Вы тут

На свяце «Уладар сяла» секлі дровы, майстравалі лаўкі


Весела, з жартамі, песнямі, танцамі прайшоў Мінскі абласны этап рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». Гэтым разам госці сабраліся на гасціннай Любанскай зямлі. Гаспадары пастараліся, каб удзельнікі конкурсу адчувалі сябе як дома. Спаборніцтвы праходзілі ў гарадскім парку культуры і адпачынку. Гэтае прыгожае, уладкаванае месца карыстаецца ў жыхароў райцэнтра і раёна асаблівай папулярнасцю.


Пераможца абласнога этапу праекта «Уладар сяла» сям'я Мячкоўскіх.

За званне самых працалюбівых, крэатыўных, творчых змагаліся сямнаццаць маладых сем'яў з розных куткоў Міншчыны. Сярод удзельнікаў — сем'і механізатараў, жывёлаводаў, трактарыстаў, кіроўцаў, леснікоў, паштальёнаў, настаўнікаў і нават урачоў, якія жывуць і працуюць у сельскай мясцовасці.

— У гэтым праекце кожны год бяруць удзел абсалютна розныя сем'і. Абавязковая ўмова конкурсу, каб сужэнцы мелі дзяцей і хтосьці з бацькоў працаваў у сельгасарганізацыі, — расказаў першы сакратар абласной арганізацыі БРСМ Кірыл ШЫК. — Гэты конкурс паказвае, наколькі таленавітыя ў нас людзі. У кагосьці музычныя здольнасці, у некага — геаграфічныя, этнаграфічныя, танцавальныя. Удзельнікі могуць паказаць асаблівасці і традыцыі сваіх мясцовасці, населенага пункта. У тым ліку і ўнікальнасць кулінарных рэцэптаў, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне і да гэтага часу захоўваюцца нашчадкамі.

Нездарма мерапрыемства пачалося з абходу кампетэнтным журы імправізаваных сельскіх падворкаў. Кожны з іх багаты на розныя пачастункі. На сталах — нацыянальныя стравы: дранікі, свойскія каўбасы, сала, аладкі, верашчака, хатнія нарыхтоўкі, сучасныя модныя закускі. А якія напоі! Медавуха, квас, морс з журавін. Гаспадары гасцінна запрашаюць пачаставацца ўсіх ахвотных. Але, бадай, найбольш здзівіла прысутных сям'я Баўкуновічаў са Старых Дарог, якія прапанавалі аж трыццаць страў, прыгатаваных з прадуктаў асабістай гаспадаркі. Муж і жонка трымаюць курэй, бычкоў, качак. Вядома, гаспадарам было б цяжка спраўляцца з хатнімі клопатамі. Але ў сям'і падрастаюць надзейныя памочнікі —дзеці Максім і Паліна. У кожнага з іх свае абавязкі.

У Наталлі і Сяргея Кукрашаў з вёскі Крукава Любанскага раёна — коні, авечкі, козы, парсюкі, куры, трусы. І нават такія экзатычныя гадаванцы, як фазаны, паўліны. З сабой на конкурс сужэнцы прывезлі любіміцу сям'і — в'етнамскага парсючка Нюшку, якая гуляе з дзецьмі, нібы шчанюк. Свінка нарадзілася кволай, маці адмовілася прыняць немаўля. «Дзіця» выходжвалі ўсёй сям'ёй, паілі малаком з соскі, пасялілі ў доме ў спецыяльнай каробцы.

Надзвычай захапляльнымі сталіся спаборніцтвы дрывасекаў. Сямейным парам прапаноўвалася распілаваць бервяно на тры часткі, а затым раскалоць яго на дровы. Варта было пабачыць, з якім імпэтам спраўляліся з заданнем мужчыны, — толькі трэскі ляцелі ў розныя бакі. А іх спадарожніцы збіралі гатовую прадукцыю і як найхутчэй імкнуліся скласці яе ў акуратныя кастры.

А ці зможаце вы, паважаныя чытачы, з пяці дошак змайстраваць лаўку, ды такую, каб вытрымлівала не толькі гаспадара, але і гаспадыню? А вось удзельнікі конкурсу «Лаўкачы» і тут паказалі сваё ўменне і спрыт. Лаўкі атрымаліся трывалыя.

Падчас інтэлектуальных гульняў удзельнікі прадэманстравалі выдатныя веды, кемлівасць. Большасць пытанняў датычылася прымавак, розных народных выказванняў, баек. Напрыклад, да якой падзеі павінна зажыць рана? Вядома, да вяселля.

Сапраўдным сюрпрызам стала і спартыўна-гумарыстычная эстафета. Падрыхтавацца да яе нельга было загадзя, паколькі заданне прапаноўвае прымаючы бок. Весела было назіраць, як мужчыны вазілі сваіх жонак на тачках, перакочвалі мяхі з бульбай. Ну і вядома, каталіся на адной пары лыжаў разам. Хтосьці падаў, спатыкаўся, але імкнуўся дайсці да фінішу.

Нялёгка было журы вызначыць пераможцаў. Усе без выключэння паказалі спрыт, упартасць у дасягненні мэты, працавітасць, фантазію і творчасць. Але суддзі прыйшлі да высновы, што найлепшая сярод усіх — сям'я Пятра і Вольгі Мячкоўскіх з ААТ «Лебедзева» Маладзечанскага раёна. Пётр працуе ўрачом-анестэзіёлагам, Вольга — эканамістам. Сужэнцы выхоўваюць трох сынаў — Гардзея, Германа і Радзівона. Сям'я прадставіць Міншчыну ў фінале рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла — 2019», які пройдзе 28 верасня ў аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Хто ў хаце гаспадар

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з нявесткай вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.