Вы тут

Колькасць пацыентаў са стомамі не змяншаецца


Штогод у мінскім гарадскім цэнтры колапракталогіі, што дзейнічае на базе 2-й клінічнай бальніцы (дарэчы, найстарэйшай медыцынскай установай сталіцы, якая гэтымі днямі святкуе сваё 220-годдзе) выконваецца каля 1,5 тысячы аперацый для пацыентаў з кішэчнымі паталогіямі. У іх ліку — каля 100 рэканструкцыйна-аднаўленчых аперацый, каля 200 — на прамой кішцы. Пры гэтым, нягледзячы на вялікую колькасць хірургічных умяшанняў з мэтай аднавіць кішэчнік, спецыялісты кажуць, што колькасць пацыентаў са стомамі не змяншаецца.


Практалагічныя хваробы: ні ўзрост, ні пол не перашкода

У аперацыйнай 2-й клінічнай бальніцы Мінска. Фота БЕЛТА.

Іх на ўліку каля 1200. Тлумачыцца гэта павелічэннем колькасці анкалагічных пацыентаў, а таксама людзей з хранічнымі запаленчымі захворваннямі кішэчніка, якія патрабуюць этапных аперацый, першая з якіх — устаноўка стомы.

Пацыенты цэнтра колапракталогіі — людзі самых розных узростаў. Ёсць і 18-гадовыя маладыя людзі — як правіла, гэта той, хто меў прыроджаныя паталогіі кішэчніка і спачатку аперыраваўся ў дзіцячых цэнтрах, а затым перайшоў у дарослы. Але іх няшмат. Куды больш дастаткова маладых пацыентаў, якія маюць запаленчыя хваробы кішэчніка, што развіваюцца ў маладым узросце.

— Гэта вельмі цяжкая група пацыентаў — людзі з язвавым калітам, хваробай Крона. Яны назіраюцца і лечацца пераважна ў гастраэнтэролагаў, але з кожным годам, на жаль, назіраецца такая тэндэнцыя, калі да аператыўнага ўмяшання звяртацца прыходзіцца часцей, — кажа загадчык колапракталагічнага аддзялення, кандыдат медыцынскіх навук Франц Высоцкі.

Экстранных анкалагічных пацыентаў (з крывацёкамі) таксама аперыруюць у цэнтры. Толькі ў выпадку калі крывацёк удалося спыніць, іх пераводзяць у анкадыспансер для камбінаванага лячэння, калі аперацыі папярэднічае прамянёвая тэрапія. Дарэчы, каланаскапію, як адзін з галоўных метадаў дыягностыкі, які дазваляе пазбегнуць у будучым коларэктальнага раку, Франц Высоцкі раіць рабіць пасля 50 гадоў.

— Калі ў сям'і няма коларэктальнага раку ў анамнезе, то выконваць каланаскапію рэкамендуецца пасля 50 гадоў. Калі ў кагосьці з блізкіх адзначаны эпізод коларэктальнага раку, то пярвічную каланаскапію варта рабіць значна раней — у 40 гадоў. Але часам мы бачым выпадкі анкалогіі ў 30 гадоў. Гэта крайне рэдкія выпадкі. Тут многае залежыць ад клінічнай карціны: калі ёсць крывацёкі, болі, то каланаскапія можа прызначацца і раней.

І мужчыны, і жанчыны аднолькава часта хварэюць на практалагічныя хваробы. У цэнтры вядзецца кансультацыйны прыём, трапіць да ўрача могуць не толькі жыхары Мінска, але і іншых гарадоў. Прайсці лячэнне ў стацыянары іншагароднім таксама можна — на пазабюджэтнай аснове.

Сёння тут развіваюць і лапараскапічныя метады коларэктальнай хірургіі. Наша краіна, дзе такія тэхналогіі пачалі масава ўкараняцца з 2015 года, пакуль адстае ад суседніх краін — Расіі і Польшчы. Першыя такія аперацыі пачалі выконваць у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, за чатыры гады іх зроблена каля 130. Маецца аналагічны вопыт і ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. З мінулага года магчымасць зрабіць лапараскапічную аперацыю з'явілася і ў практалагічным аддзяленні 2-й клінічнай бальніцы. Пакуль тут выконваецца ўсяго адна лапараскапічная коларэктальная аперацыя на тыдзень. І для далейшага развіцця гэтага кірунку клініцы патрабуецца дадатковае аснашчэнне лапараскапічнымі стойкамі, сшывальнымі апаратамі і іншым. Зараз для аддзялення плануецца закупіць дадатковую лапараскапічную стойку. Гэта дазволіць павялічыць колькасць такіх аперацый да 2—3 на тыдзень.

— Гэта перспектыўны кірунак. Ён не танны на этапе аперацыі, але такія пацыенты хутчэй выпісваюцца са стацыянара, менш знаходзяцца на бальнічным, у іх менш рызыкі ўзнікнення ўскладненняў, яны не патрабуюць вялікай колькасці абязбольвання, і ў рэшце рэшт лапараскапічны метад сябе апраўдвае, — кажа Франц Высоцкі.

Лапараскапічныя аперацыі лягчэй пераносяцца пацыентам, а вось для хірурга больш затратныя: калі адкрытае хірургічнае ўмяшанне доўжыцца каля чатырох гадзін, то лапараскапічнае — 6—7. У коларэктальнай хірургіі лапараскапічныя аперацыі выконваюцца пацыентам з дывертыкулярнай хваробай тоўстай кішкі і яе злаякаснымі і дабраякаснымі (паліпы) пухлінамі, выпадзеннем прамой кішкі.

Пасля 75 гадоў кожны 10-ы мае парушэнні рытму сэрца

На базе 2-й клінічнай бальніцы дзейнічае і Гарадскі кардыялагічны цэнтр. Колькасць пацыентаў за апошнія 10 гадоў тут павялічылася ў 1,5 раза. Спецыялісты гэта звязваюць і з падаўжэннем працягласці жыцця, і з развіццём тэхналогій, у тым ліку дыягнастычных. Пры гэтым смяротнасць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў па-ранейшаму знаходзіцца ў нашай краіне на першым месцы і займае ў структуры 59 %. У Мінску гэта лічба складае 560 чалавек на 100 тысяч насельніцтва, у катэгорыі працаздольных — 95 на 100 тысяч насельніцтва.

— Наш пацыент — узроставы, яго стан нярэдка ўскладнены наяўнасцю неўралагічных, гастраэнтэралагічных, пульманалагічных і іншых паталогій, — кажа намеснік галоўнага ўрача па кардыялогіі 2-й гарадской клінічнай бальніцы, кіраўнік гарадскога кардыялагічнага цэнтра Раіса Чэчко. — Сярэдні ўзрост нашых хворых — 76 гадоў, пры гэтым сярэдні ўзрост жанчын — 82 гады.

На базе 2-й клінічнай бальніцы маецца тры кардыялагічныя аддзяленні: для лячэння вострага каранарнага сіндрому (інфаркту міякарда), хранічнай сардэчнай недастатковасці, складанага парушэння рытму. Працуе два ангіяграфічныя кабінеты, у тым ліку развіваецца эндаваскулярная арытмалогія, павялічваецца колькасць умяшанняў з устаноўкай кардыястымулятараў.

— Гэта важны кірунак, бо пасля 75 гадоў кожны 10-ы пацыент мае парушэнні рытму сэрца, — кажа Раіса Чэчко. — Павялічваем і колькасць аперацый па радыёчастотнай аблацыі.

Алена Кравец

Загаловак у газеце: «Да аператыўнага ўмяшання звяртацца прыходзіцца часцей»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.