Вы тут

Жыхары прысталічча скардзяцца на выкіды ад гарадскіх сцёкаў


Ужо шмат гадоў жыхары дзясяткаў населеных пунктаў на паўднёвым усходзе ад Мінска пакутуюць ад непрыемных пахаў. Галаўны боль, млоснасць, прыгнечаны стан — толькі некаторыя з праяў суседства з глеевымі сажалкамі Мінскай ачышчальнай станцыі, гавораць тыя, каму «пашчасціла» на такое суседства. Каб вырашыць гэту праблему, грамадзяне звярталіся ў розныя інстанцыі, але нічога так і не змянілася. Людзі вырашылі аб'яднацца, склалі ініцыятыўную групу, якая і пачала шукаць выйсце ў розных інстанцыях. Справа дайшла і да звароту ў Адміністрацыю Прэзідэнта.


Глеевая гаспадарка «Волма» — гэта 18 сажалак-адстойнікаў, на якіх захоўваюцца асадкі сцёкавых водаў.

Глей і сажалкі

Мінская ачышчальная станцыя была ўведзена ў эксплуатацыю на пачатку 1960-х гадоў. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў гаспадарча-бытавыя і прамысловыя сцёкі, што ўтвараюцца на тэрыторыі сталіцы, паступаюць у гэты комплекс. Пасля ачысткі сцёкі трапляюць у раку Свіслач, а глей складзіруецца на спецыяльных сажалках, размешчаных недалёка ад вёскі Сіняло Мінскага раёна. Менавіта апошнія аб'екты і сталі каменем спатыкнення мясцовых жыхароў з УП «Мінскводаканал» і ведамствамі, адказнымі за стан наваколля і здароўе насельніцтва.

Сёння глеевая гаспадарка «Волма» — гэта 18 сажалак-адстойнікаў, на якіх захоўваюцца асадкі сцёкавых водаў. Апошняя сажалка была ўведзена ў эксплуатацыю сёлета. Па словах грамадзян, пахі нечыстот распаўсюджваюцца ад пляцоўкі на цэлыя кіламетры, вымушаючы жыхароў Сіняла, Міханавічаў, Прывольнага, Гатава, Мачулішчаў і іншых населеных пунктаў хавацца ў сваіх дамах, шчыльна зачыняючы дзверы і вокны нават у спёку.

Мясцовыя жыхары таксама кажуць пра тое, што смурод шкодна ўплывае на здароўе як дарослых, так і дзяцей, а школы, што размешчаны ў вобласці ўздзеяння сажалак, уваходзяць у топ-10 самых хварэючых школ Мінскага раёна.

Пах ёсць — шкоды няма?

Ці можа пры такім стойкім удушлівым смуродзе быць добры стан наваколля? «Пры адпаведнасці гранічна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў у атмасферным паветры наваколле з'яўляецца бяспечным і спрыяльным», пачулі жыхары гэтага самага наваколля ў адказ. Спецыялісты кажуць пра тое, што ў пробах паветра, якія адбіраюцца побач з сажалкамі, у большасці не зафіксавана перавышэнняў ГДК, а наяўнасць некаторых проб з перавышэннямі звязана з часовымі фактарамі. Пры гэтым яны згаджаюцца з мясцовымі жыхарамі, што непрыемны пах прысутнічае нават у тых выпадках, калі якасць паветра па выніках іх даследаванняў адпавядае нарматывам. Што ж тады яго выклікае, калі не шкодныя рэчывы, і як можна хутка пазбавіцца ад невыноснага смуроду?

Начальнік вытворчасці «Мінскачыствод» УП «Мінскводаканал» Андрэй Герасімчык расказаў, што для вырашэння праблемы непрыемнага паху на адной з глеевых сажалак цяпер праводзіцца навукова-даследчая работа — вывучаецца магчымасць яе рэкультывацыі, у тым ліку высаджваюцца саджанцы дрэў, аналізуецца іх прыжывальнасць. Праўда, мясцовыя жыхары вельмі скептычна аднесліся да такога варыянту рашэння іх праблемы — на іх думку, каб дрэвы сёння сапраўды абаранялі ад шкодных рэчываў, іх трэба было пасадзіць значна раней, тым больш што многія з саджанцаў дрэнна прыжываюцца.

Яшчэ з пачатку 2000-х гадоў цягнецца справа і з магчымай рэканструкцыяй Мінскай ачышчальнай станцыі. Згодна з апошнімі данымі, увесь праект павінен быць рэалізаваны да 2025 года, а канкрэтна будаўніцтва комплексу збудаванняў па ўтылізацыі асадкаў — у 2023 годзе. А да гэтага часу глей па-ранейшаму будзе захоўвацца на сажалках-адстойніках. Прадпрыемства таксама выпрабоўвае ўстаноўку для нейтралізацыі пахаў. Але сказаць дакладна, наколькі эфектыўна яна будзе працаваць на сажалках, па словах прадстаўнікоў «Мінскводаканала», яшчэ немагчыма.

На сустрэчы ў Лугавой Слабадзе прысутнічалі прадстаўнікі УП «Мінскводаканал», а таксама арганізацый і ўстаноў, падначаленых Мінздароўя і Мінпрыроды.

Пакуль гэтага не адбылося, ініцыятыўная група настойвае на тым, каб хоць бы аператыўна атрымліваць інфармацыю аб якасці атмасфернага паветра ў раёне сажалак. Сёння за яго станам сочаць спецыялісты Мінскводаканала і санітарныя службы — перыядычна іх лабараторыі праводзяць адбор проб. Але такія праверкі, на думку мясцовых жыхароў, не могуць аб'ектыўна адлюстраваць сітуацыю — патрэбна пастаянна (кругласутачна) рабіць замеры, што можна рэалізаваць толькі дзякуючы стацыянарнаму пасту.

Кіраўніцтва Мінскводаканала ў адказ на заклікі грамадскасці пагадзілася разгледзець пытанне закупкі такога паста. Але падчас сустрэчы не было агучана, ці будзе прадпрыемства дакладна яго набываць. Па словах начальніка аддзела экалогіі і развіцця УП «Мінскводаканал» Вольгі Зайцавай, пакуль збіраецца інфармацыя пра абсталяванне, якое можа ўвайсці ў склад пункта, і патрабаванні да яго ўстаноўкі.

Мясцовыя жыхары выказалі незадаволенасць такім марудным развіццём падзей. Яны ўпэўнены — гэта пытанне, улічваючы яго актуальнасць і сацыяльную напружанасць, неабходна і можна вырашыць значна хутчэй.

Члены ініцыятыўнай групы таксама пацікавіліся, чаму да гэтага часу не праведзена ацэнка рызыкі здароўю насельніцтва, якую павінны былі правесці перад будаўніцтвам 18-й сажалкі. Прадстаўнік УП «Мінскводаканал» растлумачыла: цяпер на прадпрыемстве ідзе інвентарызацыя выкідаў забруджвальных рэчываў. Па яе выніках будуць разлічваць санітарна-ахоўную зону і правядуць ацэнку рызыкі. Актывісты ў адказ звярнулі ўвагу на неабходнасць уключыць у склад выкідаў і адпаведна ў далейшым вымяраць падчас маніторынгу такія рэчывы, як фармальдэгід і меркаптаны, якія, на іх думку, моцна ўплываюць на інтэнсіўнасць «водару» з сажалак.

Пытанні застаюцца

Падчас сустрэчы прадстаўнікі грамадскасці былі незадаволеныя некаторымі адказамі спецыялістаў, лічылі іх неканкрэтнымі, насычанымі складанай тэрміналогіяй, выказвалі сумнеў, што з боку дзяржорганаў сапраўды робіцца ўсё магчымае, каб вырашыць праблему. Удзельнікі сустрэчы недаверліва адносіліся да выказванняў прадстаўнікоў дзяржарганізацый, што зафіксаваныя перавышэнні ГДК непасрэдна не звязаныя з дзейнасцю Мінскай ачышчальнай станцыі і сажалак-адстойнікаў; што зліў свежага глею ў старыя сажалкі (з'яўляецца парушэннем) быў толькі разавы; што ў цёмны час сутак на аб'екце не праводзіцца ніякая работа (менавіта вечарамі і нават ноччу мясцовыя жыхары часта адчуваюць вельмі моцны пах).

Чаму актыўныя дзеянні па рэкультывацыі глеевых пляцовак, якія існуюць яшчэ з 1970-х гадоў, ажыццяўляюцца толькі цяпер, нягледзячы на тое, што многія з гэтых аб'ектаў былі запоўненыя дастаткова даўно? Чаму для ўтылізацыі асадкаў сцёкавых водаў не шукаліся і не шукаюцца больш экалагічныя варыянты? Такія пытанні таксама гучалі падчас сустрэчы ад ініцыятыўнай групы.

Ад «водару» глеевых сажалак пакутуюць жыхары некалькіх населеных пунктаў.

Акрамя дзейнасці Мінскай ачышчальнай станцыі гаварылі і пра планы Мінскага вытворчага гарбарнага аб'яднання, што знаходзіцца ў Гатаве. У пачатку 2019 года праходзілі грамадскія абмеркаванні наконт будучага будаўніцтва адстойніка для гарбарнага прадпрыемства побач з глеевымі пляцоўкамі Мінскводаканала. Грамадскасць выступіла супраць такога спосабу ўтылізацыі адходаў. На сустрэчы галоўны інжынер завода Юрый Вакалюк расказаў, якія варыянты сёння распрацоўваюцца для вырашэння праблемы: шукаецца альтэрнатыўны ўчастак для магчымага будаўніцтва; адначасова прапрацоўваецца варыянт будаўніцтва закрытага аб'екта, «з якога не будзе выкідаў»; разглядаюцца прапановы арганізацый наконт новых спосабаў утылізацыі такіх адходаў, і ўжо рэалізуецца адзін з такіх пілотных праектаў; тэрыторыя каля сажалак апрацоўваецца спецыяльнымі рэчывамі, якія павінны зменшыць інтэнсіўнасць паху.

Жыхары падчас сустрэчы не раз падкрэслівалі — усе тыя мерапрыемствы, што сёння праводзяцца на Мінскай ачышчальнай станцыі і глеевай гаспадарцы, павінны былі быць выкананы яшчэ некалькі гадоў, калі не дзесяцігоддзяў таму. Тым больш што чакаць станоўчых эфектаў ад іх правядзення можна яшчэ доўга.

А рашаць праблему трэба. Хоць бы таму, што яна ўзнікла і працягвае існаваць побач са сталіцай еўрапейскай дзяржавы.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Гісторыя з «водарам»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.

Грамадства

Рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзянiс Дук: У нас свае асаблiвасцi i шлях развiцця ў сусветнай гiсторыi

Рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзянiс Дук: У нас свае асаблiвасцi i шлях развiцця ў сусветнай гiсторыi

Тры гады таму Дзянiс Дук пераехаў у Магiлёў, каб узначалiць вядучую ВНУ вобласцi па падрыхтоўцы педагагiчных кадраў.

Эканоміка

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Пераможцы шостага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці — 2020» сёлета ўдзельнічалі ў спаборніцтвах анлайн і гэтак жа атрымлівалі віншаванні.