Вы тут

У Мінску рыхтуюцца правесці першы венскі баль


Бальныя вечары ў Купалаўскім, тады яшчэ Мінскім гарадскім тэатры, узялі пачатак больш за 100 гадоў таму — архітэктар будынка Караль Казлоўскі заклаў магчымасць механічнага падвышэння ўзроўню падлогі глядзельнай залы да ўзроўню сцэны. За стагоддзе ад сістэмы дамкратаў, зразумела, мала што засталося. Аднак пасля маштабнай трохгадовай рэканструкцыі ў тэатры з'явіліся новыя тэхнічныя магчымасці і новыя спосабы аб'яднаць сцэну і залу. Усё дзеля таго, каб узнавіць традыцыю і запрасіць 14 снежня гасцей і ўдзельнікаў на першы ў нашай краіне дабрачынны венскі баль.


«Традыцыя баляў у Беларусі шматвяковая, яна існавала яшчэ ў XVІІІ стагоддзі і была вельмі папулярнай сярод Радзівілаў, — нагадвае дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка. — Так, Пане Каханку ладзіў балі, якія наведваў кароль Польшчы і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, у Шклове Зорыч арганізоўваў баль, на які запрашаў імператрыцу Кацярыну ІІ... Гэта традыцыя працягвалася і ў ХІХ — ёсць сведчанні, што ў Мінску балі праходзілі ў доме, дзе жыў бацька Станіслава Манюшкі, і ў пачатку ХХ стагоддзя. Таму сёлета мы з партнёрамі фактычна аднаўляем, але і працягваем гісторыю баляў у Беларусі».

Імпрэзу «Венскі баль з А1 у Купалаўскім» ладзяць сумеснымі намаганнямі — буйны беларускі мабільны аператар з аўстрыйскімі «каранямі» забяспечвае фінансавы і дабрачынны складнік, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы адказвае за творчае напаўненне, а пасольства Аўстрыі ў Беларусі патрануе мерапрыемства і аказвае кансультацыйную падтрымку.

Венскі баль — адзін з сімвалаў Аўстрыі. Як сцвярджаюць гісторыкі, у Вене ХІХ стагоддзя ў карнавальны сезон магло праходзіць да 250 баляў штовечар! Пазней балі перамясціліся з палацаў у оперны тэатр і набылі новы атрыбут — маскі для ўдзельнікаў. Пасля аншлюсу балі амаль на 20 гадоў трапілі пад забарону, але не спынілі існаванне, і сёння венскі баль — аб'ект нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА і прыгожая культурная традыцыя, падхопленая ў многіх гарадах свету.

Каб мець права называцца венскім, расказвае пасол Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вёргетэр, баль мусіць адпавядаць даволі строгім крытэрыям. Так, сярод абавязковых умоў — удзел дэбютантаў, незамужніх дзяўчат 16—23 гадоў і халастых хлопцаў 18—26 гадоў, якія адкрываюць баль паланэзам. Да 16 кастрычніка бальны камітэт прымае заяўкі ад ахвотных маладых людзей з усёй краіны — з іх выберуць 40 чалавек, альбо 20 пар, для якіх на працягу лістапада правядуць урокі танцаў і майстар-класы па этыкеце. Акрамя таго, да дэбютантаў асабліва строгі дрэс-код: доўгія белыя сукенкі, закрытыя туфлікі і адкрытыя шыі ў дзяўчат, фракі ці смокінгі і гальштукі-бабачкі ў хлопцаў. Таксама важны парадак балю: пасля паланэза абавязкова мусіць ісці венскі вальс, далей ідуць сацыяльныя танцы — полькі, вальсы, факстрот, танга і нават румба, апоўначы агульны танец, а завяршаецца баляванне пад раніцу. «Мне найбольш даспадобы левабаковы вальс, — прызналася спадарыня Вёргетэр, — і, спадзяюся, на балі ў Мінску многія падтрымаюць гэта маё захапленне».

Яшчэ адна адметнасць — дабрачынны момант імпрэзы. Таму палову сродкаў, атрыманых ад продажу квіткоў (а іх будзе не больш чым 250, што абумоўлена ўмяшчальнасцю тэатра), арганізатары накіруюць у дапамогу арганізацыі «SOS-дзіцячыя вёскі Беларусь», дзякуючы якой ужо шмат гадоў у Бараўлянах, Мар'інай Горцы і Магілёве сотні дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, выхоўваюцца не ў дзіцячых дамах, а ў SOS-сем'ях.

Пакуль можна толькі меркаваць, якая музыка будзе гучаць на мінскім венскім балі ў Купалаўскім: хутчэй за ўсё, венскія класікі — Штраус, Бетховен і Моцарт, верагодна — сёлетні юбіляр, беларускі класік польскай музыкі Манюшка... Але ўжо дакладна вядома, што ўбачыць баль змогуць нават тыя, хто на яго не трапіць — кампанія А1 зладзіць прамую трансляцыю на лічбавай платформе VOKA. І, магчыма, гэты баль стане новай прыгожай традыцыяй ужо ў сучаснай Беларусі?

Зарэгістравацца на мерапрыемства можна па спасылцы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Чорны з белым — надзяваць!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.