Вы тут

Алесь Асіпенка ў творах і ўспамінах


Калі пералічваць імёны тых, хто прыйшоў у літаратуру, падтрыманы Алесем Асіпенкам, спіс атрымаецца немаленькі. Не сумняваюся, што добразычлівае стаўленне да аўтараў, асабліва маладых, у яго ішло ад прыроднай інтэлігентнасці. Ад жадання падтрымаць. Скажу і пра тое, чаго маладзейшыя чытачы не ведаюць.


Пра лучнасць

Яны наўрад ці чулі пра цікавага празаіка Алеся Крыгу. Гэта псеўданім. Пісьменнік падпісваўся ім таму, што ягонае сапраўднае прозвішча таксама Асіпенка, а ён не хацеў, каб блыталі са знакамітым бацькам. Хоць насамрэч Алесь Харытонавіч быў яму айчымам. Аднак прыёмны сын называў яго толькі бацькам. Заходзячы ў рэдакцыю, пытаўся, ці на рабоце бацька. І, як бацька, стаў пісьменнікам. Аб чым гэта сведчыць?

Несумненна, у сям’і панавала творчая атмасфера, была багатая хатняя бібліятэка. І святло духоўнасці, што лучылася ад яго. Яно і ўздзейнічала на Алеся-малодшага, які ўспрымаўся сынам, а не пасынкам. Спрацавалі нейкія ўнутраныя імпульсы, і менавіта ён, а не зводны брат, стаў пісьменнікам. Выпадак унікальны.

Прычына надзіва ўважлівага стаўлення А. Асіпенкі да аўтараў і ў тым, што ён і сам адчуў, як шмат значыць своечасовая падтрымка. Пераканаўся і ў тым, што нечага важнага можна дасягнуць, толькі настойліва ідучы да мэты. Пераадольваючы цяжкасці, што сустракаюцца на шляху, не спыняючыся перад няўдачамі.

Перад вайной будучы пісьменнік вучыўся на гістарычным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння настаўнічаў пад Віцебскам, у Рудаках. З прыходам гітлераўцаў партызаніў. Калі гэта стала вядома захопнікам, яны спалілі яго бацькоўскую хату, пагражалі расстрэлам маці і сёстрам. Ды доўга ваяваць не давялося.

У снежні 1942 года, падчас прарыву фашысцкай блакады, быў цяжка паранены. Лячыцца адправілі на Вялікую зямлю. У партызанскім доме адпачынку пазнаёміўся з Кузьмой Чорным, чыю творчасць ужо добра ведаў. Асмеліўся паказаць любімаму пісьменніку накіды аднаго са сваіх першых апавяданняў. Мікалай Карлавіч уважліва прачытаў гэты твор. Параіў не кідаць пачатую працу. Акрылены такой падтрымкай, Алесь Асіпенка пачаў яшчэ больш натхнёна шчыраваць. Балазе пісаць было пра што.

У добры шлях!..

Аднак з першым апавяданнем выступіў у друку толькі ў 1952 годзе. Дый першая кніга запазнілася: зборнік апавяданняў і аповесцей «Лёд растае» выйшаў у 1958-м. Праўда, на гэты час ягоныя апавяданні, не кажучы пра нарысы і нават вершы, рэгулярна публікаваліся ў перыёдыцы. Напісаў аповесць «Няроўнай дарогай», а таксама прыгодніцкую «Апошняя версія», прысвечаную супрацоўнікам міліцыі.

Былому партызану ставала і іншых турбот, што літаратурныя, творчыя задумы адсоўвалі на другі план. Пасля вызвалення Горацкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў на камсамольскай рабоце. У 1944 годзе ўладкаваўся ў рэдакцыю газеты «Чырвоная змена». У ёй прайшоў шлях ад карэспандэнта да галоўнага рэдактара. Пазней быў галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», кінастудыі «Беларусьфільм», а потым і ўзначаліў калектыў «ЛіМа».

Але турботныя журналісцкія будні хоць і адбіралі час, давалі шмат уражанняў, дапамагалі выпрацоўцы свайго погляду на рэчаіснасць, падказвалі цікавыя тэмы. Таму, нягледзячы на тое, што адносна позна прыйшоў у літаратуру, пачаткоўцам у ёй ніколі не быў. Хоць у першай кнізе не абышлося і без твораў павярхоўных. Пераважная большасць таго, што трапіла ў яе, — проза, напоўненая самім жыццём, дыханнем паўсядзённасці, блізкай і зразумелай чытачам. Відаць, таму, што аўтар звязаў свой лёс з маладзёжнай аўдыторыяй, хораша абмалёўваў характары юнакоў і дзяўчат, як правіла, тых маладых людзей, якія знаходзіліся на пачатку самастойнай жыццёвай дарогі ці, прынамсі, нядаўна ступілі на яе.

Першыя творы А. Асіпенкі, у тым ліку і кніга «Лёд растае», былі станоўча ацэнены крытыкай. Не прайшлі яны незаўважанымі і з боку калег па пяры. Алег Лойка выступіў у «ЛіМе» («Творы аб простых людзях»), Ніл Гілевіч — у «Чырвонай змене» («Пра Вадзіма і яго сяброў»). Яшчэ большы рэзананс мела яго аповесць «Абжыты кут». Яна выйшла асобнай кнігай у 1964 годзе. Вельмі высокай думкі пра гэты твор быў Васіль Быкаў, чым і падзяліўся ў рэцэнзіі «Таленавітая аповесць», змешчанай у часопісе «Полымя»: «Дагэтуль мы не мелі на нашай беларускай паліцы такіх твораў аб нашай самай надзённай сучаснасці, дзе б з гэткай праўдзівасцю, тактам, з гэткай сардэчнасцю і веданнем справы быў узняты цэлы пласт сучаснага вясковага жыцця са шматлікімі яго радасцямі, засмучэннямі і клопатамі. Толькі чалавек, якому да болю блізка сучасная вёска, які ездзіць туды не госцем і не з камандзіроўкай у кішэні, а вырас там і цяпер жыве яе клопатамі, можа з такой паўнатой і багаццем душэўных праяў адкрыць разнастайныя характары, у тым ліку і такія, якіх не было ў ёй да вайны, а некаторых — можа, і год 10—15 назад і якія ўзнікаюць толькі цяпер, у 60-я гады».

Сапраўды, А. Асіпенка, умела асэнсоўваючы багаты матэрыял, праўдзіва паказаў, як парасткі новага абуджалі жыццё, садзейнічалі іншаму стаўленню людзей да зямлі. Найбольш удаўся пісьменніку вобраз нядаўняга выпускніка сярэдняй школы Янкі Сітова, які, як і многія яго аднагодкі, марыў аб горадзе, паступаў у педагагічны інстытут. Жыццё, аднак, распарадзілася па-свойму. Сітоў застаўся працаваць сярод тых, з кім прайшло яго маленства.

Тым не менш, не адмаўляючы значнасці аповесці «Абжыты кут», нельга не пагадзіцца з Валянцінай Локун у тым, што «сапраўдную славу А. Асіпенку прынёс раман “Вогненны азімут” (1965), у якім пісьменнік з выключна беларускай засяроджанасцю і ўпартасцю сцвярджаў самакаштоўнасць асобы ў часы найвялікшых для яе выпрабаванняў. “Вогненны азімут” — новы ўзровень мастацкага мышлення празаіка».

Відавочна і іншае. Хоць пасля «Вогненнага азімуту» Алесь Харытонавіч і напісаў яшчэ некалькі аповесцяў («Жыта», «Канец бабінага лета», «Два дні і дзве ночы», «Рэха даўніх падзей», «Цыркачка і маёр», «Клетка для берасцянкі», «Выканаўца»), задаткі яго таленту асабліва ярка раскрыліся ў жанры рамана. Пабачылі свет такія высокамастацкія творы, як «Непрыкаяны маладзік», «Святыя грэшнікі», «Лабірынты страху»: працягваючы традыцыі сваіх папярэднікаў, Алесь Асіпенка пераасэнсоўваў вечныя праблемы дабра і зла, гуманізму і самаахвярнасці. Ён здолеў стварыць шэраг партрэтаў самых розных літаратурных герояў.

Багаццем фактычнага матэрыялу, строгай аб’ектыўнасцю ў ацэнцы многіх з’яў і падзей вызначаецца яго кніга мемуарнага плана «Вечнасць Млечнага Шляху». У ёй ажываюць асабістыя ўражанні ад сустрэч з Кузьмой Чорным, Міхасём Лыньковым, Іванам Мележам, Уладзімірам Караткевічам. Гэта дапамагае чытачу лепш зразумець значнасць майстроў слова для беларускай літаратуры.

Плённы ўнёсак Алеся Асіпенкі і ў развіццё нацыянальнага кінематографа: фільмы «Пяцёрка адважных» (так называлася і яго аднайменная аповесць для дзяцей і юнацтва), «Надзейны чалавек», «Трывогі першых птушак». Суаўтар сцэнарыяў мастацкіх стужак «Ясь і Яніна», «Трэцяга не дадзена», «Кожны трэці». Зрабіў літаратурны запіс кнігі А. Дзенісевіча «Арлінае племя».

Цеплынёю сяброўства

Аўтару гэтых радкоў пашчасціла ведаць знакамітага пісьменніка не толькі па ягоных творах — незадоўга да таго часу, калі Алесь Асіпенка стаў галоўным рэдактарам штотыднёвіка «ЛіМ», мяне прынялі ў склад рэдакцыі на сталае месца працы.

Гэта цяпер ахвотна бяруць у газеты і часопісы творчую моладзь. Тады ж у «ЛіМе» маё з’яўленне, хоць ужо меў 26 гадоў, віталі не ўсе, за вочы называлі раёншчыкам (папярэдняя праца была ў калектыве слуцкага раённага выдання). І раптам навіна: павінен прыйсці новы галоўны. У мяне ж не было мінскай прапіскі, хоць і працаваў ужо на працягу некалькіх гадоў. Рыхтаваўся да таго, што могуць звольніць. Але рэдактар паставіўся з разуменнем, прыязна.

 Аднойчы адбыўся такі выпадак. Акурат выйшла кніга прозы Аляксея Дударова (пачынаў ён як празаік і спачатку падпісваўся менавіта так, а не Дудараў) «Святая птушка». Я прачытаў яе адразу ж і быў у такім захапленні, што тут жа і рэцэнзію напісаў. Не на пішучай машынцы, як гэта рабіў звычайна, а ад рукі. Неўзабаве яе прачытаўшы, Алесь Харытонавіч паклікаў да сябе і запытаўся:

— Ты што, больш напісаць не мог?

Здзіўляцца было чаго. Рэцэнзія атрымалася памерам ці не на дзве «лімаўскія» паласы. Прапанаваў скараціць да адной. Я, зразумела, згадзіўся. Літаральна праз тыдзень пасля выхаду дэбютнай кнігі А. Дударава рэцэнзія была надрукавана. Пазней ужо, калі пры прыёме Аляксея ў Саюз пісьменнікаў Беларусі я пазнаёміўся з ім, ён прызнаўся: калі сябры сказалі, што ў «ЛіМе» ёсць рэцэнзія на «Святую птушку», не паверыў, падумаў, што гэта розыгрыш.

Галоўнае — не знікае

…Святло — чалавечае і мастацкае — заўсёды застаецца ў душах сяброў, калег, творцаў, якія судакраналіся з асобай пісьменніка, у асяродку чытачоў, неабыякавых да слова. Слова Алеся Асіпенкі азорана духоўнасцю і маральнасцю. Пры некаторай, здавалася б, заземленасці яно сягае ўгору, узвышаючы чалавека, робячы яго асобай, індывідуальнасцю.

Несумненна, што гэтымі якасцямі валодаў бы і раман «Дараванне грахоў», які пісьменнік не паспеў завяршыць: яго зямны шлях абарваўся ў 1994 годзе…

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Загаловак у газеце: Святло, якое застаецца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.