Вы тут

На радзіме Міцкевіча прайшоў штогадовы фестываль «Восень у Завоссі»


Нягледзячы на надвор'е, беларускую душу ў гэтыя выхадныя сагравала паэзія. На радзіме славутага паэта Адама Міцкевіча прайшоў штогадовы фестываль «Восень у Завоссі». Яго арганізаваў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры сумесна з Баранавіцкім раённым выканаўчым камітэтам да Года малой радзімы. Гасцей чакала насычаная праграма: тут і экскурсіі па сядзібным доме, прысвечаныя побыту сям'і Міцкевічаў, і літаратурна-мастацкая імпрэза, і мерапрыемства на бібліятэчным падворку з выстаўкамі і гульнямі.


Невялічкая вёска Завоссе знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці. Менавіта тут нарадзіўся Адам Міцкевіч, вялікі паэт, якога ведаюць ва ўсім свеце. «Тут прайшло яго дзяцінства, сюды падлеткам прыязджаў ён на лета, тут закахаўся ў Марылю Верашчаку...» — расказвае дырэктар музея Віктар ДМУХОЎСКІ. Саму сядзібу аднавілі толькі дваццаць адзін год таму. Больш дакладна — узвялі на новым месцы. Яе стваралі па малюнках Эдварда Паўловіча і Напалеона Орды. А падчас раскопак знайшлі частку фундаментаў, таму можна лічыць, што сядзіба стаіць на тых самых падмурках, якія былі два стагоддзі таму. Дакладных апісанняў інтэр'ераў дома таксама не захавалася. Тое, што ёсць тут сёння, — гэта літаратурна-мастацкі вобраз, створаны паводле паэтычных ілюстрацый са славутай паэмы «Пан Тадэвуш», напісанай Адамам Міцкевічам у Парыжы. У парадных сянях знаходзяцца паляўнічыя трафеі гаспадара. Ва ўсіх пакоях адчуваецца непаўторны каларыт тагачаснай шляхецкай сядзібы.

Акрамя самога музея, «пабываць» можна было і на віртуальнай экскурсіі па Туганавіцкім парку.

Тым часам на галоўнай пляцоўцы, у гумне, праходзіла літаратурна-мастацкая імпрэза, у якой удзельнічалі паэты, сучасныя гурты і спевакі. Усе выступоўцы сваімі нумарамі сагравалі і дарылі добры настрой.

«Міцкевіча сцяжынкамі прайсці, усвядоміць тут каб творчасці вытокі, патрэбна кожнаму хоць раз у жыцці і паглядзець на неба, на аблокі...» — прадэкламаваў паэт Вадзім ЖЫЛКО, удзельнік суполкі «Літаратурная правінцыя» пры Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме. І сапраўды, прайсціся па месцах, дзе калісьці хадзіў сам Адам Міцкевіч, неабходна. Гэта натхняе і ўзвышае. Так лічыць і Віктар ШНІП, беларускі паэт, пісьменнік, перакладчык:

— Заўсёды наведваю такія святы. Бываю і на радзіме Янкі Купалы ў Вязынцы, і ў Ракуцёўшчыне, дзе адным часам жыў Максім Багдановіч, і на роднай для Якуба Коласа Стаўбцоўшчыне. Такія месцы даюць нам магчымасць адчуць святочнасць жыцця, адчуць сябе беларусамі. Менавіта тут я ўпершыню. Гэтая паэтычная мясціна, дзе нарадзіўся вялікі паэт Адам Міцкевіч, уражвае і натхняе.

Для тых, хто стаміўся ці змерз, на бібліятэчнай пляцоўцы праводзілася квэст-гульня «Падарожжа да родных вытокаў». У ёй удзельнічалі ўсе ахвотныя. Удзельнікі адказвалі на пытанні віктарыны, прысвечанай Адаму Міцкевічу, на краязнаўчай пляцоўцы «Гонар Айчыны», шукалі сярод гасцей Шляхціца і адказвалі на яго пытанні на пляцоўцы «Далучыцца да роднага слова», рабілі сэлфі на памяць, сфатаграфаваўшыся каля партрэта Міцкевіча, і дзяліліся сваімі ўражаннямі ад свята і творчасці паэта на пляцоўцы «Адкрыты мікрафон». Пасля падвядзення вынікаў пераможцы былі ўзнагароджаны памятнымі сувенірамі.

Маргарыта ГАЙДАРЖЫ, студэнтка 4 курса факультэта журналістыкі БДУ.

Загаловак у газеце: Восень у Завоссі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.