Вы тут

«Вусы, лапы і хвост — вось нашы дакументы!»


Першая сустрэча гледачоў з героямі маляванага сямейнага мультфільма, які быў створаны паводле аповесці Эдуарда Успенскага «Дзядзька Фёдар, сабака і кот», адбылася яшчэ ў 1978 годзе. Потым гісторыя «Трое з Прастаквашына» мела працяг — «Канікулы ў Прастаквашыне» і «Зіма ў Прастаквашыне». І што б вы думалі, за 40 гадоў мультфільм не толькі не страціў сваіх пазіцый — паводле сацыялагічных даследаванняў, у Расіі трылогія аб Прастаквашыне ўваходзіць у топ-3 любімых мультфільмаў, — але і атрымаў другое жыццё. Летась знакамітая студыя «Саюзмультфільм» запусціла мультсерыял «Новае Прастаквашына», і да 2020 года павінны выйсці 30 серый аб прыгодах гарадскога хлопчыка дзядзькі Фёдара, сабакі Шарыка, ката Матроскіна, паштальёна Печкіна і іншых герояў у вёсцы.


Нагадаем, гісторыя ў савецкім мультфільме пачалася з таго, што вельмі самастойны хлопчык, якому бацькі забаранялі трымаць дома жывёл, перабраўся ў вёску і пасяліўся ў закінутым доме з новымі сябрамі — катом Матроскіным і сабакам Шарыкам. Мясцовы паштальён Печкін, усюдыісны і пранырлівы чалавек, паведаміў бацькам пра месцазнаходжанне хлопчыка, каб атрымаць абяцаную ўзнагароду — ровар. Але бацькі не толькі не пакаралі сына і не забралі яго дадому, але і самі паступова ацанілі хараство вясковага жыцця...

Што цікава, рэжысёр трылогіі Уладзімір Папоў падзяліў работу над экраннымі персанажамі паміж двума мастакамі: Лявону Хачатрану мы мусім быць удзячнымі за паштальёна Печкіна, самога дзядзьку Фёдара і яго тату і маму (апошнюю мастак «спісаў» са сваёй жонкі актрысы Ларысы Мясніковай), Мікалай Ерыкалаў адказваў за жывёльны свет: Шарыка, Матроскіна, галчаня Хапайку, карову Мурку і цяля Гаўрушу. Персанажы ад серыі да серыі крыху змяняюцца — асабліва гэта бачна па дзядзьку Фёдару.

...Але ў новых серыях мультфільма, намаляваных мастакамі, якія 40 гадоў таму яшчэ не нарадзіліся, персанажы змяніліся яшчэ больш. Ужо дарослая аўдыторыя чакала «Прастаквашына» з нецярпеннем — тым больш, ката Матроскіна агучыў сын Алега Табакова Антон, «голасам» Печкіна стаў Іван Ахлабысцін, а ў інтанацыях Шарыка без цяжкасцяў угадваецца музыкант Сяргей Шнураў. Першыя дзесяць серый за некалькі месяцаў прагледзелі ў інтэрнэце 32 мільёны карыстальнікаў, а за два дні тэлепрэм'еру ўбачылі два мільёны чалавек. Што праўда, перанос гісторыі ў пачатак ХХІ стагоддзя выклікаў у гледачоў супярэчлівую рэакцыю. Адны ўхвалілі сучасную анімацыйную камедыю, у якой да таго ж з'явіліся новыя персанажы — напрыклад, сястра дзядзькі Фёдара Вера Паўлаўна і яе хатні гадаванец, грызун незразумелай пароды Тама-тама; другія выступілі рэзка супраць — крытыкі і пільныя прыхільнікі знайшлі нямала грубых ляпаў, а таксама негатыўна ацанілі новы стыль анімацыі і недарэчныя адсылкі да сучаснай поп-культуры. Незадаволены застаўся і сам аўтар арыгінальнай серыі кніг і сцэнарыяў першых мультфільмаў аб Прастаквашыне Эдуард Успенскі — але год таму пісьменніка не стала, а выхад новых серый прадоўжыўся. Лаяць іх альбо хваліць, вырашыце для сябе пасля прагляду, а калі вам усё ж даспадобы «тое самае Прастаквашына» — трылогію пакажа ў нядзелю, 6 кастрычніка, тэлеканал «Культура».

Сказана!

  •  «Ад гэтай карціны на сцяне вялікая карысць — яна дзірку на шпалерах закрывае!»
  •  «Падумаеш, я яшчэ і вышываць магу... і на машынцы таксама...»
  •  «...Кудлатасць у мяне павысілася».
  •  «Я чаму шкодны быў? Бо ў мяне ровара не было!»
  •  «Яго трэба ў паліклініку здаць, для вопытаў»
  •  «Гэта я, паштальён Печкін, прынёс заметку пра вашага хлопчыка!»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з нявесткай вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.