Вы тут

Аб правілах перавозкі дзіця расказалі інспектар ДАІ і педыятр


Дзе лепш ўстанаўліваць аўтакрэсла, у якіх сітуацыях не трэба плаціць штраф за паездку без яго і чаму зімой лепш, калі дзіця ў салоне без курткі? На пытанні маладых мам і татаў на сямейным фестывалі «ТатаРrо» адказалі інспектар ДАІ і педыятр.


— Калі дзіця можна перавозіць без аўтакрэсла, проста прышпіліўшы рамянём?

— Згодна з правіламі дарожнага руху, перавозка дзіцяці да 5 гадоў павінна ажыццяўляцца ў адпаведных прыладах, зыходзячы з таго, якія вага і рост дзіцяці, — тлумачыць інспектар аддзела па агітацыі і прапагандзе ўпраўлення ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Раман ЛАШКЕВІЧ. — Для дзіцяці ад 5 да 12 гадоў — магчыма выкарыстанне бустара (аўтамабільны бустар — гэта дзіцячае ўтрымліваючае прыстасаванне — невялікае сядзенне з падлакотнікамі без спінкі і ўнутраных рамянёў бяспекі. Пры гэтым дзіця прышпільваецца штатным рамянём па аналогіі з дарослым чалавекам). Задача бустара — прыўзняць цела малога, каб штатны рэмень бяспекі праходзіў па грудзях, а не па шыі, што небяспечна для жыцця. Адмова ад бустара дапушчальная і да 12 гадоў, калі рост дзіцяці больш за 150 см. Але дзіця ў абавязковым парадку павінна быць прышпіленае рамянём бяспекі.

Не мае значэння, на якім сядзенні вы перавозіце дзіця — на заднім або пярэднім, пры ўмове, што ў машыне няма падушак бяспекі або можна адключаць іх.

Калі падушкі бяспекі не адключаюцца, перавозіць дзіця ў дзіцячай аўталюльцы альбо аўтакрэсле, устаноўленых спінай да лабавога шкла, дапушчальна толькі на заднім сядзенні. Гэтая забарона тлумачыцца тым, што пры спрацоўванні ў выпадку ДТЗ падушка бяспекі рэзка і з вялікай сілай б'е ў спінку калыскі і прыціскае яе да пасажырскага крэсла, з прычыны чаго дзіця можа атрымаць сур'ёзныя траўмы або нават загінуць.

— Якія месцы ў аўтамабілі самыя бяспечныя, каб размясціць там аўтакрэсла?

— Лічыцца, што самае бяспечнае месца — тое, якое размешчана ззаду за кіроўцам. Чаму? У кожнага тут сваё меркаванне, асабіста мая думка такая: у кожнага кіроўцы ёсць інстынкт самазахавання. І ў надзвычайных сітуацыях ён дзейнічае інстынктыўна, адводзячы ад удару свой «бок» машыны, таму ўдар часцей за ўсё прыходзіцца ў бок пасажыра на пярэднім сядзенні. Пасажыр, які знаходзіцца за кіроўцам, нароўні з ім таксама будзе больш абаронены ад небяспекі. Заўважана, што ва ўсіх сур'ёзных ДТЗ смяротны зыход найбольш верагодны для тых, хто сядзіць справа ад кіроўцы альбо ззаду справа, то-бок, за пасажырскім сядзеннем. Пасажыры, якія сядзяць ззаду за кіроўцам, часцей застаюцца жывыя. І, вядома, гэтае правіла дзейнічае пры ўмове, што кіроўца і пасажыры карыстаюцца рамянямі бяспекі.

— Ці можна перавозіць дзіця без аўтакрэсла, калі едзеш з ім у таксі?

— Тут дзейнічае выключэнне з правілаў. У таксі дазволена перавозіць дзяцей незалежна ад іх узросту і росту без выкарыстання дзіцячых утрымлівальных прылад. Вядома, гэта небяспечна, таму мы рэкамендуем мець сваё аўтакрэсла і выкарыстоўваць яго ў тым ліку ў таксі.

— У мяне як у кіроўцы няма свайго аўтакрэсла для дзіцяці, мне яно проста непатрэбнае. Але часам знаёмыя просяць падвезці дзіця, якому менш за 12 гадоў. Што рабіць у такой сітуацыі?

— Трэба выконваць правілы дарожнага руху. У адпаведнасці з правіламі ўстаноўлены абавязак перавозкі дзіцяці як на заднім, так і на пярэднім сядзенні аўтамабіля ў спецыяльным дзіцячым сядзенні. Штраф, які вам выпіша інспектар ДАІ, будзе ненашмат меншы, чым каштуе дзіцячае аўтакрэсла. А самыя простыя такія прылады для дзяцей каштуюць менш за базавую велічыню — гэта нават танней за штраф. Хоць, калі дзіця трэба тэрмінова адвезці ў бальніцу, а аўтакрэсла няма, за гэта штрафаваць нікога не будуць.

— У доўгай паездцы з маленькім дзіцем, асабліва груднічком, пажадана кожныя 1,5—2 гадзіны спыняцца і рабіць перапынак, — урач-педыятр Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы Анастасія СТРОЦКАЯ: — Калі дзіця знаходзіцца ў аўтакрэсле-пераносцы ў становішчы напаўлежачы ў 45 градусаў, яго трэба даставаць адтуль праз гэтыя адрэзкі часу, каб яго цельца крыху пабыло ў іншым становішчы.

І яшчэ адзін нюанс: узімку дзіця пажадана перавозіць у аўтамашыне без верхняй вопраткі, таму што калі мы на куртку ці камбінезон надзяваем рэмень бяспекі, ён не стварае надзейнай фіксацыі.

— Звычайна дзіцяці не падабаецца ехаць у аўтамабілі спінай па ходзе руху, і гэтаму ёсць цалкам зразумелыя прычыны: яму хочацца глядзець на ўсё, што яго акаляе. З якога ўзросту дзіця можна павярнуць тварам па ходзе руху?

— Перавозіць дзяцей у аўталюльцы або аўтакрэсле трэба заўсёды, выкарыстоваць дзіцячыя прылады трэба нават тады, калі вы перавозіце нованароджанае дзіця. Ёсць аўтакрэсла-пераноска, якое ўстанаўліваецца, як правіла, супраць ходу руху і выбіраецца альбо па вазе (як правіла, для дзіцяці вагой да 13 кг), альбо па ўзросце (да года). Але, па вопыце, калі дзіця ўжо садзіцца, а гэта адбываецца да года, — яму становіцца цікава, што адбываецца вакол, і яно ўжо не хоча ехаць напаўлежачы. Яно імкнецца сесці, і гэта ўжо не тая бяспека, якую б хацелася мець. У такім выпадку лепш выбіраць аўтакрэслы першай групы, якія прызначаны для дзяцей з 9 месяцаў і да 4 гадоў. Такое крэсла можна ўстанаўліваць ужо па ходзе руху, і дзіцяці будзе ехаць цікава, больш бяспечна і камфортна.

Запісала Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Штраф — яшчэ не самае страшнае

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.