Вы тут

Нацыянальная бібліятэка правядзе цыкл мерапрыемстваў «Берасцейская Біблія: адкрыты дотык»


Факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі, як і яе выданне больш за 450 гадоў таму, стала для Беларусі вялікай культурнай падзеяй. Брэст да свайго тысячагоддзя атрымаў ад Прэзідэнта ва ўсіх сэнсах каштоўны і значны падарунак — арыгінал выдання. У даследчыкаў з'явілася магчымасць глыбокага вывучэння аднаго з самых старажытных беларускіх кніжных помнікаў, а ўсе ахвотныя гэтай восенню могуць дакрануцца да аднаго з сімвалаў нашай гісторыі і нацыянальнай культуры. Прычым зрабіць гэта можна і ў Брэсце ў музеі гісторыі горада, і ў Мінску — Нацыянальная бібліятэка цягам паўтара месяца правядзе цыкл рознафарматных мерапрыемстваў «Берасцейская Біблія: адкрыты дотык».


Алесь Суша чытае публічную лекцыю пра Берасцейскую Біблію.

— Я магу назваць сама меней 30 прычын для ўшанавання гэтага, самага дарагога і прыгожага ў гісторыі айчыннага кнігадруку, кніжнага помніка і падказак, чаму варта ім ганарыцца, — сказаў падчас адкрытай публічнай лекцыі, што дала старт серыі мерапрыемстваў, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці, каардынатар і навуковы кіраўнік праекта Алесь СУША.

У спісе гэтых прычын ёсць, напрыклад, такія:

Берасцейская Біблія — доказ уключанасці беларускай культуры ў сусветны працэс. Аб гэтым, упэўнены даследчык, сведчаць стасункі на роўных князя Мікалая Радзівіла Чорнага з волатамі эпохі Адраджэння, вядомымі рэлігійнымі дзеячамі, кіраўнікамі многіх дзяржаў свету, сярод якіх кароль польскі Жыгімонт Аўгуст, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліян ІІ, герцаг Прусіі Альбрэхт і многія іншыя — звароты да якіх сустракаюцца ў тэксце Берасцейскай Бібліі.

Гэта самае вядомае выданне першай друкарні на беларускай зямлі. «Ці многія ведаюць, што менавіта ў Берасцейскай друкарні былі выпушчаны першыя айчынныя ноты або палітычныя граматы, зборнікі заканадаўчых актаў? — разважае Алесь Суша. — Большасць з іх да сёння, на жаль, проста не захавалася, таму пра іх цяжка меркаваць, а вось Берасцейская Біблія дайшла да нас праз стагоддзі».

Берасцейская Біблія — сімвал ахвярнасці і мецэнацтва. Па ацэнках даследчыкаў, канцлер ВКЛ князь Мікалай Радзівіл Чорны, на грошы якога ў верасні 1563 года выданне ўбачыла свет, выдаткаваў ад 5 да 10 тысяч дукатаў — на той час гэта была выключна вялікая сума.

Адзін з вельмі ўдалых РR-праектаў у еўрапейскай культуры ХVІ стагоддзя. Прафінансаваўшы выданне Берасцейскай Бібліі, Мікалай Радзівіл насамрэч зрабіў вельмі ўдалыя інвестыцыі на будучыню — у прэстыж не толькі свайго роду, які прымусіў свет лічыцца з Радзівіламі, але і наогул сваёй краіны.

Кніга як сведка велічы і магутнасці Берасця, сімвал старажытнага і сучаснага горада. Брэст першы з беларускіх гарадоў атрымаў магдэбурскае права і гарадскую ратушу, тут з'явіліся першая аптэка і шпіталь, першая сінагога... «Берасце было цэнтрам эканомікі і культуры свайго часу, і той факт, што менавіта тут убачыла свет першае ў Беларусі і Усходняй Еўропе поўнае выданне Бібліі, таксама пацвярджае статус і веліч горада», — упэўнены Алесь Суша. У наш час Берасцейская Біблія вярнулася ў горад у выглядзе асобнага помніка і часткі скульптурнай кампазіцыі да 1000-годдзя Брэста, у факсімільным і арыгінальным варыянце, як аснова новага турыстычнага маршруту — словам, стала неад'емнай часткай ужо сучаснай культуры.

Зрэшты, больш поўны пералік 30 прычын з падрабязным іх тлумачэннем і абгрунтаваннем змешчаны ў дадатку — навуковым даследаванні Алеся Сушы «Асэнсаванне шэдэўра», якім суправаджаецца кожнае факсіміле Берасцейскай Бібліі. Яго, дарэчы, пачалі ўжо замаўляць некаторыя ўстановы, ёсць зацікаўленасць і з боку калекцыянераў-кніжнікаў — таму 11 факсіміле, выдадзеных сёлета ў жніўні ў дзяржаўна-прыватным партнёрстве з ЗАСТ «Белнафтастрах», гэта толькі пачатковая лічба. Велічны помнік нацыянальнай кніжнай культуры вяртаецца ў Беларусь — як у матэрыяльным выглядзе ў бібліятэкі і музеі, так і ў грамадскую свядомасць, гэта ўсцешвае.

Да 7 кастрычніка факсіміле знаходзіцца ў адкрытым доступе ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Да 7 кастрычніка факсіміле Берасцейскай Бібліі будзе знаходзіцца ў адкрытым доступе ў атрыуме Нацыянальнай бібліятэкі. «Можна прыйсці пагартаць, пачытаць, папрацаваць з тэкстам, а калі захочаце, пападымаць 15-кілаграмовы фаліянт», — напаўжартам запрашаюць бібліятэкары. Потым выданне пераедзе ў Музей кнігі. А цыкл мерапрыемстваў працягне выстаўка арыгінальных выданняў Берасцейскай Бібліі (нагадаем, сёння ў свеце вядомыя 130 асобнікаў, у тым ліку ў Беларусі пяць, але ўсе яны няпоўныя) — плануюць прадставіць шаноўнай публіцы нават тыя рарытэты з прыватных калекцый, якія раней нідзе і ніколі не выстаўляліся. Для даследчыкаў — мовазнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, культуролагаў, гісторыкаў — неўзабаве будзе зладжаны навуковы круглы стол, прысвечаны Берасцейскай Бібліі, пасля якога, магчыма, загадак і міфаў вакол выдання стане менш — а мо, наадварот? У Клубе кніжных прафесараў адбудуцца тэматычныя музейныя заняткі для дзяцей. Таксама ў праграме мерапрыемстваў, якая будзе доўжыцца з пачатку кастрычніка да пачатку — сярэдзіны лістапада, — лекцыі экспертаў, майстар-клас па пераплётах, адмысловая акцыя ў галіне кніжнай графікі з удзелам мастакоў-ілюстратараў, тэатралізаваныя імпрэзы, у тым ліку фрагменты з пастаноўкі «Біблія князя Радзівіла»... «Далучайцеся — гарантую, будзе цікава і карысна», — сур'ёзна гаворыць Алесь Суша.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота — Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.