Вы тут

Які сэнс мае фразеалагізм «у гарачай вадзе купаны»?


На сустрэчы ў адной са школ Лагойска настаўніца беларускай мовы запыталася: «Які сэнс мае фразеалагізм «у гарачай вадзе купаны»?»


Каб патлумачыць паходжанне гэтага выразу, варта звярнуцца да абрадавага дзеяння — першага купання немаўляці. Беларускія этнаграфічныя крыніцы, нашы экспедыцыйныя запісы пераканаўча сведчаць пра тое, што найбольш важнай падзеяй пасляродавага перыяду было першае рытуальнае купанне дзіцяці, якое суправаджалася шматлікімі і даволі разнастайнымі атрыбутамі і этыкетнымі рэгламентацыямі. Іх сімвалізацыя абапіралася на адзін з найважнейшых прынцыпаў народнай культуры: «Падобнае выклікае падобнае». Першае купанне надзялялася лёсавызначальным характарам, таму ў купель (драўляныя начоўкі, спецыяльна прызначаныя дзеля гэтага) перш-наперш вылівалі кубачак рытуальнай — свянцонай вады, якую бралі ў царкве на Вадохрышча. Затым у купель налівалі невялікую колькасць звычайнай калодзежнай вады. І толькі пасля гэтага далівалі гарачую ваду, якую стараліся не даводзіць да кіпення. Правяралі яе, апускаючы ў ваду локаць правай рукі. Гэтая паслядоўнасць прыгатавання вады была не выпадковай. Наліваючы ў купель першай халодную ваду, родныя хацелі, каб іх дзіця ў дарослым узросце не было празмерна эмацыянальнае — «гарачае», не жыло па прынцыпе «спачатку скажу (зраблю), а потым паразважаю». Адсюль і пайшло выказванне пра нястрыманых людзей: «Пэўна, у гарачай вадзе цябе купалі».

Ваду, у якой купалі хлопчыка, вылівалі пад яблыньку (каб багаты быў, каб працягваў свой род), а ваду, у якой купалі дзяўчынку, — пад вішню (каб была прыгожая, «красная», апранула белы вясельны строй, як вішня вясной). На Палессі гэтую ваду вылівалі пад парог, каб дзяўчына хутка замуж пайшла.

Падчас першага рытуальнага купання выкарыстоўвалі цэлы шэраг рэчаў, якія таксама, меркавалі, будуць уплываць на лёс чалавека. Таму ў купель для дзяўчынкі клалі: дзевяць (ці сорак) зярнят жыта — каб яна вырасла здаровай і змагла нарадзіць дзяцей, прадоўжыць свой род; аднакапеечную сярэбраную ці медную манету, каб тым самым звесці да мінімуму працягласць месячных, калі яна стане дарослай жанчынай; дабаўлялі крышку свежага малака, каб твар у дзяўчынкі быў «бялюткі і чысцюткі»; выкарыстоўвалі розныя лекавыя расліны, сабраныя на Купалле (напрыклад, рамонак, чыстацел, чабор); маглі пакласці некалькі вугельчыкаў, каб на працягу ўсяго жыцця ніхто не змог сурочыць. Пад купель клалі грэбень, верацяно, лён, каб дзяўчынка была добрай гаспадыняй, умела прасці і ткаць.

Падчас першага рытуальнага купання хлопчыка выконвалі прыблізна тыя ж магічныя дзеянні, кладучы ў купель: зерне — з той жа прадуцыруючай мэтай — працяг свайго роду; заручальны пярсцёнак бацькі — сімвал бацькоўскага роду і надзейнай засцярогі будучага паляўнічага, земляроба, воіна, якому практычна ўсё жыццё давядзецца быць па-за межамі свайго жытла; таксама выкарыстоўвалі лекавыя расліны і засцерагальныя сродкі ад сурокаў. Пад купель маглі пакласці цвік, сякеру, малаток і падобныя рэчы, каб залажыць навыкі, якія неабходны будуць даросламу мужчыну. У больш познія часы ў некаторых раёнах Беларусі клалі кнігу, каб дзіця было разумнае і стала пісьменным чалавекам. Лічылася, што тады яго жыццё будзе лёгкае і багатае.

Ва ўсіх славянскіх народаў лічылася непажаданым купаць дзіця пасля заходу сонца. Калі ж такое здаралася, то ваду вылівалі толькі назаўтра раніцай.

Народны этыкет катэгарычна забараняў мыць якія-небудзь рэчы (нават само немаўля) у той вадзе, у якой купалі дзіця. Гэта магло справакаваць цяжкія захворванні, перш за ўсё скурныя.

Дзіця да года ніколі не купалі ў той дзень тыдня, у які яно нарадзілася, і ў нядзелю.

Такім чынам, фразеалагізм «Ты што, у гарачай вадзе купаны?» самым непасрэдным чынам звязаны з абрадам першага — шмат у чым лёсавызначальнага — купання немаўляці. Яно насіла характар праграмавання, прадвызначэння, таму да яго ставіліся як да вельмі адказнай родавай падзеі. Менавіта таму абрад купання праводзіла вопытная бабка-павітуха.

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.