Вы тут

Парадокс. У Гродне амаль кожны тыдзень адкрываюцца бары і кавярні. Але іх не хапае


Бязвіз і Дэкрэт № 7 аб развіцці прадпрымальніцтва далі прыкметны штуршок для развіцця сферы абслугоўвання. У Гродне за два з паловай гады адкрыта больш за 40 аб'ектаў грамадскага харчавання агульнай умяшчальнасцю 1300 месцаў. Найбольш папулярнымі робяцца бары і кавярні новага фармату.


Змяненні ў першую чаргу заўважаюць самі гродзенцы. Людміла і Генадзь, якія шпацыравалі па гарадскіх вуліцах, адзначылі, што па колькасці і якасці харчовага сэрвісу Гродна набліжаецца да еўрапейскіх гарадоў. У новы імідж, на іх думку, уносіць уклад лаўнж-кафэ на даху гандлёвага цэнтра.

— Гэта сапраўды нешта новае, што асвяжае стыль горада, да таго ж дахі зверху прыгожа глядзяцца, яны сталі акуратныя, вельмі захапляе панарама, — выказала сваю думку Людміла.

Панарамная кавярня на даху працуе другі год. Гэта сезонны аб'ект з лёгкім меню, але, магчыма, будзе працаваць і на працягу года, паведаміла прадстаўнік адміністрацыі ўстановы Вольга Уладзіміраўна. На яе думку, наведвальнікаў вабіць менавіта новы фармат. Сюды з задавальненнем прыходзяць не толькі гродзенцы, але і шматлікія турысты. Ідэя яго стварэння ўзята ў суседзяў-літоўцаў.

Кавярня гатова прыняць і замежных турыстаў — супрацоўнікі ведаюць замежныя мовы, адпаведна распрацавана і меню. Дызайн даволі арыгінальны: вы нібыта знаходзіцеся ў дэндрарыі, тут ёсць і манчжурскі арэх, і буякі, і нават клубніцы. І хоць у меню шмат страў з гэтымі ягадамі, яны растуць тут у якасці дэкарацыі.

Хутка новая кавярня з'явіцца каля чыгуначнага вакзала, паведамілі ва ўпраўленні гандлю гарвыканкама. Адкрыць яе плануе прадпрымальнік з Гродзенскага раёна. Гараджане добра ведаюць яго тарты, якія выпякаюцца ў кандытарскім цэху аграгарадка Парэчча. Бізнесмен мяркуе пашырыць сваю вытворчасць і адкрыць цэх у Гродне, а разам з ім яшчэ і кавярню. Для аб'екта харчавання выдзелены ўчастак у цэнтра горада, недалёка ад гіпермаркета. Раней тут знаходзілася чэбурэчная, але згодна з генпланам яе знеслі два гады таму для пашырэння дарогі. А непадалёк павінен з'явіцца даволі цікавы на выгляд двухузроўневы аб'ект, у якім шмат шкла і крыху бетону.

Увогуле, аб'екты харчавання робяцца папулярнымі ў інвестараў. Амаль кожны тыдзень на карце горада з'яўляецца новая ўстанова. З пачатку года іх адкрыта больш за дзясятак, а ўсяго ў абласным цэнтры — амаль 460. Яны разлічаны на 27 тысяч месцаў.

— На момант прыняцця бязвізавага рэжыму далёка не ўсе ўстановы былі гатовы прыняць іншаземных турыстаў. Не было меню на замежных мовах, не валодаў імі і персанал, былі праблемы з сістэмай інтэрнэту Wі-Fі, — кажа начальнік упраўлення гандлю і паслуг Гродзенскага гарвыканкама Алена ГРЭБЕНЬ. — На сённяшні дзень сітуацыя значна змянілася. Аб'екты харчавання працуюць з турфірмамі і арганізуюць харчаванне па запыце, у тым ліку з музычным суправаджэннем.

Нядаўна стан гандлю і грамадскага харчавання быў разгледжаны на сесіі гарсавета. Дэпутаты праехаліся па некаторых аб'ектах, каб бліжэй пазнаёміцца з магчымасцямі і праблемамі харчовых пунктаў. У першую чаргу яны наведалі рэстаран, дзе прапануюць толькі беларускую кухню. Ён не так даўно з'явіўся ў самым цэнтры старога горада, у гістарычным будынку. Але такіх пунктаў з прапановамі страў нацыянальнай кухні ў горадзе недастаткова, лічыць Надзея Грэбень.

Падчас выязной сесіі прагучала думка, што пагранічны Гродна адстае ад таго ж Брэста па насычанасці такімі аб'ектамі, прытым што нарматыў выконваецца. У горадзе 42 пасадачныя месцы на тысячу чалавек пры норме 40 месцаў. Але гэтыя нормы, відавочна, будуць пераглядацца. Што датычыцца абласнога цэнтра, то сфера харчавання будзе развівацца за кошт будаўніцтва новых і рэканструкцыі старых будынкаў. Магчыма, у хуткім часе ў Гродне з'явіцца і першы ў горадзе рэстаран хуткага харчавання «Макдональдс». Для яго будаўніцтва ўжо выдзелены зямельны ўчастак, паведамілі ў гарвыканкаме.

Старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Барыс ФЁДАРАЎ:

— У найбліжэйшы час чакаецца адкрыццё яшчэ некалькіх аб'ектаў харчавання, актыўна развіваецца работа нестацыянарных устаноў, у тым ліку фудтракаў. Яшчэ зусім нядаўна іх наогул не было ў горадзе, а цяпер на аўкцыёнах за месцы ў цэнтры вядзецца сапраўдная барацьба. Гэта сведчыць пра тое, што паток турыстаў расце і ў горадзе ёсць каму іх прыняць і накарміць.

Як стала вядома, не ўсе аб'екты харчавання працуюць па правілах. Некалькім гродзенскім барам літаральна днямі на планёрцы ў гарвыканкаме вынесена папярэджанне, перадае тэлеканал «Гродна плюс». Часова абмежаваны рэжым работы бару «Мята» на вуліцы Маставой. Ён будзе працаваць да першай гадзіны ночы, пакуль не будуць выпраўлены заўвагі. Узята на кантроль работа бара Сuba з-за парушэння графіку работы. Дадзены час для выпраўлення заўваг бару «Рэактар». Усе пералічаныя бары знаходзяцца ў цэнтры горада.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Горад са смакам кавы

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.