Вы тут

Слёзы каштанаў


Пра дробязі, якія робяць жыццё цікавейшым, восень — цяплейшай, а думкі — філасофскімі (што восенню якраз дарэчы).


У Мінску гэтым часам сапраўдная мода на каштаны. Пэўна, гэта такі сталічны трэнд, бо больш падобнага нідзе не назіраецца. Была днямі ў Койданаве, дык там бліскучыя карычневыя шарыкі ляжаць проста ў кучах, згрэбеных дворнікамі, разам з пасохлым лісцем ды сівой травой, і ніхто на іх не квапіцца. І ў Полацку на бульвары, што вядзе да помніка Скарыну, безліч каштанаў валяецца ў гэтую пару года, і яны сакавіта хрусцяць пад нагамі мінакоў, бо абысці ўсё гэта багацце, не наступіўшы, даволі праблематычна... У Мінску ж пад шматлікімі дрэвамі ляжаць у траве толькі калючыя шалупайкі, а саміх каштанаў не знайсці. Хто іх збірае — застаецца толькі здагадвацца. Можа, дзеці для якога рукадзелля ў школе. А можа, і дарослыя, якія ходзяць, топчуць мокрае жоўтае лісце на асфальце, углядаюцца пад ногі, нібы згубілі штосьці важнае і цяпер, менавіта восенню, стараюцца яго знайсці.

Я, напрыклад, не мінаю ніводнага каштанавага дрэва, што трапляецца на шляху, абавязкова зазірну пад яго: а раптам? Здараецца, шанцуе, і тады набіваеш гладкімі амаль бескарыснымі пладамі кішэні паліто. Пасля ідзеш, перабіраеш іх і проста адчуваеш, як спакайнееш, лагаднееш, сам сабе ўсміхаешся... Апошнім часам на гарадскія каштаны ўбілася зараза, якая завецца каштанавая моль і якой пакуль не могуць даць рады. З-за яе дрэвы з прыгожымі пушыстымі кронамі стаяць іржава-рудыя ўжо ў ліпені, а да пачатку кастрычніка і губляюць амаль усё сваё пакарабачанае і пакручанае лісце. І калі пад ветрам і дажджом з гэтых голых няшчасных дрэў пачынаюць сыпацца зялёныя «яблыкі» з тоўстымі калючкамі і разбівацца аб зямлю, здаецца, з іх пстрыкаюць буйныя слёзы. Можа, таму і цягне іх пазбіраць, каб пакінуць на памяць, бо не ўпэўнены, што скалечаныя дрэвы налета закрасуюць і выгадуюць плады?

Бо вось жа спілавалі два каштаны ля «Кастрычніка» на праспекце, насупраць Акадэміі навук, — і не той ужо праспект, бо пуста стала, і ніякія клумбы не заменяць шыкоўных разлапістых дрэваў, пад якімі заўсёды было гулка і весела. Чародкамі там тусаваліся студэнты перад кінасеансамі, чакалі дзяўчат на спатканне хлопцы, збянтэжана тупаючы ў цяньку, самавітыя дзядзькі-журналісты з нашага Дома прэсы, сустрэўшы гэткіх самых самавітых дзядзькаў з Акадэміі — навук ці мастацтваў (абедзве побач), аб нечым сур'ёзна размаўлялі пад тымі ж каштанамі... Не стала дрэваў — нібы выразалі не іх, а нейкі вельмі кранальны сюжэт з жыцця, бо ўсе цяпер бягуць, ніхто не спыняецца... А ў мяне на кухні, на вялікім адмысловым сподку, засталася часцінка таго жыцця, якога ўжо ніколі не будзе, — карычневыя бліскучыя шарыкі з нібы зацягнутым восеньскай павуцінкай белым «вочкам», якія я падабрала пад старымі дрэвамі ў іх апошнюю восень...

А разам з імі — тыя, што прывезла з роднай вёскі. Вялікі стары каштан там расце каля скрыжавання вуліц, паблізу ад магазіна. Калісьці пад ім стаяла лаўка, на якой людзі чакалі аўтобус або хлебную машыну, прысаджваліся пагаманіць, ідучы з пакупкамі, мужчыны, здаралася, тут жа выпівалі купленае ў магазіне «чарніла». Шмат не пілі, хутчэй, для весялосці, пасля сядзелі, пыхкалі цыгарэтамі, жартавалі. Аднойчы, жартуючы, злавілі ў раўку ля вуліцы суседскага казла, які меў няшчасце прыйсці туды паскубці травы. Задралі беднай жывёліне галаву і ўлілі ў рот амаль бутэльку таго ж «чарніла». Праз колькі часу ўсе, хто быў ля магазіна, ратаваліся ўцёкамі, жартаўнікі таксама. Бо казёл, выпіўшы, зрабіўся буйны і пачаў кідацца, выставіўшы рогі, на ўсё, што шавялілася. Калі ж нікога побач не засталося, ён пайшоў біцца з каштанам і лупіў у дрэва так, што трэслася раскідзістая верхавіна і падалі з яе яшчэ недаспелыя калючыя «мячыкі»... Увечары на лаўцы пад каштанам збіралася моладзь, слухала на «Электроніцы» Цоя і Шатунова, рагатала і пішчала. Нарэшце з хаты, пад вокнамі якой каштан рос, выскокваў гаспадар дзядзька Віктар з тым, што траплялася пад руку, і мы джгалі хто куды, бо аднойчы пад руку яму трапіліся нават вілы...

Няма цяпер ні лаўкі, ні моладзі, ні вясёлых мужыкоў. Дрэва засталося адно. Я кожны год увосень падбіраю пад ім пару каштанаў, нібы знаходжу нешта вельмі важнае і патрэбнае. Калі нават яго спілуюць, зваліць бура або з'есць тая заморская моль — яго слёзы, якія можна патрымаць у руках, застануцца са мной.

Павінны ж быць у жыцці дробязі, ад якіх цяплее на душы нават золкай восеньскай слатой.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.