Вы тут

Што пагражае Багамам?


Сёлетні верасень стаў трагічным перыядам для Багамаў. Ураган «Дорыян» прайшоўся па тэрыторыі астраўной дзяржавы. Віхур рэкорднай моцы атрымаў найвышэйшую — пятую — катэгорыю небяспекі. Вада падымалася да сямі метраў, а хуткасць ветру набліжалася да 300 кіламетраў у гадзіну! Праз дзень трапічны ўраган аслабеў да чацвёртай катэгорыі. Пасля «Дорыян» накіраваўся да берагоў ЗША і небяспечна наблізіўся да Фларыды. Што адбываецца на Багамах?


Піраты на плыткаводдзі

Багамскія астравы (поўная афіцыйная назва — Садружнасць Багамскіх Астравоў) — дзяржава, якая знаходзіцца на поўнач ад Карыбскага мора, на паўднёвы ўсход ад паўвострава Фларыда. У архіпелаг уваходзіць каля 700 астравоў (з іх заселены толькі каля 30) і дзве тысячы каралавых рыфаў. Паходжанне назвы дакладна не ўстаноўлена, існуюць дзве асноўныя гіпотэзы на гэты конт. Паводле адной з іх, назва паходзіць з фразы на мясцовай мове «Taіno ba ha ma» («вялікая верхняя сярэдняя зямля»). Як сцвярджаецца ў іншай гіпотэзе, назва ўзнікла з іспанскага словазлучэння «baja mar» («неглыбокае мора» або «адліў»), якое адлюстроўвае плыткаводдзе ў гэтым раёне.

Першымі пасяленцамі на Багамскіх астравах лічацца лукаяны (адсюль назва Лукайскія астравы), адгалінаванне племя аравакаў, якія прыбылі сюды прыблізна ў ІX стагоддзі. Тэрыторыю «знайшоў» Хрыстафор Калумб у 1492 годзе. Адзін з астравоў архіпелага — Уотлінга (Сан-Сальвадор) — першая адкрытая іспанцамі зямля Новага Свету. Трыма гадамі пазней каланісты пасяліліся на архіпелагу. Іспанцы вывозілі мясцовых жыхароў на Эспаньёлу (Гаіці) у якасці рабоў, і праз 25 гадоў індзейскае насельніцтва было практычна ліквідавана, а каланізатары пакінулі паселішча.

Пасля цягам стагоддзя астравы заставаліся малазаселенымі і незапатрабаванымі, пакуль кароль Англіі Карл І не перадаў іх генеральнаму пракурору. У 1650 годзе сюды прыбылі нешматлікія перасяленцы з Бермудскіх астравоў. Тады ж на Багамах атабарыліся піраты, якія стварылі свае базы для адпачынку і рамонту караблёў. Марскіх разбойнікаў выгналі англічане ў 1718 годзе. Так Багамы сталі брытанскай калоніяй.

Тут спрабавалі арганізоўваць трысняговыя плантацыі на амерыканскі ўзор, але паколькі глеба была не надта ўрадлівая, большасць «сельгаспраектаў» перастала існаваць у першыя ж гады. Затое «выстраліў» турызм — заможныя амерыканцы ахвотна раскашэльваліся на адпачынак у трапічным раю. У 1920 годзе грошы ўвогуле хлынулі ў краіну ракой: пасля прыняцця ў ЗША «сухога закона» на астравах актывізаваліся кантрабандысты. Багамы былі ідэальнай платформай для незаконнага забеспячэння Штатаў алкаголем, і неўзабаве Насау стаў велізарным складам рому. У багамскай сталіцы ўкладвалі значныя сродкі ў будаўніцтва, з'яўлялася вялікая колькасць гатэляў. Адмена «сухога закона» ў ЗША ў 1933 годзе прывяла Багамы да Вялікай дэпрэсіі. Гэтак жа як і ў Злучаных Штатах, Другая сусветная вайна пазначыла канец эканамічнага спаду. У той час многія амерыканскія ваенныя прыязджалі на астравы для адпачынку, што істотна паляпшала эканоміку краіны.

Паміж штормам і ўраганам

Пасля кубінскай рэвалюцыі ў 1959 годзе Багамы апынуліся ў выгадным становішчы з прычыны таго, што многія заходнія вандроўнікі былі вымушаныя адмовіцца ад курортаў на Кубе. У Насау пашырылася амерыканская база ВПС, каб прымаць міжнародныя авіярэйсы, быў абноўлены порт і пачалася актыўная рэкламная кампанія. Уздым дабрабыту справакаваў развіццё партыйнай сістэмы і абвастрэнне этнічных трэнняў, бо белая эліта атрымала велізарныя даходы ад турызму, у той час як чорная большасць так і заставалася за рысай беднасці.

Прагрэсіўная Ліберальная Партыя, якую падтрымлівала чорнае насельніцтва, прыйшла да ўлады ў 1967 годзе і паклала канец панаванню белых. Краіна ўступіла на шлях здабыцця самастойнасці. У 1964-м, у адпаведнасці з новай Канстытуцыяй, астравам было дадзена ўнутранае самакіраванне, з 10 ліпеня 1973 года — незалежнасць. Праўда, краўніком дзяржавы дасюль застаецца брытанскі манарх. Спробы рэформаў ад лібералаў прывялі да зніжэння кошту нерухомай маёмасці і спынення эканамічнага росту. Партыйныя лідары загразлі ў карупцыі, некаторыя з іх былі ўцягнутыя ў міжнародны наркагандаль. Пасля дапамогі ЗША, аказанай для спынення наркатрафіку ў 1980-х, і выбараў адміністрацыі, якая прадстаўляе інтарэсы дзелавых колаў (Свабодны нацыянальны рух), у 1992 годзе Багамскія астравы пачалі паступова адраджацца.

Але ўмяшалася стыхія. Увогуле Багамы рэгулярна пакутуюць ад ураганаў і трапічных штармоў. Так, у 1992 годзе чацвёра загінулі падчас урагану «Эндру». У 1999-м ураганы «Дэніс» і «Флойд» (апошні суправаджаўся больш чым 15-метровымі хвалямі) прайшліся па астравах, разбурыўшы дамы, дарогі, рыфы і курорты. Да 2001-га ўрон быў ліквідаваны, і Багамы зноў набылі прывабнасць для турыстаў. У 2004 годзе дзевяць чалавек загінулі падчас трапічнага шторму «Жанна». У 2016-м, падчас урагану «Мэцью», аэрапорты Багамскіх астравоў былі закрытыя і жыхары прылеглых тэрыторый былі выкліканы ўладамі для перамяшчэння на ўзвышша, каб уратавацца ад паводкі.

Чатыры мільёны турыстаў

Цяпер насельніцтва Багамскіх астравоў складае каля 385 тысяч чалавек. Большасць — 85 працэнтаў жыхароў — маюць афрыканскія карані. Адсюль да Фларыды рукой падаць — каля паўсотні міль. Паколькі архіпелаг знаходзіцца побач з Ямайкай, Кубай і Гаіці, ён рэгулярна выкарыстоўваецца ў якасці транзітнага пункта для бежанцаў, якія імкнуцца дабрацца да Злучаных Штатаў. Паводле звестак Міжнароднай Арганізацыі па міграцыі, каля пяці тысяч гаіцян працуе на астравах афіцыйна, але ад 20 да 50 тысяч іх суайчыннікаў знаходзіцца ў краіне нелегальна.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Багамы — даволі паспяховая краіна. Па паказчыку ВУП на душу насельніцтва яна знаходзілася паміж Іспаніяй і Бахрэйнам. Турызм з'яўляецца асноўнай крыніцай даходу, прычым 80 працэнтаў са штогадовых чатырох мільёнаў наведвальнікаў прыязджае са Злучаных Штатаў. На гэты сектар прыпадае 60 працэнтаў ад больш чым 12 мільярдаў долараў ВУП, і ў ім занятая палова людзей працаздольнага ўзросту. Галоўнай славутасцю Багамаў з'яўляецца Atlantіs Paradіse Іsland, велізарны турыстычны комплекс насупраць Насау.

Краіна моцна пацярпела ад фінансавага крызісу 2008 года. З тых часоў рост аднавіўся, але застаецца слабым, склаўшы 1,4 працэнта ў 2017-м. Праз нізкія падаткі банкаўская справа з'яўляецца другім па велічыні сектарам эканомікі краіны, на долю якога прыпадае пятая частка ВУП. У 2000 годзе Багамскія астравы былі аднесены да катэгорыі падатковых гаваняў, а ў красавіку 2010-га яны былі выкраслены з шэрага спісу краін Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР).

Архіпелаг прыцягвае шматлікіх славутасцяў — ад шатландскага акцёра Шона Конеры, даўняга рэзідэнта з падатковых меркаванняў, да амерыканца Джоні Дэпа, які валодае тут прыватным востравам. Нью-ёркскі музыкант Лені Кравіц лічыць астравы сваім домам і адасабляецца для творчасці — менавіта тут ён зводзіў свой апошні альбом.

«Вада забрала іх»

Урон ад «Дорыяна» складзе ад 25 да 40 мільярдаў долараў, што зробіць яго самым дарагім ураганам апошніх гадоў, паведаміла агенцтва Bloomberg са спасылкай на прагноз аналітыкаў UBS Group. Што ж датычыцца Багамаў, то страты ад «рэкорднай» стыхіі тут унушальныя. Паводле ацэнак Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, да 45 працэнтаў дамоў на астравах Вялікі Багама і Абака былі часткова або цалкам разбураныя. Звыш 60 тысяч чалавек мае патрэбу ў ежы і пітной вадзе, адзначаюць у ААН, загінулі дзясяткі людзей, каля 1,5 тысячы лічацца прапалымі без вестак.

Па словах кіраўніка групы USAІD па аказанні дапамогі ў выпадку стыхійных бедстваў Роба Джэнкінса, супрацоўнікі агенцтва дапамагаюць ураду правяраць спісы імёнаў, каб ідэнтыфікаваць сапраўды зніклых людзей. Таксама ён дадаў, што USAІD пераходзіць да аказання доўгатэрміновай падтрымкі, такой як пошук пастаяннага жылля для пацярпелых, аднаўленне школ і расчыстка тэрыторыі астравоў ад смецця. Як адзначылі ў міністэрстве турызму Багамскіх астравоў, «ніколі ў гісторыі мы не бачылі ветру 200 міль у гадзіну». Мясцовы жыхар напісаў у «Твітэры» з Паўночных Багамаў: «Некаторыя людзі не змаглі выратавацца. Вада забрала іх». На думку другога месціча, «Багамскія астравы ператварыліся ў краіну трэцяга свету».

Эксперты адзначаюць, што цяпер цяжка ацаніць, колькі часу спатрэбіцца, каб забяспечыць жыллём усіх, каму яно небходна. Паводле ацэнак фірмы Karen Clark&З, страты маёмасці без уліку інфраструктуры і аўтамабіляў, могуць скласці сем мільярдаў долараў.

Урад на пачатковых этапах паведаміў пра лічбу 200 мільёнаў долараў. Як заявіў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, які наведаў пацярпелую тэрыторыю: «Багамскія астравы не будуць аплачваць гэты рахунак толькі са сваёй кішэні... Новыя буйнамаштабныя кліматычныя катастрофы патрабуюць новых шматбаковых мер рэагавання. Адна з іх — кліматычнае фінансаванне». Багамам дапамагло мноства дзяржаў, міжнародных арганізацый і асобных людзей па ўсім свеце.

Прадстаўнік Нацыянальнага агенцтва па надзвычайных сітуацыях Багамскіх астравоў Карл Сміт заявіў, што ўрад перайшоў да другога этапа аднаўлення рэгіёнаў, разбураных ураганам «Дорыян», паведаміла АР. Паводле яго слоў, ужо завершаны першачарговыя мерапрыемствы па аказанні дапамогі насельніцтву. Другім этапам будзе аднаўленне інфраструктуры — мастоў, дарог і аэрапортаў. Пасля гэтага ўлады збіраюцца засяродзіцца на рэканструкцыі. Багамы актыўна аднаўляюцца пасля разбуральнага ўдару стыхіі. Аднак спакойным гэтае месца не назавеш — пасля «Дорыяна» рэгіён «наведаў» трапічны шторм «Умберта».

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Трывожны рай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».

Грамадства

ПВТ адкрыў у Драгічыне STEM-цэнтр

ПВТ адкрыў у Драгічыне STEM-цэнтр

Гэта камп'ютарны клас, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі.

Палітыка

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

Выбары прайшлі ў прыўзнятай атмасферы, дастойна і з яркімі выступленнямі.

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.