Вы тут

Калі б чалавек мог сказаць...


Пабачыла свет новая кніга паэзіі, прозы, перакладаў беларускай пісьменніцы іспанскага паходжання Анхелы Эспіносы Руіс “Колер крылаў”


Анхела Эспіноса Руіс (злева) з паэтэсай Аксанай Спрынчан

Кніга выйшла ў мінскім выдавецтве “Кнігазбор” (2019). Кожны чытач знойдзе ў ёй нешта цікавае для сябе, а мяне найбольш уразіў завяршальны раздзел “Літаратурныя пераклады”. У ім — шэраг пераўвасабленняў на беларускую мову паэтычных твораў з розных мастацкіх прастораў свету: Бангладэша, Вялікабрытаніі, ЗША, Іспаніі, Польшчы, Расіі, Чылі, Чэхіі, Японіі. Дзевяць краін, адзінаццаць аўтараў... Паэты розных пакаленняў: Рабіндранат Тагор, Геры Гельд, Пітэр Удэл, Боб Дылан, Федэрыка Гарсія Лорка, Луіс Сэрнуда, Збігнеў Герберт, Святаслаў Логінаў, Пабла Неруда, Ярамір Ногавіца, Чыка Сагава...

“Калі б чалавек мог сказаць пра тое, што кахае,/ Калі б чалавек мог падняць сваё каханне да неба,/ Быццам хмара ў моры святла;/ Калі б, як сцены, якія звальваюцца,/ Каб павітаць праўду, якая падымаецца пасярэдзіне,/ Чалавек мог бы знішчыць сваё цела/ І пакінуць толькі праўду пра сваё каханне,/ Праўду пра самога сябе,/ Якая называецца не славай, поспехам альбо амбіцыяй,/ А каханнем альбо жаданнем”, — паўтарае следам за Луісам Сэрнудам Анхела Эспіноса Руіс, якая прыйшла ў беларускае нацыянальнае мора з Іспаніі. Прычым (о цуд!) зусім не чужаземкай аказалася ў космасе беларускіх сімвалаў і вобразаў.

З прадмовы паэтэсы да раздзела “Літаратурныя пераклады”: “Было б сумна, калі б не я выкарыстоўвала свае моўныя веды (горшыя ці лепшыя, але наяўныя) дзеля таго, каб інтрыгоўныя творы замежных літаратур прагучалі па-беларуску. У зборніку друкаваліся ўсе пераклады, якія назбірала за той час, як парую з беларускай мовай. Іх нямнога, але патроху ўсяго: ад бенгальскай класікі да Боба Дылана; ад японскага мадэрнізму да Гарсіі Лоркі”.

Адкрывае раздзел Рабіндранат Тагор. Вялікі паэт Індыі, які пісаў на бенгальскай ды англійскай мовах. І цяпер, відаць, зусім лагічна (хаця й нечакана!), што лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры за 1913 год Рабіндранат Тагор “залічаны” “ў штат” нацыянальнай літаратуры Бангладэша. Творчасць класіка якраз і сфармавала літаратуру й музыку той краіны. Так, нарадзіўся паэт у Брытанскай Індыі. Адукацыю атрымаў бенгальскую… Ва “Успамінах” Тагор напіша: “Наша духоўнае выхаванне ішло паспяхова таму, што мы вучыліся ў дзяцінстве менавіта на бенгальскай мове… Нягледзячы на тое, што паўсюль сцвярджалі пра неабходнасць англійскага выхавання, мой брат быў дастаткова цвёрды, каб даць нам “бенгальскае”.

У 1877 годзе якраз Тагор надрукаваў першае апавяданне на бенгальскай мове. З 1890 года паэт жыў у сядзібе велізарнага маёнтка Шылайдаху (цяпер тэрыторыя Бангладэш)… Бангладэш абвясціла аб сваёй незалежнасці 26 сакавіка 1971 года. Гімнам краіны з’яўляецца верш Рабіндраната Тагора “Мая залатая Бенгалія”, які быў напісаны на самым пачатку XX стагоддзя. Бангладэшцы атаясамляюць свае літаратурныя, мастацкія зацікаўленні са зробленым, здзейсненым вялікім Тагорам. І тое прачула ды асэнсавала Анхела Эспіноса Руіс.

Дарэчы, у кнізе “Колер крылаў” змешчана таксама яе эсэ “Апошні перыпатэтык”, прысвечанае аўтару “Гітанджалі”. Мяне ўразілі словы з таго тэкста: “… Мне хацелася б, каб вы самі калі-небудзь паразмаўлялі пра літаратуру з чалавекам з Бангладэша. На бенгальскім літаратурным небасхіле ёсць ясныя зоркі неверагоднага хараства, і чытачы не блукаюць цёмнай ноччу. Затое бенгальская літаратура застаецца амаль нябачнай для прадстаўнікоў іншых народаў…”

Чытаем у перакладзе Анхелы “Апошні верш” Тагора: “Ці чуеш ты, як несмяротны час/ Ляціць удалеч, мінае нас,/ І калясніца часу мкне праз цемру ў небасхіл,/ І з вечнай цемнаты нябёс пяе, крычыць, міргае зорны/ пыл?/ О сябар мой,/ У часе тонкай сетцы/ У палоне я — ляцім, а месяц свеціць./ Дарогу асвятляе нам,/ І час мне шэпча ў вуха, “не аддам”…/ О сябар мой, бывай!”

…У невялікім раздзеле “Літаратурныя пераклады”, які ўсяго толькі частка кнігі Анхелы Эспіносы Руіс, пісьменніца пашырыла нашы ўяўленні пра свет паэзіі, пра космас паэзіі, пасяліла ў нашых душах і сэрцах святло далёкіх краін. Дадала нашым развагам пра жыццё новыя хуткасці. І тым самым яна, іспанка па нараджэнні, узбагаціла й беларускі паэтычны свет.

Кастусь Ладуцька

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».