Вы тут

​Як раскручваецца супрацьстаянне ў Персідскім заліве?


Роўна тыдзень таму адбылася атака дронаў на аб'екты нацыянальнай нафтавай кампаніі Sаudі Аrаmсо. Пацярпела інфраструктура ў раёнах радовішчаў «Абкайк» і «Хурайс», а таксама перапрацоўчыя магутнасці, якія знаходзяцца побач з імі на ўсходзе Саудаўскай Аравіі. Гэта прывяло да скарачэння ўзроўню здабычы «чорнага золата» ў найбуйнейшай арабскай манархіі амаль удвая. Атака парушыла і саудаўскі экспарт сыравіны. Адказнасць за напад узяў на сябе еменскі паўстанцкі рух «Ансар Ала» (хусіты). Пазней з'явілася інфармацыя, што НПЗ атакаваныя ўдарнымі беспілотнікамі разам з крылатымі ракетамі. У атацы падазраюць Іран, з-за чаго Эр-Рыяд і Тэгеран зноў на нажах. Чаму градус напружанасці ў стратэгічным рэгіёне Персідскага заліва зноў імкнецца да максімальнай адзнакі?


Дзве плыні

Саудаўская Аравія і Іран — два магутныя суседы — вядуць барацьбу за перавагу ў рэгіёне. Рэлігійныя супярэчнасці толькі абвастраюць іх супрацьстаянне, якому не адзін дзясятак гадоў. Краіны адданыя дзвюм розным плыням у ісламе — Іран пераважна складаецца з шыітаў, а Саудаўская Аравія лічыцца адным з лідараў суніцкага ісламу. Сутнасць рэлігійных рознагалоссяў становіцца зразумелая, калі зірнуць на карту Блізкага Усходу, дзе большасць насельніцтва — суніты або шыіты, адзначае Бі-бі-сі. Многія з іх лічаць Эр-Рыяд або Тэгеран сваім духоўным арыенцірам.

Саудаўская Аравія, на тэрыторыі якой зарадзіўся іслам, гістарычна лічыла сябе лідарам ісламскага свету. Але ў 1979 годзе ў Іране адбылася ісламская рэвалюцыя, у выніку якой у рэгіёне з'явілася тэакратычная дзяржава, галоўнай мэтай якой стаў экспарт гэтай мадэлі ў іншыя краіны. Адносіны паміж Эр-Рыядам і Тэгеранам абвастрыліся асабліва моцна ў апошнія 15 гадоў. У 2003-м кааліцыя на чале з ЗША зрынула лідара Ірака Садама Хусейна — араба-суніта і аднаго з галоўных ворагаў Ірана. У выніку знікла значная процівага ўплыву Ірана, які з таго часу няўхільна расце. Шэраг «тэктанічных зрухаў» сярод галоўных гульцоў на Блізкім Усходзе адбыўся ў 2011 годзе, калі пракацілася хваля пратэстаў, якія атрымалі назву «арабская вясна» і сталі прычынай палітычнай нестабільнасці ў рэгіёне. Як адзначае Бі-бі-сі, Іран і Саудаўская Аравія скарысталіся гэтымі пратэстамі для прасоўвання свайго ўплыву, у прыватнасці, у Сірыі, Бахрэйне і Емене. Гэта яшчэ больш узмацніла ўзаемны недавер.

Апаненты Ірана сцвярджаюць, што Тэгеран імкнецца стаць вядучай сілай у рэгіёне, каб атрымаць кантроль над тэрыторыяй, што прасціраецца ад гэтай краіны да Міжземнага мора. Стратэгічнае проціборства ўзмацняецца, таму што ісламская рэспубліка па многіх паказчыках перамагае ў рэгіянальнай барацьбе. Саудаўцы адчайна спрабуюць стрымліваць гэты ўплыў. Ёсць і знешнія гульцы. Саудаўскай Аравіі надала ўпэўненасці падтрымка адміністрацыі Дональда Трампа, а Ізраіль, які лічыць Іран смяротнай пагрозай, падтрымлівае намаганні саудаўцаў.

Стратэгічная карта Блізкага Усходу дэманструе падзел сунітаў і шыітаў. Сярод саюзнікаў Саудаўскай Аравіі можна вылучыць суніцкія краіны — ААЭ, Кувейт, Бахрэйн, а таксама Егіпет і Іарданію. Поруч з Тэгеранам выступае ўрад Сірыі. Групоўкі шыітаў, якія падтрымлівае Іран, у тым ліку «Хэзбала», адыгралі значную ролю ў барацьбе з сіламі апазіцыі, пераважна сунітамі. Іракскі ўрад, які складаецца ў асноўным з шыітаў, таксама з'яўляецца блізкім саюзнікам Тэгерана. Пры гэтым, як ні парадаксальна, Багдад падтрымлівае цесныя сувязі з Вашынгтонам, які аказвае дапамогу гэтай краіне ў барацьбе з групоўкай «Ісламская дзяржава».

Без пасярэднікаў

Узаемаадносіны Тэгерана і Эр-Рыяда, як трапна адзначыла Бі-бі-сі, гэта ў пэўным сэнсе рэгіянальны эквівалент «халоднай вайны» паміж ЗША і СССР, якая доўжылася шмат гадоў. Іран і Саудаўская Аравія не вядуць баявых дзеянняў адзін з адным, але сілы, якія падтрымліваюцца імі, удзельнічаюць ва ўзброеных канфліктах у рэгіёне. Саудаўская Аравія абвінаваціла Іран у тым, што ён даў балістычныя ракеты групоўцы хусітаў у Емене. Тэгеран таксама абвінавачваюць у рэгулярнай дэманстрацыі сілы ў стратэгічна важных частках Персідскага заліва, цераз якія ходзяць судны з саудаўскай нафтай.

Да гэтага часу Эр-Рыяд і Тэгеран ваявалі рукамі пасярэднікаў. Ні адна з дзвюх дзяржаў не гатовая да прамога канфлікту. Аднак атака хусітаў, накіраваная на сталіцу, ці, як нядаўна, на буйны прамысловы аб'ект у Саудаўскай Аравіі, можа парушыць гэты баланс. Пасля хусіцкіх нападаў на інфраструктуру ў супрацьстаянні паміж Тэгеранам і Эр-Рыядам з'явілася новае вымярэнне. Як і ў выпадку з Персідскім залівам, дзе ў дзвюх краін марская мяжа, абвастрэнне напружання можа прывесці да значна больш шырокага і ўсёабдымнага канфлікту.

Для ЗША і краін Захаду свабодны рух у Персідскім заліве вельмі важны, таму любы канфлікт, які нясе пагрозу блакавання стратэгічнага для міжнароднага гандлю маршруту, верагодна, далучыць амерыканскіх вайскоўцаў. Штаты і іх саюзнікі даўно лічаць Іран дэстабілізуючай сілай на Блізкім Усходзе. Саудаўскія ўлады ўсё часцей бачаць яго як экзістэнцыяльную пагрозу, і, мяркуючы па ўсім, гатовыя зрабіць усё неабходнае, каб спыніць рост уплыву Тэгерана.

Дзе доказы?

Міністэрства абароны Саудаўскай Аравіі днямі прадэманстравала фрагменты беспілотнікаў і крылатых ракет, якія, па словах ваенных, паказваюць на датычнасць Ірана да нападу на два нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Усяго, па іх словах, было ўжыта 18 дронаў і сем крылатых ракет, запушчаных з боку, які выключае ўдзел у атацы Емена. Між тым менавіта еменскія паўстанцы, якія карыстаюцца падтрымкай Тэгерана, сцвярджаюць, што стаяць за гэтым нападам. Як вядома, хусіты — адны з самых актыўных карыстальнікаў беспілотнікаў, у прыватнасці апаратаў-«камікадзэ», якія наўмысна тараняць сваю цэль. Сам Іран адмаўляе сваю датычнасць да атакі і папярэджвае, што адрэагуе на любую спробу ваеннага адказу.

Абломкі сведчаць аб тым, што напад вёўся з поўначы, і «яго бясспрэчна арганізаваў Іран», — заявіў на прэс-канферэнцыі прадстаўнік міністэрства абароны Саудаўскай Аравіі, палкоўнік Туркі аль-Малкі. Таксама ён прадэманстраваў дэльтападобнае крыло іранскага беспілотніка. Гэтыя звесткі Эр-Рыяд таксама мае намер прадставіць у рамках Генасамблеі ААН на наступным тыдні.

Саветнік прэзідэнта Ірана Хесамедзін Ашэна заявіў, што ніякіх доказаў датычнасці Тэгерана да нападаў Саудаўская Аравія не дала. «Прэс-канферэнцыя даказала, што Саудаўская Аравія нічога не ведае аб тым, адкуль былі запушчаныя ракеты і беспілотнікі. Таксама яны не здолелі растлумачыць, чаму іх абарончыя сістэмы не змаглі адбіць атаку», — напісаў Ашэна ў «Твітэры». Такой жа думкі прытрымліваюцца і іншыя эксперты. У прыватнасці, карэспандэнт Бі-бі-сі па бяспецы Джонатан Маркус заўважае, што ніякага цвёрдага доказу датычнасці Ірана да нападу пакуль прадстаўлена не было.

Кошт атакі

Між тым пасля атакі цэны на нафту перажылі рэкордны ў ХХІ стагоддзі аднаразовы рост — на таргах у пачатку гэтага тыдня яны павялічыліся на 19 працэнтаў. Атака на саудаўскія нафтаперапрацоўчыя магутнасці па сваім эфекце для нафтавага рынку перасягнула ўсе блізкаўсходнія ўзрушэнні мінулага, адным махам прыбраўшы з сусветнага рынку 5,7 млн бараляў у суткі. Для параўнання, пачатак ірана-іракскай вайны ў 1980 годзе прывёў да прыпынення магутнасцяў у 4,1 млн бараляў у дзень, уварванне іракскіх войскаў у Кувейт у 1990-м — 4,3 млн бараляў, а ісламская рэвалюцыя ў Іране — 5,6 млн бараляў.

Узлёт на нафтавым рынку быў такі значны, што па датычнай зачапіў і іншыя актывы. У прыватнасці, падаражэлі амерыканскія дзяржаўныя аблігацыі і золата, паведаміла іz.ru. У цане дадалі некаторыя валюты, у асноўным сыравінных дзяржаў — расійскі рубель, а таксама канадскі долар і нарвежская крона. Ф'ючарсы на бензін у ЗША падскочылі на 13 працэнтаў.

Праўда, пастаўкі нафты Саудаўскай Аравіяй вярнуліся ў норму літаральна праз некалькі дзён пасля нападаў, заявіў міністр энергетыкі каралеўства Абдул Азіз бін Салман, паведаміла Rеutеrs. Вытворчыя магутнасці найбуйнейшай арабскай манархіі дасягнуць 11 млн бараляў у суткі да канца верасня і 12 млн бараляў — да канца лістапада, паведаміў кіраўнік саудаўскага Мінэнерга. Паводле яго слоў, у кастрычніку краіна вырабіць 9,89 млн бараляў у суткі.

Аднак не ўсё так проста. Наступства сітуацыі заключаецца яшчэ і ў тым, што атака моцна падарвала давер інвестараў да надзейнасці экспарту з Саудаўскай Аравіі. Па ацэнцы аналітыкаў галандскага банка ІNG, якіх цытуе Thе Fіnаnсіаl Tіmеs, цяпер у цану на нафту могуць закладвацца рызыкі, звязаныя з перабоямі паставак з-за новага ўдару рознага кшталту дыверсантаў.

Дарэчы, як мяркуюць эксперты, сярод бенефіцыярыяў апынуліся і самі пацярпелыя. Падаражэнне бараля «ў выніку атакі дронаў выгаднае Саудаўскай Аравіі. Бюджэт манархіі церпіць страты з-за нізкай цаны на нафту», канстатаваў vz.ru вядучы эксперт Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Ігар Юшкоў. Як вядома, з сярэдзіны ліпеня сусветныя цэны на «чорнае золата» пачалі падаць з прычыны слабага попыту ў спалучэнні з высокімі аб'ёмамі здабычы нафты
ў ЗША.

Ваенны сцэнарый

Цяпер існуе высокая рызыка разгортвання поўнамаштабнага ваеннага канфлікту ў Персідскім заліве. Наступствы будуць адчувальны і ў сусветным маштабе. Напрыклад, як адзначыў іz.ru генеральны дырэктар Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Канстанцін Сіманаў, іранцы пастаянна намякаюць: яны могуць заблакаваць стратэгічна важны Армузскі праліў. «Гэта катастрафічным чынам адаб'ецца на міжнароднай эканоміцы. Цераз праліў праходзіць да 20 працэнтаў
сусветнага гандлю нафтай (40 % марскога гандлю). Свет зараз рыхтуецца да рэцэсіі, да гандлёвай вайны ЗША і Кітая. Калі ў гэты момант цэны на нафту зноў узляцяць да 150—200 долараў за бараль, гэта знішчыць сусветную эканоміку. Высокія цэны на энергарэсурсы прывядуць да рэзкага скачка цэн на камунальныя паслугі ў Еўропе, гэта здольна прывесці да масавай адстаўкі ўрадаў. Свет можа кардынальна змяніцца», — адзначыў эксперт.

На думку спецыялістаў, ваенны сцэнарый можа прывесці да росту цэн на нафту да 80 долараў за бараль. Злучаныя Штаты, у сваю чаргу, таксама зробяць больш жорсткімі санкцыі ў дачыненні да Тэгерана. Аднак, як адзначыў галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра арабскіх і ісламскіх даследаванняў Інстытута ўсходазнаўства РАН Уладзімір Ісаеў, ісламская рэспубліка жыве пад санкцыямі ўжо больш за 20 гадоў, таму рэспубліка вытрымае любы эканамічны ўдар з боку ЗША. Відавочна, што «гульні дронаў» у Персідскім заліве далёкія ад завяршэння.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Гульні дронаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».