Вы тут

Адбыўся паказ пастаноўкі «Кандзід, альбо Аптымізм»


Гэта ўсё. Адзін з найлепшых беларускіх рэжысёраў-лялечнікаў Ігар Казакоў, які зрабіў славу Магілёўскаму тэатру лялек і толькі-толькі з яго сышоў, паказаў у Мінску сваю пастаноўку «Кандзід, альбо Аптымізм». Паказ адбыўся ў рамках форума тэатральнага мастацтва «Тэарт» і прадэманстраваў, як шалёна недарэмна ў сталіцы збіраецца праграма «Belarus Open». Пікантная філасофская аповесць Вальтэра ў свой час хваляй пракацілася па Еўропе, а сёння, калі ўразіць сытага гледача ўжо складаней, Казакоў бярэ надзвычайнай выкрутлівасцю ў ператварэнні маленькай тэатральнай сцэны ў агромісты няветлівы свет, дзе нацягваць на сябе ўсмешку застаецца толькі штучна, рукою. Такі ёмкі, вынаходлівы, іранічны Вальтэр нам бясспрэчна даспадобы.


Лялечныя спектаклі як неад'емны авангардны элемент беларускага тэатра ў праграму форуму ўваходзяць заўсёды, ды і сам Ігар Казакоў — даўно не навічок як на «Тэарце», так і ў пахвальных водгуках крытыкаў. Глядач, магчыма, памятае яго пастаноўкі «Гамлет», «На дне» і «Сіняя-сіняя» і разумее масштаб страты Магілёўскага тэатра лялек, з якога рэжысёр сышоў пасля трынаццаці гадоў работы, бо менавіта дзякуючы Казакову на гэтым абласным горадзе быў пастаўлены адзін з дэцэнтрычных акцэнтаў тэатральнай сферы.

Зрэшты, сыходы апошнім часам наогул характэрныя для нашай сцэны. Мы ўжо расказвалі пра рэжысёра Аляксандра Янушкевіча, што звольніўся з Брэсцкага тэатра лялек і гэтым таксама яго аслабіў. А інсцэніроўку спектакля «Кандзід, альбо Аптымізм» напісаў адзін з найцікавейшых айчынных драматургаў і рэжысёр Дзмітрый Багаслаўскі, які не так даўно сышоў з Маладзёжнага тэатра.

Нягоды галоўнага героя пастаноўкі з нягодамі беларускіх тэатралаў у нечым ненаўмысна пераклікаюцца. Яшчэ неспрактыкаванага юнака Кандзіда, які выхоўваўся ў замку барона і жалезна верыў у перакананне настаўніка Пангласа ў тым, што ўсё ідзе да лепшага, вытурылі з замка за інтымную сувязь з дачкой уладара Кунігундай — і пачалося. Кандзід стаў блукаць у пошуках прыкметаў таго самага найлепшага свету, у існаванне якога верыў дзякуючы Пангласу, але трапляў на новыя і новыя выпрабаванні ды ім усё не было канца.

Армія, інквізіцыя, прыродныя катаклізмы, гандаль людзьмі, выкарыстанне сваёй улады, барацьба паміж рэлігіямі, прадажны суд, забойствы, падманы, рабаванні і нізкая чалавечая існасць — праз усё гэта праходзяць аптымізм, даверлівасць і каханне Кандзіда, каб у рэшце рэшт прымусіць нацягнуць змушаную ўсмешку і спыніцца на думцы, што паўсюль у свеце аднолькава дрэнна.

Чым далей, тым больш бляклым становіцца настрой галоўнага героя, і пастановачная група выкарыстала надзейныя спосабы гэта адлюстраваць. Апроч таго, што выканальнік галоўнай ролі Аляксандр Куляшоў паступова пазбаўляецца адзення (і суд сімвалічна раздзявае яго ўканец), ён з усё глыбейшым сумам, з усё цішэйшым голасам, з усё больш павольнымі рухамі садзіцца за вясло, каб адправіцца ў чарговае падарожжа ў пошуках лепшага жыцця. Аптымізм, выдатна вымаляваны Аляксандрам Куляшовым (субтыльны хлопец у нязграбным галаўным уборы жвава рухаецца і ўсё задаецца пытаннямі аб светабудове) у спектаклі, здаецца, мяжуе з неразумнасцю. Зрэшты, панаваць яму застаецца нядоўга.

Функцыянальныя дэкарацыі раз-пораз ператвараюцца ў судна і без асаблівых высілкаў пераносяць месца дзеяння ў іншыя гарады ды краіны. У праёмах з'яўляюцца новыя персанажы, выявы і рэквізіт, і судна лёгка робіцца зямной лакацыяй. Тэатральная сцэна без разбуральных умяшанняў умомант перайначваецца ў Буэнас-Айрэс, Венецыю альбо казачную зямлю Эльдарада, і вынаходлівым выкарыстаннем месца ўсё не абмяжоўваецца. Вобразы і эпізоды сумяшчаюць у сабе прыемную воку эстэтыку, метафарычнасць ды здаровы кураж аўтараў, дзе і гумар, і сумная іронія, і прамыя адсылкі да рэчаіснасці.

Хоць дзеянне і адбываецца дзе заўгодна, але не ў Беларусі, інсцэніроўка і рэжысёрскія рашэнні спектакля ўвесь час нагадваюць, што знаходзіцца за дзвярыма тэатра. Першакрыніца не проста аказваецца надзённай дзякуючы сваёй крытыцы марнага аптымізму — яна яшчэ і ўвасабляецца са шматзначнымі, датычнымі ўжо толькі нас, дэталямі. Аўтары ўдала расставілі акцэнты па працяглых падарожжах Кандзіда і на некаторых яго «пунктах» спыніліся асобна — так філасофская аповесць XVІІІ стагоддзя з прыгожым гумарам і надрыўнай журбой стала беларускім спектаклем.

Ты з задавальненнем дзеліш гэтыя жарты, намагаешся ахапіць сцэну ў яе — кожную секунду — прыцягальнай кампазіцыі, як дурань чакаеш чарговай пстрычкі па аптымізме Кандзіда, бо ён задаволіць твае чаканні і пакажа больш рэжысёрскіх вынаходак, але нарэшце спектакль канчаецца. І ты ўсё разумееш.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Аднолькава добры альбо аднолькава дрэнны

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.