Вы тут

Студэнт, ёсць пытанні? Вырашым разам


У Мінску прайшло першае ў гэтым навучальным годзе пасяджэнне Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета, удзел у якім узяў міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА. Акрамя таго, на пасяджэнні прысутнічалі маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця, прадстаўнікі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, супрацоўнікі Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра.


— Радуе, што нашы сустрэчы — не звычайная фармальнасць, у нас адбываецца канструктыўны дыялог адносна развіцця маладзёжнай палітыкі, рэалізацыі правоў моладзі, а таксама вырашэння праблем у сістэме адукацыі. Цяпер выкладчык — не адзіная крыніца інфармацыі, мы таксама вучымся ў вас, — заўважыў міністр. — Студэнцтва можа і павінна прымаць удзел ва ўдасканаленні сучасных адукацыйных працэсаў. Студэнцкі савет не толькі займаецца вырашэннем нейкіх гаспадарчых пытанняў, але і можа аказваць уплыў на фарміраванне навучальных планаў. Прадстаўнікі Студэнцкага савета запрашаюцца на розныя пасяджэнні і нарады. А некаторыя з вас уваходзяць у склад навуковых саветаў універсітэта.

Ігар Карпенка падкрэсліў, што асноўны акцэнт у развіцці вышэйшай школы робіцца сёння на практыкаарыентаванасць навучання: «Лідарскія якасці, уменне аб'ядноўваць людзей і нацэльваць іх на рашэнне агульных задач магчыма набыць толькі падчас практычнай дзейнасці. Але часта назіраеш, як выпускнікі ВНУ, што прыступілі да работы, не спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Для гэтага трэба фарміраваць адзіны прафесійны стандарт будучага маладога спецыяліста».

Удзельнікі сустрэчы ўзнялі пытанні з розных сфер студэнцкага жыцця. Традыцыйна маладыя людзі пацікавіліся ў міністра наконт абавязковага размеркавання маладых спецыялістаў. Як адзначыў Ігар Карпенка, з кожным годам тых, хто вучыўся платна і хоча, каб яму далі першае рабочае месца, становіцца ўсё больш. Летась было задаволена каля тысячы такіх пажаданняў. Прагучала і пытанне пра Закон аб адтэрміноўцы, на што міністр адукацыі адназначна адказаў: служба ў арміі спрыяе развіццю асобы і вельмі важная для нашай дзяржавы.

«Як нам, актывістам, знайсці агульную мову з выкладчыкамі, калі ва ўніверсітэце ўпэўненыя, што вучоба павінна стаяць на першым месцы, а грамадская дзейнасць — на другім?» — прагучала пытанне ад аднаго з членаў Грамадскага студэнцкага савета. Ігар Карпенка параіў не канцэнтраваць увагу на нечым адным і не чакаць паслабленняў ад выкладчыкаў, а быць гатовым да напружанай працы ў вольны ад вучобы час. У якасці прыкладу міністр прывёў свае студэнцкія будні, калі ён таксама сумяшчаў і грамадскую дзейнасць, і вучобу. Ігар Карпенка звярнуў увагу на тое, што актыўны ўдзел у грамадскім жыцці аказвае ўплыў на фарміраванне сацыяльных і камунікатыўных навыкаў: «Практычна ўсе вы будучыя кіраўнікі. Магчыма, хто-небудзь з вас пойдзе ў палітыку, стане дэпутатам. Тут як нідзе важны навык стасункаў з людзьмі».

Кіраўнік галіны таксама заклікаў маладых людзей прыняць актыўны ўдзел у абмеркаванні пытанняў зместу вышэйшай адукацыі. Ён паведаміў, што рабочая група ў складзе вучоных і метадыстаў падрыхтавала канцэпцыю, якую мае намер абмеркаваць з кіраўнікамі кафедраў грамадскіх навук ВНУ. «На нашу думку, павінны застацца дзве дысцыпліны адукацыйнага дзяржаўнага кампанента — філасофія і гісторыя беларускай дзяржаўнасці», — патлумачыў сутнасць канцэпцыі міністр.

Спецыяльны курс па гісторыі беларускай дзяржаўнасці, па яго словах, не будзе дублявацца са школьным, у ім будуць глыбей закранацца пытанні фарміравання суверэннай Беларусі, яе грамадска-палітычнай сістэмы, эканамічнай мадэлі г. д. Усяго ў пералік дысцыплін сацыяльна-гуманітарнага блока плануецца ўключыць 20 прадметаў, у тым ліку паліталогію, рэлігіязнаўства, эканамічную тэорыю, сацыялогію і іншыя.

Падчас сустрэчы ўдзельнікі абмеркавалі вынікі работы Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета, правядзенне Нацыянальнага маладзёжнага студэнцкага форуму ў 2019 годзе, разгледзелі і ўнеслі некаторыя прапановы ў праект Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь да 2030 года, а таксама механізмы ўключэння моладзі ў дзейнасць па рэалізацыі нацыянальнай стратэгіі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».