Вы тут

“Яблычны Спас” — традыцыя продкаў


Удзел у чарговай імпрэзе беларусы Самарскай вобласці прысвяцілі памяці паэта-франтавіка Алеся Жаўрука, які загінуў пры абароне Сталінграда


Салісткі “Каданса” з асвечанымі яблыкамі і пірагамі

Моладзевы актыў і вакальны ансамбль “Каданс” з Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” паўдзельнічалі ў свяце “Яблычны Спас”, якое прайшло ў Самары 19 жніўня. Удзел у свяце беларусы прысвяцілі памяці Алеся Жаўрука (Аляксандра Сінічкіна) — беларускага паэта, які загінуў пры абароне Сталінграда 23 жніўня 1942 года. “Миг иль век — уже не знал никто там,/ Сколько молча пролежали мы,/ Доверяясь дышащим сугробам/ Посреди морозящей зимы…” — так у перакладзе Ізяслава Катлярова гучаць радкі верша Алеся Жаўрука “Ружа”, напісанага ў 1942‑м пад Мажайскам, змешчанага ў “Литературной газете” https://dom-knіg.com/read_341082–30.

Прэзідэнт беларускай суполкі Ірына Глуская нагадала, што юбілей — 75 гадоў Вызвалення Беларусі — сёлета адзначаюць і на Волзе: “На пачатку года моладзевы актыў суполкі выступіў з ініцыятывай: усе свае імпрэзы ладзіць пад дэвізам “И славу мужеству поём”, прысвячаць іх воінам-беларусам, якія загінулі за Радзіму.

Алесь Жаўрук мала пражыў — нарадзіўся ён 19 жніўня 1910 года ў горадзе Сянно, цяпер Віцебшчына, але зрабіў шмат: загінуў, змагаючыся з ворагам… І мы аддаем яму даніну памяці, павагі”.

Свята Праабражэнне Гасподняе, у народзе Яблычны Спас, — у вялікай пашане ў беларусаў, са святам спалучана шмат народных звычаяў, прыкметаў. У царкву нясуць асвячаць яблыкі ды іншыя плады. Пасля таго іх можна есці, а раней забаранялася. Асабліва жанчынам, у якіх памерлі дзеці. Лічылася: у Яблычны Спас Бог ці Божая Маці раздае памерлым дзеткам па яблычку. Раней неслі асвячоныя яблыкі й на могілкі, каб пакласці памерлым сваякам, раздавалі жабракам і хворым.

Пасля свята лета ідзе на спад, пачынаюцца восеньскія работы: капаюць бульбу, сеюць азімыя. Траўнікі стараліся нарыхтаваць да гэтага дня лекавыя травы. Беларусы лічылі Яблычны Спас днём адлёту ў вырай буслоў. З тае нагоды ёсць народная прыкмета: калі буслы пачыналі рыхтавацца да вылету за тыдзень да Спаса, то зіма будзе ранняя й марозная, а вясна цёплая. Калі ж рыхтуюцца да адлёту пасля Спаса, то восень будзе цёплая, зіма — позняя, а вясна — халодная.

Агульнагарадское свята “Яблычны Спас” — добрая традыцыя на самарскай зямлі. Дзякуючы яму нашы супляменнікі ў чарговы раз дакрануцца да сваіх вытокаў, дзеляцца з іншымі самабытнымі традыцыямі беларусаў. Галоўныя святочныя імпрэзы прайшлі на тэрыторыі Сабора ў імя святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія. У вялікім святочным канцэрце паўдзельнічалі творчыя калектывы нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў вобласці: украінскі хор “Промінь”, чувашскі ансамбль “Самара ен” (“Самарскі край”), дзіцячы тэатр танца “Эклипс”. Беларусаў рэгіёну прадстаўляў заслужаны вакальны ансамбль “Каданс” (мастацкая кіраўніца Іна Сухачэўская), што дзейнічае пры суполцы “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. На гэты раз выступілі: Арына Камісарава, Анастасія Гуркіна, Марына Кашаева, Лізавета Махціенка, Крысціна Сухачэўская і Юльяна Буташава. Склад ансамбля перыядычна зменьваецца. Вось і Крысціна, малодшая дачка мастацкай кіраўніцы, спявае ў асноўным складзе калектыву. Рэпетыцыі ж у сілу жыццёвых абставін праводзіць Марына Кірылава, дасведчаная салістка з музычнай адукацыяй.

У святочнай імпрэзе паўдзельнічалі актывісты суполкі Юлія Цяплянская і Георгій Курмакоў, і, пэўна, больш за ўсіх атрымаў задавальненне ад усяго, што адбывалася, Арцёмка Курмакоў — найменшы з беларусаў, народжаных на зямлі самарскай. Ён частаваў іншых дзетак яблыкамі ў памяць пра загінулых воінаў-беларусаў, апладзіраваў творчым гуртам, пазіраваў на камеру ды ўсіх віншаваў са святам. А салісткі “Каданса” спявалі бадзёрыя беларускія й рускія песні. Асабліва ўпадабалі гледачы “Лявоніху” й харэаграфічную кампазіцыю пад яе, дружна падпявалі “Кадриль” і “Золотую ярмарку”. На заканчэнне ж гучала песня “Гармонік іграе”: “Вось і сёння Беларусь спявае,/ Пад гармонік водзіць карагод./ Ад душы гармонь іграе,/ Эх, гуляй, народ…”. Пасля канцэрта гасцей і ўдзельнікаў імпрэзы частавалі асвечанымі яблыкамі з самарскіх садоў, пірагамі з яблычнай начынкай.

Анастасія Гуркіна заўважае: сёлета на самарскай зямлі вельмі добры ўраджай яблыкаў. Нам жа, бачачы такое, варта памятаць, хто адстаяў для нас мір, заваяваў Перамогу. “Раніцай, калі была служба ў храме, мы з дзяўчатамі запалілі свечкі ў памяць пра тых воінаў, хто 75 гадоў таму аддаў свае жыцці за нас, — гаворыць Анастасія. — Мы адзначаем святы, радуемся добраму ўраджаю. А ў тым ёсць і заслуга воінаў, якія загінулі на вайне. Мы тое памятаем, і гэтую памяць будзем перадаваць маладзейшым”.

Рыхтуючыся аддаць даніну памяці й павагі Алесю Жаўруку, самарскія беларусы знаёміліся з яго біяграфіяй, чыталі вершы паэта. Знайшлі й вось гэты ліст Алеся Жаўрука жонцы, Лідзіі Мікалаеўне Сінічкінай: “Ст. Донская, 12 июня 1942 г. Дорогая моя женулинька! Привет с Тихого Дона! С шолоховских мест. Вчера, как ехал сюда, попутчиком оказался колхозный театр станицы Вешенской, организованный шесть лет назад Шолоховым. Всю дорогу в поезде пели казачьи песни. У них замечательный баянист. Сижу над самым Доном, и кажется, что сейчас с коромыслом и ведрами выйдет к реке Аксинья, и верхом на коне проскачет босоногий Григорий, такой, какой он у Шолохова в первой книге.

Сижу над Доном, и еще больней сжимается сердце за родной мой Днепр, за мою милую Белоруссию. Ну, родная, ничего, мы отомстим фашистским собакам за все их зверства и злодеяния. Обязательно отомстим. Думаю часто, каждый день о тебе, очень скучаю. Целую мою хорошую. Твой Шура”.

Будзем памятаць: сотні тысяч герояў пайшлі ў Вечнасць маладымі ў імя будучыні, у імя жыцця нашчадкаў. І нас з вамі ў тым ліку. Будзем імі ганарыцца. Будзем вартыя Памяці загінулых!

Мікалай Бойка

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.