Вы тут

XXІV Беларускі энергетычны і экалагічны форум пройдзе ў Мінску


Гэтае мерапрыемства ўключае ў сябе міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі «Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра» (EnergyExpo), Oіl&Gas Technologіes, «Атамэкспа-Беларусь», «Экспасвет», «Водныя і паветраныя тэхналогіі», «Экспагорад» і XXІV Беларускі энергетычны і экалагічны кангрэс. На форуме ўдзельнікі прадставяць сучаснае абсталяванне і тэхналогіі для вытворчасці і размеркавання электрычнай і цеплавой энергіі, аўтаматызаваныя сістэмы, энерга- і рэсурсазберагальныя тэхналогіі.


Сам форум пройдзе на пляцоўцы Футбольнага манежа ў Мінску, паведаміла намеснік міністра энергетыкі Вольга Пруднікава. Яна адзначыла, што для падрыхтоўкі форуму быў створаны аргкамітэт, які рыхтаваў тэматычныя мерапрыемствы. Гэта шэраг міжнародных канферэнцый, семінараў, круглых сталоў і экспазіцыя, на якой будзе прадстаўлена больш за 600 кампаній з 16 краін свету (Аўстрыя, Азербайджан, Беларусь, Германія, Данія, Італія, Кітай, Літва, Польшча, Расія, ЗША і іншыя).

Намеснік міністра звярнула ўвагу, што ў падрыхтоўцы форуму, акрамя Мінэнерга, актыўна ўдзельнічалі Мінпрыроды, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту.

Мінэнерга правядзе мерапрыемствы з нямецкім энергетычным агенцтвам DENA. «Адно з новых для нас пытанняў — выкарыстанне ў энергетычных мэтах цвёрдых камунальных адходаў. Будзем таксама ўзаемадзейнічаць па пытаннях лічбавізацыі электраэнергетычнай галіны і рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця», — дадала Вольга Пруднікава.

Акрамя таго, як удакладніў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Хмель, на форуме пакажуць новыя тэхналогіі для аховы навакольнага асяроддзя, а прадстаўнікі Мінпрыроды возьмуць удзел у многіх тэматычных мерапрыемствах.

«Сёння энергетыка і экалогія ўзаемазвязаны. Падчас форуму мы будзем шмат казаць пра Мэты ўстойлівага развіцця, непасрэдна Мінпрыроды адказвае за рэалізацыю сямі з сямнаццаці гэтых мэт, у тым ліку скарачэнне выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу, ахову і рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў, — адзначыў намеснік міністра. — Думаю, што Беларускі энергетычны і экалагічны форум надасць імпульс развіццю тэхналогій, накіраваных менавіта на ахову навакольнага асяроддзя».

У структуры экспазіцыі прадугледжаны галіновыя раздзелы Мінэнергетыкі, Мінпрамысловасці і Мінпрыроды. На выставачнай экспазіцыі будуць прадстаўлены калектыўныя стэнды з розных рэгіёнаў Расіі, у ліку якіх Башкартастан, Чувашыя, Яраслаўская, Смаленская і Цюменская вобласці, Маскоўская гандлёва-прамысловая палата.

Акрамя таго, на выстаўцы «Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра», якая пройдзе падчас форуму, будзе паказана больш за 140 навукова-тэхнічных распрацовак, паведаміў начальнік упраўлення навукова-тэхнічнай палітыкі і экспертызы Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Фёдар Хадоркін.

Тут варта адзначыць, што каля 70 % з іх было рэалізавана па дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмах і праграмах навуковых даследаванняў. Прычым калі ў гэтай пяцігодцы было каля 30 дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, то на наступны пяцігадовы перыяд з 2021 да 2025 года іх ужо заяўлена больш за 38.

«Дзяржаўная палітыка, якая праводзіцца ў Беларусі ў дачыненні да стымулявання навукова-тэхнічнай дзейнасці, выклікае цікавасць рэальных распрацоўшчыкаў. Дзяржава фінансуе гэтыя распрацоўкі, прычым дае бюджэтнае фінансаванне не менш чым на 50 %. Сёння сфарміраваны досыць прывабныя для даследчыкаў і навукоўцаў умовы для навукова-тэхнічнай творчасці, рэалізацыі ідэй», — сказаў прадстаўнік камітэта.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Энергетыка плюс экалогія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.