Вы тут

Чаму дамафонныя сістэмы не ўтрымліваюць дзверы зачыненымі


Прынесці ў дом рэкламныя буклеты, зрабіць сюрпрыз, нечакана прыйшоўшы да сябра не ў пад'езд, а проста да кватэры, зайсці крыху пагрэцца зімою ці схавацца за дзвярыма ад незнаёмца, які ідзе за вамі следам... Зрабіць усё гэта можна, калі ведаеш коды ад розных дамафонных сістэм на дзвярах дамоў, нават не маючы ключа. З гэтай нагоды ў сеціве існуюць цэлыя форумы і шпаргалкі, як не проста ўвайсці без ключа ў пад'езд, мінуючы замкі, але і нават змяніць код або зрабіць так, нібыта дамафон працуе, а на справе — пацягнеш мацней, дзверы і адчыняцца. Такі лікбез прыводзіць да абмеркаванняў, як трапіць дахаты, калі ўчора быў адзін код, а сёння іншы, — відавочна, нехта ўжо на практыцы апрабаваў парады. У выніку дзверы знадворку ў пад'езд часта стаяць адчыненыя ці са зламаным замком, а коды цяпер стараюцца не паведамляць без асаблівай патрэбы нават жыхарам. Аб тым, што рабіць, каб запорна-перагаворныя прылады (ЗПП) выконвалі першапачатковую функцыю: ахоўвалі бяспеку і чысціню, як выкарыстоўваць коды да дамафонаў, і з кім заключаць дагавор на абслугоўванне, «Звязда» паразважала разам са спецыялістамі.


Не заключыш дагавор — адключым дамафон

У пачатку 2000-х у Мінску распачалася праграма «Закрыты пад'езд». Пакрысе амаль усе дзверы былі абсталяваны ЗПП ці кодавымі металічнымі замкамі, адчыніць якія можна было не толькі ключом, але і з дапамогай кода, што паведамілі супрацоўнікам спецыяльных службаў: камунальнікам, паштавікам, медыкам і іншым. Для іх не рабілі ніякіх спецыяльных кодаў, а раздаваць ключы тады было дорага. Зразумела, ведалі коды і жыхары. У выніку ў пачатку 2013-х коды ўжо ведалі ўсе, і любы мог трапіць у які заўгодна дом. Пачалася барацьба з раздачай «ахоўных лічбаў» і перакадзіроўка дамафонаў аж да індывідуальнага шыфру на кожную кватэру. А яшчэ... спрэчкі за спажыўца паміж арганізацыямі, што абслугоўваюць дамафонныя сістэмы, якіх з часам таксама стала значна больш.

Устаноўка дамафоннай сістэмы — дадатковая жыллёва-камунальная паслуга. На яе пастаўку трэба заключаць індывідуальны дагавор. Пры гэтым пералік паслуг па абслугоўванні і рамонце ў дагаворах з рознымі арганізацыямі дамафоншчыкаў можа адрознівацца, кажа Рыгор КАЗУНКО, намеснік дырэктара па эксплуатацыі жыллёвага фонду ЖКГ Заводскага раёна Мінска.

Спажывец, напрыклад, можа ўвогуле адмовіцца ад гэтай паслугі. Аднак дамафон яму ў такім разе не падключаць. Тым не менш праблема ў тым, што людзі часта не ведаюць, хто абслугоўвае іх дамафон і дзверы ў пад'ездзе.

— Хто сёння дыктуе ўмовы дагавораў, якія заключаюцца са спажыўцамі па абслугоўванні ЗПП? — цікавіцца Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ, і сам жа адказвае: — Усе дагаворы павінны праходзіць экспертызу заказчыка, і ён мусіць пацвердзіць, што пэўная арганізацыя правамоцная аказваць паслугу ў гэтым доме і пад'ездзе і можна з ёй заключаць дагавор.

Рыгор Казунко на гэта заўважае, што падобная інфармацыя ёсць на сайце адміністрацыі раёна, а на інфармацыйных стэндах змешчаны прапановы звяртацца ў службу 115, калі ёсць пытанні па ЗПП.

У новай рэдакцыі Закона аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) мяркуецца змяніць падыход да дзейнасці дамафоншчыкаў, што, на думку старшыні Асацыяцыі «Бяспечны дом» Генадзя ЗАХАРАВА, закранае пытанні прававога рэгулявання ў сферы дадатковых паслуг, якія аказваюцца на канкурэнтнай аснове. Замест асобных прамых дагавораў паміж спажыўцамі і пастаўшчыкамі паслугі прапануецца заключыць адзін агульны дагавор па кіраванні агульнай маёмасцю. У той жа час ад пастаўшчыкоў паслуг патрабуюць заключаць прамыя дагаворы з людзьмі:

— Па распараджэнні Мінжылкамгаса і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) мы гэта робім ужо тры гады. Заключылі сотні дагавораў. Жыхары выбралі арганізацыю па абслугоўванні. Не заключана толькі 10 % дагавораў, дзе немагчыма знайсці ўласніка кватэры, які з'ехаў, здаў жыллё і г. д. Мяняць сітуацыю, каб дагаворы сталі нядзейснымі, няправільна. Гэта створыць паток скаргаў і зваротаў. Мы прапануем не чапаць тыя дагаворы, якія людзі ўжо заключылі з абслугоўваючымі арганізацыямі.

Абавязковага патрабавання перазаключаць дагавор нідзе не прапісана. Проста мясцовыя выканкамы разам са службай заказчыка не выконваюць закон аб ахове правоў спажыўцоў, мяркуе Генадзь ТРУБІЛА, першы намеснік міністра ЖКГ:

— Неабходна паведаміць спажыўцу, хто ў яго працуе на раёне. Бо прыходзяць у паштовыя скрыні паперы, дзе напісана: вам перапыняць абслугоўванне дамафона, калі вы з намі не заключыце дагавор. Чалавек, вядома, пужаецца і заключае. Праз месяц прыходзіць такая ж паперка ад іншай кампаніі. Што рабіць людзям? А яшчэ бывае, што адну і тую ж паслугу прыходзяць аказваць у адзін пад'езд некалькі розных арганізацый.

Ірына БАРЫШНІКАВА, намеснік начальніка ўпраўлення аховы правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, у сваю чаргу, прапануе прапісваць у законе магчымасць пакінуць дзейснымі ўжо заключаныя асабістыя дагаворы з жыхарамі і перанакіраваць іх на паўнамоцную асобу па агульным домаўладанні. І калі прэтэнзій няма — працягваць атрымліваць паслугі, калі ёсць — скасоўваць дагавор і мяняць пастаўшчыка.

Сакрэтны код і кабель «у пакеце»

Немалаважная праблема пры абслугоўванні ЗПП — коды на адкрыццё без ключа. Каму расказваць іх, дагэтуль вызначыцца цяжка нават спецыялістам. Раней пры заключэнні дагавораў жыхарам выдавалася па пяць ключоў (чатыры з іх куплялі). Таксама іх жа атрымлівалі, напрыклад, камунальнікі. Абслугоўваючыя арганізацыі запэўніваюць, што ні разу не адмаўлялі даць ключ хаус-майстру з ЖЭСа. Аднак гэта не значыць, што выдаваць ключы будуць бясконца і ўсім тым, хто згубіў, ці забыўся, ці некуды дзеў.

Дзеці і антысацыяльныя элементы называюць коды ўсім вакол, а некаторыя жыхары просяць сакрэтны код, бо шкадуюць грошай зрабіць чып, які, скажам, згубілі. Пры гэтым адмовіць ім нібыта і нельга. Так што пытанне, даваць ці не, застаецца адкрытым дагэтуль, бо, як той казаў, «забараніць нельга адмовіць» — стаў коску дзе хочаш.

Яшчэ адна праблема, звязаная з дамафоннымі сістэмамі, — пакетны прынцып пракладкі кабелю, у якім змяшчаюцца ўсе камунікацыі.

— Белтэлекам праводзіць свае энергасеткі з выкарыстаннем оптавалакна для цэлага пакета паслуг: тэлефон, інтэрнэт і ў тым ліку дамафон. І ўсё гэта праз адзін кабель з рознымі адгалінаваннямі, — абураецца Генадзь Захараў. — Нашы майстры раз на месяц ходзяць і аглядаюць абсталяванне. Як нам фізічна магчыма будзе выдзеліць дамафонны кабель з гэтай сістэмы і правесці яго тэхабслугоўванне? Сумесна трэба вырашыць, як гэта зрабіць найлепш, і распрацаваць дакумент, які не выкліча скаргаў.

— Пакетны прынцып — гэта ў пэўным сэнсе навязванне спажыўцу лішніх паслуг, — пагаджаецца Ірына Барышнікава. — З агульнага оптавалаконнага кабелю сапраўды немагчыма выдзеліць дамафонны кабель. Цяпер арганізацыя разбіраецца з гэтым момантам. Па правілах аказання паслуг сувязі яны могуць прапаноўваць пакетныя паслугі, калі іх тэхнічна немагчыма падзяліць. Аднак ЖКП — гэта не паслуга сувязі, і камунальную паслугу па дамафонах навязаць спажыўцу яны не маюць права. Пра гэта дакладна напісана ў артыкуле 19 Закона аб ахове правоў спажыўцоў ЖКП.

Не забыліся спецыялісты і пра пытанне электраэнергіі, якая патрабуецца для работы ЗПП, і аплата за якую праходзіць праз каштарысы ЖКГ. Эксплуатуючая фірма не нясе ніякіх затрат. Камунальнікі ж, наадварот, лімітаваны ў спажыванні энергіі ў месцах агульнага карыстання, за якую плацяць жыхары, таму за энергію на работу ЗПП павінна плаціць дамафонная арганізацыя, лічаць камунальнікі.

— Адна перагаворная прылада ў месяц спажывае каля 6 кВт. А жыхар плаціць за тэхабслугоўванне дамафона 93 капейкі з кватэры. Сюды, дарэчы, уваходзяць і рамонтныя работы, і гэта прапісана ў дагаворы, — кажа старшыня асацыяцыі «Бяспечны дом». — Аднак гэтая сума ў лічбах нідзе не прапісана.

У сваю чаргу, на замену панэлі ЗПП ці даводчыка дзвярэй патрабуецца прыблізна 100 рублёў, а робіцца гэта бясплатна, хоць рамонты такія зусім не рэдкія, а выдаткі арганізацый ніхто не лічыць, парыруюць дамафоншчыкі.

Відавочна толькі адно. Перш чым прымаць змены, трэба папрацаваць сумесна, каб выслухаць усе бакі і вывучыць акалічнасці работы кожнага. Прыняцце новай рэдакцыі закона чакаецца ўвосень у другім чытанні.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Код падбяры на раз-два-тры

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.