Вы тут

Прэзідэнт расказаў, які бізнес трэба мець у Беларусі


Яшчэ класік пісаў пра выратавальную сілу прыгажосці. Пацвярджэнне гэтаму можна знайсці і ў кантэксце сучаснай беларускай эканамічнай рэальнасці. Прыгажосць (калі дакладней — касметычная індустрыя) выратавала сельскагаспадарчае прадпрыемства. У 2004 годзе генеральнаму дырэктару закрытага акцыянернага таварыства «Вітэкс» Віктару Цярэшчанку прапанавалі ўзяць пад шэфства стратную гаспадарку ў вёсцы Цеплень Уздзенскага раёна. Прадпрымальнік, які ў той час заваёўваў касметычныя рынкі, спачатку адмовіўся, але потым усё ж такі пагадзіўся з прапановай і ператварыў сельскагаспадарчы комплекс у аднаго з лідараў сярод гаспадарак Мінскай вобласці. Паглядзець, як ідуць справы ў вытворчасці касметычнай прадукцыі, і паслухаць, якім чынам наладжана работа ў аграпрамысловым сектары кампаніі, учора на вытворчасць прыехаў Прэзідэнт.


Маладзільныя яблыкі і лекавыя травы

«Гэта была самая горшая гаспадарка па паказчыках не толькі ў Мінскай вобласці, але і нават адна з найгоршых ва ўсёй рэспубліцы», — успамінае генеральны дырэктар «Вітэкса».

Сельскагаспадарчы комплекс, як паведаміў ён, не зусім карэктна называць падшэфнай гаспадаркай. Гэта аграрны сектар эканомікі, які знаходзіцца ў складзе прадпрыемства «Вітэкс», быццам яшчэ адзін цэх.

За 15 гадоў на комплексе дасягнулі значных вынікаў. Па надоях малака ў 2016 годзе ўстанавілі свой рэкорд — больш за 10 тон на карову. Калі «Вітэкс» толькі ўзяўся за гаспадарку на Уздзеншчыне, гэты паказчык быў у 10 разоў ніжэйшы. У гаспадарцы займаюцца яшчэ раслінаводствам, садаводствам, перапрацоўкай садавіны і агародніны ў сокі.

З лекавых траў, якія вырошчваюць на землях «Вітэкса», і прадуктаў пчалаводства ствараюць інгрэдыенты для касметычнай вытворчасці. Толькі з траў атрымліваюць 150—170 відаў экстрактаў. Тэхналогіі і вопыт сельскай гаспадаркі калісьці Віктар Цярэшчанка пераймаў у ізраільскіх спецыялістаў.

Дасягнуць такіх вынікаў, як расказаў гендырэктар, магчыма толькі прытрымліваючыся тэхналогій: рэцэптуры ў кармленні жывёлы, своечасовай апрацоўкі і ўгнаення раслінных культур. І вядома, тут ніяк без падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў. Пра неабходнасць жорстка прытрымлівацца тэхналогій не аднойчы аграрыям нагадваў і Аляксандр Лукашэнка, таму не дзіўна, што ён высока ацаніў сельскагаспадарчыя дасягненні прадпрымальніка.

«Заўсёды ў прыклад цябе прыводжу як бізнесмена добрага. Ты калісьці не хацеў браць (гаспадарку. — «Зв.»), а потым аддаваць не хацеў назад. І думаю, трэба ж паглядзець, як яно. Малайчына, вельмі добра. Людзі ў цябе там вельмі задаволеныя, асабліва адносінамі», — канстатаваў лідар краіны.

«Ну а ўвогуле, тыя гаспадаркі, якія мы калісьці хваляй замацавалі, толькі чатыры назад забралі. А так, прыватнікі вельмі добра распарадзіліся гэтымі гаспадаркамі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Звярнуўся Віктар Цярэшчанка да Прэзідэнта і з праблемамі. Па словах кіраўніка ЗАТ «Вітэкс», працэдура з адводам зямель цяпер занадта доўгая. «Надакучыла ўжо слухаць гэтыя прэтэнзіі, — абурыўся кіраўнік дзяржавы і даў даручэнне разабрацца з сітуацыяй. — Кіраваная краіна, а мы не можам вырашыць гэтае пытанне».

Прадпрымальнік звярнуўся за дапамогай, каб забяспечыць магчымасць прадаваць на адной пляцоўцы прадукты харчавання і касметычныя сродкі, калі яны ў закрытай упакоўцы. У крамах сеткі «Вітэкс» кантралюючыя органы робяць заўвагі. «Гэта бардак поўны. Мы ўжо пра гэта казалі, наводзячы парадак на вытворчасці. Чым адрозніваецца цюбік з пастай ад шкляной ці іншай тары?» — пагадзіўся Прэзідэнт.

Бізнес па-беларуску

Каб даведацца, ці так жа паспяхова як з аграпрамысловасцю ідуць справы з касметыкай, Прэзідэнт адправіўся ў цэхі прадпрыемства. Там ён азнаёміўся з працэсам вытворчасці прадукцыі, яе асартыментам.

«Беліта» — гэта сумеснае беларуска-італьянскае прадпрыемства, каля вытокаў якога стаяў старшыня праўлення Віктар Цярэшчанка. Кампанія «Вітэкс» — іншая юрыдычная асоба. Гэта першыя касметычныя прадпрыемствы краіны, якія разам з гандлёвымі дамамі і рэгіянальнымі прадстаўніцтвамі выступаюць на рынку як адна вялікая сетка. Прадукцыя прадстаўлена больш чым у 30 краінах свету. Экспарт складае 59 % у агульным аб'ёме паставак. Ствараюць на прадпрыемстве звыш 2000 прэпаратаў.

Прэзідэнт, азнаёміўшыся з асартыментам і якасцю прадукцыі, заклікаў карыстацца айчыннай касметыкай. Звярнуўся па кансультацыю, што больш за ўсё папулярна і запатрабавана ў беларускіх жанчын, да кіраўніка сваёй Адміністрацыі Наталлі Качанавай. А пра некаторыя найменні, прадстаўленыя на выстаўцы, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што і сам карыстаецца гэтымі сродкамі.

Кіраўнік дзяржавы звярнуўся таксама да суправаджаючых яго асоб і журналістаў з парадай выкарыстоўваць беларускія касметычныя сродкі. І распарадзіўся падараваць прысутным «за свой кошт» па сродку з лінеек «Вітэкса».

Лідар краіны падчас наведвання вытворчасці пацікавіўся, ці закупляюць айчынную касметыку гасцініцы. Супрацоўнікі адзначылі, што, магчыма, іх прадукцыя не самая танная для гасцінічнага сектара.

«Яны купляюць таксама нятаннае. З Японіі ім прывязуць, танней не прададуць, — заўважыў Прэзідэнт. — Гэта бязладдзе наша агульнае. Замест таго, каб сваё браць... У іх жа добрая прадукцыя. А ўвогуле, ніякія японцы, ізраільцяне лепш не ствараюць. Усё прыкладна аднолькавае. Але гэта прадукцыя з мясцовай сыравіны».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў кагосьці ёсць інтарэс па пастаўках касметычнай прадукцыі ў нашы гасцініцы, таму айчынныя вытворцы не прадаюць туды свае тавары, і загадаў разабрацца з праблемай.

Прэзідэнт высока ацаніў дасягненні прадпрыемства і назваў кампанію «Вітэкс» прыкладам таго бізнесу, які патрэбна мець у Беларусі: «У яго і на зямлі добрая справа, у яго ёсць і асноўная вытворчасць. Ён можа манеўраваць, дзесьці падтрымаць іх, дзесьці перакрыжавана фінансаваць. Вёсачка, сад, людзі жывуць добра і сам (генеральны дырэктар Віктар Цярэшчанка. — «Зв.») прыязджае туды душой адпачываць. І гэта правільна. У Беларусі менавіта такім чынам трэба і дзейнічаць».

Закрануў Аляксандр Лукашэнка і праблему з доглядам тэрыторыі і азеляненнем сталіцы. Праехаўшыся па Мінску, ён звярнуў увагу на наяўнасць адкосаў і яроў: «Людзі ходзяць на такім адкосе, абкошваюць траву тры разы на год. Навошта? Калі вы лянівыя такія, пасадзіце там (як у Кітаі) кусты, кветкі».

Работы ў гэтым кірунку трэба правесці на працягу восені і даць адпаведныя даручэнні кіраўнікам раённых адміністрацый Мінска.

Каментарый у тэму

Віктар Цярэшчанка, генеральны дырэктар ЗАТ «Вітэкс»: «Мы практычна за 30 гадоў з нуля прыйшлі да гэтага ўзроўню і дасягнулі статусу самага вядома прадпрыемства ў сферы касметычнай галіны не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы. Мы нават канкурыруем са шматлікімі еўрапейцамі ў вытворчасці касметыкі. Калі пачыналі, запазычвалі ўсе распрацоўкі. Сёння комплексна вырашаем усе пытанні — ад распрацоўкі да рэалізацыі. Для гэтага ў нас ёсць свой навуковы цэнтр, які распрацоўвае 100—120 відаў прадукцыі штогод, і мы іх укараняем. У нас ёсць уласная вытворчасць упакоўкі, чым мы адрозніваемся ад іншых вытворцаў касметыкі. Маючы на балансе свой сельскагаспадарчы комплекс, мы рыхтуем свае інгрэдыенты, якія выкарыстоўваем у касметыцы. Такім чынам стараемся, каб наша касметыка больш набліжалася да натуральнай».

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».

Палітыка

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

Выбары прайшлі ў прыўзнятай атмасферы, дастойна і з яркімі выступленнямі.

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.