Вы тут

«Закуліссе» новага сезона


Шэсць прэм’ер і шэраг маладых імёнаў. Вялікі пачынае


Дырэктар Вялікага тэатра оперы і балета Уладзімір Грыдзюшка, мастацкі кіраўнік Валянцін Елізар'еў, галоўны хормайстар Ніна Ламановіч, балетмайстар-пастаноўшчык Юрый Траян падчас прэс-канферэнцыі.

Вялікі тэатр оперы і балета гучна заявіў пра пачатак новага 87-га сезона. Так, 15 верасня на сцэне тэатра адбылася прэм’ера абноўленай версіі оперы Аляксандра Барадзіна «Князь Ігар», якая прайшла з вялікім аншлагам.

Знакамітыя плач Яраслаўны і арыю князя Ігара галоўная акадэмічная сцэна краіны ўжо чула. Аднак цяпер спектакль суправаджаецца як новым музычным, так і візуальным матэрыялам. А галоўная тэма пастаноўкі — па-за часам: тут рэжысёр-пастаноўшчык разважае пра ролю якасцяў асобы ў гісторыі дзяржавы. Таму прэм’еру павінны ацаніць і тыя, хто добра знаёмы з операй, і тыя, каму раней на даводзілася глядзець «Князя Ігара».

Упершыню оперу паставілі ў нас у 1934 годзе, як толькі Іосіф Сталін даў адмашку на яе аднаўленне ў Вялікім тэатры СССР. Потым былі пастаноўкі 1949 і 1967 гадоў. І, нарэшце, 13 лiпеня 1996 года з велізарным поспехам прайшла прэм’ера спектакля маладога Аляксандра Анісімава і піцерскага рэжысёра Юрыя Аляксандрава пры ўдзеле хормайстра Ніны Ламановіч. Цяперашняя пастаноўка стала яшчэ адным зваротам тэатра да партытуры Барадзіна, і пастаноўшчыкі спектакля прадставілі яркае дзейства, адначасова манументальнае і дынамічнае, пазачасавае і актуальнае. Над спектаклем працавала магутная творчая каманда: дырыжор-пастаноўшчык — народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Анісімаў; рэжысёр-пастаноўшчык — уладальнік медаля Францыска Скарыны Галіна Галкоўская; мастак-пастаноўшчык (сцэнаграфія, касцюмы) — народны мастак Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Окунеў; хормайстар-пастаноўшчык — народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ніна Ламановіч; балетмайстар-пастаноўшчык — народны артыст Беларусі Юрый Траян.

— У нейкі момант мы адчулі, што цікавасць да спектакля падае, і вырашылі, што патрэбен новы «Князь Ігар», — расказаў на сустрэчы з журналістамі з нагоды адкрыцця новага сезона генеральны дырэктар Вялікага тэатра оперы і балета Уладзімір Грыдзюшка. — Опера складаная па ўсіх параметрах, таму кожнае прынятае рашэнне ў межах пастаноўкі павінна было быць абдуманым. Наша пастановачная група ў такім моцным складзе пачала працаваць. Дзякуючы ім пастаноўка сапраўды набыла новае гучанне.

Па словах Аляксандра Анісімава, апошнія паўгода для яго прайшлі ў пошуку новага, асабістага погляду на хрэстаматыйную версію оперы. Маэстра паабяцаў, што гледачы пачуюць у ёй абсалютна новыя фрагменты, якія не гучалі раней.

У оперы праглядаецца сапраўдная рэвалюцыйнасць. Яна заключаецца нават не ў дынаміцы, а ў дзеяннях пастановачнай групы. Напрыклад, дырыжор з рэжысёрам пераставілі музычныя нумары, так што спектакль пачынаецца з хору селянінаў з чацвёртага акта і заканчваецца фіналам першай карціны «Частым зорачкам слава!». У мінулай пастаноўцы ўверцюра была пасля пралогу, а хор селянінаў, наадварот, апошні. Дарэчы, для маэстра Аляксандра Анісімава гэта дзявятая пастаноўка оперы Барадзіна ў розных гарадах і тэатрах свету.

— Гэта лепшая версія. Мне ёсць з чым параўнаць, — падкрэсліў Аляксандр Анісімаў. — Напрыклад, у СанФранцыска выдатны рэжысёр Франчэска Дзамбэла перанесла дзеянне ў эпоху апошняга рускага імператара. Гэта было эфектна, прыгожа і зразумела амерыканцам, бо «Слова пра паход Ігаравы» яны не чыталі і не ведаюць, хто такія баяры. У нас жа пастаноўка вельмі гарманічная і зразумелая нашаму гледачу. Я атрымліваю каласальнае задавальненне ад гэтай музыкі, неверагодную энергію ад хору, артыстаў сцэны, аркестра. Я шчаслівы, што працую над гэтым спектаклем.

Вялікая ўвага ў оперы, што зразумела, нададзена вобразу Яраслаўны. Народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Анастасія Масквіна падкрэслівае, што галоўная гераіня оперы нагадвае ёй вобраз Ефрасінні Полацкай — моцнай жанчыны, якая ў гістарычныя моманты ўзяла на сябе адказнасць за народ, краіну, дзяржаўнасць і дарагую зямлю.

У оперы вельмі прыгожая сцэнаграфія. Касцюмы народнага мастака Расіі Вячаслава Акунёва, які за многія гады супрацоўніцтва з Вялікім тэатрам Беларусі аформіў мноства выдатных пастановак, надаюць оперы асаблівы шарм. Дарэчы, касцюмаў у спектаклі каля 450. Усе артысты, уключаючы хор і міманс, падчас дзеяння пераапранаюцца па некалькі разоў.

На прэс-канферэнцыі галоўны хормайстар Вялікага тэатра Беларусі Ніна Ламановіч неаднаразова звяртала ўвагу на сур’ёзную і карпатлівую працу ўсёй пастановачнай групы:

— У нас атрымалася зрабіць спектакль і быць падчас яго падрыхтоўкі сябрамі. Гэта той момант, калі пастановачная група абсалютна давярае адно аднаму і знаходзіць поўную гармонію ў вырашэнні пытанняў. Я лічу, што такой пастаноўкі па драматургіі, насычанасці, імклівасці развіцця спектакля ў свеце няма. Гэта жамчужына, і тое, што яна вярнулася на нашу сцэну, вельмі радуе. Упэўнена, што глядач ацэніць нашу працу.

Новы сезон будзе багаты на сюрпрызы і новыя праекты. Папярэдні сезон дапамог кіраўніцтву тэатра зрабіць неабходныя высновы, каб сёлета беларускія аматары оперы і балета былі захоплены грандыёзнасцю і маштабам падзей.

— Новы сезон мы адкрываем на фоне 86-га, які завяршыўся бліскуча, — канстатуе Уладзімір Грыдзюшка. — На працягу 86-га сезона прынялі больш за 250 тысяч гледачоў, паказалі звыш 250 спектакляў, не ўлічваючы тых, што прадставілі за мяжой і ў рэгіёнах рэспублікі. Мы па-ранейшаму — самы аўтарытэтны і наведвальны тэатр у краіне. Пра гэта сведчыць цікавасць публікі і поўныя залы. Сярэдняя запаўняльнасць складае 82,5 %, што, згодна з сусветным паказчыкам, даволі шмат. У гэтым сезоне для гледачоў падрыхтавалі шэсць прэм’ер.

Пасля паспяховага прадстаўлення «Князя Ігара» Вялікі тэатр рыхтуецца да наступнай прэм’еры: 15 лістапада шырокай публіцы будзе прэзентаваны балет «Ганна Карэніна» на музыку Пятра Чайкоўскага ў пастаноўцы маладога беларускага харэографа Вольгі Костэль.

— Некалькі гадоў таму да нас прывозілі гэты балет у пастаноўцы Барыса Эйфмана, — расказаў Уладзімір Грыдзюшка, — і нам ён вельмі спадабаўся. Хацелася таксама мець такі спектакль, і мы вырашылі даць магчымасць паставіць яго нашаму харэографу. Вольга Костэль ужо зрабіла ў нас некалькі работ. Апошняя з іх — «Каханне і смерць» на музыку Палада Бюльбюльаглы. Мяркуючы па тым, як ідуць рэпетыцыі, усё атрымаецца.

8 снежня ў тэатры таксама адбудзецца сенсацыя. На сцэну вернецца легендарны балет Валянціна Елізар’ева на музыку Андрэя Пятрова «Стварэнне свету». Яго пакажуць у новай аўтарскай рэдакцыі, магчыма, нават пад іншай назвай. У гэтым сезоне плануецца аднаўленне оперы «Набука» Джузэпэ Вердзі ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ. Чакаецца прэм’ера оперы «Вілі» Джакома Пучыні ў пастаноўцы заслужанай артысткі Беларусі Аксаны Волкавай. Малады харэограф Сяргей Мікель паставіць на сцэне тэатра балет «Пер Гюнт» Эдварда Грыга. Падчас сустрэчы кіраўніцтва тэатра з журналістамі прагучала інфармацыя і пра пастаноўку «Фаўста» Шарля Гуно ў пастаноўцы Ганны Маторнай. Вельмі важна і прыемна, што ўсё гэта маладыя беларускія імёны, надзея нацыянальнага мастацтва.

— Хачу, каб у нашым тэатры працавалі свае, а не прыезджыя спецыялісты. Інакш не зразумела, навошта мы маладых рыхтуем у кансерваторыі, — заявіў на прэсканферэнцыі народны артыст СССР Валянцін Елізар’еў. — У тэатры сёння ёсць моладзь, з якой хочацца і трэба працаваць. Яна натхняе, і штосьці ўнутры падказвае, што шлях і вектар развіцця правільны.

У 87-м тэатральным сезоне беларускіх гледачоў чакаюць таксама маштабныя міжнародныя праекты. У кастрычніку будуць прадстаўлены: «Аўтографы і іміджы. Мая Плісецкая. Прысвячэнне» — гэта праект народнага артыста Расіі Андрыса Ліепы; канцэрт нямецкага кампазітара і музыканта Свэна Хельбіга і канцэрт Ганны Нятрэбкі і Юсіфа Эйвазава.

У лістападзе на сцэне Вялікага тэатра Беларусі гледачы ўбачаць балет «Вій» у пастаноўцы Раду Паклітару («Кіеў Мадэрн-балет»). Спектакль адбудзецца у межах ХХХII Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі. У сакавіку 2020 года агенцтва Berin Iglesias арганізуе ў Мінску фестываль «Співакоў запрашае...», падчас якога на сцэне тэатра запланавана выступленне французскага піяніста Люкі Дэбарга з аркестрам Kremerata Baltica. У новым сезоне на сцэне тэатра гледачы пачуюць адну з найвялікшых спявачак свету Марыю Гулегіну, расійскага піяніста-віртуоза Дзяніса Мацуева, а таксама ўбачаць выступленне Тэатра балета імя Леаніда Якабсона.

У снежні адбудзецца юбілейны Х Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. Адной з яго яркіх падзей абяцае стаць паказ спектакля «Севільскі цырульнік» Джаакіна Расіні, які прадставяць артысты Нацыянальнай оперы Украіны. У 2019 годзе змяняецца фармат Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў: цяпер ён будзе праводзіцца адзін раз на два гады, як гэта прынята ў сусветнай практыцы. Наступны, шосты па ліку, конкурс адбудзецца ў 2020 годзе, а ў гэтым сезоне тэатр прадставіць гледачам гала-канцэрт лаўрэатаў і ўладальнікаў Гран-пры конкурсаў папярэдніх гадоў. Удзел у ім возьмуць каля трыццаці выканаўцаў, якія сёння працуюць у Марыінскім, Міхайлаўскім, Ерэванскім, Сафійскім, Эстонскім і іншых тэатрах і з’яўляюцца зоркамі сусветнай велічыні.

Вялікі тэатр Беларусі таксама парадуе і традыцыйнымі праектамі: XI Вялікі навагодні баль у Вялікім, шосты па ліку Дзень адчыненых дзвярэй, VII Міжнародны фестываль «Балетнае лета ў Вялікім» і XI фестываль «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў». Асаблівая ўвага ў новым сезоне — праектам па працы з дзецьмі і моладдзю. Гэта будуць інтэрактыўныя адукацыйныя праграмы, конкурсы, экскурсіі, творчыя сустрэчы і іншае. На працягу ўсяго сезона будзе працаваць Камерная зала Вялікага тэатра Беларусі. У восеньскай афішы канцэртаў — старадаўнія рамансы і шэдэўры сусветнай оперы, музыка кіно, залатая калекцыя ўкраінскай вакальнай музыкі.

Да знамянальных і юбілейных дат кампазітараў, артыстаў, дырыжораў, рэжысёраў, харэографаў, якія стваралі гісторыю Вялікага тэатра Беларусі, будуць прымеркаваны спектаклі, канцэрты, выстаўкі і творчыя сустрэчы. У прыватнасці, пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя памяці галоўнага мастака Вялікага тэатра Беларусі з 2009 па 2019 гады Аляксандра Касцючэнкі, 80-годдзю з дня нараджэння народнай артысткі СССР Святланы Данілюк, 90-годдзю кампазітара, народнага артыста СССР Яўгена Глебава, 95-годдзю народнай артысткі СССР Тамары Ніжнікавай і іншых.

У гастрольных планах тэатра — выступленне на буйных сцэнічных пляцоўках свету, а таксама па ўсёй Беларусі: у філіялах тэатра ў Гродне, Гомелі, Магілёве, Наваполацку і іншых гарадах.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.