Вы тут

Патэнцыял, якім валодаюць Саветы дэпутатаў, недастаткова запатрабаваны...


... і можа выкарыстоўвацца больш эфектыўна. Такую думку выказаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, які на мінулым тыдні наведаў з рабочым візітам Бялыніцкі раён.


Як паведамляе прэс-служба верхняй палаты беларускага парламента, старшыня Савета Рэспублікі азнаёміўся з вопытам работы Машчаніцкага сельскага Савета дэпутатаў, наведаў аграгарадок Вішоў, правёў сустрэчу з прадстаўнікамі дэпутацкага корпуса, падчас якой былі разгледжаны вынікі работы Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню Магілёўскай вобласці па рашэнні пытанняў устойлівага развіцця тэрыторый і павышэнні якасці жыцця насельніцтва.

— У Савеце Рэспублікі мы пастаянна абмяркоўваем пытанні мясцовага кіравання і самакіравання і лічым, што патэнцыял, якім валодаюць сельскія, раённыя, гарадскія Саветы дэпутатаў, недастаткова запатрабаваны і можа выкарыстоўвацца больш эфектыўна, — адзначыў старшыня Савета Рэспублікі.

Ён звярнуў увагу на тую акалічнасць, што многія з дэпутатаў — вельмі актыўныя, не абыякавыя да праблем насельніцтва людзі. «Хацелася б, каб іх імкненне быць карыснымі рэалізоўвалася, — выказаў пажаданне ён. — Трэба ўлічваць і тое, што патэнцыял сельсаветаў, тых гаспадарак і арганізацый, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі, — гэта ўсё фарміруе ВУП, які да канца 2025 года павінен вырасці ў 1,8 раза. А гэта жыццёвы ўзровень людзей».

Старшыня Машчаніцкага сельскага Савета дэпутатаў Іна Напрэенка паведаміла, як у сельсавеце пабудавана ўзаемадзеянне паміж органамі самакіравання, дэпутацкім корпусам і органамі ўлады.

Дарэчы, Машчаніцкі сельсавет складаецца з двух аб'яднаных Саветаў. Адміністрацыйным цэнтрам яго з'яўляецца аграгарадок Машчаніца. На тэрыторыі сельсавета размяшчаюцца 40 населеных пунктаў, колькасць насельніцтва — 1855 чалавек.

Старшыня мясцовага сельсавета звярнула ўвагу на формы работы дэпутатаў і старастаў вёсак з людзьмі — у прыватнасці, на пастаянную практыку правядзення сельскіх сходаў, дзён інфармавання, асабістых прыёмаў, дзён вёскі, аказанне дапамогі пажылым людзям, вывучэнне пытанняў, якія хвалююць насельніцтва, што дазваляе своечасова вырашаць многія праблемы.

Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на ролю ў гэтым старастаў вёсак. «Гэта сапраўды людзі, якія па закліку сэрца займаюцца на грамадскіх пачатках такой важнай работай, ідуць у праблемныя сем'і, дапамагаюць пажылым людзям, дзецям. Яны карыстаюцца аўтарытэтам у насельніцтва. Старасты, дэпутаты сельсаветаў — гэта важная катэгорыя, якая працуе на забеспячэнне належнага ўзроўню жыцця нашага насельніцтва», — дадаў ён.

Праблемы вёсак і павышэнне якасці жыцця сельскага насельніцтва на сустрэчы абмяркоўваліся ўсебакова. Так, старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Папкоў закрануў тэму падтрымкі даходнасці сем'яў за кошт асабістых прысядзібных участкаў.

— Неабходна стварыць умовы, каб прысядзібныя ўчасткі працавалі на даход сям'і: дзесьці неабходна дапамагчы насеннем, дзесьці — у апрацоўцы і гэтак далей, але галоўнае — арганізаваць закупкі. Мы павінны думаць, як фарміраваць даходнасць насельніцтва, — падкрэсліў ён.

У аграгарадку Вішоў старшыня Савета Рэспублікі пагутарыў з яго жыхарамі, адказаў на пытанні, што цікавяць людзей. У прыватнасці, гаворка ішла пра перспектывы развіцця эканомікі Бялыніцкага раёна, занятасць, стварэнне новых працоўных месцаў. Прагучалі пытанні, якія датычыліся фармацэўтычнага рынку краіны, яго асартыменту і цэн на лекі. Жыхары аграгарадка таксама цікавіліся, ці будзе ўдасканальвацца сістэма падтрымкі таленавітай моладзі.

Спікер Савета Рэспублікі таксама наведаў алею славы і міру СВК «Калгас «Радзіма», дзе прыняў удзел у пасадцы дрэва.

Загаловак у газеце: Для развіцця тэрыторый

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.