Вы тут

Пад гітару, ля начных вогнішчаў


Мае першыя песенныя фэсты прыйшліся на пачатак 70‑х. Усё пачыналася са студэнцкіх турзлётаў, у праграме якіх у абавязковым парадку былі конкурсы песні пад гітару. Я ў той час вучыўся ў Беларускім дзяржінстытуце народнай гаспадаркі. Уваходзіў у склад зборнай інстытута па спартыўным арыентаванні. Але, шчыра кажучы, бралі мяне на спаборніцтвы ў асноўным з‑за маіх песень, дзякуючы якім я не раз прыносіў роднай ВНУ лаўрэацкія званні.


Барыс Вайханскі, 1978 г. Фота Аляксандра Ёлкіна

Пасля заканчэння інстытута я прыйшоў у 1975‑м у Мінскі клуб аўтарскай песні “Крыніца”. І ў хуткім часе былі выезды ў складзе клуба на ўсесаюзныя песенныя фэсты. Вясной 76‑га я ўжо спяваў у Кіеве, затым у Маскве, Адэсе і, нарэшце, на пачатку ліпеня паляцеў на знакаміты “Грушынскі”… Варта нагадаць: фестываль імя Валерыя Грушына 1976 года ўрэзаўся ў маю памяць не толькі нечаканым для мяне лаўрэацтвам, але найперш той неверагоднай сяброўскай атмасферай, якая панавала на свяце песні. Там усе былі роўныя: і ўдзельнікі конкурсу, і члены журы — вядомыя і любімыя барды. Усе жылі ў палатках. І галасы мэтраў гучалі не толькі з галоўнай сцэны “Гітара”, якая ляжыць на хвалях, але й ля меншых прыпалатачных вогнішчаў па ўсім фэст-лагеры. Можна было ісці па начной паляне з тысячамі намётаў, выбіраючы кірунак на знаёмыя і ці новыя галасы. Недзе ля вогнішча спяваў Юрый Візбар, там — Таццяна і Сяргей Нікіціны, а там гучаў голас Вадзіка Ягорава… Кожны выбіраў “свой” голас па душы…

Песні ў тыя гады разляталіся па ўсім Савецкім Саюзе імгненна і без усялякага інтэрнэту. Варта было толькі ўзяць гітару, прысеўшы каля фестывальнага вогнішча, і праспяваць песню, як вакол цябе тут жа збіраліся людзі з магнітафонамі ды з вудзільнамі, на якіх былі прыкручаныя мікрафоны. Ты спяваў, цябе запісвалі, час ад часу прасілі назваць сваё імя і горад, з якога ты прыехаў. І літаральна праз пару тыдняў табе прыходзіў ліст, скажам, з Сібіры, або чуўся тэлефонны званок з Уладзівастока. І незнаёмыя людзі запрашалі цябе ўжо на свае фэсты або канцэрты, прызнаючыся ў любові да тваіх песень, пачутых з магнітафонаў сяброў, якія прыехалі з Грушынскага ці нейкага іншага фэсту.

Старшыня журы Грушынскага фестывалю 1978 года Юрый Візбар на галоўнай сцэне — “Гітары” ўручае Гран-пры Барысу Вайханскаму

Помніцца, у тыя гады Куйбышаўскі фестываль быў галоўным сувязным звяном з аматарамі песеннага жанру велізарнай краіны з назвай СССР. Колькі сапраўдных сяброў ён падарыў мне тады! Дзякуючы “Грушы” маё песеннае жыццё напоўнілася асаблівым сэнсам. І хто ведае, ці пайшоў б я ў канцы 80‑х на прафесійную сцэну, калі б не меў “ахоўнай граматы” — звання лаўрэата Грушынскага фестывалю, пра які ведалі й чыноўнікі Мінкультуры.

Яшчэ два гады запар я прылятаў на свята, з гонарам прадстаўляючы мінскую школу аўтарскай песні. І калі 1977‑ы стаў годам не майго трыумфу (тады ўшанавалі беларускі ансамбль і выканаўцаў), то 78‑ы зноў падарыў мне галоўную ўзнагароду фестывалю ў найпрэстыжнай “Аўтарскай” намінацыі — за песню “Прощайте, милые места…”. І Юрый Візбар, які быў у тым годзе старшынёй журы, уручыў мне, як прыз, акустычную гітару.

Прайшлі гады. Мы з маёй жонкай Галінай у складзе сямейнага дуэта тройчы прыязджалі на фестываль — ужо ў якасці ганаровых гасцей і членаў журы. Але ж і тыя першыя “мае” фэсты з далёкіх 70‑х па-ранейшаму жывуць у маім сэрцы. І хоць у апошнія гады члены журы на “Грушынскім” акружаны значна большай увагай і клопатам з боку арганізатараў фэсту, мне па-ранейшаму сняцца вогнішчы 76–78 гадоў, пры якіх мы спявалі разам з Візбарам плячом да пляча… Я памятаю, як у 1978‑м Юрый Іосіфавіч, заўважыўшы мяне сярод слухачоў на імправізаваным начным канцэрце каля яго палаткі, памахаў мне рукой і сказаў усім: “Знаёмцеся, вось таленавіты малады аўтар з Мінска: Бора Вайханскі”. Ён пасадзіў мяне побач і папрасіў выканаць свае творы. І я праспяваў некалькі сваіх песень…

Вось такой мне помніцца “Груша” 70‑х.

Барыс Вайханскі, г. Мінск

Ад рэдакцыі. Пра тое, што беларусы даўно (таксама й сёлета!) удзельнічаюць у Грушынскім фестывалі, расказаў на старонках газеты наш няштатны аўтар Мікалай Бойка (“Грушынскі. З беларускім акцэнтам”. — ГР, 19.08.2019). Гэты ж аўтар, сам улюбёны ў бардаўскую песню, папрасіў вядомага выканаўцу Барыса Вайханскага ўзгадаць пра гады песеннай маладосці. Барыс Сямёнавіч яму не адмовіў. А падрыхтаваны тэкст Мікалай даслаў нам. Заадно паведаміў: гэтай восенню спаўняецца 40 гадоў, як створаны былі сям’я і дуэт Вайханскіх. З тае нагоды, дарэчы, 12 верасня ў мінскай Канцэртнай зале “Верхні горад” прайшоў святочны канцэрт, на якім спявалі Галіна, Барыс і Каця Вайханскія.

Цікава, што традыцыі бардаўскай песні шануюць як беларусы расійскай Самары, так і латышскага Даўгаўпілса. У прыватнасці, 6 верасня ў канцэртнай зале Даўгаўпілскага Арт-цэнтра імя Марка Роткі з аншлагам прайшоў І Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні, у якім паўдзельнічалі аўтары і выканаўцы з Латвіі, Беларусі ды Літвы. Тэкст пра падзею даслала нам Жанна Раманоўская, мяркуем яго падаць у бліжэйшы час.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?