Вы тут

У мінскіх кінатэатрах заканчваецца пракат карціны «Шчыгол» Джона Краўлі


Гэта была надзвычайная кніга адной з найлепшых сучасных амерыканскіх аўтарак, дзе сюжэт, хоць і выключны, — толькі дапаможнік, а галоўнае ўтрымліваецца ў вышуканым паветры вакол яго. І стала даволі аднамерным фільмам, дзе засталася толькі небанальная гісторыя, а ўсё паветра сышло ў небыццё. У мінскіх кінатэатрах заканчваецца пракат карціны «Шчыгол» Джона Краўлі — экранізацыі аднайменнага рамана Донны Тарт, за які ў 2014 годзе аўтарка атрымала Пулітцараўскую прэмію. Прынамсі, сюжэт гледачу сапраўды здасца незвычайным.


Фільм, як і кніга, расказвае «гісторыю скрадзенага жыцця», дзе пад жыццём маецца на ўвазе яго сэнс. Падчас выбуху ў нью-ёркскім музеі галоўны герой Тэадор Дэкер, яшчэ школьнік, страчвае маці і замест яе атрымлівае вечную незагойную пустэчу, а таксама нешта такое, што, як і блізкі чалавек, здольна стаць сэнсаўтваральным. Па патрабаванні параненага старога хлопчык бярэ з падлогі карціну галандскага мастака Карэла Фабрыцыуса «Шчыгол», якая ў выніку становіцца галоўнай падтрымкай яго жыцця. Смерць маці цягне за сабой цэлы шэраг падзей: Тэадор пераязджае з месца на месца і ўсё прабіраецца праз церні, але не да зор, і паўсюль бярэ з сабой сваю тайну.

Напэўна, галоўнай умовай задавальнення ад фільма Джона Краўлі будзе незнаёмства з першакрыніцай. Аўтары фільма добра папрацавалі з кастынгам (запрасілі Ніколь Кідман, слушнага акцёра на ролю дарослага Тэадора і некалькі вядомых па серыялах і камерцыйных фільмах персон), падабралі чароўныя лакацыі, асвятленне і музычнае суправаджэнне, удала сыгралі на вядомым імені Донны Тарт. Нарэшце, увасоблены ў кіно сюжэт сапраўды адрозніваецца ад звыклага прадукту, які трапляе ў шырокі пракат. Але ў выпадку гэтай экранізацыі ад цудоўнай рыбы застаўся толькі абгрызены шкілет: фільм не здолеў увасобіць паўмістычнае «паветра» кнігі і не змог выправіць сваё банкруцтва.

«І ў разгар нашага памірання, калі мы прабіваемся праз глебу і ў гэтай жа глебе бясслаўна знікаем, які гэта гонар, які трыумф — любіць тое, перад чым Смерць бяссільная». З-за няздольнасці экранізаваць найвышэйшыя катэгорыі аўтары карціны вымушаны былі абраць найпрасцейшыя, прыдатныя да экрана трактоўкі, таму любоў жыцця — любоў да карціны, любоў да мастацтва — сталі ўсяго толькі напамінам пра маці Тэадора. Донна Тарт выпісвала прысутнасць «Шчыгла» віртуозна, багатымі абаротамі, несхаванымі прызнаннямі, каб не звесці жыццёва неабходнае валоданне да банальных сімвалаў страчанага, толькі яе замахі аказаліся для экранізатараў неахопнымі.

Карціна «Шчыгол», калі разглядаць яе па-за параўнаннем з літаратурным шэдэўрам, працягнула праз жыццё свайго галоўнага героя і зрабіла цэнтральным адчуванне віны за смерць маці. Такім чынам кроў, махінацыі, вяртанне скрадзеных шэдэўраў становяцца збавеннем, і ў снах Тэадора маці нарэшце паварочваецца да яго тварам, а не сыходзіць у адваротны бок. Усё жыццё хлопца, яго памылкі, сустрэчы і здрады, што ў фільме выглядаюць альбо закручаста, альбо бессэнсоўна, альбо толькі экранізацыяй, у рэшце рэшт набываюць вагу: словамі найлепшага сябра Барыса прамаўляецца, што, можа, усё гэта было дзеля стоса геніяльных твораў, у выніку выкрутаў лёсу Тэадора вернутых у нацыянальныя фонды.

Трэба сказаць, Джон Краўлі зрабіў «Шчыгла» прыгожа і роўна: ўсе надрыўныя і ненадрыўныя сцэны высакародна асвятляюцца, што адпавядае высокай літаратуры Донны Тарт, арганічна перамяжаюцца і адпаведна іграюцца. Але ёсць у гэтай экранізацыі нешта бяссільнае: аўтары хоць і зрабілі візуальнае ўвасабленне «Шчыгла» эстэтычна прыемным, але не ўклалі ў сваю эстэтыку раўназначных сэнсаў, якія маглі б падтрымаць даволі дзіўную для экрана гісторыю. Усе змены, якія ўносіліся ў першакрыніцу падчас пераўвасаблення яе ў сцэнарый, сведчаць альбо пра патрэбу ў дадатковым драматызме (зноў не на карысць гісторыі), альбо пра няздольнасць перапісаць некаторыя паверхі «Шчыгла» на мову кіно. А ў такіх выпадках — калі звужэнне шырот пісьменніка непазбежнае — больш правоў на існаванне, чым экранізацыі, маюць аўтарскія інтэрпрэтацыі.

«Шчыгла» можна паглядзець альбо праігнараваць да 29 верасня ў «Кінавідэапракаце» і да 2 кастрычніка ў сетцы Sіlver Screen.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: «Шчыгол» усіх перажыве

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.