Вы тут

Ганна Урбан: “Спяваць фальклор можна бясконца”


Ужо амаль тры дзесяцігоддзі гурт «Guda» займаецца папулярызацыяй нашай культурнай спадчыны – традыцыйных абрадавых беларускіх спеваў, вывучае і дэманструе найлепшыя ўзоры народнага песеннага мастацтва. На яго рахунку як сольныя музычныя праекты, так і супольныя мастацкія акцыі. «Guda» запісвае альбомы, удзельнічае ў фестывалях і рэканструкцыі абрадаў, выступае на розных святах на радзіме і за мяжой – словам, адкрывае самабытнасць беларускай культуры айчыннаму і замежнаму слухачу і гледачу. Сярод актыўных удзельніц гурта – яго спявачка Ганна УРБАН.


Што значыць асабіста для вас, Ганна,  удзел у творчасці “Guda”? Як даўно далучыліся да гурта?

– Гурт існуе з пачатку 90-х гадоў, ён утварыўся як праект, альтэрнатыўны той інтэрпрэтацыі фальклору, якая была за савецкім часам. Гэта была спроба данесці да слухачоў народную песню – не апрацаваную і пераробленую, а сапраўдную. Гурт меў поспех, выйшла некалькі альбомаў, былі розныя супольныя праекты. Я ў свой час слухала яго і вельмі захаплялася гучаннем галасоў і самімі спевамі.

У 2012 годзе пабачыла аб’яву: школа традыцыйнага мастацтва гурта «Guda» набірала вучняў. Прапаноўваліся рамеснае, спеўнае і танцавальнае аддзяленні. Мне ўсё жыццё хацелася спяваць, з іншага боку, цікавілася традыцыйнай культурай і міфалогіяй. А тут абодва мае захапленні сыходзіліся ў адным!

Выкладала і дагэтуль выкладае спеўны курс Вікторыя Міхно – дырэктарка школы традыцыйнага мастацтва, сузаснавальніца і кіраўніца гурта «Guda». Праграма заняткаў была складзена паводле традыцыйнага народнага календара. Улетку мы спявалі купальскія і жніўныя песні, восенню – вясельныя, узімку – калядныя і г. д. Пасля году заняткаў неспадзявана я атрымала прапанову далучыцца да гурта. Для мяне гэта было вялікім гонарам! З таго часу «Guda» – неад’емная частка майго жыцця.

 

– Пра «Guda» пішуць наступнае: «Рэдка які іншы калектыў праз увесь свой выступ можа правесці гэткую глыбока ўзгодненую са сваім унутраным станам сур’ёзнасць – голасу, твару, постаці...»; «cпевы дзяўчат з гурта «Guda» будзяць этнагенетычную памяць, якая абавязкова жыве ў кожным з нас». А што асабіста вы адчуваеце пад час выступленняў?

– Сапраўды, у нашым традыцыйным спеве ёсць стрыманасць. Стрыманасць і сціпласць наогул уласцівыя беларускай культуры. Але тут лёгка ўвайсці ў медытатыўны стан і перастаць быць цікавай для гледачоў. Таму шукаем баланс паміж аўтэнтычнай пагружанасцю ў сябе і сцэнічнай выявай эмоцый і сэнсаў. Акрамя гэтага, падчас выступу заўсёды думаеш пра якасць, бо на сцэне спяваеш найперш для слухача. Таму стараешся, каб твой голас гучаў у гармоніі з галасамі іншых спявачак. Гэта такая прыхаваная, нябачная звонку работа, але яна абавязковая.

Пэўна, тыя, хто паходзіць з вёскі, лягчэй пранікаюцца адчуваннем каштоўнасці традыцыйнай культуры. З іншага боку, сёння менавіта ў гарадах шмат усяго робіцца для захавання беларускасці, ладзіцца фальклорны рух. Вы адчулі цікавасць да традыцыйнай беларускай культуры з дзяцінства альбо захапіліся ёю падчас вучобы ва ўніверсітэце?

– У дзіцячыя гады я была цалкам адарваная ад традыцыйнай культуры: у мяне не тое што бацькі, у мяне бабулі гарадскія. І акрамя таго, што бабуля фарбавала яйкі на Вялікдзень, ніякага дачынення да народных звычаяў і абрадаў я не мела. Але ў старэйшых класах зацікавілася старажытнасцю, шукала ў гэтым нешта спрадвечнае, уласцівае беларусам з пракаветных часоў. Праз гэта прыйшла зацікаўленасць міфалогіяй.

Цікавасць да фальклору мае розныя шляхі: для адных гэта пошук забытага, для іншых – пераасэнсаванне вядомага. І тое, і другое вымагае ўжо нетрадыцыйнага ладу мыслення, таму фальклор ажывае ў гарадах. Але пры гэтым важна не ўцякаць у мінулае, не атаясамліваць сябе з традыцыйным вобразам. Я культуролаг паводле адукацыі, і мне цікава, як культура акумулюе ў сабе досвед розных эпох, захоўвае і пераасэнсоўвае касмалагічныя ўяўленні, сацыяльныя нормы і г. д. І сярод усіх змен застаецца нешта базавае, вечнае, зварот да чаго гарманізуе і аздараўляе чалавека. Можна казаць пра архетыпы, пра этнагенетычную памяць, але сутнасць з'явы не мяняецца.

Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што беларускія спевы самыя старажытныя ў Еўропе. Тэкст мог змяняцца, але мелодыя і манера – тыя самыя. І гэта фантастычнае адчуванне – ведаць, што ты спяваеш песню, якой можа быць дзве тысячы год.

Хто найчасцей наведвае выступленні гурта «Guda» – моладзь ці больш сталыя людзі?

– Па-рознаму бывае. Гэта могуць быць людзі любога ўзросту. Часам імі кіруе найперш пазнавальная, а не эстэтычная цікавасць: як жа гэты фальклор спяваюць? І толькі пасля людзям можа спадабацца альбо не. Фальклорныя спевы – гэта такі жанр, які спяваць можна бясконца, а слухаць доўгі час складана. Таму мы заўсёды вельмі адказна падыходзім да складання праграмы, каб не страціць увагу слухачоў.

– Ці займаецеся вы навукова-даследчыцкай працай па культуралогіі, беларускай этналогіі?

– Мая асабістая навуковая дзейнасць у аспірантуры сапраўды была звязаная з традыцыйнай культурай, але не толькі. Я займалася міфалогіяй у разрэзе сучаснага грамадства, вывучала міфалагему жанчыны. Вялікая частка маёй працы была прысвечана асэнсаванню жаночых вобразаў у міфалогіі часоў традыцыйнай культуры, а таксама савецкай эпохі. Дарэчы, у апошнім мне дапамаглі матэрыялы часопіса «Работніца і сялянка», прагледзела ў бібліятэцы ўсе нумары. Працу сваю навуковую, праўда, не скончыла, бо зразумела: спяваць мне цікавей, а часу і сіл на ўсё не хапае.

– Праз традыцыйныя лірычныя спевы можна прасачыць, як цяжка было жанчыне ў патрыярхальным грамадстве. Узяць, прыкладам, вясельныя песні – яны не пра шчасце і радасць, а пра цяжкую долю маладой, якая бярэ шлюб. І гэта зразумела: жанчына ў тыя часы была пазбаўленая ўласнага жыцця. Напэўна, усе гэтыя сумныя спевы не надта зразумелыя сучасніцам?

– Так і ёсць, патрыярхальны лад жыцця нашых продкаў насамрэч адбіўся ў песнях. У вяселля быў сімвалічны сэнс – яно параўноўвалася са смерцю, бо жанчына ў шлюбе нараджалася цалкам у новай ролі. Сёння нас запрашаюць на вяселлі праспяваць абрадавыя песні, але большасць з іх – песні-плачы, якія не пасуюць да сучаснага свята. Ёсць, на шчасце, песні радасныя, іх мы і спяваем на вяселлях. Вельмі сумна пра жаночую долю апавядаецца ў жніўных песнях. Мне даводзілася сустракацца з меркаваннем, што для нашых продкаў гэтыя спевы маглі мець псіхатэрапеўтычнае значэнне. Не абавязкова ўсё складвалася так дрэнна ў жыцці той жняяркі, але яна разгледзела найгоршы варыянт развіцця падзей. І ёй рабілася лягчэй ад разумення таго, што яе сітуацыя не найгоршая. А калі спеў і сапраўды апавядаў пра яе рэальныя беды, то ён дапамагаў іх перажыць – выказаць і выплакаць свае эмоцыі.

– Некаторыя нашы сучасніцы шыюць для сябе арыгінальныя нацыянальныя строі, цікавяцца традыцыйнай тэхнікай ткацкага майстэрства. Распавядзіце, калі ласка, пра строй, у якім вы выступаеце.

– Мой строй – гэта рэканструкцыя полацкага жаночага строю, бо я родам з Полаччыны. Кашулю я шыла сама, іншыя элементы (спадніца, фартух, курта) рабіліся на замову майстрыхамі. Вядома, што на Паазер'і адзенне было больш стрыманым, амаль цалкам белым, а чым далей на поўдзень, тым больш з’яўлялася вышыўкі і іншых аздобаў, яркага чырвонага колеру. Паўночны стыль вельмі блізкі маёй душы, я і ў сучасным адзенні люблю мінімалізм.

– Раскажыце пра самыя значныя і цікавыя асабіста для вас імпрэзы калектыву «Guda».

– Найбольш помняцца першыя імпрэзы,у якіх я ўдзельнічала: фестываль «Купальскае кола», «Каляды ў вялікім горадзе», сольная праграма-прэзентацыя дыска «Вяселле». Мы часта бываем на міжнародных фестывалях, там найчасцей запамінаюцца не асобныя выступы, а сама атмасфера. Пабывалі ў краінах бліжняга замежжа: ва Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі. Прымаюць гурт вельмі добра.

І вось што дзіўна: мы жывём блізка адно ад аднаго, а фальклор у нас розны. Напрыклад, літоўцы кажуць: у вас такія вясёлыя песні. Палякі кажуць: нешта ў вас песні занадта сумныя. Кожны ацэньвае са свайго пункту гледжання. А вось абрады іх бываюць вельмі падобныя да беларускіх. І гэта зноў пра еднасць у тым, што з'яўляецца базавым.

Зараз у гурта «Guda» шмат рэпетыцый – рыхтуем некалькі цікавых праектаў. Але якіх менавіта – пакуль сакрэт.

Гутарыла Алена Брава.

Фота Альфрэда Мікуса і з архіва Ганны Урбан.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?