Вы тут

Браніслаў Эпімах-Шыпіла як даследчык і дарадца


Даўно пабачылі свет томікі спадчыны і разнастайныя даследаванні жыцця і творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Язэпа Драздовіча, Вацлава Ластоўскага і іншых падзвіжнікаў беларускага руху пачатку ХХ стагоддзя. За гэтымі энцыклапедычнымі імёнамі стаіць асоба Браніслава Эпімах-Шыпілы (1859—1934) — дзеяча беларускай культуры, выдаўца, фалькларыста, мовазнаўцы, літаратуразнаўцы.


Браніслаў Эпімах-Шыпіла, 1929 г

Ён актыўна падтрымліваў беларускі рух: і матэрыяльна, і праз пэўныя сувязі ў Санкт-Пецярбургу, быў апірышчам у адміністрацыйным і грамадскім сэнсе для многіх творцаў. З новымі ідэямі ішлі менавіта да яго, бо ведалі, што дапаможа ў іх рэалізацыі, вырашыць юрыдычныя праблемы, забяспечыць прававы бок, дасць сваю кватэру пад юрыдычны (а часта — і фактычны) адрас. Тут адбываліся пасяджэнні суполак, у якіх браў удзел і сам гаспадар — як спецыяліст у падрыхтоўцы выданняў. Напрыклад, Уладзімір Самойла, намагаючыся выдаць на радзіме Купалаву «Жалейку», урэшце адпраўляе яе рукапіс Шыпілу ў Пецярбург, дзе той і арганізоўвае выданне зборніка…

Між тым выдання спадчыны самога Браніслава Эпімах-Шыпілы мы пакуль не маем. Падрыхтаваны да друку рукапіс знаходзіцца ў выдавецтве, збіраецца тыраж.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, укладальніца зборніка і даследчыца творчасці Эпімах-Шыпілы Ганна Запартыка распавяла, пра што будзе гэтае выданне, а таксама пра тое, як збіраліся матэрыялы.

Крыху з гісторыі

— Ідэя з’явілася на пачатку 2000-х, задумалі рэалізаваць яе разам з Віталём Скалабанам. Пачалі шукаць крыніцы, звярнуліся ў Нацыянальную бібліятэку. І тут высвятляецца, што нават карткі з імем Эпімах-Шыпілы няма! Ён ніколі не друкаваўся ў зборніках. Хаця ўжо былі даследаванні, у тым ліку і Рыгора Семашкевіча, адносна асобы Шыпілы, але як аўтар у каталогу ён не фігураваў. Зборнік быў падрыхтаваны. Падтрымалі яго выданне айчынныя навукоўцы, сярод якіх быў і Генадзь Кісялёў. Ён жа напісаў і прадмову з грунтоўным асэнсаваннем ролі вучонага ў беларускім нацыянальным руху пачатку ХХ стагоддзя. Была акрэслена дзейнасць Браніслава Эпімах-Шыпілы як збіральніка беларускіх памятак, як супрацоўніка Інбелкульта, як чалавека, які стаяў ля вытокаў стварэння Акадэміі навук Беларусі. З’явіліся матэрыялы Ірыны Багдановіч, Аляксея Каўкі. Сабралі ўсе прысвячэнні Эпімах-Шыпілу, пачынаючы з Янкі Купалы да сучасных творцаў.

Але галоўную частку выдання мусіў заняць зборнічак «Беларуская хрэстаматыя», які Эпімах-Шыпіла рыхтаваў у 90-я гады ХІХ стагоддзя: ён перапісваў творы, якія былі тады папулярнымі, чыталіся на вечарынах. Многае з таго толькі таму і вядомае цяпер — творы даследаваны літаратуразнаўцамі і ўключаны ў розныя зборнікі, але сама шыпілаўская хрэстаматыя ніколі асобна не выдавалася. Тады ж мэтай было запісаць невядомыя творы.

На пачатку ХХ стагоддзя, калі беларускія пісьменнікі мелі першыя свае кніжкі, калі выходзіла «Наша Ніва», збіраць рукапісныя творы стала неактуальна, і «Хрэстаматыя» аказалася для ЭпімахШыпілы накшталт запісной кніжкі, куды занатоўваў тое, што было даспадобы. Ёсць меркаванне, што і ён сам — аўтар аднаго з вершаў. То-бок «Хрэстаматыя» — своеасаблівы дакумент свайго часу, а для нас — сведчанне таго, што беларускай літаратурай у ХІХ ст. цікавіліся, яна жыла ў рукапісах, творы гучалі на свецкіх сустрэчах (што было модным), а паэты прымаліся ў элітных дамах, падыгрывалі модзе часу.

Браніслаў Эпімах-Шыпіла з сям'ёй сваякоў Гагалінскіх, 1912 г

На жаль, у 2000-х выдання не адбылося. Але да зборніка я вярталася, дадавала каментары, працягвала збіраць звесткі. Атрымала ўнікальныя матэрыялы з розных фондаў гістарычнага архіва СанктПецярбурга — асабістыя справы студэнта Эпімах-Шыпілы і бібліятэкара Эпімах-Шыпілы. Дакументы гэтыя аўтабіяграфічныя, падпісаныя многімі адказнымі асобамі: службоўцамі, выкладчыкамі ўніверсітэта, асобамі, звязанымі з грамадска-адміністрацыйнай дзейнасцю Эпімах-Шыпілы падчас яго жыцця ў Пецярбургу.

Потым дадаліся і пісьмы. Выправіліся некаторыя недакладнасці. Былі выяўлены фотаздымкі вучонага і яго таварышаў — беларускіх дзеячаў, з якімі ён ліставаўся. Такім чынам, зборнік пашырыўся да саліднага тома. Ёсць у рукапісе выдання і ўспаміны пра ЭпімахШыпілу.

Хрэстаматыя ў томіку спадчыны будзе ў аўтэнтычным выглядзе, з тагачасным правапісам. Многія месцы ў ёй патрабуюць каментароў — яны зроблены; фразы, якія сустракаюцца на іншых мовах, перакладзены, пра аўтараў вершаў (а ў некаторых выпадках і адсутнасць аўтараў) падаюцца звесткі. Каб чытач мог атрымаць асалоду ад спасціжэння мовы, а праз яе — і атмасферы таго часу.

Адметна, што Браніслаў Эпімах-Шыпіла быў не проста бібліятэкарам, які нешта прымаў, рэгістраваў, выдаваў ці кансультаваў наведнікаў як бібліёграф, але меў шмат уласных прац, актыўна займаўся навукай. Таму ў зборніку будуць і бібліяграфічныя працы Эпімаха-Шыпілы, яго рэцэнзіі, якія ўдалося выявіць, публіцыстыка і слоўнік — уласныя дакументы вучонага.

Як вядома, Эпімах-Шыпіла быў адным з аўтараў «Меморыі прадстаўнікоў Беларусі па III канферэнцыі народаў», што праходзіла ў 1916 годзе ў Швейцарыі. Ведаў ён больш ад дваццаці моў, валодаў імі вольна.

Пра прыватнае

— З сябрам, музыкам Юльянам Дрэйзіным, ЭпімахШыпіла перапісваўся на латыні. Для зборніка гэтыя тэксты з паштовак перастварыў па-беларуску лацініст Алесь Жлутка. Паштоўкі захаваліся ў архіве Юльяна Дрэйзіна.

Пры жыцці Эпімах-Шыпілы публікацыі былі, але захавалася не ўсё. Як прыклад — артыкул «Беларуская мова ў гімназіі»: даследчык адстойваў права выкладаць прадметы па-беларуску. Захаваўся і слоўнік Эпімах-Шыпілы: знаходзіцца ў архіве Санкт-Пецярбурга, яго выявіў Рыгор Семашкевіч і апублікаваў у «Полымі». Працуючы ў Інбелкульце, а пасля — у Акадэміі навук Беларусі, Эпімах-Шыпіла як мовазнаўца рэцэнзаваў самыя розныя працы. Адна з іх — выданне А. Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павету». Рэцэнзія глыбокая, грунтоўная, з тлумачэннямі марфалогіі, фанетыкі і іншых асаблівасцяў гэтых казак.

Значную частку выдання складае эпісталярная спадчына Эпімах-Шыпілы — яго лісты да сяброў: Паўла Шыбанава, Еўдакіма Раманава, Язэпа Драздовіча (будуць у друку ўпершыню). Ёсць і лісты да вучонага, у тым ліку і Купалавы.

Частку кнігі займаюць дакументы пра жыццё і дзейнасць Эпімах-Шыпілы. Тут жа і яго выдатны гімназічны атэстат, і розныя даведкі, дазволы на выезд на радзіму. Частка дакументаў датычыць сям’і вучонага, на той момант студэнта. Вучоны згадвае і рэкамендацыю Рыгора Янчавецкага, гімназічнага настаўніка, вядомага літаратуразнаўцы, да Пятра Палявога, пісьменніка другой паловы ХІХ стагоддзя. Такім чынам, біяграфія ЭпімахШыпілы дэталізаваная. Вядома, што ў бібліятэцы ён працаваў больш ад 25 гадоў — уся праца ў гэтай установе дакументаваная.

Ёсць таксама і паказанні са следчай справы, якая была выяўлена ў архіве КДБ. Пасля, у 1930 годзе, Эпімах-Шыпілу выселілі з Мінску, не дазволілі жыць у Беларусі. Ён вяртаецца ў Ленінград — і пра тыя яго некалькі гадоў амаль нічога не захавалася. Ёсць толькі звесткі, што ён сустракаўся з вучоным Канстанцінам Пушкарэвічам, яму ж і перадаў на захаванне тое, што не паспеў (ці не планаваў) аддаць у Акадэмію навук. Гэта і Хрэстаматыя, і некаторыя рукапісы, і копіі дакументаў і твораў. Пушкарэвіч не перанёс блакады ў 1942 годзе, цяжка захварэў, а пры ім быў Бэндэ. Тое, што мы маем, — з фонду Бэндэ.

Пра нечаканыя знаходкі

Рукапіс польскамоўнай Хрэстаматыі Эпімах-Шыпілы

— Дзядзька Эпімах-Шыпілы апекаваўся малымі пляменнікамі, якія рана асірацелі: Браніславу было толькі дзевяць. Але сродкаў не хапала: праз матэрыяльныя праблемы Браніславу складана было вучыцца. Захавалася шмат яго прашэнняў. У адным з іх ёсць імя Марчэлы Зэмбрых: маўляў, ці можна што-небудзь вылучыць на навучанне з тых грошай, што яна пакінула… Як аказалася, сапраўднае імя жанчыны — Марцэліна Праксэда Каханьская (па мужу Штэнгель). Яна, равесніца Браніслава, тады была вельмі папулярнай у Еўропе опернай спявачкай, і ў часы вучобы Браніслава якраз выступала на сцэнах Пецярбурга і Масквы пад дзявочым прозвішчам маці. Хутчэй за ўсё, яна зрабіла дабрачынны ўнёсак у фонд матэрыяльнага забеспячэння студэнтаў. Высветлілася таксама, што залатым медалём, як і Браніслава, узнагародзілі яго аднакласніка Іераніма Друцкага-Любецкага, які потым стаў грамадскім дзеячам Мінскай губерніі. Срэбны медаль атрымаў аднакласнік Леанід Окнаў, будучы літаратуразнавец і педагог, выкладчык Рыжскай Аляксандраўскай гімназіі, — такія людзі былі побач з Браніславам. Засталося поле даследаванняў — як яны ўплывалі на яго, як ён уплываў на іх светапогляд, успрыманне беларускай мовы і літаратуры, дый беларусаў увогуле.

Але самай неспадзяванай знаходкай стала «Хрэстаматыя» на польскай мове (яна збіралася ў 1870—1880-я гады). Аказваецца, з яе і пачынаў… Гэта было натуральным, бо Браніслаў паходзіў з каталіцкага асяродка — значыць, дома ў яго размаўлялі па-польску. У польскамоўнай «Хрэстаматыі» — вершы, напісаныя да падзелаў Рэчы Паспалітай, звязаныя з рухам супраціву пасля гэтых падзей…

Праз выданне, якое неўзабаве мусіць пабачыць свет, перад чытачом панарамна разгорнецца жыццё Эпімах-Шыпілы. Чытач зможа даведацца пра людзей з яго атачэння, якія падтрымлівалі ў тым ліку і тады, калі яму пагражалі арышты і судовыя працэсы...

Дарэчы, пасля смерці Эпімах-Шыпілы Тамаш Грыб пісаў да Адама Станкевіча, выказваючы думку аб неабходнасці выдання зборніка, прысвечанага памяці вучонага: «…Зрабіце гэта! Хай голас праўды прагучыць на ўсім абшары Беларусі, ад Вяллі аж да Ловаці, аж да Буга!» (пісьмо датуецца 1935 годам).

Яна БУДОВІЧ

Загаловак у газеце: Падтрымліваў, натхняў, дапамагаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».