Вы тут

Беларуска-індыйскі семінар «Нанаматэрыялы і новыя матэрыялы» праходзіць у Мінску


Сёння ў Мінску завяршае работу трохдзённы беларуска-індыйскі семінар «Нанаматэрыялы і новыя матэрыялы». Ён праходзіць на базе дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут парашковай металургіі імя акадэміка А. У. Романа».


Насычаная і актуальная праграма сустрэчы выклікала вялікую цікавасць у вядучых навукоўцаў, даследчыкаў і спецыялістаў. І не толькі ў іх. Інтарэс, зразумела, праявілі і арганізатары навуковога працэсу з Індыі і нашай краіны, яе кіраўніцтва. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны па супрацоўніцтве з Індыяй доктар эканамічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхаіл Мясніковіч уважліва сочыць за стасункамі навукоўцаў і дзелавых колаў абедзвюх краін. Як асоба, якая даўно ў тэме размовы, Міхаіл Уладзіміравіч адразу пачаў з галоўнага: адзначыў гістарычна высокі ўзровень сяброўскіх адносін Беларусі і Індыі, высокую ступень узаемаразумення беларускага і індыйскага народаў, плённае палітычнае ўзаемадзеянне паміж Мінскам і Дэлі.

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў, што існуе трывалая арганізацыйная і прававая база для паспяховай работы, дзейнічае сумесная камісія ў галіне навукі і тэхнікі, рэгулярна праходзяць яе пасяджэнні. Міхаіл Мясніковіч у цэлым станоўча ацаніў развіццё міжпарламенціх сувязяў, вынікі эканамічнага супрацоўніцтва, ход рэалізацыі міжурадавага пагаднення.

Цяпер у стадыі рэалізацыі знаходзяцца тры інвестыцыйныя праекты ў сферы фармацэўтыкі, таксама шмат гуманітарных і адукацыйных праектаў. Іх спіс пастаянна папаўняецца. Ён таксама адзначыў, што індыйскія інвестары давяраюць беларускім партнёрам.

Міхаіл Мясніковіч нагадаў: два апошнія дзесяцігоддзі сталі стратэгічным індустрыяльным кірункам развіцця нанатэхналогій. А за ўнікальныя вынікі даследаванняў у галіне нанатэхналогій і нанаэлектронікі, нанаматэрыялаў былі прысуджаны шэсць Нобелеўскіх прэмій. Менавіта развіццё нанатэхналогій вызначыць аблічча XXІ стагоддзя.

Старшыня Савета Рэспублікі таксама ўхваліў стварэнне Сумеснага цэнтра дэманстрацыі тэхналогій на базе Цэнтра ў Хайдарабадзе. Ва ўрадзе і парламенце Беларусі гэта ідэя актыўна падтрымліваецца, бо такі цэнтр можа стаць ключавым навуковым і інфраструктурным міжнародным беларуска-індыйскім праектам, выказаў упэўненасць Міхаіл Мясніковіч.

А як усё некалі пачыналася? Індыйскія і беларускія навукоўцы з пэўнай доляй здзіўлення казалі пра тое, што пачаткам плённага і ўзаемавыгаднага супраўніцтва стала сапраўды лёсаносная камандзіроўка ў Індыю таленавітага беларускага вучонага прафесара Алега Романа напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Там ён з поспехам на працягу двух гадоў чытаў лекцыі ў адной з тэхнічных ВНУ краіны. Алег Уладзіслававіч літаральна зачараваў індыйскіх калег сваім бачаннем вялікіх перспектыў выкарыстання тэхналогій парашковай металургіі. Потым прафесар Роман стаў лаўрэатам міжнароднай прэміі імя Джавахарлала Нэру ў 1992 годзе, міжнароднай прэміі Індыйскай асацыяцыі парашковай металургіі. У 2002 годзе на канферэнцыі Нацыянальнай асацыяцыі індыйскіх інжынераў у Дэлі Алега Романа прызналі найлепшым замежным навукоўцам 2000 года. Менавіта ён з'яўляецца ініцыятарам стварэння ў Індыі цэнтра парашковай металургіі.

Так з лёгкай рукі беларускага вучонага завязаліся кантакты, распачаліся сумесныя праекты, узаемныя візіты. Вось і цяпер у Мінск прыехала прадстаўнічая дэлегацыя з Індыі. У яе складзе прадстаўнікі вядучых навуковых арганізацый гэтай краіны: Міжнароднага цэнтра перспектыўных даследаванняў парашковай металургіі ARCІ, Індыйскага тэхналагічнага інстытута, Хайдарабадскага ўніверсітэта, Цэнтра матэрыялаў для электронных тэхналогій (C-MET), Індыйскага тэхналагічнага інстытута Бамбея, Нацыянальнай фізічнай лабараторыі CSІR-NPL з Нью-Дэлі і Тэхналагічнага каледжа PSG.

Калі меркаваць па водгуках гасцей, то яны задаволены вынікамі сустрэч з беларускімі калегамі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ў Міністэрстве адукацыі. І, зразумела, у Інстытуце парашковай металургіі, які сёння ўяўляе шматпрофільную і міжгаліновую навуковую арганізацыю. Яго супрацоўнікі займаюцца распрацоўкамі, даследаваннямі і выкарыстаннем новых матэрыялаў у галіне парашковай металургіі, кампазіцыйных і звышцвёрдых матэрыялаў, ахоўных пакрыццяў, зваркі, імпульсных тэхналогій, у тым ліку зваркі выбухам.

Мэта семінара — абмеркаваць перспектыўныя кірункі даследаванняў у галіне нанаматэрыялаў, нанатэхналогій і новых матэрыялаў, усталяваць новыя, развіць і ўмацаваць ужо існуючыя сувязі паміж навуковымі і навучальнымі арганізацыямі Беларусі і Індыі — была дасягнута.

Леанід ТУГАРЫН

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.