вераніку Цімкіну… Пра Гао Мана з’явіліся публікацыі ў беларускіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданнях — у часопісах “Полымя”, “Беларусь”, газетах “Літаратура і мастацтва”, “Звязда”, “СБ. Беларусь сегодня”. Беларускія калегі запрасілі перакладчыка да ўдзелу ў Міжнародным рэдакцыйным савеце серыі “Светлыя знакі: Паэты Кітая”. Саюз пісьменнікаў Беларусі адзначыў Гао Мана нагрудным знакам “За вялікі ўклад у літаратуру”. У мінскай прыватнай кнігарні “Кніжны салон”, дзякуючы добрай волі яе гаспадыні Алы Барысаўны Зміёвай, прайшла вечарына ў гонар кітайскага пісьменніка…

У дзённіку — адрасы таксама іншых “кітайскіх” вершаў Рыгора Барадуліна. Чытаем: “…Па начах сніцца мама, ушацкая хата, многа знаёмых. Адчуванне, што ў гасцях і тут, і на зямлі, зліваецца ў нейкую тугу, аж сэрца паколвае. На вуліцы ахалодна, займаюцца бегам і старыя, і малыя, у вялізных кашах вязуць так тут называемы хлеб, праснакі камкаватыя, ацеслівыя. Вялікая пагада дзікіх гусей VІІІ ст. (648 г.), сутру з Індыі манах пераклаў на кітайскую мову. Манастыр імператар у гонар маці (пабудаваў). Манах цвёрда ішоў на захад, у пустыні страціў прытомнасць, але пайшоў дождж. 11 год у Індыі (пражыў). “Вандраванне на захад” — раман ёсць пра манаха. Пагада ў індыйскім стылі, але матэрыял кітайскі, ён робіць яе аскетычнай, 7 ярусаў, арачныя праёмы з Індыі…”

І ўжо — з кнігі “Міласэрнасць плахі” — верш “Захапляюся вялікай пагадай дзікіх гусей”: “Вялікая пагада дзікіх гусей./ Ці гэта прымоўкла званіца?/ З тугі ўпалыней,/ Як гара, палысей,/ Вяртайся сюды павініцца.// За свой недавер да нябёс,/ За грахі./ Пачуюць твой шэпт утрапёны/ Сем ярусаў/ Аж да крылатай страхі./ Злых духаў прагоняць драконы.// Вялікая пагада дзікіх гусей./ А дзе яны,/ Радасці гусі?/ Адчай пазірае часцей і ласей/ У вочы здарожанай скрусе./ А скруха свае не мяняе шляхі/ І душы трымае ў палоне./ І ўбачыць сляпы, і пачуе глухі,/ І небу ўзнясуцца далоні.// Прачнецца на досвітку дождж-хмарасей/ І будзе званіцца званіцы./ Вялікая пагада дзікіх гусей/ Дазволіць душы прыпыніцца”.

“Дазволіць душы прыпыніцца…” З гісторыі ўзгадваецца яшчэ адно імя ўраджэнца Беларусі, які адкрываў Паднябесную стагоддзі назад. У 1686–1691 гадах як перакладчык з лацінскай мовы з амбасадай Ф. Галавіна наведаў Кітай Андрэй Белабоцкі — усходнеславянскі паэт і філосаф. Аўтар “Кнігі філасофскай”, “Кароткай гутаркі літасці з ісцінай”, “Вялікай навукі Раймунда Люлія” ды іншых твораў. Андрэй Белабоцкі адстойваў ідэю адзінства душы й цела. Філасофія для яго была вышэй за багаслоўе. Марнасць зямнога жыцця, несправядлівасць у падзеле даброт пры феадальным ладзе, паразітызм пануючага класа — вось асноўныя матывы ў творчасці беларускага вандроўніка ў Кітай. Што Барадулін, што Белабоцкі — у кожнага свае ўражанні пра Кітай…

“Я ўсё-ткі павінен вярнуцца,/ адрэзаны долі акраец,/ Павінен Кітай свой убачыць,/ што сцяўся ад гора і слёз./ Калісьці я марыў заўзята/ пабыць у замежных краінах/ І нават, магчыма, застацца/ на беразе дальнім чужым./ Цяпер аб пагаслым жаданні/ не кажуць мне нат успаміны:/ Без нашае любай радзімы/ жыццё мне здаецца пустым…” (Цзян Гуанцы, 1901–1931. Яго паэтычныя перакананні я працытаваў у перакладзе Міколы Мятліцкага, які выпусціў у 2018 годзе ўжо другую аўтарскую анталогію перакладаў кітайскай паэзіі — “Пялёсткі лотаса і хрызантэмы”). Цзян Гуанцы — кітайскі раманіст, паэт, журналіст і літаратуразнаўца. Адзін з найвядомых камуністычных пісьменнікаў. Вучыўся ў Маскве, у Камуністычным універсітэце працоўных Усходу. У Расіі ўступіў у Камуністычную партыю Кітая. У 1924 годзе вярнуўся на Радзіму, стаў членам Таварыства Стваральнасці і Лігі левых пісьменнікаў. Пісаў вершы і прозу. Аўтар паэтычных кніг “Новыя мары”, “Смуткую аб Кітаі”, “Радкі пра радзіму”… Цзян Гуанцы таксама імкнуўся прыпыніцца й агледзецца, параўнаць розныя досведы жыцця, зазірнуць у сутнасныя вытокі з’яў, што ўплывалі на свядомасць, перакананні яго суайчыннікаў. А самае галоўнае — дазвалялі паяднацца душы й сэрцу з розумам, узнесціся на вышыні паднябесся ды сягнуць у далягляды й паспрабаваць разам са сваім народам, разам з чытачамі пайсці далей. Без уніклівасці ва ўсенародную журбу, без спроб зразумець жабрака і ўвогуле сацыяльныя нізы мала ў каго атрымлівалася вывесці свае паэтычныя радкі на вышыні сапраўднай чытацкай любові.

Рыгору Барадуліну ў лічаныя кітайскія дні было нашмат складаней “адчуць Кітай”, чым даўняму яго папярэдніку Андрэю Белабоцкаму, які правёў там пяць гадоў. І, канешне ж, складаней, чым кітайцу Цзян Гуанцы. Што ж, такая доля вандроўніка, які шмат што імкнецца пабачыць… І ўсё ж Рыгор Барадулін імкнуўся пранікліва ўгледзецца ў Кітай, гісторыю краіны, сатканую з розных стагоддзяў, тысячагоддзяў… І вершы беларускага паэта, і яго дзённікавыя запісы сведчаць пра захопленасць і шчырае жаданне ўбачыць-адчуць Кітай. І ў тым жаданні сыходзяцца розныя ўражанні — як па масштабе, так і па сваёй вазе… Запіс ад 12 верасня: “Пекін. “Ён зрабіўся ўжо дрэвам, толькі дыхаў…”, — (значыць) стары. Дарога, хоць яйкі катай на Вялічка. На фунікулёры. Кітайская сцяна! Шматпазваночная каменная змяя. “На Вялікай Кітайскай сцяне…” З вежы на вежу падаваліся светлавыя сігналы. На гэтай гарэ, дзе мы стаім, другая здаецца вышэй. Па металічных жалабах цыкады. Рачулка, кладка з каменьчыкаў, як шнурок качак, на вадзе бялеюцца лілеі качак. Бульба сушыцца на асфальце. Асфальт мятуць увесь час. У марлевай павязцы села і вяжа на спіцах. “Прадзед лотаці…” Цэнтр светабудовы. Калі гаворыць, чуе неба, імператар маліўся, калі неба ўраджай паслала. Лічба 9, прыступкі па 9, усе кругі па 9 і г. д. 9 кругоў светабудовы. 9 — найвышэйшая лічба. Прыносяць ахвяру жывёл. Асаблівае рэха, у кантакт з небам уваходзіш. Сцяна рэха — усё чуваць, сцяна мяне чуе, але не ты. Увесь абшар называецца Храм Зямлі: 1) Нябеснага круга храм; 2) Вароты новага года; 3) Храм — малітва аб ніспасланні ўраджаю. Вышыня 37 м, дыяметр 30 м. 4 слупы — 4 сезоны. 12 чырвоных слупоў — месяцы. Без цвіка, слупы з цэльнага дрэва. Перад алтаром камень, на якім кленчылі. Маліўся імператар за ўраджай, а Рыжкоў наадварот маліўся перад тэлеэкранам, каб ураджай быў меншы…”

Гао Ман — вядомы перакладчык на рускую мову, мастак-каліграф

Цяпер — звернемся да верша “А што я пажадаць маю?”: “Колькі вякоў у Кітаі/ Кожны сабе жадае/ Нарадзіцца і жыць у Ханчжоу,/ Харчавацца ў Гуанчжоу,/ Ажаніцца ў Сучжоу,/ Паміраць у Лючжоу.// Адпаведна ў Ханчжоу/ Лагодна і плодна,/ У Гуанчжоу/ Не бедна і не галодна,/ У Сучжоу дзяўчаты,/ Як ветру павевы,/ А ў Лючжоу багата/ Камфорнага дрэва,/ З дрэва камфорнага дамавіна/ Доўга захоўваць цела павінна.// Паўтараю ў Кітаі,/ Меркаваць бяруся,/ Што я пажадаць маю/ Сабе і сябру маёй Беларусі?/ Нарадзіцца і жыць па-людску/ У Слуцку,/ Харчавацца ў Белавежы,/ Дзе ежа свежа,/ Ажаніцца ў Полацку/, Каб ад палачанкі/ Аблізвацца, як ад мачанкі…”

Поруч з Рыгорам Барадуліным падарожнічаў па Кітаі славуты рускі паэт Аляксандр Межыраў. Чытаем у дзённіку Рыгора Барадуліна: “Ахматава казала, што недарэчна пражыць жыццё, не прачытаўшы “Боскай камедыі” Дантэ па-італьянску. А я, кажа Межыраў, — недарэчна пражыць жыццё, не ўбачыўшы Кітая”.

Пажадаем і беларускім мастакам слова шырэй адкрываць Кітай наяве. Рыгор Барадулін паспеў гэта зрабіць.

Алесь Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.