Вы тут

Тыдні Германіі — 2019 праходзяць з 24 верасня да 31 кастрычніка


Яны пазнаёмяць з нямецкім кінамастацтвам і музыкай, тэатральнымі пастаноўкамі і літаратурнымі навінкамі, дазволяць наведаць фотавыстаўкі, канцэрты і іншыя мерапрыемствы ў розных гарадах.


Увогуле, паспяховае правядзенне гэтых і іншых шматлікіх і разнастайных мерапрыемстваў было б немагчымае без актыўнай падтрымкі беларускіх партнёраў, улад рэгіёнаў, дэпутатаў мясцовых Саветаў. Калі раней Тыдні Германіі ладзіліся пераважна ў Мінску, то апошнім часам назіраецца, так бы мовіць, рэгіяналізацыя іх правядзення. Сёлета Тыдні пройдуць у 12 гарадах краіны. Напрыклад, у Баранавічах адбудзецца фотамарафон «Мастацтва. Bаuhаus 100». Трэба будзе зрабіць па 10 прапанаваных тэмах 10 фотаздымкаў за 10 гадзін. Самыя крэатыўныя работы стануць часткай выстаўкі, а пераможцы атрымаюць прызы.

Пасябраваў з Баранавічамі і нямецкі Майнц, сталіца зямлі Рэйн-ланд-Пфальц з насельніцтвам каля 220 тысяч жыхароў. У 1995 годзе было заснавана таварыства дружбы Майнц — Мінск. З таго часу яно актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі розных мерапрыемстваў у Беларусі. І не толькі ў Мінску. З 2010 года яго намаганнямі ў рамках Тыдняў у Беларусі дэманструюцца кароткаметражныя фільмы нямецкага фестывалю Shоrts аt Mооnlіght. Сёлета для паказу ў Баранавічах з больш чым 100 стужак былі адабраны самыя лепшыя фільмы.

Памяць пра мінулую вайну. Гэта тэма не засталася па-за ўвагай арганізатараў з абодвух бакоў. У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце чакаецца адкрыццё перасоўнай выстаўкі «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць». Яшчэ раней выстаўка дэманстравалася ў Гродне, Гомелі, Брэсце і іншых гарадах.

У Барысаве фотавыстаўка «Баварыя» пазнаёміць наведвальнікаў з краявідамі гэтай зямлі. У работах аўтар — Ксенія Гуніна-Авербург — імкнулася адлюстраваць прыгажосць гэтых сапраўды маляўнічых мясцін. З удзелам Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева пройдзе выстаўка кніг для дзяцей на нямецкай мове Lеst mіt uns!.

Мазыр чакае варкшоп і канцэрт нямецкай рок-групы Sоlсhе. Яе музыканты з горада Хемніца ў Саксоніі даволі вядомыя ў сабе на радзіме і за мяжой. На іх рахунку чатыры альбомы, больш за 500 канцэртаў у Расіі, Румыніі, Чэхіі, Германіі і Швейцарыі. Цяпер вось канцэрты ў стылі Рhіlоfоlk у Беларусі. Іх арганізатары ўпэўнены, што песні Sоlсhе дазволяць публіцы правесці выдатны вечар і пераканацца ў тым, што складаныя тэксты і танцавальная рок-музыка не абавязкова адно аднаго выключаюць. У сваю чаргу беларускі рок-гурт «Версія» падзеліцца сваім майстэрствам і ўражаннямі аб Германіі ў прэзентацыі «Саксонія — наша версія» ў час канцэрта ў Полацкім дзяржаўным універсітэтэце.

Зразумела, каб лепш ведаць адзін аднаго, трэба часцей сустракацца, абменьвацца цікавай інфармацыяй, візітамі дружбы. У Маладзечна запланаваны круглы стол «Нямецкія і беларускія традыцыі і звычаі». Думаецца, яго ўдзельнікам будзе аб чым пагаварыць і што расказаць на гэту тэму. Як і ў Полацку, дзе маладыя людзі, былыя стыпендыяты праграмы абменаў DААD у час мерапрыемства «Германія вачыма беларусаў» раскажуць аб сваім знаходжанні ў гэтай краіне і дадуць удзельнікам карысныя парады.

Леанід Лахманенка

Загаловак у газеце: Культурныя масты з беларускімі рэгіёнамі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.