Вы тут

«Трагедыя з тэлефонам»


Ад блазна да мярзотніка — адзін крок. Асабліва калі ніхто не спыніць.


Яніна Мікалаеўна напісала ў рэдакцыю ліст, якому дала назву «Трагедыя з тэлефонам». Гісторыя, расказаная ў ім, — амаль вясковы дэтэктыў. Сюжэт яе прыблізна такі. Наша чытачка была ў вёсцы. Зранку ў хату завітаў мясцовы выпівоха, які нідзе не працуе. Чаго хацеў — у лісце не сказана, але, добра ведаючы гэты кантынгент, можна з упэўненасцю сказаць, што або пахмяліцца, або на бутэльку. Жанчына, доўга не думаючы, няпрошанага госця выставіла за дзверы (якія гэтыя таварышы бываюць надакучлівыя, ведаюць усе, хто хоць аднойчы з імі сутыкаўся). Пакрыўджаны візіцёр сеў на веласіпед і з'ехаў, а Яніна Мікалаеўна праз нейкі час убачыла, што няма яе тэлефона, які ляжаў у пакоі на бачным месцы.

Далей дэтэктыў развіваўся па тыповым сцэнарыі. Пацярпелая (менавіта так сябе наша чытачка называе ў лісце) пазваніла ў міліцыю і паведаміла аб крадзяжы. Нарад з раёна прыехаў, затрымаў меркаванага злодзея, але ўкрадзенага пры ім міліцыянеры не знайшлі. Прывезлі дзецюка на месца крадзяжу і пачалі шукаць той няшчасны тэлефон. Шукалі ў двары, на кухні, у пакоях, нават у прыбіральні. Усюды, дзе ён мог яго схаваць, бо пра тое, што пажылая жанчына сама яго кудысь палажыла і забылася, версія адпала: апарат быў недаступны, а значыць, сім-карту з яго вынялі. «Злодзей, седзячы на лаўцы, толькі ўсміхаецца, пацярпелая просіць, каб ён аддаў тэлефон, але ён не прызнаецца...» Так і не знайшоўшы аб'екта правапарушэння, суб'екта правапарушэння міліцыя вымушана была адпусціць.

uphilltechno.com

Праўда, праз пару дзён злодзей пракалоўся: падкінуў пад вароты сім-картку (наглядзеўся, пэўна, дэтэктываў, баяўся, што па ёй знойдуць), а брат нашай чытачкі заспеў яго на гэтым. Зноў выклікалі міліцыю, і небарака прызнаўся-такі, куды дзеў украдзенае: мабільнік ляжаў у кветніку ў двары пацярпелай. Тэлефон забралі і адправілі на экспертызу, а злодзея праз нейкі час... зноў адпусцілі. Крымінальную справу заводзіць не сталі, бо высветлілі, што ўкраў ён яго не з мэтай атрымаць матэрыяльную выгаду, а з мэтай помсты за тое, што яго выгналі з хаты. Мабільнік, лежачы ў кветніку, мог сапсавацца, а гэта ўжо матэрыяльная шкода, але да крымінальнай справы таксама не дацягвае — занадта нязначны ўрон: экспертыза ацаніла не новы просценькі апарат у шаснаццаць рублёў. Засталася пасля гэтага крыўда на міліцыю і пытанне: ці ўсё яны рабілі правільна, абшукваючы хату, доўга трымаючы ў сябе мабільны? З гэтым і напісала Яніна Мікалаеўна ў газету.

Мы яе ліст пераадрасавалі абласным начальнікам тых міліцыянераў. Няхай сапраўды разбяруцца, ці ўсё было законна і па-чалавечы, тым больш што менавіта «па-чалавечы» пасля нарады з сілавікамі ў Прэзідэнта сёння выходзіць на першы план... Мяне асабіста больш цікавіць другі галоўны герой гэтай «трагедыі з тэлефонам» — той самы выпівоха Валодзя, які напаскудзіў, папсаваў нервы пажылому чалавеку, заняў па сутнасці і па выніку бессэнсоўнай справай міліцыянераў, якія ў гэты патрачаны без толку час маглі б сапраўды камусьці дапамагчы. Валодзя — у шакаладзе, для яго ўсё скончылася лёгкім спалохам, пра які ён будзе весела расказваць сваім сабутэльнікам. Больш за тое, ведаючы гэтую гісторыю, вяскоўцы (у большасці сваёй пажылыя, а значыць, у нечым безабаронныя людзі) ужо не стануць гнаць яго з хаты, калі прысунецца па чарку ці грошы, а будуць старацца яго ўлагодзіць, каб і з імі не нарабіў падобнага паскудства, якое не пацягне на пакаранне па законе, але якое ад гэтага не перастане быць паскудствам.

Што ёсць, тое ёсць — вясковыя выпівохі сёння ператварыліся з блазнаў, з якіх больш смяюцца, чым ад якіх гаруюць, і якія больш ствараюць праблем сабе і сваёй сям'і, але не навакольным (як было, пэўна, спрадвеку), у дробных мярзотнікаў, выбрыкі якіх датычацца менавіта старонніх людзей і зусім не бяскрыўдныя. Чаму так сталася? Я думаю, адчуваюць сваю беспакаранасць. Не з боку міліцыі — участковага яны баяцца і сёння, але часта яму няма чаго прад'явіць ім, бо ўсе іх агідныя ўчынкі дробныя, не цягнуць нават на правапарушэнне. Яны перасталі баяцца самага галоўнага — людскога асуджэння і, калі што якое, — адпаведнай рэакцыі. Бо калі б знайшоўся сваяк, сусед — хто заўгодна, які б за фактычны здзек з пажылой жанчыны даў таму Валодзю... не, не балюча, і нават не па мордзе, а проста выспятка пад зад, той, думаю, надоўга б зарокся штосьці падобнае чыніць. А так — ён амаль што герой...

Хтосьці тут захоча запярэчыць збітымі фразамі пра старэнне і дэградацыю вёскі, маўляў, каму там заступацца, калі толькі старыя ды выпівохі засталіся? Але нават у самую закінутую далёкую вёску, нават калі ў ёй сапраўды няшмат насельнікаў, прыязджаюць сваякі ды дачнікі. (А вёска, пра якую піша Яніна Мікалаеўна, вялікая і не пустая — ферма працуе, да таго ж ад Мінска недалёка). Але сваякам і дачнікам сёння папросту ўсё роўна — абы мяне не чапалі, а то скажу што «алкашыку», а ён у мяне пасля цыбулю патопча ці мыш у калодзеж укіне. Хай сабе робіць што хоча — нікога ж, не дай бог, не забіў, не пакалечыў. А што бабкам мясцовым сваімі выкрунтасамі жыцця не дае — дык хай лепш выпіць яму дадуць, ён і супакоіцца...

Унашай вёсцы гадоў пятнаццаць таму быў вельмі паказальны выпадак. Прыехаў у закінутую бабуліну хату гарадскі ўнучак — бамбіза гадоў пад сорак, які нядаўна вызваліўся з калоніі. Прывёз з сабой чалавек пяць дружбакоў-сабутэльнікаў. Заявіў: буду тут жыць, і за некалькі дзён затэрарызаваў усіх мясцовых бабуль. Мала таго: нашы ціхія мясцовыя выпівохі, якія да гэтага былі сапраўды бяскрыўдныя, бачачы беспакаранасць гарадскіх, таксама сталі нахабныя і хамаватыя.

Управа на іх знайшлася вельмі хутка. Мясцовы прадпрымальнік, у якога ў вёсцы жывуць маці і цешча, сабраў чалавек пяць моцных хлопцаў, падагнаў мікрааўтобус, загрузілі яны прыезджых, вывезлі за межы раёна і высадзілі ў чыстым полі. Натуральна, «госці» болей не вярнуліся. А мясцовыя адразу пацішэлі, і з таго часу ў нас спакойна. І тэлефон можна класці нават на лаўцы на двары, і ніхто на яго не паквапіцца...

...Што, атрымалася, я зноў пра чалавечую абыякавасць і наадварот? Не судзіце строга: амаль усё ў нашым жыцці — менавіта іх наступствы.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».