Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» прайшлася па маршруце з дзяўчынай-міліцыянерам


«Яна крочыць па раёне ад двара і да двара, і на ёй зноў пагоны, з пісталетам кабура...» Не, гэта не пра дзядзьку Сцёпу, гэта пра прапаршчыка Таццяну Азончык, якая служыць у роце патрульна-паставой службы міліцыі Савецкага РУУС Мінска. Сустракаемся з ёй каля будынка РУУС. Яна вясёлая і смяшлівая дзяўчына, адразу з ходу расказвае, што аб «пагонах» марыла заўсёды, але не адразу рашылася кінуць сваю работу і пайсці ў міліцыю.


—У мяне характар такі баявы, як у таты, — тлумачыць Таццяна. — Напэўна, таму і марыла быць міліцыянерам.

Дарэчы, бацькі якраз і не вельмі адабраюць яе выбар. Перажываюць — як-ніяк дзяўчына, не хочацца ім, каб іх дачушка сутыкалася з не вельмі прыемным кантынгентам. Вось цяпер будзе бацькам падарунак. Возьмуць з раніцы сваю любімую газету «Звязда», а там іх Таццяна — герой артыкула.

Пахудзець? Не праблема!

У міліцыю Таня прыйшла з «грамадзянкі». Скончыла БДТУ, атрымала прафесію інжынера, хіміка-тэхнолага. Выйшла на работу. Але не адчувала сябе на сваім месцы. Не давала спакою яе дзіцячая мара. Так у 24 гады звольнілася з работы і пайшла ў спецыяльны вучэбны цэнтр для міліцыі.

— Паверце, там падрыхтоўка, што трэба, — упэўнівае Таццяна. — Чатыры з паловай месяцы неверагоднай фізічнай і маральнай працы. Без такой падрыхтоўкі ў міліцыю не трапіць. Лёгка дакладна не было! Там знаходзішся цэлыя суткі — у краму не схадзіць, часу ўвогуле няма, ранні пад'ём і строгі рэжым. За той час у «вучэбцы» я скінула адзінаццаць з паловай кілаграмаў. Гэта ж мара многіх дзяўчат! Але не хвалюйцеся, кармілі нас добра — не галадалі. Проста нічога лішняга, фізічная падрыхтоўка і рэжым.

Ды і цяпер Таццяна наўрад ці паправіцца. Яна пешы патруль, а гэта каля сарака тысяч крокаў у дзень. Калі дзяўчына прыходзіць на змену, яна атрымлівае рабочы маршрут. Вось і сёння яна атрымала ўжо дзве карткі-маршруты. Чакаем яе напарніка, старшага сяржанта міліцыі роты ППСМ Віталя Грабка.

— Мы не маем права пакідаць маршрут, за выключэннем выпадкаў, калі нас выклікае аператыўна-дзяжурная служба на візіт, — расказвае Таццяна пра сваю работу. — Кожны з нас ведае небяспечныя месцы раёна, дзе найчасцей здараюцца злачынствы, і кватэры з рэпутацыяй «прытона». Мы ўжо ведаем, куды спяшацца, калі здараецца тэрміновы выклік.

Такія выклікі мне здаюцца небяспечнымі. Таццяна супакойвае: перад кожнай рабочай зменай патрульныя праходзяць інструктаж, успамінаюць некаторыя баявыя прыёмы, атрымліваюць спецыяльныя сродкі: пісталет, міліцэйскую дубінку, рацыю, газавы балончык. Дарэчы, апошнюю прыладу Таццяна больш за ўсё любіць.

— Часта маем справу з нецвярозымі людзьмі, якія, убачыўшы перад сабой міліцыянера-жанчыну, пачынаюць грубіць і «распускаць рукі», — гаворыць Таццяна. — Але пасля прымянення балончыка яны становяцца больш рахманыя. На самай справе мы стараемся пазбегнуць прымянення любой фізічнай сілы, спрабуем дамаўляцца. На гэтай рабоце трэба заўсёды ўдасканальвацца ва ўменні знаходзіць патрэбныя словы, адчуваць настрой чалавека, каб пазбегнуць канфліктаў.

Першы шок

Да нашай размовы далучаецца Віталь, напарнік Таццяны. Ён задаволены сённяшнімі маршрутамі. Ёсць у міліцыянераў і няпростыя мясціны, напрыклад, Камароўка.

— Там з пачатку змены могуць сапсаваць настрой, — прызнаецца Віталь. — У нашы абавязкі не ўваходзіць «ганяць» бабулек, якія гандлююць кропам, наша задача глядзець за парадкам, каб ніхто не распіваў алкагольныя напоі ў грамадскім месцы, каб не ўчынялі бойкі. Але бабулі гэтага не разумеюць. Могуць падысці ды аблаяць нас. Мы стараемся іх супакоіць, але настрой у такіх выпадках ужо сапсаваны.

Мы ідзём у напрамку плошчы Бангалор. Там два маршруты. Адзін спакойны, другі міма «праблемнага дома».

— Многія жыхары гэтага дома людзі пітушчыя, — тлумачыць Таццяна. — Таму міліцыя тут часты госць.

Жанчына ўспамінае свой першы выклік пасля «вучэбкі». Нічога асаблівага, звычайны рабочы момант: суседзі выклікалі на шум у кватэры, маўляў, сямейны скандал. Прыйшлі на адрас, без праблем зайшлі ў кватэру — дзверы адчыненыя. Здалося ўсё спакойна ў аднапакаёвай кватэры. У жылым пакоі сядзіць ужо немаладая жанчына — «бічоўка» ( «былы інтэлігентны чалавек» на міліцэйскім слэнгу, чалавек, па знешніх прыкметах якога відаць, што любіць выпіць). Яна глядзіць «Поле цудаў» па тэлевізары і чысціць моркву.

— Пытаемся ў яе, маўляў, што здарылася, — успамінае Таццяна. — А яна адказвае, што нічога страшнага, пасварыліся з дачкой ды і ўсё, яна на кухні — там з ёй і пагаворыце. Мы з напарнікам заходзім на кухню, а гэта і не кухня, а быццам бы маленькі пакойчык. Стаіць ложак, на якім спружынны матрац, а спружыны гэтыя ўжо бачныя, «выйшлі» і прабілі тканіну. На ложку ляжыць дзяўчына, стогне і нешта там мармыча. Матрац у крыві. Мы кінуліся да яе аказваць дапамогу. Выклікалі «хуткую» і падмацаванне. Адразу было зразумела, хто гэта зрабіў. Дапамагаць было страшна, мы ж не ведалі, чым дзяўчына хварэе. У нас, канешне, ёсць спецыяльныя пальчаткі, у якіх мы працуем у такіх выпадках. Мы рабілі ўсё як трэба. Побач круцілася яшчэ маці, якая зразумела, што яна цяпер наўрад ці дагледзіць сваю любімую перадачу. Я была ў шоку тады ад здарэння. Скончылася гісторыя тым, што агрэсіўную маці пасадзілі, яе дачку ўдалося выратаваць.

На варце парадку

Раптам Таццяна спыняецца і заходзіць на абгароджаную пляцоўку для смеццевых кантэйнераў.

— Ну і добра, — выдыхае яна з палёгкай. — Тут звычайна спіць п'яны мужчына. Заўсёды вітаюся з ім. Ведае, што зараз мая змена.

Падыходзім да праблемнага дома, і я бачу, як людзі, якія сядзелі на лаўцы аднаго з пад'ездаў, хуценька рэціруюцца. Наблізіўшыся, мы бачым пустую лаўку і за шклом пад'ездных акенцаў сілуэты ўцекачоў. Таццяна і Віталь шчыра смяюцца.

— Глядзіце, як дзеці малыя пахаваліся, — заўважае Таццяна.

Увогуле, людзі, якія маюць залежнасці і судзімасці, нібыта скурай адчуваюць набліжэнне міліцыі. Бывае, канешне, што яны нават разам смяюцца, але скрозь слёзы. Так аднойчы ўбачыла Таццяна падазроную жанчыну здалёк, якая ўжо не раз пападалася на крадзяжы. Яна нешта цягнула ў торбе. Згледзеўшы праваахоўнікаў, імгненна падкінула цяжкую торбу ўверх і пабегла. Але раптам не ўпісалася ў паварот і ўпала ў кусты, з якіх самастойна ўжо не змагла выбрацца. І вось падыходзяць Таццяна з напарнікам да кустоў, а там сядзіць гора-зладзейка і так шчыра смяецца... Папалася, што ўжо зробіш.

Спыняемся каля іншага пад'езда, бачым мужчыну, які стараецца падняцца з лаўкі, але ногі яго не слухаюцца. Патрульныя дапамагаюць і даводзяць да дзвярэй. Заходзім, а там яшчэ двое. Трымаюцца адзін за аднаго.

— Ну, і як гэта разумець? — абурана пытаецца ў іх Таццяна.

— Ттттаняааа! — адказвае адзін з іх. — Мы ўжо дадому.

— Ну, ты ж толькі прыехаў з выцвярэзніка, — гаворыць патрульная. — Што гэта такое! Ты ж на нагах не стаіш. Закусвайце хаця б!

— Танння — 28 гггггадоў! — адказвае мужчына. — Табе 28! І я цябе ўжо запомніў! Больш не буду, зараз сыходжу...

Пачынае спускацца па лесвіцы ўніз.

— Ды не туды, — гаворыць Таццяна. — Наверх ідзі. Ты там жывеш.

Мужчыны ідуць наверх. Мы выходзім з пад'езда.

— Няўжо гэта прыемна, калі цябе ведае кожны выпівоха на раёне? — пытаюся ў Таццяны.

— Ну, што зробіш. Работа такая, — адказвае дзяўчына. — Але мяне ведаюць не толькі алкаголікі. Яшчэ мяне ведаюць бацькі, якім дапамагала знайсці іх малых, што згубіліся ў горадзе. Ведаюць мяне дарослыя, якім я прыводзіла іх пажылых хворых бацькоў дадому. Ведаюць мяне і людзі, якім стала дрэнна на вуліцы, і мы своечасова аказалі дапамогу. Разумееце, я адчуваю сябе на сваім месцы. Мне падабаецца, калі людзі побач са мной адчуваюць сябе ў бяспецы.

Я развітваюся з міліцыянерамі і гляджу, як яны бадзёра ідуць далей, па маршруце. Падумалася, што і сапраўды Таццяна шчаслівая. Яна знайшла сваё прызванне.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Патрульная Таццяна заступае на дзяжурства

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.