Вы тут

У Гродне адкрылі кабінет з новым ангіяграфічным комплексам


Медыцынскае абсталяванне ажыццяўляе дыягностыку захворванняў, звязаных з крывяноснымі сасудамі. Комплекс дапаможа праводзіць самыя складаныя аперацыі без разрэзаў, у тым ліку выдаліць на ранніх стадыях тромбы з артэрый. Пры дыягностыцы значна зніжаецца прамянёвая нагрузка на пацыента.


Новы комплекс мае шэраг пераваг у параўнанні з папярэдняй версіяй апарата. Значна пашырыўся спектр паталогій, якія можна вылечваць. Пры гэтым аперацыі выконваюцца без адкрытага хірургічнага ўмяшання.

— Гэты комплекс прызначаны для правядзення аперацый у асноўным на брушных органах і перыферычных сасудах, — растлумачыў хірург Алег Антоненка. — Мы не робім разрэзы, а толькі праколваем скуру. Гэта больш бяспечна для пацыентаў, бо лепш пераносіцца. У апараце ёсць функцыя, калі мы можам кантраляваць рух іголкі так, каб не пашкодзіць жыццёва важныя структуры арганізма. І сама аперацыя доўжыцца менш — ад дваццаці хвілін да двух-трох гадзін у залежнасці ад захворвання.

Па словах загадчыка ангіяграфічнага кабінета Леаніда ВАСІЛЬЧУКА, з дапамогай комплексу можна выконваць аперацыі па лакалізацыі злаякасных пухлін, у тым ліку хіміяэмбалізацыю печані, эмбалізацыю варотнай вены, пункцыйную біяпсію.

Новы комплекс — адзіны ў рэгіёне і ўстаноўлены ў Гродзенскай універсітэцкай клініцы. Медыцынская ўстанова з'явілася зусім нядаўна і створана на базе абласной клінічнай бальніцы. Тут праходзяць лячэнне самыя складаныя пацыенты. Сродкі на абсталяванне новага кабінета атрыманы з рэспубліканскага бюджэту, а падрыхтоўка кабінета і ўстаноўка вяліся за кошт мясцовага бюджэту.

Дарэчы, нядаўна непадалёку ад універсітэцкай клінікі распачаліся маштабныя работы па будаўніцтве першага ў вобласці анкалагічнага цэнтра.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Аперацыя праз... праколы

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.