Вы тут

У Гродне пачаў дзейнічаць першы спартыўны інклюзіўны цэнтр


Падчас яго адкрыцця было заяўлена, што ў абласным цэнтры звяртаюць увагу на безбар'ернае асяроддзе. Вядзецца работа па абсталяванні пандусаў і пад'ёмнікаў. Большая частка грамадскага транспарту мае нізкія прыступкі, працуюць сацыяльныя таксі. Але ў горадзе тым не менш ёсць недахоп у памяшканнях для сумеснага правядзення вольнага часу.


Увядзенне новага цэнтра значна зніме гэту праблему, а таксама дазволіць больш увагі аддаваць здароваму спосабу жыцця. Па словах каардынатара праекта Ігара Дубовіка, тут змогуць трэніравацца людзі з рознымі фізічнымі магчымасцямі, у тым ліку з інваліднасцю. А гэта менавіта тая катэгорыя, якая мае патрэбу ў сістэмным аздараўленні.

Але не толькі. Як адзначыў старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Барыс Фёдараў, новы цэнтр стане месцам сяброўскіх сустрэч і адаптацыі людзей з інваліднасцю.

— Калі паглядзець, можна ўбачыць, як рухаецца і развіваецца гэты кірунак. Такі падыход заканамерны, бо кожны чалавек павінен забяспечвацца высокай якасцю жыцця і адчуваць сябе камфортна ў грамадстве, — адзначыў Барыс Фёдараў. — Таму новы цэнтр — не проста аб'ект з безбар'ерным асяроддзем. Гэта яшчэ і памяшканне, дзе людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць знаёміцца, займацца сваёй фізічнай формай, будаваць адносіны. І з'яўленне такіх аб'ектаў — свайго роду індыкатар стаўлення грамадства да праблем людзей з інваліднасцю.

Інклюзіўны цэнтр знаходзіцца ў будынку побач са спартыўным комплексам «Нёман». І тут усё зроблена так, каб інваліды-калясачнікі адчувалі сябе камфортна і пры гэтым маглі займацца спортам. Для гэтага тут устаноўлены адпаведныя трэнажоры, сталы для настольнага тэнісу і іншых настольных гульняў, баксёрскія прылады, кушэтка для рэабілітацыі апорна-рухальнай сістэмы і іншае.

— Інваліды-калясачнікі, якія ў адзін момант згубілі магчымасць актыўнага руху, да спорту ставяцца нават больш прыязна, чым тыя, у каго няма такіх праблем са здароўем, — кажа намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша. — І пакуль многія шукаюць адгаворкі і апраўданні свайму пасіўнаму спосабу жыцця, людзі з абмежаванымі магчымасцямі асвойваюць новыя спартыўныя вяршыні, няхай нават з рызыкай для сябе. Многія нашы інклюзіўныя спартсмены дабіліся выдатных вынікаў на многіх спартыўных спаборніцтвах, у тым ліку Параалімпійскіх гульнях.

Пасля ўрачыстага адкрыцця ўсе прысутныя змаглі азнаёміцца з магчымасцямі новага абсталявання. Інструктар па інклюзіўным кросфіце Віктар Захар'еў правёў інфармацыйны варкшоп. (Дарэчы, кросфіт — гэта праграма інтэнсіўных практыкаванняў на моц і трываласць, якія чаргуюцца.)

— У гэтай спартыўнай зале калясачнік, калі ён хоць бы крыху мабільны, можа залезці і пракачаць сабе грудную клетку і спіну, пацягаць блок. Яшчэ можна са штангай пазаймацца, — паведаміў інструктар. — Любы занятак спортам — гэта вялікая карысць для арганізма. Асабліва гэта трэба рабіць на ранняй стадыі інваліднасці. Увогуле, такія паслугі цяпер вельмі запатрабаваныя.

І хоць многае робіцца ў плане безбар'ернага асяроддзя, праблем тут хапае. Як кажуць самі інваліды-калясачнікі, яшчэ трэба многае змяніць, каб навакольнае асяроддзе стала больш дружалюбным да гэтай катэгорыі людзей.

— Сапраўды, мы адчуваем, як змяняецца гарадское асяроддзе. Выйсці на вуліцу стала намнога прасцей — ёсць і пандусы, і пад'ёмнікі. Лягчэй трапіць у краму, аптэку, паліклініку, пошту. Кіроўцы, згодна з заканадаўствам, абавязаны дапамагчы трапіць у грамадскі транспарт і выйсці з яго. Але яшчэ многа нюансаў, на якія варта звярнуць увагу. У прыватнасці, не ўсюды ёсць аўтамесцы для інвалідаў, а бывае, што яны занятыя, трэба таксама больш актыўна весці работу па паніжэнні бардзюраў у адпаведных месцах, — адзначыў старшыня Гродзенскай арганізацыі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Сяргей Фешчанка.

Што датычыцца новага аб'екта, гэта, на яго думку, добрая нагода пакінуць сцены свайго жылля і атрымаць порцыю пазітыўных эмоцый. З новым цэнтрам многія віды спорту стануць даступныя большаму колу людзей з інваліднасцю.

Новы цэнтр адкрыты ў рамках праграмы ПРААН і накіраваны на ўкараненне здаровага спосабу жыцця для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. З ініцыятывай выступіла Гродзенскае аб'яднанне рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. Праект атрымаў фінансавую падтрымку Еўрапейскага саюза. Дарэчы, на конкурс «Будзь здаровы!» было пададзена 104 заяўкі, але толькі каля 30 было прынята да разгляду. Пяць ініцыятыў атрымалі фінансаванне ў Гродзенскай вобласці. А усяго ў краіне падтрымана і рэалізуецца 25 інавацыйных ідэй, якія накіраваны на прафілактыку неінфекцыйных захворванняў і папулярызацыю здаровага спосабу жыцця.

Маргарыта Ушкевіч

Фота: grоdnоnеws.bу

Загаловак у газеце: Жыццё без абмежаванняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».