Вы тут

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі найбуйнейшых украінскіх СМІ


У гутарцы бяруць удзел шэсць украінскіх журналістаў: Аляксандр Харчанка, генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва «Укрінформ»; Аляксандр Мартыненка, генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва «Інтэрфакс-Украіна»; Юрый Сугак, дырэктар дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання, галоўны рэдактар тэлеканала «Украіна»; Павел Кужэеў, галоўны рэдактар тэлеканала «112 Украіна»; Вольга Кашаленка, спецыяльны карэспандэнт, палітычны аглядальнік тэлевізійнай службы навін тэлеканала «1+1» і Сяргей Брага, галоўны рэдактар газеты «Урадавы кур'ер».


Гэта першая такая сустрэча ў фармаце непасрэднай размовы адбываецца напярэдадні II Форума рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які пройдзе напачатку кастрычніка ў Жытоміры.

Лукашэнка: Беларусь і Украіна абавязаны захаваць славянскую кроўную роднасць дзеля будучых пакаленяў

Прэзідэнт прапанаваў традыцыйны фармат размовы: невялікае ўступленне ад яго і адказы на пытанні прадстаўнікоў СМІ.

— Гэта добрая практыка, і я б прапанаваў зрабіць такія зносіны традыцыяй, — прапанаваў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Па першае, я вельмі шмат даведаюся ад вас пра тое, што адбываецца зараз ва Украіне. У агульных рысах я ўяўляю, але настрой, канешне, не адчуеш, калі ты там не бываеш, не сустракаешся з прадстаўнікамі ўкраінскага грамадства. З іншага боку, у мяне ёсць магчымасць без усякіх крыватолкаў і домыслаў данесці сваю пазіцыю па фундаментальных пытаннях нашых адносін.

Кіраўнік Беларусі дадаў, што яго суразмоўцы прадстаўляюць не толькі свае выданні, але і народ Украіны. «І для нас гэта сустрэча — магчымасць шчырага і адкрытага дыялогу», — сказаў ён.

Гэта надзвычай важна, лічыць Прэзідэнт, бо беларусы і ўкраінцы настолькі цесна звязаныя агульнымі каранямі — гістарычнымі, духоўнымі, сямейнымі — што не маюць права страціць гэта адзінства. «Гэта ідэалагічны пасыл, які ляжыць у аснове ўсіх маіх разваг па сітуацыі ва Украіне», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«І мы, можа, вам не спадабаецца гэта, але я гэта скажу — абавязаны захаваць славянскую кроўную роднасць дзеля будучых пакаленняў. Перадаць яе дзецям у імя захавання міру і стабільнасці на нашых землях, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы заўсёды адчувалі падтрымку адзін аднаго, нягледзячы на тыя ўзрушэнні, якімі нас выпрабоўваў і выпрабоўвае час. Але мы ведаем, што нам па сілах разам пераадолець усе цяжкасці і знайсці рашэнне на карысць нашых краін і народаў».

Прэзідэнт назваў Украіну важнейшым суседам Беларусі, адным з галоўных гандлёва-эканамічных партнёраў, што робіць адносіны з ёй для нас прыярытэтнымі.

Ён нагадаў, што мы супрацоўнічаем па вельмі шырокаму спектру пытанняў. Гэта міжнародная бяспека, эканоміка і гандаль, культура, навука, спорт, гуманітарныя праекты. І кожны з гэтых кірункаў мае досыць істотнае значэнне, сказаў Прэзідэнт.

«Мы сабраліся тут напярэдадні маштабнай падзеі — Форума рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які праз тыдзень стартуе ў Жытоміры, — звярнуў увагу беларускі лідар.  Гэты праект вельмі значны не толькі для нашых краін, але і, адкрыю сакрэт, для мяне асабіста. Два гады таму кіраўніцтва Украіны падтрымала гэту ідэю, і ўжо праз год мы правялі ў Гомелі першы такі Форум. І вынікі не прымусілі сябе чакаць».

Такія сустрэчы, по словах Прэзідэнта, дапамагаюць нарошчваць вельмі патрэбныя міжрэгіянальныя сувязі, у першую чаргу – у гандлі і эканоміцы. Бо менавіта гандлёва-эканамічныя адносіны – ключавы складнік беларуска-ўкраінскага партнёрства — і дасягненні тут значныя.

Летась тавараабарот паміж Украінай і Беларуссю склаў амаль пяць з паловай мільярдаў долараў. Працуюць сумесныя прадпрыемствы, ёсць нямала агульных інфраструктурных праектаў, краіны аб’ядноўваюць кааператыўныя сувязі.

«І трэба сказаць, што гэты працэс пастаянна ўзмацняецца, нарастае», — падкрэсліў Прэзідэнт.

— Я не раз казаў, што Беларусь надзвычай зацікаўлена ў трывалым міры і стабільнасці ў нашых украінскіх сяброў, — акцэнтаваў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта пазіцыя базіруецца не толькі на платформе добрасуседства. Сённяшні канфлікт на ўсходзе Украіны – гэта боль у сэрцах беларусаў. Наш боль.

Прэзідэнт паўтарыў, што Беларусь будзе рабіць усё, што ад яе залежыць, для дасягнення міру ва Украіне. Ад забеспячэння работы Трохбаковай кантактанай групы ў Мінску, аказання гуманітарнай дапамогі да ўдзелу у аднаўленні інфраструктуры Данбаса. «Мы прымем любыя крокі, якія дапамогуць наблізіць нас да міру, — паабяцаў Прэзідэнт. – Тыя крокі, якія патрэбныя будуць удзельнікам гэтага канфлікту, і перш за ўсё — украінскаму народу».


Украіна павінна быць адзінай і непадзельнай

«Не трэба драматызаваць сітуацыю, што дзесьці жывуць венгры ва Украіне, палякі і іншыя. Гэта ўкраінскія венгры, гэта ўкраінскія палякі. Я такразумею. Хай на мяне ні венгры, ні палякі не пакрыўдзяцца. І для мяне святое: Украіна павінна быць адзінай і непадзельнай, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — На гэтай платформе ў гарачыя аанаўскія дні або без іх мы будзем будаваць адносіны з нашымі суседзямі, і перш за ўсё з нашай Украінай».

Прэзідэнт прывёў у прыклад Югаславію, якую падзялілі на часткі, праводзілі бамбардзіроўкі. «Каму гэта выгадна? Лягчэй кіраваць. Падумайце, каму выгадна, каб Украіна не была Украінай», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама выказаў сваё стаўленне да жыхароў заходніх абласцей Украіны, з якімі кантактаваў яшчэ падчас ваеннай службы: «Я пазнаёміўся з «варожай» Заходняй Украінай. Слухайце, я быў вельмі ўражаны: такіх прыстойных, працавітых людзей нідзе не бачыў. І калі я сышоў з войска, працаваў у сельскай гаспадарцы, то меў з імі вельмі цесныя стасункі і запрашаў да сябе працаваць».

«Так, яны больш нацыяналістычныя. А што, расіяне не нацыяналістычныя ў адносінах да сваёй краіны? Ці мы менш свядомыя, калі гаворка ідзе пра краіну?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.


У прыстойных украінцаў ніколі не будзе праблем з перасячэннем беларускай мяжы

Пра гэта сказаў Прэзідэнт, адзначыўшы, што Беларусь «закрывала» мяжу з Украінай ад злодзеяў і ад паставак зброі. У Беларусі былі выпадкі злачынстваў з выкарыстаннем такой зброі.

Прэзідэнт упэўнены, што мяжа не павінна быць бар'ерам паміж дзяржавамі і грамадзянамі, аднак павінна спыняць у тым ліку тэрарыстаў. «Мы вымушаныя былі ўзмацніць ахову мяжы перш за ўсё з пункту гледжання паступлення да нас зброі», — сказаў ён.

У гэтым годзе на мяжы з Украінай было спынена каля 70 спроб правозу зброі — гэта практычна палова ад усіх такіх выпадкаў на нашай мяжы.


Лукашэнка пра канфлікт на ўсходзе Украіны

Паводле слоў Лукашэнкі, ён «перш за ўсё, быў уцягнуты ў абмеркаванне гэтай праблемы еўрапейцамі».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што апроч усяго, калі канфлікт пачаўся, у Беларусь хлынула вялізная колькасць бежанцаў з Данецка – было зафіксавана 160 тысяч чалавек. Прэзідэнт падкрэсліў, што яго цвёрдая пазіцыя: нельга закрываць межы перад людзьмі, якія бягуць ад смерці. Нягледзячы на тое, што гэта быў вялізны ціск на эканоміку Беларусі, бежанцам з Украіны былі дадзеныя роўныя магчымасці з беларусамі.

«Цяжкія былі часы. Мы гэта перацярпелі, вытрымалі», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, ёсць падставы сцвярджаць: у канфлікце былі зацікаўленыя з розных бакоў. Беларусь гатова была выконваць толькі тую ролю, якая задавальняла б і Расію, і Украіну. Але на многія пытанні Беларусі адказу не было ні ад Расіі, ні ад Украіны.

«Я часта Пятра Парашэнку папракаў: паслухай, на тваёй зямлі ідзе вайна, гэта твая вайна перш за ўсё. Так, можна вінаваціць Расію, але гэта на тваёй зямлі вайна. Ты павінен вырашаць гэту праблему. І выказваў сваю пазіцыю. Адказу няма. Ні з аднаго, ні з другога боку», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік тэлеканала «Украіна» спытаў Прэзідэнта Беларусі пра яго бачанне вырашэння канфлікту на ўсходзе Украіны. «Ці дастаткова аднаго нашага жадання, украінскага боку, нашага Прэзідэнта, каб змяніць гэту сітуацыю?» – спытаў Юрый Сугак.

Сітуацыя пасля таго, як пачаўся гэты канфлікт, вельмі сур’ёзна змянілася, асабліва пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў — адказаў на пытанне журналіста Прэзідэнт. «Вы кажаце: жаданне. Жадання не проста недастаткова. Жаданне проста не мае зараз ніякага значэння. Прайшоў перыяд жаданняў і нейкіх настрояў. Настаў перыяд дзеянняў. Людзям патрэбны дзеянні, якія прынясуць пажаданы мір і вынікі для вашай радзімы, малой радзімы, — звярнуўся кіраўнік беларускай дзяржавы да Юрыя Сугака, ураджэнца Данбасу. — Вось што сёння чакаюць там людзі. Я ведаю, хто там застаўся: тыя, хто не змог ад'ехаць. Дзеці, жанчыны, старыя. З кім ваююць? Пытанне аднаму боку і другому боку».

Аляксандр Лукашэнка дадаў: «Калі б я аказаўся ў гэтай сітуацыі, я б рабіў усё, каб былі канкрэтныя крокі, якія можна паказаць украінцам і ўсім, хто ўцягнуты ў гэты канфлікт. Руху няма. Трэба перастаць казаць пра жаданні, трэба пачынаць дзейнічаць».

Не патрэбна ніякіх формул, лічыць Прэзідэнт. Тры славянскія народы павінны вырашыць гэты канфлікт, бо гэта ў іх доме. Такая прапанова ўжо гучала ад беларускага лідара, але і на яе не было рэакцыі. «Тады, напэўна, трэба падключаць Злучаныя Штаты Амерыкі, калі яны ўключацца і будуць нацэленыя на мірнае ўрэгуляванне і захаванне цэласнасці дзяржавы ў рамках тых межаў, якія павінны быць ва Украіне, пытанне будзе вырашацца, па крайняй меры, на ўсходзе Украіны», — выказаў сваё меркаванне Аляксандр Лукашэнка. Ён удакладніў, што пры гэтым могуць быць схаваныя палітычныя гульні, пра якія ён можа толькі здагадвацца.

Прэзідэнт падкрэсліў: «Вы павінны ведаць: мы не будзем напрошвацца да вас у міратворцы. Мы не будзем напрошвацца ў пасрэднікі. Гэта ўвогуле выключана… Гэта пустое, размовы, гэта нехта жадае набіць сабе палітычную кішэню. Магчыма, і фінансава. Я не прымаю гэтага. Я проста па-чалавечы, па-мужчынску хачу, каб гэта пытанне вырашалася. Калі гэта патрэбна будзе — мы гатовы сыграць пэўную ролю».

Калі ўкраінскім уладам прапануюць, і ў іх ёсць магчымасць, калі, канешне, украінскія ўлады вельмі хочуць захаваць межы Украіны і ўз’яднацца з усходнімі тэрыторыямі, дзе ідзе вайна, варта пайсці на ўсё: на правядзенне выбараў, на забеспячэнне гарантый удзельнікам ваенных дзеянняў і іншае, лічыць беларускі лідар.

«Трэба сёння рабіць любыя крокі для таго, каб гэта вайна была спыненая і гэта тэрыторыя пачала вяртацца ва Украіну», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Вайна рана ці позна скончыцца, галоўнае, каб гэты кавалак благадатнай зямлі – 20 % ВУП Данбас заўсёды даваў, а сёння разбураны – вярнуць ва Украіну, упэўнены кіраўнік беларускай дзяржавы. «Чым далей будзем проста жадаць, тым далей будзе сыходзіць мір і самае галоўнае — цэласнасць, і адзінства Украіны, — падсумаваў ён. — Я гатоў абмяркоўваць пытанні вайны і міра ва Украіне, і пры тым сур’ёзна, глыбока, і несці пэўную адказнасць, выканаць пэўную ролю, наколькі гэта будзе трэба ўкраінскай дзяржаве».


Беларусь не сябруе з Захадам супраць Расіі

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на сустрэчах з прадстаўнікамі ЗША заяўляе, што размовы не атрымаецца, калі ён будзе ісці ў плоскасці беларускага выбару паміж Усходам і Захадам.

«Гэта наша пазіцыя. Мы самі будзем вызначаць, якія будуць адносіны з Расіяй і Кітаем з аднаго боку, ЕС і ЗША з другога. З амерыканцаў ніхто ніколі не пакрыўдзіўся, нават высокапастаўленых. Наадварот, некаторыя публічна заяўлялі, што перад Беларуссю не ставяць пытанне выбару, а хочуць выкарыстоўваць на карысць міру і спакою ва Усходняй Еўропе, хочуць бачыць Беларусь суверэннай і незалежнай», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусі падабаецца такая пазіцыя ЗША.

«Мы яе вітаем. Гэта найбуйнейшая краіна, уплывае на ўсе працэсы ў свеце. Чаму мы павінны з імі мець дрэнныя адносіны? Ні ў якім разе!» — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што часам кантакты Беларусі з заходнімі партнёрамі выклікаюць нейкую заклапочанасць у Расіі. У той жа час Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што і сама Расія імкнецца наладзіць і развіваць адносіны з Захадам і ў прыватнасці з ЗША. «Чаму гэта павінна кагосьці напружваць у Расіі. Мы ж не сябруем з Амерыкай супраць Расіі», — дадаў Прэзідэнт.

Пытанне ад прадстаўнікоў украінскіх СМІ таксама датычылася таго, ці можа пацяпленне ў беларуска-амерыканскіх адносінах паўплываць і пакласці пачатак новаму этапу і ў беларуска-ўкраінскім узаемадзеянні.

«Пазіцыя ЗША не будзе вызначальнай у адносінах паміж Беларуссю і Украінай, — падкрэсліў беларускі лідар. — Нашы адносіны залежаць толькі ад нас. Так, мы будзем азірацца на Расію, на амерыканцаў. Але гэта не значыць, што мы будзем так ужо залежныя. Чым цясней будуць адносіны, тым больш гэтаму будзе супрацьдзеянне. Нікому не патрэбныя нашы самыя блізкія, самыя цесныя адносіны. Ні там, ні там».

Па меркаванню Лукашэнкі, у беларуска-расійскім супрацоўніцтве ёсць моцная ўзаемасувязь. Так, Беларусь імпартуе з Расіі шэраг жыццёва неабходных тавараў, у першую чаргу вуглевадароды, прысутнічаюць моцныя кааператыўныя сувязі. «Я закаранелы савецкі чалавек і гісторык. Вельмі добра ведаю гісторыю нашых узаемаадносін. Мы заўсёды былі разам. Як Украіна-Беларусь, а яшчэ больш — Расія-Беларусь на ўзроўні сямейных, міждзяржаўных адносін. Куды ні кінь, усюды самыя цесныя сувязі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Мы правялі рэферэндум у краіне аб узаемаадносінах Расіі і Беларусі. У нас няма межаў. Бываюць на скрыжаванні адміністрацыйнай мяжы праблемы з пастаўкамі нашых тавараў у Расію. Заўсёды няпроста. Гэта не толькі ўзровень міждзяржаўных адносін, а тая ступень карупцыі, якая ўласцівая чыноўнікам у Расіі. Я пра гэта адкрыта кажу Прэзідэнту Расіі, з якім мы вельмі сябруем», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў яго наогул няма ніякіх праблем у адносінах з расійскім калегам: «У нас вельмі добрыя адносіны. Хоць, хапае і іншых праблем, якія трэба вырашаць».

Паводле слоў Прэзідэнта з Украінай у Беларусі таксама ёсць праблемы, але за перыяд знаходжання ва ўладзе новага прэзідэнта —Уладзіміра Зяленскага — супрацоўніцтва неяк рухаецца. «Тое, што я гадамі не мог, дамовіўшыся з ранейшым Прэзідэнтам вырашыць, я спадзяюся, што мы зможам вырашаць гэтыя праблемы. Так што пытанняў дастаткова», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.


Прэзідэнт пра сустрэчу Трампа і Зяленскага: яны спадабаліся адзін аднаму

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Украіны Дональда Трампа і Уладзіміра Зяленскага, якая адбылася напярэдадні ў Нью-Ёрку, прайшла добра.

«Вы кажаце: ААН, гарачы дзень ... Звычайны дзень. Я стары палітык, шмат разоў бываў у ААН. Звычайны дзень, але вы яго зрабілі гарачым. Прытым добра, прыгожа зрабілі, — сказаў Прэзідэнт. — І сустрэча Уладзіміра Зяленскага з Дональдам Трампам так, як я яе бачыў, — прыстойна, разумна, прыгожа. Усё было прыгожа. Але такіх гарачых кропак з вашай падачы ў ААН бываюць дзясяткі, толькі хтосьці менш звяртае ўвагі. Цяпер яшчэ афарбоўку надалі гэтыя тэлефонныя размовы, канспіралогія нейкая з'явілася. Вось гэта прыцягнула пэўную ўвагу».

«А наогул гэта было знаёмства двух прэзідэнтаў сам-насам. Яно прайшло, з майго пункту гледжання, вельмі добра. Яны спадабаліся адзін аднаму. Можна сказаць, што гэты гарачы дзень быў нармальным для амерыканска-ўкраінскіх адносін», - дадаў Аляксандр Лукашэнка.


Пра эканамічны складнік ўзаемаадносін дзвюх краін

Чарговае пытанне ўкраінскія журналісты задалі наконт эканамічнага складніку ўзаемаадносін дзвюх краін. У прыватнасці, іх хвалюе значнае (амаль у два з паловай разы) адмоўнае для Украіны сальда ва ўзаемным гандлі.

«Мы дакладна такое пытанне перад расіянамі ставім, — адказаў Прэзідэнт. — Амерыканцы з кітайцамі – сальда адмоўнае. Гэта звязана не толькі з гандлем традыцыйнымі таварамі, а супертрадыцыйнымі таварамі – нафтапрадуктамі, якія падаражэлі значна, без якіх Украіна не можа абысціся. Мы дадатковую невялікую вартасць маем, бо з дарагой нафты вырабляем нафтапрадукты і прадаём вам. А ад гэтай цаны мы фактычна за нафту вялізныя грошы плацім. Мы тут асабліва не выйграем, але на статыстыку гэта ўплывае».

Калі будзе імкненне, сальда можна скараціць і выйсці на роўнавагавы гандаль, не сумняваецца беларускі лідар. «У нас да вас вельмі вялікая цікавасць, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. — Па вельмі-вельмі многіх кірунках, вы нават сабе не ўяўляеце. Нават па ракетабудаванні».

Прэзідэнт распавёў, як тры гады таму прапанаваў Прэзідэнту Украіны праект па сумеснай рабоце ў будаўніцтве ракет, той падтрымаў, але праект знік у небыцці.

«Мы маглі тады разам працаваць: вашы спецыялісты, нашы магчымасці, нават крэдыты мы знайшлі, гэта для вас надзвычай выгадны быў праект, і Прэзідэнт сказаў: вельмі выгадна. Такіх праектаў было не мала. І сальда было б іншым», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што ёсць і маса мірных праектаў, у тым ліку гэта дарога па Прыпяці і Дняпру, які таксама не быў рэалізаваны.


Для аднаўлення суднаходства па Дняпры патрэбныя больш актыўныя дзеянні ўкраінскага боку

Беларусь зрабіла ўсё неабходнае для рэалізацыі гэтага праекта. Пытанне, па словах Аляксандра Лукашэнкі, толькі адно — гэта паглыбленне дна Прыпяці і Дняпра. Абавязацельствы па паглыбленні Прыпяці, якія ўзяла на сябе наша краіна, выкананы.

«Пытанне за вамі. Трэба паглыбіць дно, каб усюды па Дняпры маглі прайсці судны «рака-мора», — сказаў кіраўнік краіны.

У Беларусі планавалася будаўніцтва порта «рака-мора» на глыбакаводным участку Дняпра каля вёскі Ніжнія Жары Брагінскага раёна, што на мяжы з Украінай. Плануецца паглыбленне фарватару ракі на ўчастку паміж портам і Кіеўскім вадасховішчам.

«Гэты порт фактычна гатовы прымаць судны (там мы прыцягнулі і прыватныя інвестыцыі). Калі ўбачым, што Украіна вельмі зацікаўлена, мы тут дададзім, зробім порт і вырашым іншыя пытанні на яшчэ больш высокім узроўні», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Ён упэўнены, што гэта будзе вельмі сур'ёзны штуршок у аднаўленні суднаходства, асабліва з улікам выдатнай лагістыкі па сушы з Балтыкай.

«Мы маглі б з поўначы па рацэ ў Чорнае мора пусціць патокі грузаў. Прыстойная для Украіны і Беларусі лагістычная і транзітная прывабнасць, працоўныя месцы, будзем залежыць больш адзін ад аднаго. Чаму гэтым не займацца?» — пералічыў перавагі праекта беларускі лідар.


Беларусь прапрацоўвае варыянты пастаўкі нафты з рынкаў, альтэрнатыўных расійскаму

Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, згадаў аб падатковым манеўры ў нафтавай сферы Расіі, адзначыўшы, што Беларусь у выніку гэтага вымушана шукаць альтэрнатыўныя варыянты паставак.

«Гэта не рычагі ціску. Гэта пошук альтэрнатывы», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што Беларусь, вядома, залежыць ад Расіі ў плане паставак сыравіны і вуглевадародаў.

«Але сёння гэта не катастрофа. Падатковы манеўр падкінулі нам. Калісьці мы атрымлівалі ад перапрацоўкі расійскай нафты, куплялі ў іх нафту без мытні (у нас мытны саюз, свабодны гандаль). Але яны настаялі, каб мы, прадаючы нафтапрадукты Украіне і іншым, частку грошай ім аддавалі. Потым убачылі, што шмат застаецца ў нас. Увялі гэты падатковы манеўр. То бок, у сябе ўвялі на нафту падатак, на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Мытнай пошліны быццам бы і няма ў гандлі, але яны ўвялі падатак, і нафта падаражэла», — сказаў Прэзідэнт.

«Гэта значыць, што нашы два нафтаперапрацоўчых завода апынуліся ў нявыгадным становішчы ў параўнанні з іх заводамі. Больш за тое, цяпер дайшлі да таго, што ПЗКВ забралі, зараз вяртаюць НПЗ сваім, а нашым заводам не вяртаюць. Нас падводзяць да сусветнай цаны. На што я публічна ў Піцеры ў апошні раз сказаў: раз так, тады мы вымушаны будзем закупляць нафту з рынку», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён адзначыў, што расійская нафта маркі Urals не самай высокай якасці на сусветным рынку. Беларусь раней ужо адпрацоўвала альтэрнатыўныя пастаўкі нафты па нафтаправодзе Адэса — Броды.

«Я на перамовах сказаў адкрыта: мы маем тры варыянты, пралічваем пастаўкі нафты на свае заводы. Больш за тое, мы гэтыя заводы ў гэтым годзе ў асноўным мадэрнізуем. Яны ўжо будуць прыбытковымі, калі мы купім дарагую нафту ў Міжземным або Чорным моры, або на Балтыцы. Мы купім, перапрацуем і не будзем цярпець страту», — заявіў беларускі лідар.

«Але 25 мільёнаў тон мы можам сёння перапрацаваць, і мы гэтую нафту прывязём на рынак Расіі (так яны зараз пастаўляюць тут). Возьмем, дапусцім, іранскую, амерыканскую, саўдаўскую, у Арабскіх Эміратах (нядаўна шэйх тут быў, мы вялі перамовы). Вам гэта трэба (Расіі)? Вы страціце рынак. Мінімум 20-25 мільёнаў тон. Упэўнены, не трэба. Дык давайце дамаўляцца! Не атрымліваецца», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.


Лукашэнка аб будучай сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім: мы знойдзем агульную мову

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што падчас будучай сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на Форуме рэгіёнаў дзвюх краін у Жытоміры кіраўнікам дзяржаў атрымаецца бліжэй пазнаёміцца з пазіцыяй адзін аднаго.

Прэзідэнт адзначыў, што гэтая сустрэча дасць магчымасць не проста пазнаёміцца асабіста на чалавечым узроўні, але і лепш зразумець і даведацца аб пазіцыі адзін аднаго па тых ці іншых пытаннях.

«Абяцаю, што буду праўдзівым і шчырым у размове. Гэта мая фішка. Я прывык гаварыць сумленна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Гарантую вам, мы з ім знойдзем агульную мову», — запэўніў беларускі лідар.

Гаворачы аб цяперашніх адносінах з Уладзімірам Зяленскім, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што пакуль яны ў асабістым плане яшчэ не сфармаваныя: «Я не магу сказаць, што ў нас існуюць не тое што камяні, а нават пясок у нашых узаемаадносінах. Мы проста не пагаршаем тое, што ёсць. У нас пакуль няма асабістых адносін».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі і з боку суразмоўцы адчуе сумленнасць і шчырасць, то паміж імі складуцца добрыя адносіны, і ніхто не зможа гэтага парушыць.
«Ён (Уладзімір Зяленскі) у мяне выклікае добрае ўражанне. Так, памылак таксама не пазбег, вопыту такога няма. Пэўныя памылкі былі. Калі яго будзе гэта цікавіць, я яму таксама скажу пра свой пункт гледжання», — дадаў беларускі лідар.


Пытанне з вызваленнем Паўла Шаройкі і Юрыя Палітыкі будзе вырашацца на ўзаемнай аснове

Прэзідэнт Беларусі гатовы ў бліжэйшы час на ўзаемнай аснове вырашыць пытанне з памілаваннем асуджанага ў Беларусі за шпіянаж украінца Паўла Шаройкі і абвінавачанага ва Украіне беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі.

Такія дамоўленасці былі ў свой час з былым прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

«Я Пятру Парашэнку кажу: слухай, што ты хочаш пра нас ведаць? Я табе ўсё сам распавяду-пакажу, дакументы перадам. Навошта хавацца ў пасольстве? Гэта ж негатыўна ўплывае на нашы адносіны», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі бок валодае фактамі, якія даказваюць віну асуджанага Паўла Шаройкі.

«Прытым мы ж яго не проста схапілі проста так. Мне прынеслі ўсе матэрыялы. Мы ж не білі яго, не ламалі — разумелі, што гэта будзе міжнародны скандал. І наогул не прынята выбіваць з чалавека паказанні», — адзначыў Прэзідэнт.

Такія ж доказы ў злачынстве беларускі бок прасіў прадставіць у дачыненні да беларуса Юрыя Палітыкі, якога ва Украіне падазраюць у шпіянажы.

«Шкада людзей. Аб абмене гаворка не ідзе. Я адразу ж памілую гэтага чалавека (Паўла Шаройку — „Зв“). Усё. Дамовіліся. Мы перадалі справу ў суд, асудзілі яго. Я гатовы яго памілаваць. Парашэнка паабяцаў — нічога не зрабіў. Нават у суд не накіраваў матэрыялы (па Юрыю Палітыцы — „Зв“), таму што іх няма», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Гэтыя пытанні, па словах Аляксандра Лукашэнкі, атручваюць адносіны дзвюх краін.

«Я гатовы выканаць свае абяцанні, калі ўкраінскі бок выканае свае», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што праблему можна вырашыць і зараз: «Калі бачыце, што памыліліся, папрасіце прабачэння. Нягучна. Усё роўна як. Галоўнае цяпер: не хто вінаваты, а хто вырашыць праблему. Адпускайце гэтага хлопца (Юрыя Палітыку — „Зв“), калі ён не вінаваты, і мы ціха і спакойна вырашым гэтае пытанне. Але галоўнае, яно будзе вырашана», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.


Не трэба прымушаць насельніцтва размаўляць на той мове, на якой жадае ўлада

Прадстаўнікі ўкраінскіх СМІ закранулі пытанне выкарыстання ў Беларусі тытульнай мовы. Яны звярнулі ўвагу на надпіс, які ўбачылі над уваходам у Палац Незалежнасці — ён быў на рускай мове.

Перш за ўсё Прэзідэнт звярнуў увагу, што назва «Палац Незалежнасці» — знак непарушнасці беларускай незалежнасці, і будынак гэты даступны для людзей, тут праводзяцца экскурсіі для ўсіх пажаданых. «Гэта агульнанацыянальны культурна-палітычны цэнтр, дзе працуе ўсяго тры-чатыры чалавекі: я, прэс-сакратар, пратакол і адзін памочнік, тут чыноўнікаў няма», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Што датычыцца напісання назвы Палаца на будынку, то ён зроблены і на беларускай мове — з іншага боку. «Бо ў нас дзве дзяржаўныя мовы, якія маюць цалкам роўны статус, гэта рашэнне рэферэндума, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта канстытуцыйная норма». 

Гэта тычыцца і дзяржаўнай сімволікі, нагадаў ён. 

«Так, мы больш размаўляем на рускай мове, — пагадзіўся кіраўнік дзяржавы. — Аўстрыйцы таксама размаўляюць на нямецкай, але не сталі немцамі. Такіх прэцэдэнтаў шмат. Я тут асаблівых праблем не бачу, але на стадыі самавызначэння, напэўна, гэта ўсё ж такі мае пэўнае значэнне. Але вы не параўноўвайце Украіну і Беларусь, нават у савецкія часы. Бо я добра ведаю Украіну, асабліва Заходнюю. У вас заўсёды людзі размаўлялі, нават калі і на рускай , то ўсе добра валодалі украінскай мовай. У гэтым была асаблівасць». 

І ў Беларусі ёсць свая асаблівасць. І тут, па меркаванні Прэзідэнта, гэта пытанне не стаіць востра. «У нас няма такой насцярожанасці, як ва Украіне... У нас няма насцярогі , што станем несуверэннымі, не незалежнымі па моўным прынцыпе. Размаўляем мы больш на рускай мове, часам з акцэнтам, але мову беларускую практычна ўсе ведаюць», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што апошнім часам шмат зроблена, каб пашырыць выкарыстанне беларускай мовы. Нямала, па яго меркаванні, было зроблена і ў савецкія часы. 

«Я заўсёды стараюся адыходзіць, калі вельмі палітызуецца гэта пытанне , каб не зрабіць яблыкам разладу рускую мову, — патлумачыў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка. — Не трэба ламаць насельніцтва і прымушаць размаўляць на той мове, на якой жадае ўлада. Нават калі ёсць падставы. На гэта патрэбны час. І ісці да гэтага трэба вельмі акуратна і спакойна. Інакш, калі і перажывём, то атрымаем зваротны эфект».

Прэзідэнт упэўнены: калі тытульная мова не была страчана ў Савецкім Саюзе, яна не будзе страчана зараз. Пры гэтым ён паабяцаў падумаць над перасцярогай гасцей з Украіны пра небяспеку страціць тытульную мову.

Лукашэнка расказаў аб адносінах з Пуціным, Парашэнка і Такаевым

Аляксандр Лукашэнка распавёў, якія адносіны звязваюць яго з калегамі з Расіі, Казахстана і Украіны.

«Я вельмі шмат вяду перамоваў з людзьмі, якія новыя ва ўладзе. Дапусцім, Такаеў — прэзідэнт Казахстана. Між людзьмі хімія павінна быць нейкая. Вось у нас з ім бліскучыя адносіны, мы разумеем адзін аднаго. Ён адукаваны чалавек, кітайскую мову вывучыў у свой час. У мяне асаблівая да яго павага, хоць мы і з першым прэзідэнтам Казахстана ў добрых адносінах», — распавёў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ён можа ўсё даверыць цяперашняму лідару Казахстана і гаварыць з ім абсалютна адкрыта. «Ён не будзе тлумачыць каму-небудзь інакш мае словы. Думаю, што такі і ваш прэзідэнт. У мяне не будзе закрытых тэм, недаказванняў, але калі гэта трэба будзе вашаму прэзідэнту», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў яго з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным цеплыя і шчырыя адносіны. 

«Я яму ўсё магу расказаць: ад асабістага да дзяржаўнага. Проста ўзяць і адкрыта распавесці ў любы момант, нават не думаю пра тое, як гэта будзе расцэнена, — дадаў беларускі лідар. — З Парашэнкам у нас былі выдатныя стасункі. Мы нават маглі дзесяць раз пасварыцца за сустрэчу: я яму нешта сказаў, ён адмахнуўся»


Прэзідэнт Беларусі выказаў сваё меркаванне наконт вяртання Крыма ў склад Украіны

«Мне здаецца, не. Я веру, што, як кажа Прэзідэнт (Расіі. — „Зв“), гэтае пытанне зачынены сёння і назаўсёды. Пра гэта кажа і акуратны спакойны Лаўроў, і ўсё кіраўніцтва. Кансэнсус у расійскім грамадстве — няма такога пытання, дзе б расіяне так падтрымлівалі ўладу, як па Крыме», — адказаў Аляксандр Лукашэнка на пытанне, наконт магчымасці вяртання Расіяй паўвострава Украіне. 

Па меркаванню беларускага лідара, няма такой сілы, якая супраць жадання Расіі можа гэта зрабіць. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, нават калі ў Расіі прыйдуць да ўлады людзі, якія асуджаюць далучэнне Крыма, яны не вернуць яго Украіне. «Паверце, я ведаю, пра што кажу. Не ўяўляю, якія павінны быць абставіны, каб Расія адмовілася ад Крыма сама», — сказаў кіраўнік краіны.


«Я не запісваю перамовы з Пуціным ці Зяленскім»

«Магу здзівіць вас: я не запісваю перамовы (тэлефонныя. — «Зв») з Пуціным ці Зяленскім. У нас няма гэтай практыкі. Калі мне двойчы прапаноўвалі запісваць гутаркі, я казаў: «Не, гэта нашы размовы, не трэба, каб яны былі недзе запiсаны», — паведаміў Прэзідэнт.

Пытанне падчас сустрэчы з журналістамі было зададзена з нагоды таго, што Белы дом апублікаваў расшыфроўку тэлефоннай размовы прэзідэнтаў Украіны і ЗША 
Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што і ён калісьці можа прыйсці да запісу тэлефонных перамоў, але цяпер гэтага няма.


Небяспекі эканамічнай экспансіі з боку КНР няма

Украінскія журналісты спыталі кіраўніка беларускай дзяржавы, якія ён мае засцерагальнікі для эканамічнага суверэнітэту ад кітайскай экспансіі. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што працуе ўжо з трэцім кіраўніком КНР і толькі з апошнім удалося значна прасунуцца наперад ва ўзаемным супрацоўніцтве. 

«З Сі Цзіньпінем мы пазнаёміліся, калі ён яшчэ не быў прэзідэнтам. Ён быў у Беларусі, адбылася вельмі шчырая, адкрытая размова на працягу трох гадзін, — расказаў беларускі лідар. — Таму, калі ён узначаліў КНР, мы сустрэліся як старыя знаёмыя і здолелі гэту дружбу развіць. У нас вельмі добрыя, цёплыя, сяброўскія адносіны, і эканамічныя і палітычныя». 

Калі Беларусі з боку Кітая была ў чарговы раз аказана дапамога і падтрымка, Аляксандр Лукашэнка сказаў сённяшняму кіраўніку КНР: «Мы з вамі супрацоўнічаем і падтрымліваем такія цёплыя адносіны, бо вы не паставілі перада мной ніякіх папярэдніх умоў. Мы ёсць такія, якія ёсць. Давайце выбудоўваць эканоміку». 

Потым развіліся і палітычныя адносіны, дыпламатыя, дадаў Аляксандр Лукашэнка. «Усё паступова. Кітайцы ўвогуле ў гэтых адносінах малайцы — яны ніколі не прыспешваюць. Я іх часта прыспешваў», — паведаміў ён. 

«Я зусім не баюся, што гэта супрацоўніцтва — пагроза нашаму суверэнітэту. Гэтаксама я магу спытаць у вас: а вы не баіцеся пагрозы з боку Амерыкі? Вы ж на парадак больш залежыце ад ЗША, і пагроз, калі гэта можна назваць пагрозамі, ад іх значна ў вас больш , чым у нас ад Кітая», — апеляваў кіраўнік дзяржавы. 

Любая краіна, калі супрацоўнічае з гігантамі, заўсёды баіцца подобнага, дадаў Прэзідэнт. «І вы баіцеся, што амерыканцы сядуць на вас, ды яшчэ, не дай Бог, ракеты сярэдняй і малой далёкасці размесцяць ва Украіне», — заўважыў ён. 

Наконт такго, што Кітай ажыццяўляе экспансію на рынкі, Прэзідэнт спытаў: а хто гэтага не робіць?

«Усякае можа быць, — у той жа час пагадзіўся ён. — Але трэба вырабляць свой тавар і абараняць яго цывілізаванымі метадамі».


Значная трэшчына ў адносінах паміж Украінай і Расіяй з’явілася яшчэ пры экс-прэзідэнце Украіны Віктары Януковічы

«Ён не быў антыўкраінскім чалавекам. Дзесьці нерашучым, дзесьці яшчэ нешта. І трэшчына паміж Украінай і Расіяй з’явілася пры Януковічы, калі рэзка падскочыла цана на газ. Да 220 долараў, па-мойму. І ў мяне была з ім тады размова. Ён вельмі пакрыўдзіўся на Расію. І мне кажа: „Слухай, Саша, ну чаму яны ў дачыненні да нас так зрабілі?“ Вось гэта была не першая, але значная ўжо трэшчына, калі была крыўда вельмі сур’ёзная. Можа, гэта яго і падштурхнула да рэзкага руху на Захад, да ЕС, і падпісання адпаведных пагадненняў. Потым адступілі, пачалі гарэзіць. А тут скарысталіся сітуацыяй», — сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама падзяліўся сваімі асабістымі ўражаннямі ад зносін з Віктарам Януковічам. Паводле слоў беларускага лідэра, пасля таго як экс-прэзідэнт пакінуў тэрыторыю Украіны, яны некалькі разоў па розных, у асноўным асабістых, прычынах гаварылі па тэлефоне.

«Мы былі ў добрых адносінах, але я разумеў, што часам ён можа адступіць ад генеральнай лініі. Навошта гэта трэба было рабіць? Гэта можа атруціць адносіны дзвюх краін на многія дзесяцігоддзі. Але я праз гэта пераступіў», — распавёў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, падчас прэзідэнцтва Віктара Януковіча яны часам досыць адкрыта абмяркоўвалі тыя ці іншыя пытанні. «Вы ведаеце, ён не быў ніякім прарасійскім. Ён не быў здраднікам Украіны, — сказаў Прэзідэнт. — Ніколі не быў антыўкраінскім чалавекам, але дапусціў вельмі шмат памылак, якія прывялі да таго, што ён быў проста звергнуты ў выніку неканстытуцыйных дзеянняў».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Украіна для Віктара Януковіча была ўсім, і ён ніколі не дзяліў краіну на ўсходнюю і заходнюю, хоць і меў на ўсходзе значную падтрымку. Разам з тым для людзей, напрыклад, быў непрымальны ўзровень карупцыі.

«Ён дапусціў шэраг памылак, дзеянняў, якія былі несумяшчальныя з прэзідэнцтвам», — канстатаваў беларускі лідар.

У цэлым ён ахарактарызаваў Віктара Януковіча як добрага чалавека, які вельмі давяраў людзям, якія яго акружалі, часам, не кантралюючы і не правяраючы. «Гэта ў яго было. Прэзідэнту гэта не павінна быць уласціва. Гэта недапушчальна. Ты павінен ведаць, што адбываецца вакол. Нельга мець набліжаных. Ні твае дзеці, ні ты ні ў якім разе не павінны займацца бізнесам. У цябе не павінны быць кішэні набітыя грашыма, таму што грошы ўплываюць, і забываеш пра тое, што ты кіраўнік дзяржавы. Гэта непрымальна, асабліва ў нас, славянскіх народаў», - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.


«Беларусь заўсёды рыхтуецца да сусветнага крызісу, — адказаў на чарговае пытанне Аляксандр Лукашэнка. — Мы з вамі — асколкі вялізанй імперыі, і не важна, што прайшло 25 гадоў пасля распаду Савецкага Саюзу, мы яшчэ ў гэту сусветную сістэму моцна не ўманціраваліся. Нас то злева, то справа... Нават да вайны дайшло».

Па меркаванні Прэзідэнта, нам патрэбна 50 — 100 гадоў для таго, каб падобна невялікім па памерах Фінляндыі, Аўстрыі, Швейцарыі знайшлі сябе. «Напэўна, наш час стабільнасці агульнасусветнага маштабу яшчэ не прыйшоў, — разважае Аляксандр Лукашэнка. — Таму, вядома, мы баімся гэтага, але разве да такога крызісу можна быць падрыхтаваным і спрабаваць яго пазбегнуць? Гэта ж не ад нас залежыць».

Ён нагадаў пра гандлёвую вайну паміж ЗША і Кітаем, і пра тое, што размовы аб сусветным эканамічным крызісе звязаныя з ёй.


Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што не глядзеў серыял «Слуга народу» і гэта выправіць. Падчас перадвыбарчай кампаніі ва Украіне ён шмат чуў пра гэты фільм і глядзеў у інтэрнеце ўрыўкі з яго. «Але вы ведаеце, гэта было ўчора, — сказаў ён. — Сёння ў «Слугі народа» зусім іншыя рэаліі, іншыя праблемы. І зараз яны больш істотныя і сур’ёзныя».


Наступны Прэзідэнт будзе абраны толькі народам

«Няма ў нас транзіту ўлады, размоў. Наш Прэзідэнт будзе абраны толькі народам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што не прыглядае Прэзідэнта.

«Як прыглядаць? Не трэба хадзіць з біноклем або думаць кожны дзень: «А хто?» Я так не думаю»,- сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што будзе працаваць на пасадзе Прэзідэнта столькі, колькі людзі давяраюць. «І пакуль ёсць здароўе. Калі нездаровы, так няма чаго сюды лезці. Галоўнае — здароўе і давер людзей», — лічыць ён.

«Я не прыглядаюся, дзе гэты Прэзідэнт, але ён недзе ёсць ужо. Я ж не вечны, і да смерці я Прэзідэнтам не буду. Проста хачу калі-небудзь пажыць, як усе людзі, — спакойна», — сказаў кіраўнік дзяржавы. У той жа час ёсць меркаванне, што пасля працы на пасадзе Прэзідэнта складана абстрагавацца ад бягучых падзей і не рэагаваць на іх, дадаў ён.

Адказваючы на пытанне пра дзяцей, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Мае дзеці не пакутуюць на прэзідэнцтва — ні адзін, ні другі, ні трэці. Яны „наеліся“ майго прэзідэнцтва».

У кіраўніка дзяржавы таксама пацікавіліся, ці змог бы на выбарах Прэзідэнта Беларусі перамагчы несістэмны кандыдат, умоўна кажучы, артыст. 

«У нас зусім іншы падыход, некалькі іншая рэчаіснасць. У нас сацыяльна арыентаваная эканоміка, мы не станем ўсё рэзаць на кавалкі і прыватызаваць, у нас няма алігархату, алігархічных кланаў, якія ўплывалі б на ўладу і, барані бог, на Прэзідэнта», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі ў аснове ўсяго ляжыць справядлівасць. У сувязі з гэтым ён нагадаў аб нядаўняй сітуацыі ў гомельскай школе, калі давялося ўмешвацца Прэзідэнту. Падсумоўваючы сказанае, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў Беларусі пакуль немагчымы такі варыянт.

Разам з тым ён падкрэсліў, што справа не ў родзе заняткаў — артыст або шоўмэн, а ў самім чалавеку. «Людзі прывыклі, ужо прывучаны ісці ад жыцця, глядзець, хто ён такі. Няма той сітуацыі, калі людзі, зачыніўшы вочы, могуць за кагосьці прагаласаваць, гэта немагчыма», — звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі — адукаваны і разумны чалавек, і, нягледзячы на тое, што ніколі не быў звязаны з дзяржаўнай службай, калі ён захоча, то навучыцца неабходнаму.

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што прэзідэнтамі нараджаюцца. 

«Ты будзеш называцца прэзідэнтам, але ты не станеш ім, калі ім не нарадзіўся. Сапраўдным прэзідэнтам, калі паміж табой і народам хімія нейкая, ты павінен нарадзіцца. Калі ў цябе ад нараджэння гэтага няма, ты не станеш прэзідэнтам, будзеш добрым кіраўніком, дрэнным або сярэднім», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Беларусь гатова сумесна з Украінай развіваць сетку аўтамабільных дарог

Беларусь гатова сумесна з Украінай развіваць сетку аўтамабільных дарог, калі будуць распрацаваны эканамічна абгрунтаваныя праекты. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асноўныя трасы, якія праходзяць праз Беларусь, знаходзяцца ў добрым стане. Асобныя рэканструююць, у прыватнасці дарогу з Мінска ў Вільнюс. Гэты праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. «Хочам пракласці дарогу па поўдні з Гомеля на Брэст паралельна мяжы Украіны, кіламетраў за 200-300 ад яе, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Там ёсць дарога, але яна не для вялікага патоку. Мы маглі б з Кітая, Казахстана, Расіі па паўднёвай частцы накіраваць грузапаток па гэтай дарозе». Рэалізацыя праекта плануецца ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

«У нас сетка дарог прыстойная, але хочам дадаць яшчэ тры-чатыры напрамкі», — дадаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, калі будуць эканамічна абгрунтаваныя маршруты з Украіны праз Беларусь, наша краіна гатова «хоць заўтра прапрацоўваць і ўкладваць грошы». Тым больш што Беларусь валодае апрабаванай сучаснай тэхналогіяй будаўніцтва дарог, ёсць прафесійныя, абучаныя кадры ў гэтай галіне. Беларускія дарожна-будаўнічыя арганізацыі ўжо маюць паспяховы вопыт па рэканструкцыі і мадэрнізацыі трас ва Украіне.


Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку падчас сустрэчы з украінскімі журналістамі падарылі вышыванку вядомага ўкраінскага дызайнера.

Падарунак уручыў галоўны рэдактар тэлеканала «Украіна», заслужаны журналіст Украіны Юрый Сугак, які добра знаёмы з аўтарам дызайнерскай працы Юліяй Магдыч.

Юрый Сугак распавёў напярэдадні беларускім журналістам, што яе работы носяць многія вядомыя людзі, і ўручаны беларускаму лідару падарунак — «гэта жаданне падкрэсліць, як добра украінцы ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі». Ён адзначыў, што вышыванкі носяць як у Беларусі, так і ва Украіне, і назваў гэта адным з культурных момантаў, якія аб’ядноўваюць народы дзвюх краін.

«Журналісты павінны з’ехаць у добрым настроі: прыехаў і пытанне хаця б задаў тое, што патрэбна, і склаў уражанне аб Прэзідэнце і беларуска-ўкраінскіх адносінах. Гэта галоўнае для нас, — падвёў вынікі сустрэчы Аляксандр Лукашэнка. — Таму я вам вельмі ўдзячны за тое, што вы прыехалі, асабілва тым, хто не першы раз». 

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў і за тое, што ўкраінцы падтрымліваюць беларусаў, добра да іх адносяцца. «Гэта вялікая гарантыя таго, што Лукашэнка заўсёды будзе вашым чалавекам, — сказаў ён. — І ніколі не зробіць ніякай не тое што подласці, ніякіх дрэнных спраў у адносінах да блізкай нам з вамі Украіны».

Гутарка Прэзідэнта Беларусі і прадстаўнікоў вядучых украінскіх СМІ доўжылася каля трох з паловай гадзін. Удзельнікі яе напрыканцы сустрэчы абмяняліся падарункамі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Наталля ТАЛІВІНСКАЯ, Марыя ДАДАЛКА і па матэрыялах БелТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.