Вы тут

Ігар Кізім: «Патэнцыял беларускай і ўкраінскай культуры бязмежны»


Беларусь і Украіна шмат гадоў захоўваюць цёплыя адносіны ва ўзаемным супрацоўніцтве. Неаднойчы нашы краіны ў сувязі з гістарычнымі падзеямі аказваліся ў складаным становішчы, але заўсёды працягвалі адна адной руку дапамогі. Сёння беларуска-ўкраінскае ўзаемадзеянне ў стане пад’ёму. Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім расказаў, што гэтаму паспрыяла, і пракаментаваў, як адбываецца дыялог паміж нашымі народамі сёння.


— Ігар Юр’евіч, Беларусь і Украіна — не проста краіны-суседкі, але і блізкія сябры. У развіцці нашых сумесных дзяржаўных сувязяў досыць часта разбіраем пытанні палітыкі і эканомікі. А як ідуць справы з культурай? На якім узроўні беларуска-ўкраінскія адносіны ў гэтым напрамку?

— Сёння паміж Украінай і Беларуссю дасягнуты высокі ўзровень супрацоўніцтва і ўзаемаразумення ў галіне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Аднак не менш важным складнікам нашых партнёрскіх адносін з’яўляюцца культурныя сувязі. Ва ўмовах фарміравання новага глабальнага сусветнага парадку ўзрастае важнасць развіцця дыялогу, заснаванага на прынцыпах раўнапраўных і ўзаемапаважлівых культурных зносін, што ў сваю чаргу прыводзіць да росту даверу, а давер, як вядома, — асноўны фактар прыняцця рашэнняў. Так што выходзіць, што культура і двухбаковае супрацоўніцтва — галоўныя складнікі ў гэтым ланцужку, і нашы краіны гэта добра разумеюць.

Патэнцыял развіцця беларускай і ўкраінскай культур бязмежны. У нас ёсць толькі адна праблема: нашы дзяржаўныя структуры не заўсёды аператыўна рэагуюць на змены, якія адбываюцца ў сферы нават сусветнай культуры. Мне хацелася б падкрэсліць, што ва ўзаемадзеянні нашых структур, адказных за сферу культуры, часам ёсць дысбаланс. Напрыклад, Міністэрства культуры Украіны практычна не займаецца арганізацыяй гастроляў творчых калектываў, фарміраваннем пэўных абменных праектаў. Гэтым займаюцца менеджары. У адрозненне ад беларускага боку ваша Міністэрства культуры традыцыйна курыруе, арганізоўвае гастролі любога творчага калектыву. З пункту гледжання арганізацыі нашага супрацоўніцтва мае пэўныя негатыўныя наступствы.

У той жа час абедзве дзяржавы павінны працаваць над далейшым удасканальваннем супрацоўніцтва. База ў нас ёсць. Узаемадзеянне ў галіне культуры паміж нашымі краінамі рэгулюецца Міжведамасным пагадненнем аб культурным супрацоўніцтве (падпісана ў лютым 1993 года) і Праграмай супрацоўніцтва ў галіне культуры на 2017—2021 гады, падпісанай міністэрствамі культуры нашых краін у час афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Украіну ў 2017 годзе. Менавіта гэтая праграма запускае ўсе механізмы двухбаковага ўзаемадзеяння ў галіне культуры ва ўсіх яе сферах, што дазваляе ўсталёўваць прамыя кантакты. Сёння гэта фармат супрацоўніцтва, які ўвесь час падмацоўваецца новымі ідэямі.

Успамінаю леташнія Дні культуры Украіны ў Беларусі з велізарным задавальненнем. Гэта была вельмі яркая падзея з выдатнай арганізацыяй, якая наўрад ці адбылася б без дамоўленасцей нашых прэзідэнтаў. У Беларусі гэта атрымалася ярка. У рамках правядзення Дзён культуры прайшлі таксама і Дні ўкраінскага кіно, беларускаму гледачу выпала магчымасць ацаніць кінаработы маладых украінскіх рэжысёраў. Спадзяюся, у найбліжэйшы час, пасля завяршэння фарміравання абноўленага Міністэрства культуры моладзі і спорту Украіны, пачнецца падрыхтоўка да правядзення Дзён культуры Беларусі ва Украіне. Я ўпэўнены, што дзяржаўная палітыка павінна дапамагаць у культурнай сферы тым (калі ёсць запыт), хто прабівае сваю дарогу і раскрывае талент, і ні ў якім разе не перашкаджаць.

У цэлым паміж нашымі краінамі закладзены пэўны падмурак супрацоўніцтва, дзякуючы якому мы можам актыўна развіваць культурныя узаемаадносіны.

— Многія беларускія дзеячы мастацтва часта бываюць ва Украіне. Гэта сведчыць пра тое, што ваш народ умее шанаваць і прымаць мастацтва. Ці ёсць ва ўкраінскіх прадстаўнікоў у гэтым кірунку цікавасць да Беларусі? Калі так, то якім чынам яна рэалізавана за апошнія гады?

— Украінцы з вялікай сімпатыяй ставяцца да Беларусі. Але вымушаны канстатаваць той факт, што, на жаль, украінцы вельмі мала ведаюць пра Беларусь, нягледзячы на тэрытарыяльную блізкасць нашых краін і цесныя гістарычныя повязі, якія звязваюць нашы краіны яшчэ з часоў існавання Кіеўскай Русі. Мы такія блізкія і ў той жа час розныя.

Стараемся працаваць з усімі дзеячамі мастацтва, якія да нас звяртаюцца па падтрымку. Напрыклад, летам мы сумесна з вядомай мінскай галерэяй «Ў» арганізавалі фотавыстаўку «Ромы гэта мы» ўкраінскага фотамастака Аляксея Зінчанкі, прысвечаную жыццю жыхароў Украіны ромскай нацыянальнасці. Таксама ў гэтай жа галерэі адбылася лекцыя аднаго з самых вядомых украінскіх арткрытыкаў Канстанціна Дарашэнкі, у рамках якой ён распавёў, у прыватнасці, пра трансфармацыю ўкраінскага мастацтва пасля пачатку рэвалюцыйных падзей ва Украіне ў 2014 годзе.

Сёлета ў маі ўпершыню ў Мінску з вялікім поспехам прайшоў паказ калекцыі вядомага ўкраінскага дызайнера, заснавальніцы брэнда «RUTA» Людмілы Бушынскай. Ідэя арганізацыі гэтага мерапрыемства ўзнікла ў нас у пасольстве, а ажыццявілі мы яе ў суаўтарстве з Ukrainian Fashion Week і дырэктарам Belarus Fashion Week Янінай Ганчаровай. Вось вам адзін з прыкладаў паспяховай рэалізацыі культурна-іміджавага супрацоўніцтва нашых краін.

Добра, што ў Беларусі паважаюць украінскіх артыстаў. Да прыкладу, на мінулым тыдні ў Мінску з аншлагам прайшоў канцэрт Святаслава Вакарчука, які на радасць сваім аматарам нават з пачаткам палітычнай кар'еры не збіраецца адыходзіць ад творчай дзейнасці.

У сваю чаргу, ва Украіне вельмі цёпла ставяцца да вашай краіны і заўсёды гатовы вас падтрымаць. Што тычыцца брэндаў эстрады, можна ўспомніць конкурс «Еўрабачанне». Беларускі NaviBand быў падтрыманы ўкраінскімі тэлегледачамі максімальнай колькасцю балаў. Гэта паказчык. Ва Украіне хочуць бачыць дзеячаў культуры Беларусі і заўсёды будуць рады двухбаковым праектам у сферы культуры.

— У Львове нядаўна прайшоў XXVI Book Forum, які з’яўляецца важнай падзеяй для літаратурнага славянскага свету. Беларусь заўсёды зацікаўлена ў развіцці міжнародных кантактаў у сферы літаратуры і прымае актыўны ўдзел у такіх мерапрыемствах (Львоў не выключэнне). Як вы можаце ахарактарызаваць наша літаратурнае супрацоўніцтва? Ці ёсць планы на далейшае развіццё? Магчыма, задуманы сумесныя праекты?

— Хачу адзначыць, што абедзве нашы дзяржавы прымаюць актыўны ўдзел у маштабных кніжных выстаўках на тэрыторыі адна адной. Сапраўды, у межах львоўскага форуму выдаўцоў працаваў нацыянальны стэнд Беларусі, які карыстаўся прыкметнай увагай і цікавасцю публікі. Акрамя таго, па маёй інфармацыі, у рамках форуму быў прадстаўлены і шэраг незалежных беларускіх выдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў. Беларусь удзельнічала ў яшчэ адной вядомай штогадовай кніжкай выстаўцы, якая праходзіць ва Украіне, — ІX Міжнародным «Кніжным Арсенале», які адбыўся ў Кіеве сёлета з 22 па 26 мая.

У сваю чаргу, Украіна ўжо шмат гадоў запар прадстаўлена на самым вялікім кніжным форуме Беларусі — Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. Кожны год мы стараемся зрабіць наш удзел у ёй больш маштабным, прывезці яшчэ больш цікавых выданняў, арганізаваць прыезд большай колькасці папулярных украінскіх пісьменнікаў. Сёлета на выстаўцы працаваў падрыхтаваны дзякуючы сумеснай працы пасольства, Украінскага інстытута кнігі і Украінскай асацыяцыі выдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў стэнд Украіны, дзе было прадстаўлена некалькі тысяч кніг, выдадзеных за апошнія гады. У рамках выстаўкі адбыліся сустрэчы з украінскімі пісьменнікамі Аляксандрам Ірванцом, Глебам Кудрашовым, паэткай Яўгеніяй Чупрыной і многімі іншымі. Акрамя таго, на цэнтральнай сцэне мерапрыемства быў прэзентаваны беларускамоўны пераклад рамана ўкраінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай «Багуслаў Радзівіл», прысвечанага знакамітаму беларускаму гістарычнаму дзеячу.

Гэта, дарэчы, прыклад развіцця супрацоўніцтва нашых пісьменнікаў і кнігавыдаўцоў. Упэўнены, у літаратуры абедзвюх краін ёсць творы, якія вельмі цікавыя чытачам як ва Украіне, так і ў Беларусі. Неабходна дамаўляцца, перакладаць і выдаваць украінскія кнігі на беларускай мове, а беларускія — паўкраінску. Магу прывесці яшчэ адзін прыклад такога супрацоўніцтва. На выстаўцы «Кніжны Арсенал», якую я ўжо згадваў, былі прадстаўлены ўкраінскамоўныя выданні знакамітых твораў Васіля Быкава «Мёртвым не баліць», «Альпійская балада», «Знак Бяды». Прэзентацыя кніг была вельмі паспяховай і сабрала шмат чытачоў. Дарэчы, мы прывезлі гэтыя выданні ў Мінск і перадалі ўдаве пісьменніка — Ірыне Міхайлаўне.

Хачу ўзгадаць яшчэ адзін праект, рэалізаваны пры падтрымцы пасольства сёлета. Гэта прэзентацыя ў Беларусі ўнікальнай кнігі — выдадзенай нядаўна ва Украіне факсімільнай копіі старадаўняга Лаўрышаўскага Евангелля. Прэзентацыя прайшла гэтай вясной у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пры ўдзеле вялікай колькасці высокіх гасцей. Акрамя таго, мы прэзентавалі гэтае выданне яшчэ і ў Навагрудку, бо шмат стагоддзяў гэтае ўнікальнае Евангелле захоўвалася ў Лаўрышаўскім манастыры, які знаходзіцца побач з гэтым старажытным горадам. Мы падарылі факсімільныя копіі Евангелля Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Навагрудскаму райвыканкаму, Свята-Елісееўскаму Лаўрышаўскаму манастыру.

Таксама мы надаём значную ўвагу юбілеям вядомых пісьменнікаў, чыёй творчасцю звязаны нашы краіны. Так, нядаўна да 250-годдзя з дня нараджэння заснавальніка сучаснай украінскай літаратуры Івана Катлярэўскага ў Мінску была арганізавана лекцыя ўкраінскага пісьменніка і вучонага Глеба Кудрашова, у якой ён распавёў пра ролю Катлярэўскага ў гісторыі нашых краін. Дарэчы, не так даўно стала вядома, што Іван Катлярэўскі служыў у арміі на тэрыторыі сучаснай Беларусі (г. Ліда).

А на гэтым тыдні ў Мінску адбудзецца паказ дакументальнага фільма пра маці Лесі Украінкі — вядомую ўкраінскую пісьменніцу Олену Пчілку з нагоды 170-годдзя з яе дня нараджэння.

Беларусь і Украіна знаходзяцца ў агульнай нішы. Зараз мы прасунуліся наперад. Апошнія два гады кнігавыданне ў рамках нашага супрацоўніцтва знаходзіцца на ўздыме. Думаю, сённяшні ўсплёск беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва звязаны з тым, што ёсць узаемная цікавасць Украіны да Беларусі і наадварот. Пасля Рэвалюцыі Годнасці ва Украіне многае мяняецца. Адкрываюцца новыя імёны, вывучаюцца дэталі многіх падзей, таму, думаю, беларусам ёсць што яшчэ даведацца пра культуру, традыцыі нашага народа. Вельмі многія аўтары прысвяцілі свае літаратурныя творы трагічным падзеям на ўсходзе Украіны. Гэта добры шанс даведацца праўду пра падзеі на Данбасе не з навасных сводак альбо тэлевізійных сюжэтаў, а з першых вуснаў пачуць як на самай справе вайна адбілася на лёсах рэгіёна і Украіны ў цэлым.

— Неаднаразова ўзнікала пытанне аб неабходнасці развіцця турыстычных маршрутаў па культурных мясцінах нашых краін. Як ідуць сёння справы з гэтым пытаннем? Ці ёсць перспектыўныя праекты?

— Я ведаю, што беларусы вельмі любяць прыязджаць ва Украіну. І гэта сведчыць пра інтарэс вашага народа да нашай культуры, прыроды. Але мне вельмі хацелася б, каб беларусы ведалі не толькі Затоку або Карпаты: у нас шмат цікавых месцаў, якімі мы можам ганарыцца.

Сёння пытанне турыстычных маршрутаў цалкам ляжыць на тураператарах, якія павінны распрацоўваць цікавыя напрамкі, што здзівілі як украінца, так і беларуса. Для гэтага і арганізоўваюцца штогадовыя маштабныя выстаўкі, звязаныя з развіццём турыстычнага патэнцыялу. Таксама нам трэба падумаць пра доўгае чаканне пры перасячэнні мяжы на пунктах пропуску.

Сустракаючыся з калегамі з Міністэрства спорту і турызму Беларусі, мы не раз абмяркоўвалі, як аптымізаваць працу ў гэтым напрамку: патэнцыял велізарны, але трэба ўсё вывучыць. Зараз вельмі шмат новых тэндэнцый у развіцці турызму: навуковы, дзелавы, гастранамічны, медыцынскі... Свае прапановы мы перасылалі вашаму ведамству, а ў найбліжэйшы час павінны адбыцца міжведамасныя кансультацыі, на якіх, як мы чакаем, будзе абмяркоўвацца ў тым ліку і пытанне аб далейшым пашырэнні партнёрскага супрацоўніцтва ў гэтай галіне.

Што да сумесных турыстычных маршрутаў — гэта цікавы кірунак. Ведаю, што некалькі падобных маршрутаў распрацаваны і рэалізоўваюцца ў рамках праграмы Усходняга партнёрства ЕС. Напрыклад, «Дняпроўскі паром» — сумесны ўкраінска-беларускі праект, які стаў адным з пераможцаў праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства Беларусь — Украіна. Поўная назва праекта — «Ад малых музейных формаў да вялікага трансгранічнага культурнага супрацоўніцтва». Яго задача — аб’яднаць шэраг музеяў Гомельскай і Чарнігаўскай абласцей адным турыстычным маршрутам, а таксама наладзіць узаемадзеянне, садзейнічаючы такім чынам развіццю культурнага турызму.

Хачу яшчэ раз паўтарыцца, турыстычны патэнцыял у нашых краін вялікі і наша задача яго задзейнічаць у поўнай меры.

Гутарыла Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».