Вы тут

У Магілёве разглядалі, як працуе новы Падатковы кодэкс і ці патрэбныя да яго карэкціроўкі


Летась у дзеянне ўступіў новы Падатковы кодэкс, прызваны палепшыць існуючую ў краіне сістэму падаткаабкладання, зрабіць яе больш простай і дасканалай. Навукова-кансультатыўны савет, які працуе пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прыехаў у Магілёў, каб высветліць, наколькі гэты заканадаўчы акт зручны для яго карыстальнікаў і карысны для бюджэту. Дэпутаты разам са спецыялістамі, вучонымі, прадстаўнікамі міністэрстваў на прыкладзе канкрэтных прадпрыемстваў і ведамстваў знаёміліся з тым, як працуюць новыя нормы і палажэнні, наколькі яны зразумелыя і цікавыя бізнесу, канкрэтным плацельшчыкам. Удзельнікам навукова-кансультатыўнага савета было важна даведацца, як змяніўся фінансавы стан суб'ектаў гаспадарання, наколькі эфектыўна паўплывалі змяненні на развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці, а галоўнае, дзе і ў чым можна яшчэ гэтую сістэму палепшыць. Менавіта тэма ўдасканалення падатковага заканадаўства і стала галоўнай падчас пашыранага пасяджэння савета, якое адбылося па выніках сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў, бізнесу, падатковых органаў.


Намеснік начальніка ўпраўлення кантрольнай работы інспекцыі МПЗ па Магілёўскаму раёну Наталля Балашэнка. Фота БелТА.

Пачуць зваротны бок

— Адбылася сур'ёзная трансфармацыя Падатковага кодэксу, і мы жадаем пачуць меркаванні практыкаў, якія карыстаюцца новымі нормамі і палажэннямі, — падкрэсліў падчас візіту ў Магілёў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, які ўзначальвае прэзідыум навукова-кансультатыўнага савета. — Нас цікавіць, як жывуць эканамічныя службы, ці была спрошчана сістэма падаткаабкладання. Адна з галоўных задач новага Падатковага кодэкса — зрабіць больш нормаў прамога ўздзеяння і менш адсылачных нормаў, каб было прасцей працаваць і эканамічным службам прадпрыемстваў, і тым, хто правярае паўнату выплаты падаткаў. Мы ў Савеце Рэспублікі не ставім пад сумнеў тыя рашэнні, якія прынятыя ў рамках кодэксу, але ўдасканаленне — працэс пастаянны. Без уліку думкі тых, для каго гэта ўсё робіцца, складана казаць пра пападанне ў дзясятку. Безумоўна, вывучэнне спраў на месцах, размова з людзьмі, вучонымі, практыкамі — карысная справа. Былі асцярогі наконт прыняцця кодэкса ў 2018 годзе, гучалі прапановы не спяшацца і крыху яго дапрацаваць. На завяршальным этапе былі створаны тры рабочыя групы, адну з якіх узначальваў я. Былі пэўныя спрэчкі, але ў рэшце рэшт мы прынялі рашэнне выходзіць на разгляд парламентам той рэдакцыі, якая была падрыхтавана папярэднімі рабочымі групамі, з некаторымі змяненнямі і дапаўненнямі. Такім чынам новы кодэкс быў разгледжаны, прыняты і падтрыманы Прэзідэнтам. Прайшоў пэўны перыяд, і мы праводзім маніторынг, глядзім, як працуюць ключавыя законы, ці трэба ўносіць прапановы па змяненнях і дапаўненнях.

У рабоце навукова-кансультатыўнага савета прыняў удзел міністр па падатках і зборах Сяргей НАЛІВАЙКА. Ён запэўніў, што сёння ў краіне робіцца ўсё для таго, каб падатковыя органы працавалі на новым высокатэхналагічным узроўні і рабілі працэс збірання падаткаў максімальна простым і мабільным.

— Нам цікава пачуць ад прадстаўнікоў бізнесу, што, на іх погляд, трэба падшліфаваць, удасканаліць, — адзначыў ён. — Мы бачым пэўныя моманты, але яны зусім не катэгарычныя, не ўплываюць на канцэптуальныя асновы Кодэкса. Гэта больш тэхнічная работа. Апошнія гады Міністэрства па падатках і зборах прапаведуе адкрытасць і празрыстасць. Мы гатовы да дыялогу, каб скарэктаваць нейкія вузкія моманты. Недахопы і няўвязкі выклікаюць непаразуменне, а хацелася б, каб усё правільна трактавалася і разумелася. Размова за круглым сталом з прадстаўнікамі бізнесу, кіраўнікамі прадпрыемстваў вельмі для нас важная. Нам цікава і канструктыўная крытыка. Такія мерапрыемствы дазваляюць дакапацца да ісціны і зрабіць лепшымі тыя нормы, якія сёння, магчыма, не ідэальныя.

Бліжэй да кліента

Цэнтр абслугоўвання плацельшчыкаў інспекцый Міністэрства па падатках і зборах па Ленінскім і Магілёўскім раёнах прапісаўся па адным адрасе — вуліца Касманаўтаў, 19А. Гэта адзін з самых вялікіх цэнтраў у Беларусі. Напрыклад, у інспекцыі па Ленінскім раёне адных толькі індывідуальных прадпрымальнікаў абслугоўваецца болей чым шэсць тысяч, а фізічных асоб — амаль 40 з паловай тысяч чалавек. І ўмовы, якія створаны для работы з такой колькасцю людзей, уражваюць. На першым паверсе знаходзіцца нават куточак для дзяцей з карыснымі кніжкамі-казкамі пра падатковыя ўзаемаадносіны. У калідорах і цяпер няшмат кліентаў, а кіраўніцтва інспекцый услых марыць пра час, калі ўсе працэдуры можна будзе выконваць дыстанцыйна. Пры жаданні можна пачынаць ужо з сённяшняга дня. Тэхніка, як той казаў, дазваляе. На сайце інспекцый можна знайсці разнастайныя электронныя сэрвісы як для фізічных асоб, так і для арганізацый, прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў. А лепш стварыць асабісты кабінет, праз які можна вырашыць усе «падатковыя пытанні» — напрыклад, падаць дэкларацыю і заплаціць падаткі з дому. Дарэчы, праз асабісты кабінет можна паведаміць падаткавікам, што вы самазаняты, і з дапамогай М-банкінгу аплаціць падатак. І прыходзіць для ўсяго гэтага ў цэнтр абслугоўвання ў такім выпадку не трэба.

Што датычыцца цэнтра, то абслугоўванне тут пабудавана так, каб кліент як мага менш часу праводзіў у чаканні. Адміністратар Анастасія Пратасава расказвае, чым можа дапамагчы кліенту. У яе абавязкі ўваходзіць сарыентаваць плацельшчыка, паказаць узоры, растлумачыць, як карыстацца тэрміналам.

— У месяц мы прадстаўляем прыблізна 2,5 тысячы паслуг. У пікавы час, калі ідзе падача дэкларацый, чаканне ў чарзе складае тры хвіліны і шэсць-сем хвілін кліент абслугоўваецца. Сёння мы распрацоўваем вялікую колькасць рэгламентаў, стандартызуем паслугі. Па кожнай з іх існуе рэгламент, дзе выразна прапісаны час, які павінен патраціць работнік падатковага органа на абслугоўванне плацельшчыка, і працэдуры, якія трэба здзейсніць. Плацельшчык пры жаданні можа ацаніць работу і выставіць сваю адзнаку. Усе гэтыя аналітычныя матэрыялы мы акумулюем, для таго каб вырашыць, як потым пэўныя працэдуры ўдасканальваць, — запэўнівае кіраўніцтва падатковай інспекцыі.

Ёсць заўвагі

Аграхолдынг «Сервалюкс» — найбуйнейшы ў краіне вытворца мяса птушкі. Калі казаць мовай лічбаў — гэта 10 тысяч рабочых месцаў, 500 мільёнаў долараў выручкі штогод, 170 мільёнаў долараў экспарту, 17,2 мільёна рублёў падаткаў толькі за першае паўгоддзе.

— Кіраваць такой складанай структурай можна, калі ёсць празрыстасць, — заўважае кіраўніцтва холдынга. — Каб забяспечыць яе і мець магчымасць размаўляць на адной мове з інвестарамі, такімі як Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, яшчэ ў 2012 годзе мы прынялі рашэнне, што будзем фарміраваць справаздачнасць не толькі па нацыянальных стандартах, але і па міжнародных. Сёння створана спецыяльнае падраздзяленне, і мы штоквартальна робім такую справаздачнасць. Мы імкнёмся наблізіць улік па нацыянальных стандартах да ўліку па міжнародных. Вялікая ўвага аддаецца падатковаму ўліку. Мы сельгасвытворцы, і большасць нашых юрыдычных асоб знаходзіцца на адзіным падатку, але ёсць і такія юрыдычныя асобы, якія не з'яўляюцца сельгасвытворцамі і плацяць падатак на прыбытак. Са станоўчых момантаў новага Падатковага кодэкса можна адзначыць магчымасць большага падатковага інвестыцыйнага выліку і магчымасць выкарыстоўваць паніжаную падатковую стаўку, калі прыбытак на працягу 3-5 гадоў не размяркоўваўся, і, адпаведна, паменшыць падаходны падатак фізічнай асобы. Гэта, як мы лічым, вялікі рух наперад. Яшчэ адзін плюс у тым, што апошнім часам падатковыя органы робяць акцэнт на камеральнасць праверак — гэта аднімае менш часу і ў падатковых органаў, і ў нас.

Для нас засталіся праблемнымі пытанні транспартнага цэнаўтварэння, вызначэння рыначнага дыяпазону цэн, рыначнага дыяпазону рэнтабельнасці. Мы сёння жадаем абгрунтаваць асабісты рыначны дыяпазон цэн або рэнтабельнасці, але нам не хапае інфармацыі. Калі звярнуцца да вопыту Расіі, то там ёсць магчымасць карыстацца сістэмай СПАРК, іншымі рэсурсамі. Вельмі хацелася б, каб суб'ёкты гаспадарання маглі выкарыстоўваць адну і тую ж крыніцу інфармацыі з падатковымі органамі. Мы трапляем у абмежаваны дыяпазон цэн, і гэта для нас зона рызыкі.

Яшчэ адзін буйны падаткаплацельшчык у абласным цэнтры — ААТ «Магілёўліфтмаш». Менавіта на яго базе прайшло пашыранае пасяджэнне навукова-кансультатыўнага савета. Падчас свайго даклада намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях Сяргей ЧАРТКОЎ адзначыў як адзін з плюсоў новага кодэкса тое, што за кошт адмены павышальных каэфіцыентаў да ставак падатку на нерухомасць, зямельнага падатку па аб'ектах звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва прадпрыемства сэканоміла 77 тысяч рублёў. Але нароўні са станоўчымі нормамі і палажэннямі, якія прапісаны ў новым кодэксе, застаюцца і пытанні. Адна з праблем, якую агучыў Сяргей Валер'евіч, датычыцца затрат на вытворчасць асноўнай і інавацыйнай прадукцыі.

— Згодна з дзеючым падатковым заканадаўствам, для выкарыстання льготы па падатку на прыбытак і рэалізацыю інавацыйных тавараў трэба весці паасобны ўлік затрат на вытворчасць і рэалізацыю такіх тавараў, — адзначыў ён. — Аднак на нашым прадпрыемстве гэта немагчыма, таму што інавацыйная і асноўная прадукцыя вырабляецца на адных і тых жа вытворчых плошчах, адным і тым жа абсталяванні, аднымі і тымі ж работнікамі. Гэта не дазваляе вызначыць непасрэдныя затраты, звязаныя з вытворчасцю інавацыйнай прадукцыяй. Паколькі ў нас няма магчымасці для паасобнага вядзення затрат, мы прапануем прадугледзець магчымасць вызначэння затрат на вытворчасць і рэалізацыю інавацыйнай прадукцыі метадам вызначэння ўдзельнай вагі выручкі ад рэалізацыі інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме выручкі.

Кампетэнтна

Эла СЯЛІЦКАЯ, намеснік міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь:

— Гэты працэс пастаянна патрабуе ўдасканалення, і мы адсочваем, на што непасрэдна трэба звярнуць увагу. Сумесна з парламентарыямі, бізнес-суполкай, кіраўнікамі прадпрыемстваў, зацікаўленымі дзяржаўнымі ведамствамі глядзім, як на практыцы працуе Падатковы кодэкс. Бо, як кажа кіраўнік дзяржавы, адна справа прыняць заканадаўчы акт, другая — аднолькава выкарыстоўваць яго на практыцы. Гэта асноўны пасыл. Мы прыехалі ў Магілёў, каб пачуць водгукі прадпрыемстваў, разабрацца, якія праблемы існуюць у дачыненні да таго, каб прыняць аператыўныя меры па растлумачэнні падатковага заканадаўства. У пачатку года, калі быў адаптацыйны перыяд, мы праехалі ўсе вобласці і горад Мінск, наведалі ўсе міністэрствы, ведамствы, канцэрны, вучэбныя цэнтры Мінфіна, Мінэканомікі, Мінпрама, правялі тлумачальную работу, каб бухгалтарская суполка ведала, як яго прымяняць. Сёння задача другога этапу — зразумець, што ўжо ёсць на практыцы і што аператыўна можна выправіць. Мы жадаем ведаць, як працуе кодэкс, якія ёсць цяжкасці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Багатыя прадпрыемствы — квітнеючая краіна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.