Вы тут

Калі надыдзе кліматычны апакаліпсіс?


Сёння практычна кожны чалавек на планеце ведае пра экалагічныя праблемы, якіх з кожным годам робіцца ўсё больш. Аднак далёка не ўсе разумеюць, якую пагрозу на самай справе ўяўляе сабой змяненне клімату. Магчыма, хто-небудзь з вас памятае навіну пра тое, што чалавецтву засталося 12 гадоў для таго, каб прадухіліць кліматычны апакаліпсіс. На думку некаторых іншых спецыялістаў, у нас з вамі наогул няма і 18 месяцаў. Так гэта на самай справе ці не, але дакладна вядома адно: змяненне клімату — праблема больш сур'ёзная, чым лічылі раней, мяркуюць аўтары партала hі-news.ru.


Тэрміны перасунуліся

Зусім нядаўна ў сусветна вядомым выданні The New Yorker выйшаў артыкул Джонатана Франзена. Пісьменнік і журналіст лічыць, што нам з вамі пара перастаць валяць дурня і прызнаць непазбежнае — мы не зможам спыніць змяненне клімату. На думку Франзена, усім нам варта сканцэнтравацца на тым, што добрага можа зрабіць кожны з нас ужо сёння, таму што вялікая светлая будучыня чалавецтва ў цэлым можа так і не надысці.

Ці варта казаць, што артыкул Франзена ўскалыхнуў грамадскасць. Вядомы кліматолаг Кейт Марвел напісала артыкул у адказ у не менш паважаным выданні Scіentіfіc Amerіcan, у якім прывяла аргументы на карысць таго, што час яшчэ ёсць і не ўсё страчана. На думку Марвел, апускаць рукі мы з вамі проста не маем права. Але хто ж з іх у большай ступені мае рацыю і чаму не толькі Джонатан Франзен лічыць, што мы асуджаныя?

Каб гэта зразумець, прывядзём лічбы са справаздачы, прадстаўленай міжурадавай групай экспертаў па змяненні клімату пад эгідай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Паводле гэтай справаздачы, для падтрымання росту глабальнай тэмпературы ніжэйшым за 1,5 градуса Цэльсія ў бягучым стагоддзі выкіды вуглякіслага газу на планеце павінны быць скарочаныя на 45 % ужо да 2030 года. А гэта ўсяго праз 11 гадоў.

Аднак у 2017 годзе адзін з вядучых кліматолагаў свету Ханс Ёахім Шэльнхубер, заснавальнік і цяпер ганаровы дырэктар Патсдамскага інстытута клімату, заявіў пра тое, што апошнім тэрмінам з'яўляецца зусім не 2030-ы. Мы павінны істотна скараціць колькасць шкодных выкідаў у атмасферу ўжо ў 2020 годзе, лічыць ён. А ён не тое што не за гарамі, а практычна надыходзіць! На думку вучонага, мы здольныя нанесці планеце смяротны ўдар ужо праз 18 месяцаў. Акрыяць ад наступстваў будзе немагчыма.

Менш за год на сур'ёзныя меры

Да канца 2020 года ўрадавыя групы ААН павінны сабрацца, каб абмеркаваць прыняцце экстранных мер па барацьбе са зменай клімату. Нагадаем, што ў 2015 годзе шматлікія сусветныя лідары падпісалі Парыжскае пагадненне, згодна з якім усе краіны-ўдзельніцы павінны істотна скараціць выкід вуглякіслага газу ў атмасферу.

Сёння эксперты прызнаюць, што рашучыя палітычныя крокі, якія дазволяць скараціць выкіды, павінны быць зроблены да канца наступнага года. Першым сур'ёзным рухам павінен стаць спецыяльны кліматычны саміт, скліканы Генеральным сакратаром ААН Антоніа Гуцерышам, які праходзіў у Нью-Ёрку 21—23 верасня. Раней генсек ясна даў зразумець, што на саміце павінны прысутнічаць прадстаўнікі толькі тых краін, якія здольныя ўнесці істотныя прапановы па паляпшэнні сваіх планаў скарачэння выкідаў вугляроду. Затым адбудзецца саміт у Сант'яга, Чылі.

Грэта Тунберг на акцыі пратэсту.

Падобныя захады, якія робяцца сусветнымі лідарамі, даюць усім нам надзею на светлую будучыню. Бо ад гэтых рашэнняў залежыць не толькі наша з вамі будучыня, але і жыццё, ды што там — існаванне ўсіх будучых пакаленняў. Немалаважнай з'яўляецца думка грамадскасці на гэты конт — не так даўно па Еўропе пракацілася серыя мітынгаў, якія зладзілі падлеткі, імверна, натхнёныя кліматычным актывізмам юнай Грэты Тунберг (шведская дзяўчынка прапускала школу па пятніцах са жніўня 2018 года, каб ладзіць адзіночныя пікеты супраць глабальнага пацяплення каля парламента сваёй краіны). А напярэдадні саміта акцыі ахапілі і Нью-Ёрк, так што паліцыі давялося перакрываць раён ніжняга Манхэтэна. На такія маршы выходзяць пераважна маладыя людзі, якія разумеюць, што ў будучыні на знявечанай Зямлі жыць менавіта ім. У рэшце рэшт некаторыя краіны, напрыклад Вялікабрытанія, ужо прынялі шэраг заканадаўчых мер, накіраваных на зніжэнне выкідаў у атмасферу.

Спыніць выміранне

Аднак, нягледзячы на пазітыўныя змены, прычын хвалявацца ў нас з вамі ўсё ж дастаткова. На думку шматлікіх вучоных, намеры ЗША выйсці з Парыжскага пагаднення, бяздзейнасць лідараў Кітая, Расіі і Бразіліі ставяць будучыню ўсёй планеты пад пагрозу. Сёння мы дасягнулі пункта, калі любы крок кожнай асобнай дзяржавы можа стаць вырашальным. Відавочна, не ўсе сусветныя лідары гэта разумеюць.

Нам з вамі застаецца спадзявацца на тое, што падчас саміту ААН 26 верасня генеральнага сакратара ААН атрымаецца пераканаць лідараў, якія сумняваюцца, у тым, каб адсунуць свае фінансавыя і геапалітычныя інтарэсы на задні план. Калі мы не зробім істотных дзеянняў у найбліжэйшыя 18 месяцаў, многія спецыялісты прадракаюць нашай планеце вельмі змрочную перспектыву.

Раней сёлета сур'ёзнае хваляванне сярод кіраўнікоў дзяржаў выклікала даследаванне ІPBES*, прысвечанае масаваму выміранню відаў у іх натуральным асяроддзі пражывання. Прычынай гібелі жывёл з'яўляюцца дзеянні чалавека. Справаздача паказала, што ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі можа быць страчана да мільёна відаў жывёл.

Зямля будзе знішчана?

Складана сказаць. Думкі спецыялістаў разыходзяцца. Шматлікія вучоныя і грамадскія дзеячы лічаць, што ніхто з нас не павінен апускаць рукі і са свайго боку мусіць рабіць усё, што ў яго сілах, у барацьбе са змяненнем клімату — спажываць менш чырвонага мяса, не расходаваць дарэмна ваду і іншыя рэсурсы, здзяйсняць менш пакупак. Менавіта наша вар'яцкае спажыванне з'яўляецца прычынай работы велізарнай колькасці заводаў, якія здзяйсняюць такую вялікую колькасць выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу.

Вельмі шмат людзей у цяперашні момант згодны з меркаваннем журналіста The New Yorker — хутчэй за ўсё, мы не паспеем і не зможам прадухіліць змяненне клімату.

* Іntergovernmental Scіence-Polіcy Platform on Bіodіversіty and Ecosystem Servіces (ІPBES) — Міжурадавая навукова-палітычная платформа па біяразнастайнасці і экасістэмных паслугах, у склад якой уваходзяць 127 урадаў краін-членаў — глабальны орган, які займаецца ацэнкай стану біяразнастайнасці і ўнёску прыроды ў жыццё людзей у адказ на запыты ад асоб, адказных за прыняцце рашэнняў.


Якога колеру неба на іншых планетах?

Як вядома, прамяні нашага Сонца маюць белы колер, які праламляецца аб вялікую колькасць драбнюткіх кропелек вады ў атмасферы і ўтварае велізарную палітру розных колераў і фарбаў. Дзякуючы такой прыроднай з'яве раніцай неба можа мець жамчужнае адценне, днём яно афарбоўваецца ў блакітны колер, а вечарам таго ж дня мы можам любавацца неверагодным закатам, які ўключае ў сябе практычна ўсю каляровую палітру. Разам з тым цікава, як жа праходзіць аналагічны працэс на іншых планетах Сонечнай сістэмы? Ці могуць быць іншапланетныя закаты настолькі ж маляўнічыя, як і на Зямлі?

Магчыма, менавіта так выглядае з Іа Юпітэр.

Марс

Марс — адна з самых вывучаных чалавекам і пры гэтым адна з самых загадкавых планет Сонечнай сістэмы. З-за таго, што марсіянская атмасфера вельмі слабая, а ўтрыманне вады ў ёй мінімальнае, лічыцца, што днём марсіянскае неба мае жаўтлява-карычневы колер. Калі на нашай планеце сонечнае святло рассейваецца дзякуючы драбнюткім кроплям вады, то на Марсе ролю падобных адбівальнікаў адыгрывае пыл чырванаватага адцення, якая надае марсіянскім світанкам і заходам ружаваты колер.

Венера

Венера ўяўляе сабой далёка не той трапічны рай, якім бачылі гэтую планету савецкія пісьменнікі-фантасты.

Венера — сястра-блізня Зямлі, толькі ў шмат разоў больш злая і гарачая. Яе паверхню акружае настолькі тоўстая атмасфера, што Сонца з паверхні Венеры ўяўляе сабой проста размытую пляму, якую схавалі за шчыльным хмарным покрывам. З-за вялікага ўтрымання сернай кіслаты ў аблоках Венеры сонечнае святло, рассейваючыся скрозь іх, надае венерыянскаму небу жоўта-аранжавы колер з зеленаватым адлівам.

Меркурый

З-за таго, што Меркурый не мае якой-небудзь атмасферы, дзённае і начное неба на планеце практычна не адрозніваецца ад выгляду з космасу. Дакладна такая ж сітуацыя ўзнікла і на Месяцы, які, дарэчы, падобны на Меркурый па многіх параметрах. Аднак маленькая жалезная планета, размешчаная блізка да Сонца, можа пахваліцца іншай выдатнай якасцю: з яе паверхні Сонца здаецца ў 2,5 раза большым, чым пры поглядзе з Зямлі. У такога жывапіснага нюансу ёсць толькі адзін недахоп — блізкае размяшчэнне планеты да сваёй зоркі практычна заўсёды ідзе рука аб руку з велізарным узроўнем радыяцыі і тэмпературай, здольнымі імгненна знішчыць усё жывое, што можа апынуцца на паверхні падобнага непрыязнага свету.

Планеты-гіганты

Не існуе якіх-небудзь дакладных малюнкаў, якія перадалі б каляровую палітру неба планет-гігантаў Сонечнай сістэмы. Разам з тым лічыцца, што неба Юпітэра афарбавана ў цёмна-блакітны колер, а яго аблокі маюць адценні ўсіх колераў вясёлкі. Акрамя таго, на фоне такога маляўнічага неба, з паверхні Юпітэра (уявім, што яна ў яго ёсць) можна ўбачыць усе чатыры галілеевыя спадарожнікі. Самым яркім аб'ектам са спадарожнікаў у небе планеты-гіганта з'яўляецца Іа, якая з прычыны сваёй блізкасці да Юпітэра выглядае нават больш, чым поўны Месяц у начным небе Зямлі.

Асаблівую маляўнічасць небу Сатурна надаюць раскошныя кольцы планеты.

Неба Сатурна афарбавана ў ярка-жоўтыя адценні, якія перарываюцца велізарнай паласой праз усё неба планеты. Як вы думаеце, чым можа быць гэтая загадкавая паласа? Правільна! Кольцы Сатурна прыўносяць своеасаблівую маляўнічасць у заходы і світанкі на другой па памерах у Сонечнай сістэме планеце.

Неба Урана і Нептуна можа пахваліцца яркім блакітным колерам. Кольцы гэтых планет будуць абсалютна непрыкметныя назіральніку, які нейкім невядомым чынам з'явіўся б там праз атмасферы гэтых планет. Адзінымі яркімі аб'ектамі ў небе гэтых Урана і Нептуна могуць быць іх спадарожнікі, якія часам прабягаюць па небасхіле.

Падрыхтаваў Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

Увагу на праблеме завастрыў старшыня вулічнага камітэта гэтай мікразоны Аляксандр Пікуля. 

Грамадства

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

 Прамянёвая тэрапія можа выкарыстоўвацца як у спалучэнні з хірургіяй і хіміятэрапіяй, так і як самастойны метад лячэння.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Старэнькі «Запарожац» (цяпер такіх машын і не відаць ужо) старанна пыліў па дарозе...

Грамадства

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Дванаццатая беларуская антарктычная экспедыцыя адправілася на ледзяны кантынент.