Вы тут

У пошуках героя


У пошуках героя

Оставь герою сердце. Что же

Он будет без него? Тиран…

А. С. Пушкин

Жалей меня, иль проклят будь!

Ш. Бодлер

У кожным часе свае героі, свае «рупары» ідэй. У нядаўнім савецкім мінулым хрэстаматыйныя героі твораў сацыялістычнага рэалізму (і асветніцкага класіцызму таксама) былі актыўныя і простыя, ім належала быць носьбітамі ідэалаў і не рэфлексаваць.

Паўка Карчагін, Паўлік Марозаў, «маладагвардзейцы», несумненна, вучылі нас, што галоўная каштоўнасць — гэта радзіма, і дзеля яе трэба ў кожны міг быць гатовым на ўсё. А калі ты сумняваўся, напрыклад, у тым, што здолеў бы вытрымаць катаванне, дык твае погляды маглі стаць тэмай для піянерскага ці камсамольскага разбору. Запэўніваю вас, што гэта было рэальнасцю, хоць і цяжка цяпер паверыць. Чытайце Джорджа Оруэла, у яго кнігах няма ні слова няпраўды пра таталітарызм.

Рэнесансны, а пазней крытычны рэалізм давалі персанажам больш свабоды, дазвалялі ім сумнявацца, і нават памыляцца, і скрозь церні прыходзіць да ўсведамлення сябе і свайго месца ў свеце. Шэкспір, Сервантэс, Бальзак, Чэхаў, Талстой вучылі чытача самааналізу, самапазнанню.

Рамантычная традыцыя арыентавалася на асаблівае, незвычайнае: гераічны (рэвалюцыйны) рамантызм вылучаў тып героя–бунтара, які змагаецца з сусветным злом і, як правіла, гіне ў схватцы з ім (Овад, героі Байрана, Міцкевіча, Купера…). Пасіўны рамантызм (у савецкі час яго называлі рэакцыйным) выстаўляў у якасці герояў розных дзівакоў і гаротнікаў, эгаістаў, засяроджаных на праяўленні–сцвярджэнні ўласнай асобы, летуценнікаў, трагічных самотнікаў, якія сыходзяць у свет уласных фантазіі і мастацтва (Гофман, Андэрсэн, Жукоўскі…). Яны лічылі, што гармонія асобы і грамадства страчаная, а свабода магчымая толькі ў межах індывідуальнага духоўнага жыцця. Бясспрэчная вартасць рамантызму, асабліва элегічнага, паэтычнага — у адкрыцці важнасці жыцця душы, унікальнасці індывідуальнасці. Менавіта ў лоне рамантызму ўзніклі такія горача любімыя намі жанры, як дэтэктыў, літаратура жахаў, містыка і фантастыка (Эдгар По).

Сусветная мастацкая культура мадэрнізму і постмадэрнізму, якая адлюстравала «неўроз сэнсавай страты» (В. Франкл), сцвярджала прынцыповую хаатычнасць свету, разарванасць сувязей (героі Ф. Кафкі, Э. Ёнеску); бедавала пра разгубленасць і адзіноту чалавека ў неспасціжным свеце, калі ён страціў усялякую падтрымку і ў сабе, і звонку.

Я голос вопиющего в пустыне,

Кишащих множеств в спазмах городов…\Валошын М.\

Уцёкі асобы ад абсурднай, ілюзорнай ці банальнай рэальнасці, а то і прыпадабненне чалавека да прадмета, рэкламнай рэчы (поп–арт) — вось тэндэнцыі ў мастацтве другой паловы ХХ і пачатку ХХІ стагоддзя.

У гэтым кантэксце разнастайнасць тыпаў герояў сённяшніх літаратуры і кіно вельмі радуе. Але гэта калі ацэньваць агулам сітуацыю ў розных відах мастацтва, розных жанрах кіно і літаратуры. Калі ж уважліва ўглядзецца ў мэйнстрым, у тое, што масава глядзіцца–чытаецца, дык высновы не будуць такімі ўжо суцяшальнымі. На экране раз за разам фігуруюць персанажы злачынніцкага кшталту, але не як ліхадзеі, а як героі харызматычныя, на якіх моладзі ахвота раўняцца. Проста станоўчы герой не цікавы. Такія законы чалавечага ўспрымання, якія, канешне, улічваюцца стваральнікамі кіно.

Часам вакол такіх герояў узводзіцца арэол пакутнікаў і авантурнасць характараў таксама вітаецца. Асабліва гэта прыкметна па расійскіх серыялах апошняга часу: «Брыгада», «Next», «Бандыцкі Пецярбург». Ды і па замежных: «Ганібал», «Dexter», расійскі варыянт — «Метад Мегліна». У гэтай змрочнай трагедыі ўвогуле шмат сцэн, ад якіх застывае кроў. Мне падабаецца самаадданасць героя (канешне, яго грае Хабенскі!) і пранізлівая тэма кахання. Але! Акцэнт на маргінальнасці, хваравітасці зноў валачэ нас у нетры зусім не светлага светаўспрымання, на левы бок жыцця.

У папулярным серыяле «Элементарна» нават знаёмы нам Шэрлак Холмс балансуе на тонкай мяжы паміж нормай і асацыяльнасцю (былы наркаман). Ён імкнецца быць карысным, змагаючыся з унутранымі дэманамі, з самаразбурэннем.

А які серыял змяніў «Гульні прастолаў»? «Смерць Евы»! Гераіні шпіёнскага трылера — дзве кілершы, якія гуляюць у супрацьстаянне. І зноў вытанчаны псіхалагізм, выдатныя акцёры, спецэфекты і востры сюжэт, ад якога, як кажуць, не адарвацца, — усё працуе на стварэнне экшна і на тую самую тэндэнцыю — рамантызацыю героя, які не вылучаецца высакароднасцю і чалавекалюбствам.

Яшчэ «шэдэўры»: «Анна», «Залатая пальчатка», «Прыгожы, кепскі, злосны». У апошнім, дарэчы, герой — зноў маньяк! — непадробна абаяльны. Гэтая якасць дапамагае яму завабліваць ахвяры. Узнікае падтэкст, не пазбаўлены карысці для дзяўчытак: не спакушацейся знешняй прывабнасцю! Як сказана ў Шэкспіра, «…святым тварам і знешняй пабожнасцю пры выпадку і самога чорта перасалодзім». Гэты фільм увогуле моцны драматургіяй, выбудаванай на тонкай псіхалогіі. Але калі з новых прафесійна моцных фільмаў амаль кожны — пра маньяка, кілера або бандыта, дык міжволі задаеш сабе пытанне: што падумае пра нас будучыня?

Хочацца, каб стваральнікі фільмаў менш клапаціліся пра касавы поспех, а больш разважалі пра ўздзеянне сваіх твораў на гледачоў. Ды і жанравая аднастайнасць даволі заўважная: дэтэктывы, трылеры, слязлівыя меладрамы ды сіткомы накшталт «фізрукоў» і «кухань».

Любая схема спрошчвае бясконцую складанасць жыцця. Для маладых людзей, якія яшчэ не надта адрозніваюць «авечак» ад «казлішчаў», гэтыя схемы могуць выглядаць прывабна, уплываючы на жыццё, яго мэты, каштоўнасці, тып паводзін. Іншымі словамі, адбываецца своеасаблівая інфантылізацыя гледача–чытача.

І настойлівае прасоўванне ў папулярным кіно выключна паспяховага героя таксама небяспечнае. Сённяшні Далай–лама добра выказаўся наконт усеагульнай прагі поспеху: свету не патрэбны паспяховыя, патрэбны добрыя — каб яго захаваць.

Разумею, што знайсці правільную лінію, гарманічную сярэдзіну няпроста: гэта тая самая «дэмаркацыйная» лінія, пра якую я пісала ў папярэдняй калонцы. Але ёсць яшчэ адказныя творцы, якія здымаюць сур’ёзныя серыялы, даючы прыклады такіх сілы мужнасці і сапраўднасці, што запамінаюцца на ўсё жыццё. І зноў задаеш сабе нязручнае пытанне: а ці здолеў бы я так павесці сябе ў падобных акалічнасцях, а ці змог бы я ахвяраваць сабой?

Вось і закальцаваліся мае разважанні. Зноў давялося сказаць пра ахвярнасць. Напэўна, разважаючы пра герояў, тэмы сапраўднага гераізму не абысці.

Вось Святлана Алексіевіч вельмі ёміста сфармулявала ідэальную мэту мастацтва: «накопліваць у чалавеку чалавека». Добра б на гэты імператыў раўняцца ўсім пісьменнікам і сцэнарыстам.

Людміла РАХМАТУЛІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?